Калісьці магутны ўраган выкарчаваў велізарны бук з зямлі разам з вялікім кавалкам дзёрну; пад гэтым букам Лоўлес і выкапаў сабе лясное сховішча. Карані яму служылі латамі, дахам быў дзёран, сценамі і падлогай была сырая зямля. У адным кутку знаходзіўся ачаг, пачарнелы ад агню, у другім стаяла вялікая дубовая скрыня, моцна акаваная жалезам; толькі па гэтых прадметах можна было здагадацца, што тут чалавечае жыллё, а не звярыная нара.
Нягледзячы на тое, што ў пячору намяло снегу, у ёй было намнога цяплей, чым вонкі; а калі Лоўлес высек іскру і ў ачагу ўспыхнулі і затрашчалі сухія галінкі, стала па-хатняму ўтульна.
Задаволены, Лоўлес уздыхнуў, працягнуў свае шырокія рукі да агню і ўцягнуў у сябе пах дыму.
— Вось, — сказаў ён, — трусіная нара старога Лоўлеса. Малю неба, каб сабакі не пранюхалі аб ёй! Багата я блукаў па свеце з таго часу, як мне споўнілася чатырнаццаць гадоў і я ўпершыню ўцёк з абацтва, украўшы залаты ланцуг і малітоўнік, якія прадаў за чатыры маркі. Калі стаў паломнікам, спрабаваў выратаваць сваю душу: пабываў у Англіі, у Францыі, у Бургундыі і ў Гішпаніі; пабываў і на моры, у гэтай чужыне ўсіх народаў. Але сапраўднае маё месца, майстар Шэлтан, толькі тут. Тут мая радзіма — вось гэтая нара ў зямлі! Ці дождж ідзе, ці свеціць сонца, ці ў красавіку, калі спяваюць птушкі і кветкі падаюць на маю пасцель, або зімою, калі я сяджу сам-насам з добрым кумам-агнём і ў лесе шчабеча канаплянка, — гэтая нара замяняе мне ўсё: і царкву, і рынак, і жонку, і наследніка. Дзе б я ні быў, я заўсёды вяртаюся сюды. І я малю святых угоднікаў, каб мне тут было дазволена памерці.
— А што ж, у цябе тут і праўда ўтульны куток, — адказаў Дзік, — і цёпла, і старонняму воку не бачна.
— Але, ён схаваны добра, і гэта самае галоўнае, — падхапіў Лоўлес, — бо сэрца маё разарвалася б, калі б яго знайшлі. Вось тут, — сказаў ён, раскопваючы моцнымі пальцамі пясчаную падлогу, — тут мой вінны пограб, і вы зараз атрымаеце біклагу цудоўнай моцнай брагі.
І сапраўды, пакапаўшы крыху, ён выцягнуў вялікую скураную бутлю, на тры чвэрці напоўненую моцным, духмяным элем. Выпіўшы адзін за аднаго, яны падкінулі паліва ў агонь, і полымя зноў заблішчала. Яны леглі і выцягнулі ногі, упіваючыся асалодай цеплыні.
— Майстар Шэлтан, — заўважыў бадзяга, — за апошні час вы двойчы пацярпелі няўдачу; падобна на тое, што вы страціце і дзяўчыну. Ці правільна я кажу?
— Правільна, — адказаў Дзік, кіўнуўшы галавой.
— А цяпер, — працягваў Лоўлес, — паслухайце старога дурня, які амаль усюды пабываў і амаль усё пабачыў. Занадта многа выконваеце вы чужых даручэнняў, майстар Шэлтан. Вы стараецеся для Эліса; але Эліс марыць толькі аб смерці сэра Дэніэла. Вы стараецеся для лорда Фоксгэма… Зрэшты, хай берагуць яго святыя, у яго, без сумнення, добрыя намеры. Аднак лепш за ўсё старацца для сябе самога, добры Дзік. Ідзіце да сваёй дзяўчыны. Заляцайцеся да яе, а то як бы яна не забыла вас. Будзьце напагатове, і калі надарыцца выпадак, бярыце каня і скачыце разам з ёю.
— Ах, Лоўлес, ды яна ж, пэўна, знаходзіцца ў доме сэра Дэніэла! — адказаў Дзік.
— Ну што ж, мы пойдзем у дом сэра Дэніэла, — адказаў бадзяга.
Дзік здзіўлена паглядзеў на яго.
— Няма чаго здзіўляцца, — сказаў Лоўлес, — калі вы мне не верыце на словах, зірніце сюды.
І бадзяга зняў з шыі ключ, адчыніў дубовы куфэрак; пакапаўшыся, ён выняў з яго спачатку манаскую расу, потым вяровачны пояс і, нарэшце, велізарны ружанец, такі цяжкі, што ім можна было б дзейнічаць, як зброяй.
— Вось, — сказаў ён, — гэта для вас. Апранайце!
Калі Дзік пераапрануўся ў манаха, Лоўлес выняў фарбы і аловак і, як сапраўдны майстар, узяўся грыміраваць яго. Бровы зрабіў таўсцейшыя і даўжэйшыя; ледзь пазначаныя вусікі Дзіка ператварыў у вялікія вусы; некалькімі лініямі змяніў выраз вачэй, і малады манах пачаў здавацца намнога старэй за свае гады.
— Зараз я таксама пераапрануся, — сказаў Лоўлес, — і ніхто не адрозніць нас ад сапраўдных манахаў. Мы смела пойдзем да сэра Дэніэла, а там з любові да царквы-маці нам акажуць радасны прыём.
— Чым мне адплаціць табе, дарагі Лоўлес? — ускрыкнуў юнак.
— Э, брат, — адказаў бадзяга, — усё, што я раблю, я раблю дзеля свайго задавальнення! Не турбуйся пра мяне. Клянуся небам, я аб сабе і сам паклапачуся: язык у мяне доўгі, голас — быццам манастырскі звон, і калі мне што-небудзь трэба, я буду прасіць, мой сын. А калі просьбы малавата, вазьму сам.
Стары махляр пацешна скрывіўся. І, як Дзіка ні гідзіла заступніцтва такой сумніцельнай асобы, ён не стрымаўся і зарагатаў.
Лоўлес вярнуўся да куфэрка і таксама прыбраўся манахам. Дзік са здзіўленнем заўважыў, што пад сваёй расай Лоўлес схаваў звязак чорных стрэл.
— Навошта яны табе? — спытаў Дзік. — Для чаго табе стрэлы, калі ты не бярэш лука?
— Нямала давядзецца разбіць галоў і паламаць спін, перш чым выйдзем адтуль, куды ідзём, — весела адказаў Лоўлес. — І калі што здарыцца, я хацеў бы, каб наша брацтва падтрымала свой гонар. Чорная страла, майстар Дзік, — пячатка нашага абацтва. Яна паказвае, кім прысланы рахунак.
— У мяне з сабою важныя паперы, — сказаў Дзік. — Калі іх знойдуць, яны загубяць і мяне і тых, хто даў іх мне. Дзе іх схаваць, Уіл?
— Э, — адказаў Лоўлес, — я пайду ў лес і прасвішчу тры куплеты з песні, а вы тым часам закапайце іх дзе хочаце і разраўняйце над імі пясок.
— Нізавошта! — ускрыкнуў Рычард. — Я давяраю табе, сябар. Я быў бы нізкім чалавекам, калі б не давяраў табе!
— Брат, ты дзіця, — адказаў стары бадзяга, спыняючыся на парозе логавішча і павярнуўшыся да Дзіка. — Я добры стары хрысціянін, не здраднік і не шкадую сваёй крыві дзеля сябра. Але, неразумнае дзіця, я злодзей па рамяству, па нараджэнні і па звычках. Калі б мая бутля была пустая і ў мяне перасохла б у роце, я абрабаваў бы вас, дарагое дзіця, і гэта такая ж праўда, як тое, што я люблю вас, паважаю вас і захапляюся вамі! Ці можна сказаць ясней? Не!
І, хруснуўшы сваімі вялікімі пальцамі, ён пайшоў прэч і знік у кустарніку.
Дзіку не было калі ламаць галаву над супярэчлівай натурай свайго таварыша. Як толькі ён застаўся адзін, ён паспешліва выцягнуў свае паперы, перачытаў іх і закапаў. Толькі адну ён захапіў з сабою, таму што яна ніяк не магла пашкодзіць яго сябрам, а пры выпадку паслужыла б доказам супраць сэра Дэніэла. Гэта было ўласнаручнае пісьмо тэнстолскага рыцара да лорда Ўэнслідэла, пасланае раніцай пасля паражэння пры Райзінгэме і знойдзенае Дзікам на целе забітага ганца.
Дзік затаптаў несатлелае вугалле, выйшаў з логавішча і далучыўся да старога бадзягі. Той чакаў яго пад аголенымі дубамі, злёгку ўжо прыцярушаны снегам. Яны зірнулі адзін на аднаго і зарагаталі, — маскарад атрымаўся на славу.
— Шкада, што зараз не лета, — прабурчаў Лоўлес. — А то я заглянуў бы ў лужыну і ўбачыў бы сябе ў ёй, як у люстэрку. Многія воіны сэра Дэніэла ведаюць мяне ў твар. Калі нас выкрыюць, яшчэ невядома, што зробяць з вамі, а вось я не паспею і «Ойча наш» прачытаць, як буду гайдацца на вяроўцы.
Адным словам, яны выправіліся ў Шорбі; дарога цягнулася то лесам, то полем. Па баках стаялі домікі беднякоў і маленькія фермы.
Лоўлес убачыў адзін з такіх домікаў і раптоўна спыніўся.
— Брат Марцін, — сказаў ён абсалютна змененым, ялейным, манаскім голасам. — Давайце зойдзем і папросім міласціну ў гэтых бедных грэшнікаў. Pax vobiscum! [7]Э, — дадаў ён сваім звычайным голасам, — вось гэтага якраз я і баяўся: я ўжо развучыўся гугнявіць па-манаску. Дазвольце мне, добры майстар Шэлтан, крыху папрактыкавацца тут, перад тым як рызыкнуць сваёй тлустай шыяй у доме сэра Дэніэла. Бачыце, як карысна быць майстрам на ўсе рукі! Калі б не быў я мараком, вы абавязкова пайшлі б на дно на «Добрай Надзеі»; калі б я не быў злодзеем, я не змог бы расфарбаваць вам твар; і калі б я не пахадзіў у манахах і не прывык дзерці горла ў царкоўным хоры ды аб'ядацца манастырскімі харчамі, гэтая раса не сядзела б на мне так спрытна, і першы сустрэчны сабака аббрахаў бы нас, як прытворшчыкаў.