Дзік абышоў вакол саду, расставіў шасцярых сваіх воінаў за дваццаць ярдаў ад садовай сцяны і сам стаў перад імі. З дружным крыкам кінуліся яны на ворагаў.
Ворагі былі раскінутыя па вялікай прасторы, яны адубелі ад холаду і, калі іх засталі знянацку, падхапіліся на ногі і разгублена азіраліся. Не паспелі яны акрыяць духам і зразумець, што за сілы ў праціўніка, як з другога канца саду да іх даляцеў такі ж крык. Не сумняваючыся ў сваім паражэнні, яны кінуліся наўцёкі.
Абодва атрады «Чорнай стралы» з двух бакоў падышлі да сцяны, якая цягнулася ўздоўж мора; гэтым яны адрэзалі магчымасць адступлення частцы варожага войска; астатнія варожыя воіны пусціліся наўцёкі хто куды і зніклі ў мораку.
Аднак бітва яшчэ толькі пачыналася. Дзік са сваімі бадзягамі напаў на праціўніка нечакана, і ў гэтым заключалася яго перавага; але тых, хто абараняўся, было намнога больш, чым тых, хто нападаў. Між тым пачаўся прыліў; бераг ператварыўся ў вузкую палоску. У цемры паміж морам і садовай сцяной пачалася лютая сутычка не на жыццё, а на смерць, і цяжка было сказаць, чым яна скончыцца.
Незнаёмцы былі добра ўзброены; яны моўчкі пачалі абараняцца; змаганне раздзялілася на шэраг асобных сутычак. Дзік, які кінуўся ў бітву першы, біўся з трыма ворагамі: аднаго з іх ён зваліў адразу, але двое іншых напалі на яго з такім імпэтам, што ён ледзь было не адступіў. Адзін з гэтых двух нападаючых быў велізарны мужчына, амаль велікан. Трымаючы абедзвюма рукамі вялізны меч, ён размахваў ім, як лёгкай палкай. Змагаючыся з такім даўгарукім праціўнікам, Дзік, узброены алебардай, адчуваў сябе безабаронным; калі б і другі праціўнік нападаў гэтак жа горача, гібель юнака была б непазбежнай. Але гэты другі праціўнік, ніжэйшы ростам і менш жвавы, раптам спыніўся, углядваючыся ў цемру і прыслухоўваючыся да шуму бітвы.
Дзік адступаў перад веліканам, чакаючы зручнага выпадку, каб нанесці ўдар. Лязо велізарнага мяча бліснула над ім і апусцілася. Дзік адхіснуўся ўбок і скочыў уперад, наўдачу секануўшы сваёй алебардай. Пачуўся аглушальны крык і, перш чым паранены паспеў узняць свой страшны меч, Дзік двойчы ўдарыў яго і паваліў на зямлю.
Цяпер у Дзіка застаўся толькі адзін праціўнік, змагацца з якім можна было на роўных умовах. Яны былі амаль аднолькавага росту; праціўнік Дзіка цудоўна валодаў майстэрствам адбіваць удары. Ён быў узброены мячом і кінжалам, а ў Дзіка была толькі алебарда; затое Дзік быў намнога спрытнейшы за яго. Спачатку ні той, ні другі не мог дабіцца перавагі; але старэйшы з праціўнікаў быў больш вопытны за маладога і вёў яго туды, куды хацеў. І раптам Дзік заўважыў, што яны змагаюцца па калені ў вадзе сярод успененых хваляў. Тут увесь яго спрыт стаў непатрэбным — ён быў цалкам ва ўладзе ворага. Таварышы Дзіка былі далёка, а ўмелы праціўнік прымушаў яго адступаць усё далей у мора.
Дзік сціснуў зубы. Ён вырашыў як мага хутчэй скончыць барацьбу, і, калі хваля адхлынула, агаліўшы на імгненне дно, ён кінуўся ўперад, адбіў алебардай удар мяча і схапіў праціўніка за горла. Той паваліўся ніцма, і Дзік упаў на яго; хваля, што зноў набегла, заліла пераможанага. Пакуль ён ляжаў пад вадой, Дзік выхапіў у яго з рук кінжал і падняўся, поўны гонару за сваю перамогу.
— Здавайцеся! — сказаў ён. — Дарую вам жыццё.
— Здаюся, — сказаў той, падымаючыся на калені. — Вы змагаецеся, як змагаюцца ўсе зусім яшчэ маладыя людзі, — няўмела і неабдумана, але, клянуся святымі, адважна!
Дзік выйшаў на бераг. Начны бой усё яшчэ працягваўся, і ўсё яшчэ нельга было сказаць, на чыім баку застанецца перамога. Праз гул прыбою чуліся ўдары сталі аб сталь, стогны параненых і пераможныя клікі тых, хто наступаў.
— Завядзіце мяне да свайго камандзіра, малады чалавек, — сказаў пераможаны рыцар. — Пара спыніць гэтую бойню.
— Сэр, — адказаў Дзік, — у гэтых храбрацоў ёсць толькі адзін камандзір, і ён стаіць перад вамі.
— Дык адзавіце сваіх малайцоў, а я загадаю сваім слугам спыніцца, — сказаў пераможаны рыцар.
У яго голасе і манеры трымацца было столькі высакароднасці, што Дзік не баяўся падману.
— Кідайце зброю! — крыкнуў незнаёмы рыцар. — Я здаўся, і мне абяцана жыццё.
Гэта было сказана так уладарна, што бітва заціхла адразу.
— Лоўлес, — крыкнуў Дзік, — ты цэлы?
— Цэлы і здаровы, — адгукнуўся Лоўлес.
— Запалі ліхтар, — загадаў Дзік.
— Хіба тут няма сэра Дэніэла? — спытаў рыцар.
— Сэра Дэніэла? — перапытаў Дзік. — Малю Бога, каб яго тут не было. Калі б ён быў тут, мне давялося б кепска.
— Вам давялося б кепска, высакародны рыцар? — перапытаў нядаўні праціўнік. — Як жа так? Хіба вы не прыхільнік сэра Дэніэла? Клянуся, я нічога не разумею. Навошта ж вы, у такім разе, напалі на мой атрад? З-за чаго нам было сварыцца, мой юны і надзвычай гарачлівы друг? Каб закончыць з усімі непаразуменнямі, адкрыйце мне імя таго дастойнага джэнтльмена, якому я здаўся ў палон.
Але перш чым Дзік паспеў адказаць, зусім побач пачуўся чыйсьці голас. Дзік змог разгледзець у цемры, што ва ўладальніка голасу быў белы з чорнымі палоскамі значок і што ён звяртаўся да свайго начальніка з незвычайнай пашанай.
— Мілорд, — сказаў ён, — калі гэтыя джэнтльмены — ворагі сэра Дэніэла, то, сапраўды, вельмі шкада, што мы ўступілі з імі ў бой. Але будзе яшчэ горш, калі мы застанёмся тут. Людзі, якія каравуляць дом, не памерлі і не аглухлі. Яны не маглі не чуць, як мы тут б'ёмся цэлую чвэрць гадзіны, і ўжо, канечне, паведамілі ў горад; калі мы зараз жа не пойдзем адсюль, нам давядзецца змагацца з новым ворагам.
— Хокслі мае рацыю, — сказаў лорд. — Якое вы прымеце рашэнне, сэр? Куды мы павінны ісці?
— Куды вам заўгодна, мілорд, — сказаў Дзік. — Я пачынаю думаць, што мы з вамі можам нават пасябраваць. Я адрэкамендаваўся вам трохі грубавата, і мне не хацелася б, каб нашы далейшыя адносіны былі падобны на наша першае знаёмства. Нам трэба расстацца, мілорд. Дык паціснем на развітанне адзін аднаму рукі; а ў прызначаны вамі час і ў прызначаным вамі месцы мы сустрэнемся зноў і аб усім дамовімся.
— Вы надта даверлівы, мой хлопчык, — сказаў рыцар. — Але на гэты раз ваша даверлівасць не прычыніць вам зла. Я сустрэнуся з вамі на світанні каля крыжа Святой Дзевы. Сябры, за мной!
Незнаёмцы зніклі ў мораку з падазронай хуткасцю. Пакуль разбойнікі па сваім звычаі рабавалі мерцвякоў, Дзік апошні раз абышоў вакол садовай сцяны, каб зірнуць на фасад дома. У маленькім паддашкавым акенцы зіхацела святло; гэтае святло, верагодна, было добра відаць з задніх акон гарадскога дома сэра Дэніэла. Дзік зразумеў, што гэта і ёсць той сігнал, якога так баяўся Хокслі, і што неўзабаве сюды з'явяцца воіны тэнстолскага рыцара.
Дзік прыклаў вуха да зямлі, і яму падалося, што ён чуе стук капытоў, які набліжаецца. Дзік паспешліва кінуўся назад, на бераг. Але работа была ўжо скончана: чацвера разбойнікаў цягнулі да мора апошні труп, распрануты дагала, каб шпурнуць яго ў ваду.
Калі праз некалькі хвілін з завулкаў Шорбі галопам вылецелі сорак вершнікаў, на пустэльным беразе каля маленькага доміка было ціха і гола. Дзік са сваімі людзьмі сядзеў ужо ў харчэўні «Казла і валынкі» і здымаў з сябе даспехі, каб хоць крыху паспаць перад ранішнім спатканнем.
Раздзел III
Крыж Святой Дзевы
Крыж Святой Дзевы стаяў непадалёку ад Шорбі, на ўскрайку Тэнстолскага лесу. Тут злучаліся дзве дарогі — адна ішла лесам з Халівуда, другая — тая, па якой летам адступала разбітая армія ланкастэрцаў, — з Райзінгэма. Тут абедзве дарогі зліваліся ў адну, і гэтая дарога, збягаючы з пагорка, цягнулася да самага Шорбі. Трошкі назад ад таго месца, дзе яны злучаліся, узвышалася невялікая выспа, на вяршыні якой стаяў старадаўні, з'едзены непагодамі крыж.
Дзік з'явіўся да гэтага крыжа каля сямі гадзін раніцы. Холадна было па-ранейшаму; зямля, пакрытая срэбраным інеем, здавалася сівой, на ўсходзе займалася барвова-рыжая зара. Дзік сеў на прыступку пад крыжам, захутаўся ў свой плашч і зорка агледзеўся па баках. Чакаць яму давялося нядоўга. На дарозе, што вяла з Халівуда, з'явіўся джэнтльмен у бліскучых латах, паўзверх якіх была накінута мантыя з каштоўнага футра; ён ехаў няспешна на цудоўным баявым кані. Услед за ім, трымаючыся на адлегласці дваццаці ярдаў, рухаўся атрад вершнікаў, узброеных дзідамі; але, убачыўшы крыж, воіны спыніліся, і джэнтльмен у футры рушыў да крыжа адзін.