Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ён ехаў з паднятым забралам; твар у яго быў уладны і горды, што адпавядала яго пышнаму адзенню. І Дзік не без збянтэжанасці рушыў насустрач свайму палонніку.

— Дзякую вам, мілорд, за дакладнасць, — сказаў ён і нізка пакланіўся. — Ці не заўгодна вашай светласці сысці на зямлю?

— Мы тут адны, малады чалавек? — спытаў рыцар.

— Я не такі храбрэц, — сказаў Дзік, — і павінен прызнацца вашай светласці, што ў лесе, каля гэтага крыжа, ляжаць мае сумленныя хлопцы са зброяй напагатове.

— Вы зрабілі мудра, — сказаў лорд, — і я вельмі гэтаму рады, таму што ўчора вы біліся як безразважны сарацын, а не як вопытны хрысціянскі воін. Зрэшты, не мне аб гэтым гаварыць, паколькі я быў пераможаны.

— Вы былі пераможаны, мілорд, толькі таму, што ўпалі, — адказаў Дзік. — Калі б хвалі не прыйшлі мне на дапамогу, я б загінуў. Я да гэтага часу нашу на целе знакі, якімі пазначыў мяне ваш кінжал. Мне думаецца, мілорд, што ўся рызыка, гэтак жа, як і ўсе выгоды ад гэтай маленькай сляпой сутычкі на беразе, выпала на маю долю.

— Я бачу, што вы даволі разумныя, каб не хваліцца сваёй перамогай, — заўважыў незнаёмец.

— Не, мілорд, — адказаў Дзік, — для гэтага асаблівага розуму не трэба. Цяпер, калі пры святле дня я ўбачыў, які адважны рыцар здаўся — не мне, а лёсу, цемры і прыліву — і як лёгка бой мог прыняць зусім іншы паварот для такога нявопытнага і неабчасанага воіна, як я, я трохі збянтэжаны сваёй перамогай, і вам, мілорд, гэта не павінна здавацца дзіўным.

— Вы добра кажаце, — сказаў незнаёмец. — Як ваша імя?

— Маё імя, калі вам заўгодна ведаць яго, Шэлтан, — адказаў Дзік.

— А мяне называюць лорд Фоксгэм, — сказаў рыцар.

— Дык вы апякун самай мілай дзяўчыны ў Англіі, мілорд! — усклікнуў Дзік. — Цяпер я ведаю, які мне ўзяць з вас выкуп за ваша жыццё і за жыццё вашых слуг! Я прашу вас, мілорд, акажыце мне ласку, аддайце мне руку маёй цудоўнай дамы, Джааны Сэдлі, і атрымаеце ўзамен сваю волю, волю сваіх слуг і, калі хочаце, маю ўдзячнасць і адданасць да самай смерці.

— Хіба вы не выхаванец сэра Дэніэла? — спытаў лорд Фоксгэм. — Калі вы сын Гары Шэлтана, то, наколькі мне вядома, сэр Дэніэл павінен быць вашым апекуном.

— Ці не заўгодна вам, мілорд, сысці з каня? Я раскажу вам падрабязна, хто я такі, якое маё становішча і на якіх падставах я асмельваюся прасіць у вас рукі Джааны Сэдлі. Прысядзьце, калі ласка, мілорд, вось на гэтую прыступку, выслухайце мяне да канца і не судзіце мяне строга.

З гэтымі словамі Дзік працягнуў лорду Фоксгэму руку і дапамог яму злезці з каня; ён прывёў яго на выспу да крыжа, пасадзіў на тое месца, дзе нядаўна сядзеў сам, і, пачціва стоячы перад сваім высакародным палоннікам, расказаў яму ўсё сваё жыццё ажно да ўчарашняга дня.

Лорд Фоксгэм уважліва яго выслухаў.

— Майстар Шэлтан, — сказаў ён, калі Дзік скончыў, — вы адначасова і самы шчаслівы і самы нешчаслівы малады джэнтльмен на ўсім свеце. Але шчасце сваё вы заслужылі, а няшчасце атрымалі незаслужана. Не падайце духам, вы набылі сябра, які можа і хоча вам дапамагчы. Хаця чалавеку вашага паходжання не варта вадзіцца з разбойнікамі, я павінен прызнаць, што вы храбры і высакародны. У час бою вы небяспечны, у час міру пачцівы. Вы малады чалавек з цудоўнымі магчымасцямі і адважнай душой. Маёнткаў сваіх вы не ўбачыце да новага перавароту. Пакуль ланкастэрцы стаяць ва ўладзе, сэр Дэніэл будзе карыстацца імі як сваімі ўласнымі. З маёй выхаванкай справа складаецца таксама не проста. Я абяцаў яе аднаму джэнтльмену, майму родзічу па імені Хэмлі; абяцанне яму дадзена даўно…

— Ах, мілорд, тым часам сэр Дэніэл абяцаў яе мілорду Шорбі! — перабіў Дзік. — І хаця абяцанне гэтае дадзена зусім нядаўна, верагодней за ўсё, што яно хутчэй будзе выканана, чым ваша.

— Ваша праўда, — адказаў лорд. — І вось, прымаючы, апрача таго, да ўвагі, што я ваш палоннік, жыццё якога было ў вашых руках, і, галоўнае, што дзяўчына, на бяду, знаходзіцца ў чужых руках, я даю вам сваю згоду. Дапамажыце мне з вашымі добрымі малайцамі…

— Мілорд! — усклікнуў Дзік. — Гэта ж тыя самыя разбойнікі, за знаёмства з якімі вы папракнулі мяне.

— Разбойнікі ці не, а змагацца яны ўмеюць, — адказаў лорд Фоксгэм. — Дапамажыце мне, і, калі нам з вамі ўдасца адбіць гэтую дзяўчыну, клянуся сваім рыцарскім гонарам, яна будзе вашай жонкай.

Дзік стаў на калена перад сваім палоннікам. Але той, лёгка саскочыўшы з прыступкі каля крыжа, падняў юнака і абняў, як сына.

— Калі вы збіраецеся ажаніцца з Джаанай, — сказаў ён, — мы з вамі павінны стаць сябрамі.

Раздзел IV

«Добрая Надзея»

Праз гадзіну Дзік зноў сядзеў у харчэўні «Казла і валынкі», снедаў і слухаў данясенні сваіх ганцоў і вартавых. Дэкуорта ўсё яшчэ не было ў Шорбі; зрэшты, такія адлучкі былі частыя, таму што ў яго пастаянна было мноства самых розных спраў у самых розных канцах краіны. Брацтва «Чорнай стралы», як вядома, было заснавана згалелым Дэкуортам з мэтай помсты і нажывы; многія, зрэшты, з тых, хто ведаў яго бліжэй, глядзелі на яго як на агента і прадстаўніка вялікага Рычарда, графа Ўорвікскага, гэтага праслаўленага вяршыцеля лёсу брытанскага трона.

Як бы там ні было, Дэкуорт адсутнічаў, і ў Шорбі яго падмяняў Рычард Шэлтан. Ён схіліўся над талеркай, заклапочаны сваімі думкамі. Яны дамовіліся з лордам Фоксгэмам сягоння вечарам нанесці рашучы ўдар і вызваліць Джаану сілай. Аднак цяжкасці ў гэтай справе былі велізарныя. Разведчыкі, што з'яўляліся да яго з дакладам, прыносілі самыя несуцяшальныя весткі.

Сэр Дэніэл быў устрывожаны ўчарашняй сутычкай на марскім беразе. У маленькім доміку ён павялічыў гарнізон; больш таго, ён расставіў коннікаў на ўсіх прылеглых вулічках, загадаўшы ім пры першым жа трывожным сігнале адразу скакаць да яго. У двары гарадскога дома стаялі асядланыя коні, і воіны, узброеныя з галавы да ног, чакалі толькі знаку, каб выехаць.

Задуманая справа з кожнай гадзінай здавалася ўсё менш ажыццявімай. Раптоўна твар Дзіка прасвятлеў.

— Лоўлес! — крыкнуў ён. — Ты ж быў мараком. Ці не можаш ты ўкрасці для мяне карабель?

— Майстар Дзік, — адказаў Лоўлес, — з вашай падтрымкай я гатовы ўкрасці нават Йоркскі сабор.

І яны адразу ж рушылі ў гавань. Гэтая даволі шырокая бухта раскінулася сярод пясчаных пагоркаў і была акружана пусткамі, выганамі, кучамі збуцвелых бярвенняў і лядашчымі халупамі гарадскіх трушчобаў. У бухце стаяла нямала палубных і бяспалубных суднаў, — адны гайдаліся на якарах, іншыя ляжалі на беразе. Зацяжная непагадзь выгнала іх з адкрытага мора і прымусіла схавацца ў гавані. Чорныя хмары і моцныя вятры з сухім снегападам абяцалі новыя буры.

Маракі, ратуючыся ад холаду і ветру, уцякалі на бераг і шумна весяліліся ў партовых шынках. За некаторымі суднамі, што стаялі на якары, ніхто нават не прыглядваў; і з кожнай гадзінай, з кожным свежым парывам ветру такіх безнаглядных суднаў рабілася ўсё больш і больш. Якраз на гэтыя судны, і асабліва на тыя з іх, што стаялі далей ад берага, Лоўлес і звярнуў сваю ўвагу. Дзік даў яму свабоду дзеянняў, а сам прысеў на якар, да палавіны закапаны ў пясок, і, прыслухоўваючыся то да завывання ўрагану, то да спеваў маракоў у бліжэйшым шынку, неўзабаве забыў аб усім, акрамя абяцання лорда Фоксгэма.

Лоўлес крануў яго за плячо і паказаў на невялікі карабель, які адзінока гайдаўся на хвалях каля ўвахода ў бухту. Бледны промень зімовага сонца, што прарваўся праз хмары, раптам асвятліў палубу, і сілуэт судна выразна вырысоўваўся на фоне воблака. Дзік у гэтае імгненне паспеў разгледзець на палубе двух мужчын, якія спускалі з борта шлюпку.

— Вось вам карабель на гэтую ноч, сэр, — сказаў Лоўлес. — Запомніце яго добра!

Шлюпка паплыла ад карабля; у ёй сядзела двое мужчын; трымаючыся ветру, яны паспешліва грэблі да берага.

Лоўлес спыніў прахожага.

— Як завецца вунь той карабель? — спытаў ён і паказаў на судна, што стаяла каля ўвахода ў бухту.

— Гэта «Добрая Надзея» з Дартмута, — адказаў прахожы. — А капітана завуць Арблестэр. Ён грабе на носе вунь тае шлюпкі.

26
{"b":"146272","o":1}