Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Здзіўленыя нечакана змененым напрамкам атрада Гластэра і збітыя з панталыку рашучасцю яго ар'ергарда, ланкастэрцы, параіўшыся, павярнулі коней і паскакалі да цэнтра горада па падмацаванне.

Тая частка горада, якую па парадзе Дзіка заняў Рычард Гластэр, складалася з пяці маленькіх вулічак з убогімі хацінкамі, дзе тулілася бедната, і ляжала на невялікім узвышшы, а за ім пачыналася адкрытае поле.

Кожную з гэтых пяці вулічак даручылі ахоўваць моцным каравулам; рэзерв, гатовы падаспець на дапамогу, калі спатрэбіцца, умацаваўся ў цэнтры, воддаль ад выстралаў.

Гэтая частка горада была такая бедная, што ні адзін ланкастэрскі лорд не жыў тут, нават іхнія слугі яе пазбягалі. Жыхары гэтых вуліц адразу пакідалі свае дамы і, крычучы на ўсё горла, пабеглі прэч, пералазячы цераз платы.

У цэнтры, дзе сыходзіліся ўсе пяць вуліц, стаяла мізэрная харчэўня з шыльдай у выглядзе шахматнай дошкі. Гэтую харчэўню герцаг Гластэр выбраў сваёй галоўнай кватэрай.

Дзіку ён даручыў ахову адной з пяці вуліц.

— Ідзіце, — сказаў ён, — заслужыце сабе рыцарскае званне. Заслужыце мне славу — Рычард за Рычарда! Калі я ўзвышуся, вы ўзвысіцеся разам са мною. Ідзіце! — дадаў ён, паціскаючы яму руку.

Як толькі Дзік пайшоў, герцаг павярнуўся да маленькага абарванага стралка.

— Ідзі, Дэтан, і хутчэй, — сказаў ён. — Ідзі за ім. Калі ты пераканаешся ў яго адданасці, ты галавой адказваеш за яго жыццё. І гора табе, калі ты вернешся без яго! Але калі ён акажацца здраднікам або калі ты хоць на адно імгненне ўсумнішся ў ім, — закалі яго ўдарам у спіну.

Між тым Дзік спяшаўся ўмацаваць свае пазіцыі. Вуліца, якую ён павінен быў ахоўваць, была вельмі вузкая і цесна забудаваная з двух бакоў дамамі, верхнія паверхі якіх, выступаючы ўперад, павісалі над маставой. Але яна выходзіла на рыначны пляц, і зыход бітвы, па ўсёй верагоднасці, павінен быў вырашыцца тут.

Увесь рыначны пляц запоўніў натоўп гараджан, якія бязладна мітусіліся, але праціўніка, гатовага рынуцца ў атаку, яшчэ не было відаць, і Дзік вырашыў, што ў яго ёсць нейкі час, каб падрыхтавацца да абароны.

У канцы вуліцы стаялі два пустыя дамы, дзверы якіх пасля ўцёкаў жыхароў так і засталіся расчыненымі. Дзік паспешліва выцягнуў адтуль усю мэблю і пабудаваў з яе барыкаду каля ўвахода ў вуліцу. У яго распараджэнні было сто чалавек, і большую частку іх ён размясціў у дамах: лежачы там пад прыкрыццём, яны маглі страляць з акон. Разам з астатнімі ён засеў за барыкадай.

Між тым у горадзе працягвалася вялізнейшая сумятня. Званілі званы, трубілі трубы, імчаліся конныя атрады, крычалі камандзіры, лямантавалі жанчыны, і ўсё гэта злівалася ў агульны нясцерпны шум. Але нарэшце шум гэты пачаў пакрысе сціхаць, і неўзабаве воіны і стралкі пачалі збірацца і строіцца ў баявым парадку на рыначным пляцы.

Вельмі многія з гэтых воінаў былі апрануты ў сіняе і цёмна-чырвонае адзенне, а ў конным рыцары, які строіў іх у рады, Дзік адразу пазнаў сэра Дэніэла.

Потым наступіла зацішша, і раптам у чатырох канцах горада адначасова затрубілі чатыры трубы. Пятая труба адказала ім з рыначнага пляцу, і адразу ж шэрагі войск прыйшлі ў рух. Град стрэл пераляцеў праз барыкаду і пасыпаўся на сцены абодвух умацаваных дамоў.

Па агульным сігнале воіны сэра Дэніэла абрынуліся на ўсе пяць вуліц. Гластэр быў акружаны з усіх бакоў, і Дзік зразумеў, што яму трэба разлічваць толькі на свае сто чалавек.

Сем залпаў стрэл адзін за адным сыпнуліся на барыкаду. У самы разгар стральбы хтосьці крануў Дзіка за руку. Ён убачыў пажа, які працягваў яму скураную куртку, не прабіваемую стрэламі, таму што яе пакрывалі металічныя пласцінкі.

— Гэта ад мілорда Гластэра, — сказаў паж. — Ён заўважыў, сэр Рычард, што ў вас няма латаў.

Дзік, усцешаны тым, што яго назвалі «сэрам Рычардам», з дапамогай пажа апрануў куртку. Толькі паспеў ён надзець яе, як дзве стралы гучна стукнуліся аб пласцінкі, не прычыніўшы яму шкоды, а трэцяя трапіла ў пажа; смяротна паранены, ён упаў да ног Дзіка.

Між тым непрыяцель упарта ішоў у наступ; ворагі былі ўжо так блізка, што Дзік загадаў адказваць на выстралы. Зараз жа з-за барыкады і з акон дамоў на ворага паляцеў у адказ град смертаносных стрэл.

Але ланкастэрцы, як па сігнале, дружна закрычалі, і іх пяхота рушыла ў наступ. Кавалерыя ішла за ёй з апушчанымі забраламі.

Пачаўся ўпарты рукапашны бой, не на жыццё, а на смерць. Тыя, што нападалі, трымаючы меч у адной руцэ, другой расцягвалі барыкаду. Тыя, хто абараняў барыкаду, у сваю чаргу, вольнай ад зброі рукою з адчайнай упартасцю яе ўзнаўлялі. Нейкі час барацьба ішла амаль у поўным маўчанні; целы воінаў падалі адзін на аднаго. Але разбураць заўсёды лягчэй, чым абараняць, і калі гук трубы падаў нападаючым знак да адступлення, барыкада была ўжо амаль развалена, стала ўдвая ніжэй і пагражала зусім абваліцца.

Пяхота ланкастэрцаў расступілася, каб даць дарогу коннікам. Коннікі, пастроеныя ў дзве шарэнгі, раптоўна павярнуліся, ператварыўшы свой фланг у авангард. І доўгай, закаванай у сталь калонай, імклівай, як змяя, яны кінуліся на паўразбураную барыкаду.

Адзін з першых двух вершнікаў упаў разам з канём, і яго таварышы праскакалі па ім. Другі ўскочыў прама на верх умацавання, пранізаўшы варожага стралка дзідай. Амаль у тое ж імгненне яго самога сцягнулі з сядла, а каня яго забілі.

Шалёны, імклівы націск адкінуў абаронцаў. Ланкастэрцы, карабкаючыся па целах сваіх мёртвых таварышаў, лавінай рынуліся ўперад, прарвалі лінію абаронцаў, адцяснілі іх убок і з грукатам хлынулі ў завулак, накшталт плыні, што прарвала плаціну.

Але бітва яшчэ не скончылася. У вузкім праходзе Дзік і некалькі яго воінаў, што засталіся жывымі, працавалі сваімі алебардамі, як дрывасекі, і неўзабаве на ўсю шырыню завулка ўтварылася новая, больш высокая і надзейная загарода з мёртвых байцоў і іх коней з разварочанымі чэравамі, якія біліся ў перадсмяротнай агоніі.

Збіты з толку гэтай новай перашкодай, ар'ергард ланкастэрскай кавалерыі не вытрымаў і адступіў; і тут жа на іх паляцеў з акон такі ўраган стрэл, што іх адступленне больш было падобнае на ўцёкі.

А коннікі, якія паскакалі наперад і якім удалося перасекчы барыкаду і ўварвацца ў завулак, дамчаліся да дзвярэй харчэўні з шахматнай шыльдай; сустрэўшы тут грознага гарбуна і ўсё рэзервовае войска йоркістаў, яны бязладна кінуліся назад.

Дзік і яго воіны наваліліся на іх. Выскачыўшы з дамоў, на ланкастэрцаў са свежымі сіламі напалі воіны, якія яшчэ не ўдзельнічалі ў рукапашным баі; жорсткі град стрэл паляцеў на ўцекачоў, а Гластэр ужо даганяў іх з тылу. Праз хвіліну на вуліцы не засталося ніводнага жывога ланкастэрца.

І толькі тады Дзік падняў акрываўлены, задымлены меч і закрычаў «ура».

Гластэр злез з каня і агледзеў месца бою. Твар яго быў бялейшы за палатно; але вочы блішчалі, быццам цудоўныя каштоўныя камяні, і голас яго, калі ён загаварыў, гучаў груба і хрыпла, узбуджаны бітвай і перамогай. Ён зірнуў на ўмацаванне, да якога ні сябар, ні вораг не маглі падысці, — так шалёна біліся там коні ў перадсмяротнай агоніі, — і выгляд гэтай страшнай бойні выклікаў у яго крывую ўсмешку.

— Дабіце коней, — сказаў ён, — каб не мяшаліся… Рычард Шэлтан, — дадаў ён, — я задаволены вамі. Станьце на калена.

Ланкастэрцы зноў узяліся за лукі, і стрэлы густым дажджом пасыпаліся на вуліцу. Але герцаг, не звяртаючы на іх ніякай увагі, выцягнуў свой меч і тут жа пасвяціў Дзіка ў рыцары.

— А цяпер, сэр Рычард, — працягваў ён, — калі вы ўбачыце лорда Райзінгэма, адразу ж прышліце мне ганца. Прышліце мне ганца нават у тым выпадку, калі гэты ганец будзе апошні ваш воін. Я хутчэй страчу свае пазіцыі, чым упушчу магчымасць сустрэцца з ім у баі… запомніце вы ўсе, — дадаў ён, павысіўшы голас. — Калі граф Райзінгэм загіне не ад маёй рукі, я буду лічыць гэтую перамогу паражэннем.

— Мілорд герцаг, — сказаў адзін з яго набліжаных, — хіба ваша міласць яшчэ не стаміліся бязмэтна падвяргаць сваё каштоўнае жыццё небяспецы? Ці варта нам тут марудзіць?

— Кэтсбі, — адказаў герцаг, — зыход бітвы рашаецца тут. Усе астатнія сутычкі не маюць значэння. Тут мы павінны перамагчы. А што да небяспекі, дык вы, каб былі брыдкім гарбуном, якога нават дзеці дражняць на вуліцы, вы дзешавей цанілі б сваё жыццё і ахвотна аддалі б яго за хвіліны славы… Зрэшты, калі хочаце, паедзем і агледзім іншыя пазіцыі. Мой цёзка, сэр Рычард, будзе ўтрымліваць гэтую залітую крывёю вуліцу. На яго мы можам спадзявацца… Але заўважце, сэр Рычард: не ўсё яшчэ скончана. Горшае наперадзе. Не спіце!

42
{"b":"146272","o":1}