З адпачынку начальнік вярнуўся з чорным загарам і пяццю кілаграмамі прывесу. Таня акурат села на дыету і занялася дэтоксам, пра які вычытала ў блогу Галі Плавінскай. Яна з асаблівым трымценнем сачыла за творчасцю гэтай асобы, але саромелася напрасіцца ў сябры, бо дзе Галя, а дзе яна.
Неверагодна: Дзяніс абвясціў, што ніякія іншыя блінцы не зраўнаюцца з Танінымі. Хоць у нечым яна эксклюзіўная!
– Я і з мясам умею рабіць, – ганарліва сказала Таня, выпрастаўшы плечы. – Ценькія. Карункавыя.
– Уаў… – прамовіў Дзяніс. – Прынось!
Наступныя пару дзён Таня на радасць сваёй маці пякла блінцы з розным начыннем у прамысловых аб’ёмах і забірала іх на працу. Мама вырашыла, што дачка ўрэшце кінула дурное з пахудзеннем – у іх у сям’і ўсе пульхныя, чаго раптам яе Таццянка павінная заставацца шчуплай, як драбіны?
На кардоннай упакоўцы, у якой адпачываў Райдэр – Уэйт, вырастаў слой пылу і ўжо рабіўся таўсцейшым за Таніны блінцы.
– А боршч умееш? – спытаў Дзяніс на трэці дзень, запіваючы гарбатай пачастунак ад падначаленай.
Яна ўсё ўмее, а чаму ж.
Пасля працы ён павёз менеджарку да сябе дадому, дзе яна ўвесь вечар сумленна прастаяла ля пліты. Дзяніс сёрбаў светлы «Швітурыс» з бляшанкі і разважаў, якія жанчыны цяпер пайшлі негаспадарлівыя. Не, ён за тое, каб жанчына не абцяжарвала сябе побытам. Вось калі б тая, няверная, не здрадзіла яму з італьянцам, ён бы цалаваў ёй ногі.
– Я хачу ад жанчыны толькі крыху цяпла і калі-нікалі – хатняй ежы.
Вячэра была згатаваная познім вечарам – добры боршч наварваўся дзве гадзіны, як і мае быць. Дзяніс ужо выпіў бляшанку піва і таму, вядома ж, не мог сесці за стырно, каб адвезці Таню дадому ў Шабаны. Ён даў грошай на таксоўку і, чмякнуўшы па-братэрску ў шчаку, зачыніў за госцяй дзверы кватэры.
Даў бы грошай і за карункавыя майткі, якія Таня набыла з нагоды запрашэння ў госці. Менеджарка ўпершыню была раззлаваная на свайго шэфа. Калі ўрэшце дапяла дадому, то выцягнула з шуфляды старэнькага пісьмовага стала таллю картаў.
Карты выдалі 9 кубкаў.
Куды ты падзенешся ад маіх блінцоў, падумала Таня і з пачуццём трыумфу рушыла спаць.
22
Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)
Сёння я хачу падзяліцца простым і элегантным рэцэптам хатняга супчыку, які гатую свайму мужчыну.
Два пачкі «ролтана» ці ўсялякай іншай макароны хуткага прыгатавання заліваем літрам кіпню. Кідаем туды пакроеную кубікамі вэнджаную каўбасу, высыпаем пачак сухарыкаў да піва, накшталт «кірыешак». Затым трэба паварыць супчык пару хвілінаў, каб каўбаса аддала вадзе тлушчы.
Для ўпрыгожання стравы можам пасыпаць супчык пакрышанай зелянінай.
Ні ў якім разе не дадавайце ў супчык закрасы, якія прадаюцца разам з вермішэллю, – гэта атрута!
Прыгатаванне такой цудоўнай стравы разам з сервіраваннем зойме ў вас не болей за пятнаццаць хвілінаў.
Смачна есці!
23
Транзіты: рэтраградны Меркурый у шахце, Месяц без курсу; пятнаццатыя месяцовыя содні
Жнівень таго года выдарыўся нямёртвым сезонам для беларускіх журналістаў: можна было пісаць не толькі пра тапельцаў і атручэнні грыбамі, але і пра тое, як тузін кандыдатаў у прэзідэнты намагаецца спадабацца народу. Палітык АА ездзіў па ўсёй Беларусі ў таварыстве ўлюбёнага сабакі і вялікай групы падтрымкі. Палітык ББ хадзіў мінскай Камароўкаю і запэўніваў мінакоў, што калі за яго не прагаласуюць, на Зямлю спусціцца касмічны карабель іншапланетных прыхадняў. Палітык ВВ абяцаў прыватнаму бізнесу такія ўмовы, якіх няма нават у афшорных зонах. Палітык ГГ прысягаў не чапаць расейскамоўных, калі ён прыйдзе да ўлады і зробіць адзінай дзяржаўнай мовай беларускую, а ў школе дзеці пачнуць вывучаць тарашкевіцу. Палітык ДД… ды якая розніца, што там абяцаў палітык ДД, усё адно ён бы не выканаў сваіх абяцанняў.
Юрась Карповіч прызвычаіўся штодня цягацца за кандыдатамі ў прэзідэнты, якія ехалі па гарадах і вёсках, каб з цэлым народам гутарку весці. Калі аднойчы яму далі іншае заданне, спецыяльны карэспандэнт «Нашай Нядолі» нежартоўна абурыўся: прэсавая канферэнцыя ў МУС. «Упраўленне высокай маралі аб выніках працы за сем месяцаў бягучага года».
– Гэта не мая тэма!
– Мне болей няма каго паслаць! – ці то загадваў, ці то апраўдваўся галоўны рэдактар. – Адзін на пікеце ў АА, бярэ інтэрв’ю ў рок-музыкаў з групы падтрымкі. Другая на брыфінгу ў МЗС, трэці…
Зразумеўшы, што шэф гэтым разам сапраўды ад яго залежыць, Юрась яшчэ крыху паламаўся, а потым сказаў:
– Добра, злётаю туды. Я з мянтамі сябрую.
Праз гадзіну ён ужо шукаў дзе прыткнуцца на Інтэрнацыянальнай з боку Гарадскога Вала. Пакінуўшы машыну ў надзейным месцы, ён сунуўся пехатою да патрэбнага ганка. Часу было процьма: Юрась нават паспеў падыхаць тытунём за кампанію з калегамі, але раптам…
Тая самая. Вельмі прыгожая. Там, у залеву на трасе…
Дзяўчына ішла вуліцай, не раўнуючы каралева. Юрась імгненна забыўся і на МУС, і на прэсавую канферэнцыю, і на свой жанаты стан. Вось ён дагнаў яе і схапіў за руку. Яна глядзела на яго здзіўлена, але ні ценю страху на ейным абліччы не было.
Якія ў яе дзівосныя зялёныя вочы!
– Ратуйце! Рабуюць! Рату-у-уйце!
Гэты крык ледзь не парваў яму бубенныя перапонкі. Журналіст «Нашай Нядолі» на вачах у дзясятка калегаў і некалькіх міліцыянтаў хапаў за рукі жанчыну гадоў сямідзесяці, а яна трымалася за сваю торбу і раўла рыхтык сірэна рэанімабіля.
– Выбачайце… – прамармытаў Юрась і адпусціў жанчыну.
Галава забалела як у тую ноч, а можа, нават мацней. На вялікае шчасце, жанчына ўцякла прэч адразу, а ў міліцыянтаў не спрацаваў рэфлекс кайданкоў. Журналісты таксама стаялі агаломшаныя і не задавалі пытанняў пры ўсёй сваёй прафесійнай цікаўнасці.
Калі ўся група запрошаных карэспандэнтаў сабралася, дзяжурны міліцыянт правёў іх у патрэбны пакой на другім паверсе і запрасіў займаць месцы пры круглым стале. Юрась машынальна дастаў з заплечніка дыктафон і нататнік з асадкай. Усе нарыхтаваныя пытанні выпетрыліся з галавы. Пасля інцыдэнту ля пад’езда МУС яму ўжо не хацелася вытыркацца, таму калі прыйшоў выступоўца, журналіст проста падсунуў дыктафон бліжэй да «гаварушчай галавы» і пачаў занатоўваць прамоўленае на паперы. Рукі яго не слухаліся, і таму Юрась неўзабаве кінуў канспектаванне.
Таўсматы маленькі дзядзечка ў пагонах, начальнік Упраўлення высокай маралі МУС Рэспублікі Беларусь, нешта забубнеў: колькі танцорак, афіцыянтак і прадавачак вопраткі ў дарагіх буціках не даехала да Бахрэйна, Кіпра і Турцыі. Журналісты пыталіся наконт легалізацыі прастытуцыі ў Беларусі. Дзядзечка адказваў, што такая прафесія супярэчыць самому духу беларускага народа, таму ліха трэба выкараняць.
– Асабіста я рашуча супраць легалізацыі і зраблю ўсё, каб гэтае пытанне нават не абмяркоўвалася! – паабяцаў дзядзечка.
Прэсавая канферэнцыя скончылася даволі хутка. Юрась сабраў свае рэчы і пашкандыбаў да выхаду. Ужо сеўшы ў машыну, ён захацеў спраўдзіць дыктафонны запіс.
Там было чыста – ніводная рэпліка не захавалася.
24
Радыкс: Марс у Раку ў квадратуры да стэліума ў Авене (Сонца, Месяц, рэтраградная Венера), Уран у Ільве ў трыне да стэліума ў Авене
Васіль Мікалаевіч Зайчыкаў, начальнік таго самага Упраўлення высокай маралі МУС, неаднойчы наракаў, што ў богам забытай краіне калгаснікаў кепска з прафесіяналамі (то бок з прафесіяналкамі). Ён пабачыў і пакаштаваў шлёндраў цэлымі партыямі і калекцыямі, але не знайшоў таго, чаго хацеў. Ён купляў сабе дзяўчат баскетбольнага росту з плячыма вяслярак, але яны мала чым розніліся з дзяўчатамі гімнастычнага росту з нагамі фігурыстак. У забытай богам краіне дзеўкі былі або млявыя, або фальшыва-жарсныя (а насамрэч таксама млявыя).
Васіля Мікалаевіча ванітавала ад тае адданасці, з якой тутэйшыя прафесіяналкі рабілі сваю справу. Ён не быў пачварай – даваў за паслугі грошы, дапамагаў выцягнуць з-пад следства брата-наркадылера, казаў хлопцам з РАУСаў, каб не чапалі пэўныя адрасы вясёлых кватэр. Але ніводнага разу ён не ажыццявіў сваё сапраўднае жаданне.