Литмир - Электронная Библиотека

Юрась Карповіч, спецыяльны карэспандэнт газеты «Наша Нядоля», уважаўся за вялікага майстра прыдумляць кідкія загалоўкі да сваіх і чужых матэрыялаў. Калі ён дзяжурыў на сайце, то слова ў слова запазычаныя артыкулы збіралі праглядаў болей за арыгіналы, а ўсё праз небанальныя, свежыя назвы. Але сёння здарыўся ступар: дэдлайны даўно мінулі, пра заяву «беларускага Гаўла», які пажадаў стацца прэзідэнтам, ужо даўно напісалі ўсе, нават «КП», а на сайце «Нашай Нядолі» не было хоць якой навіны пра знакавую для беларускай палітыкі падзею.

Ішла трэцяя гадзіна ночы. Юрась адарваўся ад ноўтбука і пашкандыбаў на кухню запарваць яшчэ адзін кубак кавы. Кава не дзейнічала. Цытрамон не дзейнічаў. Аспірын таксама. Юрасю балела галава і пякло сумленне, бо апрача няздадзенага матэрыялу была за ім яшчэ адна хіба, думкі пра якую ён гнаў ад сябе, а яны лезлі, як тыя нахабныя мухі.

Гавэл Беларускі абвясціў пра сваё рашэнне ісці на выбары досыць нечакана: ён наняў сядзібу кіламетраў за сотню ад Мінска, склікаў туды журналістаў нібыта дзеля прэзентацыі сваёй чарговай кніжкі, а там і зрабіў гучную заяву. Справа была ўвечары, гадзіне а сёмай, калі ўсе нармальныя людзі ўжо адпісаліся і з асалодай сёрбаюць піва ў «Цэнтральным», але менавіта сёння журналісцкая грамада канспектавала праграмную прамову Гаўла Беларускага і злюцела пстрыкала фотакамерамі.

Гавэл Беларускі зрабіў усё дзеля камфорту рэпарцёраў: сядзіба трапляла ў «яміну», дзе знікала мабільная сувязь, а ўжо сеціва і пагатоў не бралася. Да таго ж бальшыня рэпарцёраў прыбыла на месца сваімі аўто, а падчас фуршэту на стол выставілі зусім не піва «нулёвачку».

Юрась у думках абклаў нецэнзурнымі выразамі Гаўла Беларускага і перадвыбарчы штаб ягоны і каля дзявятай вечара выехаў з тае сядзібы – шукаць найбліжэйшай соты, дзе будуць працаваць і тэлефон, і 3G-мадэм. Рэпарцёрскі запал змушаў дваццацішасцігадовага карэспандэнта працаваць шпарчэй за Reuters і Associated Press. Ён запаркаваўся ля прыдарожнай кавярні, дзе сувязь была збольшага нармальнай, і там пачаў шрайбаваць артыкул пра Гаўла Беларускага – з бэкграўндам, з гіперспасылкамі па тэме, як і мае быць. І ён набліжаўся да апошняга абзаца, калі ў шыбу ягонага «опеля» далікатна пастукаліся.

Прыгожая, вельмі прыгожая.

Усё сэксуальнае жыццё Юрася складаў небагаты ўрыўкавы досвед з аднакурсніцамі, а потым з’явілася Вераніка, і вось ужо чатыры гады ён мог здраджваць сваёй дзяўчыне толькі з працай і са стойкай «Цэнтральнага». Але тут яго перамкнула.

Красуня папрасілася пасядзець у салоне, пакуль не скончыцца дождж, то бок не дождж, а сапраўдная залева з навальніцай. Камп’ютар давялося выключыць, і праца так ці іначай стала. Затым, калі дождж крыху сцішыўся і перастала грымець, Юрась вырашыў ехаць у горад, бо ўсё адно не паспяваў адпісацца аператыўна. Гадзіннік паказваў дваццаць хвілінаў па дзясятай.

Далейшае ён не памятаў нават у агульных рысах, але з нейкай незразумелай нагоды ён збочыў з трасы ў адзін з прыдарожных гайкоў і там, проста ў ягонай машыне, адбылося нешта салодка-непрыстойнае, пасля чаго хістальнік Юрасёвых перажыванняў завагаўся паміж «вой, што ж я нарабіў» і «ўга, як я магу».

Калі ён ачомаўся, была цёмная ноч, а красуня знікла, нібы ў паветры распусцілася. Галава балела, як пасля абмывання дыплома. Юрась думаў пра Вераніку і вяселле, якое ў іх мусіла адбыцца неўзабаве. Пра артыкул журналіст згадаў толькі калі прыехаў дадому.

І вось тут яго чакала катастрофа – ён нейкім вусцішным чынам не захаваў тэкст з бэкграўндам і гіперспасылкамі па тэме. Юрась пачаў аднаўляць у памяці ўсю структуру матэрыялу, але атрымлівалася нейкая лухта.

Урэшце а чацвёртай ночы ён неяк даў рады артыкулу і абазваў яго так арыгінальна, як ніхто б не даўмеўся:

«Беларускі Гавэл закруціў раман з прэзідэнцкімі выбарамі».

Ён сам апублікаваў тэкст на сайце і пад раніцу лёг спаць з пачуццём выкананага абавязку. Хай сабе адпісаўся апошнім, але ж які загаловак!

7

Стужка навінаў niadola.by

Маладуха на трасе «кінула» пенсіянера з Гродна на грошы

Стратай 100 долараў і 5 млн беларускіх рублёў скончылася дарожная прыгода для жыхара абласнога цэнтра. Грамадзянін 1950 г. н. пагадзіўся падкінуць да горада нявызначаную жанчыну. Волас сівее, а галава шалее, як у народзе кажуць. Недаязджаючы да горада пенсіянер уступіў з незнаёмкай у палавую сувязь проста ў салоне аўтамабіля, паколькі жанчына была не супраць.

Затым, па словах дзядулі, пасажырка ўвяла яго ў несвядомы стан, з-за чаго ён не памятае дэталяў здарэння. Прыйшоўшы ў свядомасць, падмануты лавелас не знайшоў у сваім кашальку грошай і звярнуўся да праваахоўнікаў, паведамляе Гродзенская абласная міліцыя.

Па факце здарэння ўзбуджаная крымінальная справа. Праводзіцца праверка.

8

Радыкс: Плутон на куспідзе 3 дома

Артыкул пра Гаўла Беларускага, які надумаў круціць раман з прэзідэнцкімі выбарамі, меў ашаламляльны поспех: ужо а дзясятай раніцы на сайце «Нашай Нядолі» налічылі сто каментароў на прэмадэрацыі, у якіх аўтара пыталі, «што за траву ён курыць» і «якое адценне жоўтага яму найбліжэйшае».

Матэрыял знялі, аднак удзячныя чытачы паспелі адскрыніць бліскучы загаловак і пусціць яго ў сацыяльныя сеткі.

Галоўны рэдактар хацеў быў тэлефанаваць Юрасю і ўсцешыць яго штрафам за непрафесійны падыход, але перадумаў (а хай сабе людзі чытаюць, якая розніца!).

Матэрыял зноў выставілі. Усе каментары пра курэнне травы таксама пакінулі, ды яшчэ і пачалі на іх адказваць, падаграваючы дыскусію. Паказнікі наведвальнасці сайта паляцелі ўгору.

– Юрка, ты напісаў х…ню, але яе чытаюць! – радасна паведаміў начальнік. – Я цябе віншую!

«Але ж гэта х…ня», – падумаў Юрась.

«Уга, як я магу!» – падумаў ён у тое самае імгненне.

Пачуццё сораму за ўсе прыгоды мінулага дня адступіла перад пачуццём уласнай значнасці (ПУЗ). Два «ўга» з рознай нагоды – зашмат для Юрася, даволі простага хлопца без выключных талентаў. Ягоны ПУЗ вырас на вачах і прыемна акругліўся.

– Гэта я пасцябацца вырашыў, – з адценнем паблажлівасці прамовіў ён у адказ на словы рэдактара. – І што, добра чытаюць?

– Дзевяноста тры чалавекі адначасова! Я не кажу пра агульную колькасць праглядаў! – з яшчэ большай радасцю адказаў рэдактар. – Апошні раз у нас такое было, калі Галя Плавінская пісала, чаму трэба выдаваць на беларускай мове не Караткевіча, а раманы пра Анжаліку. Карацей, збірайся зараз жа ды ідзі да Хрысціяніна Наскага. Прэсуха ў яго. Праект закона аб барацьбе з варажбітамі і ведзьмакамі.

І Юрась пайшоў на тую прэсавую канферэнцыю і напісаў гэткі артыкул, што Хрысціянін Наскі (а ён таксама сабраўся ў прэзідэнты) моцна абураўся і зычыў рэдакцыі «Нашай Нядолі» гарэць у апраметнай.

Затое чыталі добра.

9

Радыкс: Сонца ў Рыбах у трыне з Сатурнам, Месяц у Рыбах без курсу, рэтраградная Венера ў Авене

Знаходзіць сабе сябровак Мілана не думала: яна зусім не пакутавала з тае нагоды, што не мае з кім паразмаўляць. Калі ў тваёй памяці тысячы жыццяў, праз якія ты прайшла сама, то няма ахвоты насіць у сабе яшчэ і чужыя праблемы. Але Таня налучылася зусім выпадкова – разам падавалі ў міліцыі дакументы на замену скрадзеных пашпартоў.

Таня займала пасаду менеджаркі ў гандлёвай фірме і рабіла там выгляд, што складае таварна-транспартныя накладныя, а насамрэч усцяж чакала, ці напіша ёй начальнік Дзяніс нешта цалкам звычайнае, але з непрыстойным падтэкстам. Ён умеў: то ў яго настрой прыўздымаўся, то здараўся інтэлектуальны аргазм, то падатковая гуляла з ім у БДСМ.

Дзянісу было трыццаць гадоў. Ён меў росту пад метр дзевяноста, даволі грунтоўны памер пінжака, пухкаватыя рукі і жывот (але Таня ўважала гэта мілым і ўтульным), кватэру на тры пакоі і «аўдзі» ў добрым стане – усё проста, але з густам. Яшчэ ён часцяком насіў гарнітуры і гальштукі, а Таня з маленства млела па мужчынах у пінжаках. Дзяніс быў нежанаты і заўсёды казаў, што марыць сустрэць тую, адзіную. Таня спадзявалася стацца адзінай, а пакуль штодня картавала таллю Таро Райдэра – Уэйта, спрабуючы даведацца, ці шмат у яе канкурэнтак.

4
{"b":"643708","o":1}