Литмир - Электронная Библиотека

Мамон і дапамог выкрасці яе дзеля падпісання тае ўгоды.

Мілана ўцякала са спатканняў адразу пасля любошчаў, якія падаваліся горшымі за катаванні. Мамон-Стась умеў абслініць словам і абсмактаць позіркам. Шторазу яна ішла да яго, як на ламанне колам.

Калі ад яго не пазбавіцца, ён сам не адчэпіцца.

Стась быў апантаны досыць дарослым, і ягоная душа не сталася кволай, іначай да яго не прычапіўся б такі магутны дэман, якім быў Мамон. Мілана магла праглядаць і носьбіта, таму яна бачыла нейкую дзяўчыну, крыху, можа быць, падобную да яе рысамі твару. Потым бачыла вусцішную аўтакатастрофу, пасля якой хлопца збіралі па кавалках у лякарні. І вось тут яго і падлавіў ліхі дух.

Напачатку ён схіліў носьбіта да думкі, што дзяўчына не прыме яго такім, потым – што яна яму здраджвае, потым была яшчэ нейкая лухта, якую мог нашаптаць дэман.

Цяпер яна адна. То бок пры ёй дзіця ад іншага мужчыны, за якім яна нейкі час была замужам. Яна згадвае Стася, а Стась згадвае яе, але нічога не можа з сабой зрабіць, бо ім кіруе Мамон. Жанчыны ў яго замест наркотыкаў.

«Дарэчы… Дужа светлая думка, – згадзіўся аднойчы Мурмур, добра знаёмы з парадкамі ў Апраметнай. – Наркотыкі…»

Аднаго вераснёўскага вечара яна сядзела ў машыне Стася на пярэднім сядзенні. Ён вёз сваю дзяўчыну дадому і дарогаю вырашыў заехаць на запраўку, хоць і меў паўбака бензіну.

Як толькі Стась выйшаў з машыны, каб заправіць бак, Мілана хутка дастала з торбачкі мяшэчак з белым рэчывам і кінула яго ў бардачок. Прыхавала за паперамі, пачкам цыгарэт і прэзерватывамі.

Раб казаў, што гэтага хопіць на пяць гадоў калоніі.

Урэшце Стась вярнуўся ў машыну і сеў за стырно. Палез у бардачок… дастаў цыгарэты.

Праз пятнаццаць хвілінаў яна выйшла ля свайго пад’езда і скінула смс на патрэбны нумар: «Ён гатовы».

Яшчэ праз дваццаць хвілінаў Стась ляжаў тварам на капоце свайго «лексуса», а двое дужых амапаўцаў чаплялі на яго кайданкі. Адмыслова навучаны сабака ўзвіўся і кінуўся з гучным брэхам да машыны, замалаціў лапай па бардачку і пачаў тыцкацца ў яго пысай.

– О… Багатая здабыча! – толькі і сказаў адзін з аператыўнікаў.

Стась няхутка выйдзе на волю. Для моцнай душы вязніца – як цяжкі вірус для цела: калі перахварэеш, то станешся яшчэ мацнейшым. Гарантыяў няма, але спадзеў застаецца.

26

Прагрэсіі: Месяц у 12 доме, у Ільве

Калі вы хочаце атрымаць уяўленне пра пекла на зямлі, зазірніце ў ясельную групу садочка недзе ў першыя дні верасня. Там вы пабачыце паўтара дзясятка двухгодак, якія нон-стоп крычаць, плачуць, лезуць куды не трэба, падаюць і набіваюць сабе гузакі. Утаймаваць гармідар намагаюцца некалькі дарослых – выхавацелька, нянечка, а таксама ўсе, хто цяпер вольны, каб пагрымець бразготкамі, памыць новую партыю брудных гаршчкоў і распрануць малых на сон.

Псіхолаг аўтаматам трапляе ў гэтую каманду хуткага рэагавання. Вераніка лётае то з гаршчком, то з рондалем супу, то з абсіканымі майткамі, не ведаючы, ля якой з шафаў іх пакінуць. І шапоча: «Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

Пераразмеркавалі яе ў адзін з мінскіх садочкаў, і вось ужо амаль два месяцы, як Вераніка штораніцы выходзіць з дому і просіць справядлівы сусвет паслаць ёй застуду з тэмпературай хоць бы 37,2, каб толькі на тыдзень адпачыць ад пекла.

«Ненавіджу», – шапоча яна, сядаючы ў тралейбус, які вязе яе ад «Інстытута культуры» да чорта на рогі ў Курасоўшчыну.

Курасоўшчына апаноўвае адразу, яшчэ да прыходу ў садочак. Тут суцэльнае адчуванне вёскі: дзядзька выгульвае сабаку і не адклікае яго, калі той кідаецца з абдымкамі і пацалункамі да выпадковых мінакоў. Вераніка ненавідзіць сабак.

Купкі цалкам сабе вясковых кабетаў з прыродным беларускім вымаўленнем сакавітай трасянкаю абмяркоўваюць цэны ў «Еўраопце». На рынку, што побач з лякарняй, тыя самыя цёткі набываюць сабе сукенкі «на выхад».

Ейныя новыя калегі абмяркоўваюць моду з рынку. Тут ужо ў трыццаць гадоў прынята лічыць, колькі табе засталося да пенсіі, бо ў гэтым веку ўсе мэты дасягнутыя і няма пра што марыць: ёсць і муж, і дзеці, і грады ў вёсцы, і пяць кіляў сала на таліі, якія вывальваюцца з джынсаў.

Джынсы, вядома ж, набытыя на тым самым рынку.

Калі Вераніка ідзе вуліцай на прыпынак, ёй падаецца, што ўсе азіраюцца – нетутэйшая. Яна вучыцца імкліва прамінаць тыя паўкіламетра. Палову дарогі да «Інстытута культуры» яна наструненая, рыхтык каралеўна, што ўцякае з зачараванага лесу, і толькі калі тралейбус спыняецца на Караткевіча, Вераніка выдыхае: зноў у горадзе.

Яна ўжо мае мужа, і калегі ледзь не з першага дня даймаюць пытаннямі пра дэкрэт.

«Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

Рома і Наста не ўмеюць размаўляць. Рома б’ецца галавой аб сценку, а Наста кідае цацкі.

– Вы псіхолаг, зрабіце што-небудзь! – кажа ёй начальніца, калі Вераніка зноў шукае магчымасці не заставацца сам-насам з Ромам ці Настай, а бяжыць мыць посуд. – Як так можна, вы ж прыйшлі да дзяцей! Вы жанчына!

«Я не прасілася да дзяцей, мяне змусілі з імі працаваць. Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

У трынаццаць гадоў Вераніка марыла, што ў ейным целе здарыцца нейкі зрух, праз які перастануць ісці месячныя. І толькі ў дваццаць тры яна зразумела, скуль у яе такая фантазія.

Яна не любіла дзяцей і адчувала да іх нешта блізкае да агіды. Думка, занураная глыбока ў падсвядомасць, цяпер выйшла вонкі, не раўнуючы джын з лямпы.

– Супакойся, гэта ўсяго толькі на два гады, – спрабаваў яе суцешыць муж – ды ішоў пісаць свой вар’яцкі раман.

Калі-нікалі ён кажа, што хоча дзяцей. А маці і свякруха кажуць, што хочуць унукаў.

А яна нікому не хоча нараджаць ні дзяцей, ні ўнукаў. Яна часта разглядае сваё цела, якое ўважае за малапрывабнае, і не можа ўявіць, што ў ім паселіцца нейкі чарвячок і будзе выцягваць з яе сокі, пакуль не вырасце. А потым гэтае нешта палезе з яе, раздзіраючы ў кроў скуру і цягліцы.

Вераніка не ведала, з кім можна паразмаўляць пра сваю нянавісць да дзяцей, да прымусовай працы, накінутай ажно на два гады, і да мужа з ягоным раманам пра Уладара.

Увечары яна марыла прачнуцца з высокай тэмпературай. А раніцай градуснік зноў паказваў 36,6.

27

Сінастрыя: Юпітэр мужчыны ў апазіцыі да Месяца жанчыны, рэтраградная Венера жанчыны ў апазіцыі з Плутонам мужчыны

Таня варыла баршчы і крэм-супы, запякала бабку і смажыла калдуны, круціла пельмені і цэпеліны, гатавала рагу з баклажанамі і лазанню.

Праз два месяцы выпрабавальнага тэрміну яе дапусцілі да цела:

– Пацалуй мяне, – сказала цела, і Таня пацалавала Дзяніса, які сядзеў у кухні на зэдліку, рассунуўшы ногі ў альфасамцоўскай манеры.

Цела мякка націснула на Таніны плечы і апусціла яе на калені. Націснула на макаўку – і апусціла яшчэ ніжэй.

На пліце гарэў рыбны амлет.

Калі з патэльні шугануў дым, цела люта мацюкнулася і сарвалася з месца.

Пажар згасілі. У кухні стаяў смурод. Дзяніс зашпіліў прарэху. Таня выцерла рот.

– Ты мяне болей не правакуй на такія штукі, добра? – сказаў ён, усміхаючыся. – А то ж і хату можна спаліць.

Потым яна гэткім самым чынам справакавала цела, калі яны выпадкова апынуліся ў спальні – паглядзець калекцыю нажоў Дзяніса.

Цела аддавалася Тані, маўляў, вось яно я, гуляйся. Таня шторазу баялася ўчыніць нешта не так. Яе запрашалі зноў і зноў. «Да» і «пасля» апавядалі, што ўмее рабіць тая ды іншая пасія (усе яны маглі б быць адзінымі, калі б ацанілі далікатнасць Дзянісавай натуры).

Кухня заставалася Таніным каралеўствам і рабіла яе непаўторнай у вачах Дзяніса (і гэта, халера, было крыўдна).

28

Транзіты: Сатурн у 12 доме на шляху да злучэння з натальным Сонцам, Юпітэр і Уран у злучэнні з натальным Месяцам

Рамонт у новай Міланінай кватэры ішоў поўным ходам, і яна знаходзілася ўжо ў той шчаслівай ягонай стадыі, калі можна гадзінамі гуляць па мэблевых крамах і прыглядаць сабе канапу і мяккія фатэлі, бо ўсе матэрыялы даўно набытыя і трэба толькі прыспешваць брыгаду будаўнікоў. Думка пра пераезд, які мусіў адбыцца пад Новы год, сагравала Мілану ва ўсіх сэнсах, бо арандаваная кватэра была халодная і непрыдатная для камфортнага існавання.

11
{"b":"643708","o":1}