Найгалоўнейшае – каб яны не зразумелі, што ты загадкавым чынам не загінула і зноў можаш дыхаць. Болей за тое, зламаныя хрыбеткі неяк зрасліся ў адно імгненне, і ты можаш паварушыць рукой. Але не варушыся і не дыхай, іначай яны давершаць справу, і тады ўсё пачнецца спачатку.
– А дзеўка ўжо таго…
– Стрэльні для кантролю. Бач, дрыгаецца.
Уцелаўленне не можа адбыцца зусім незаўважна – рэфлексы ніхто не касаваў. Калі яны зараз «стрэльнуць», то наступная носьбітка з’явіцца толькі на найбліжэйшую поўню, а цябе прыцягне чорт ведама куды.
– Пох…й. Ёй п…ц.
У перакладзе на людскую мову гэта значыла, што страляць яны не будуць. Тая, каго ўжо клікалі Міланай, сканцэнтравалася на выкананні сваёй ролі. Яна не ўмела дакладна чытаць чужыя думкі – такіх здольнасцяў ёй не пакінулі, але яна чытала падзеі, што адбываюцца тут і цяпер. Мілана ведала, што ў аднаго з ейных катаў – дачка ў садку на іншым канцы горада. Кранальна. Бамбіза з рэльефнымі біцэпсамі-трыцэпсамі, які кагадзе забіў носьбітку, думаў пра сваю дачку – таўсмаценькую пяцігадовую дзяўчынку з носікам-бульбінай, як у любага таты. Амаль пятая вечара, час дзіця забіраць. У другога ўсё празаічней – здаць справу пра выкананы загад. У трэцяга – піва і футбол. Чацвёртаму, які за стырном, трэба аліву мяняць. Забіць двух чалавек і скінуць трупы ў лесапаласе на паўночным захадзе Масквы – проста частка іхнае працы, на якую яны не марнуюць ніводнай эмоцыі. Пасля яны спакойна разыходзяцца па сем’ях, качалках, барах і дзявулях. Цяпер іх усіх падціскае час, таму яны найхутчэй зваляць сваіх кліентаў у найбліжэйшую яміну і проста закідаюць галлём і леташнім лісцем.
– Няма калі зямлю капаць. Скідваем іх тут. Пох…й. Усе мянты купленыя.
– Во нармальнае месца. Прыцерушы іх лісцем. А то мала хто сюды прыпрэцца.
Мілана адчула моцны боль, калі яе кінулі на зямлю. Добра, што ў гэтай яміне (ад колішняй бомбы з часоў вайны, між іншага) расце высокая трава, яна змякчыла ўдар. Цяпер застаецца прычакаць, калі бамбізы з’едуць. Перад бамбізамі не ставілі задачы схаваць ці знішчыць целы, бо начальнік ведае, што злачынцаў усё адно не знойдуць. Тым лепей для яе, Міланы.
Хвілінаў праз дзесяць бамбізы ўрэшце заканчваюць прыхоўваць трупы. Ім не трэба, каб іх запеленгаваў выпадковы патруль доблесных праваахоўнікаў. Бо адна рэч, калі знаходзяць два трупы і не знаходзяць забойцаў, а іншая – калі цябе забіраюць на месцы злачынства. Тут ужо складаней выбрацца, а шэфу танней будзе паклапаціцца, каб выканаўцы загінулі ў камеры СІЗА пры загадкавых акалічнасцях, чым выцягваць іх з вязніцы.
– З’ё…ваем адсюль.
Мінівэн, у якім сюды прывезлі дзвюх ахвяраў, рэзка зрываецца з месца ды імчыць прэч. Неўзабаве будзе дождж. Ён размые сляды пратэктараў аўто, але прыспешыць працэс раскладання трупа мужчыны, які ляжыць у той самай яміне. Таму трэ выбірацца найхутчэй і чакаць ночы ў бяспечным месцы.
2
Транзітны Сатурн у злучэнні з натальным Плутонам; транзітны Плутон у злучэнні з натальным Сонцам; транзітны Месяц у злучэнні з натальным Юпітэрам
Гісторыя мужчыны, Ісаева В., чыё цела з прастрэленай галавой кінулі ў яміну, досыць банальная: нябедны маскоўскі бізнесовец, любіў гуляць на мяжы фолу не толькі з дзяржавай і канкурэнтамі, але і з тымі, хто ўважаў яго за партнёра. Дужа любіў блытаць фінансавыя плыні, цішком ліквідуючы адны фірмы і рэгіструючы іншыя. Партнёры ў выніку гублялі немалыя грошы, але нічога не маглі выставіць Ісаеву. Той знаходзіў новых партнёраў, і гісторыя паўтаралася.
Але ўсё мае свой канец.
Бізнесоўца сустрэлі ў аэрапорце Дамадзедава, адкуль ён ляцеў у Егіпет са сваёй спадарожніцай, зусім не жонкай. Ціха і без залішняга галасу вывелі на вуліцу, пасадзілі ў мінівэн і завезлі ў гэты лясок, дарогаю пусціўшы яму кулю ў лоб.
Ісаеву было сорак гадоў, ён пакінуў па сабе жонку, двух дзяцей і трох каханак, кожнай з якіх уладзіў кватэру ў спальным раёне Масквы, каб не здагадваліся пра існаванне адна адной (лепей тры ў спальных раёнах, чым адна на дарагой Рублёўцы). У асабістым жыцці ён таксама любіў замятаць сляды. Дарэчы, ён яшчэ пакінуў кватэру ў Мінску, якую набыў, каб не траціцца на гатэлі, бо часцяком ездзіў у «правінцыю» па пытаннях спраўных і прыватных – да прыкладу, пагуляць у казіно і атрымаць незабыўны сэкс з дзяўчынай, да якой меў асаблівы сантымент, бо тая нагадвала першае каханне. Праўда, той дзяўчыне ён адно зняў кватэру на працяглы тэрмін – яна ж у яго закахалася, а калі так, то навошта лішнія выдаткі?
І вось ён ляжыць мёртвы ў старой яміне з-пад бомбы часоў вайны, а побач з ім – цалкам сабе жывая Мілана, якая цяпер усяго толькі носьбітка. Нічога, апрача пагарды, яна не адчувае і адно думае, як вызваліцца ад скотча, якім сцягнутыя запясці.
Урэшце яна вызваляецца, разлеплівае рот, раскручвае ногі, таксама звязаныя. Пачырванелыя запясці смыляць, шыя і галава баляць – цалкам нармальна пасля такога экстрэмальнага ўцелаўлення.
Мілана выбіраецца з яміны і шукае дзе схавацца. На дварэ смажыць перад дажджом, але яе калоціць – нервы. Карціць у ванну і пад плед, але калі тое яшчэ будзе. Наперадзе доўгае і цяжкое падарожжа.
У Мінску ёсць кватэра, аплачаная на год наперад. Там у шуфлядзе камоды ляжыць сабраная на чорны дзень тысяча даляраў. Носьбітцы паводле пашпарта ўсяго дзевятнаццаць гадоў. Сірата, выдраная з сям’і вясковых п’янюгаў, якія нават не зарэгістравалі дзіця і жылі так не адзін год. У дзетдоме ўзрост вызначалі прыблізна і цалкам выпадкова прыпісалі ёй лішнія паўтара года, а насамрэч Мілане яшчэ не споўнілася і васямнаццаці. Ёсць вялікі фізічны рэсурс, каб пражыць у атрыманым целе сама меней паўстагоддзя. Добры варыянт уцелаўлення.
Мілана, моцна хістаючыся, пайшла ў найбліжэйшы хмызняк і легла на зямлю, скруціўшыся рогам. Лінуў цёплы і шчодры чэрвеньскі дождж. За хвілінаў дзесяць вопратка змокла наскрозь, але што з таго – у пералёце яна не спатрэбіцца.
3
Транзіты: Месяц уваходзіць у Скарпіёна; адзінаццатыя месяцовыя содні
Была самая Літа – найдаўжэйшы дзень і найкарацейшая ноч за год. Чаканне заходу сонца падавалася бясконцым. Мілана зноў сталася жывой жанчынай, а таму пакутавала ад болю ў патыліцы і агіднага адчування мокрай вопраткі на скуры.
Колькі разоў праз лясок праскочылі аматары здаровага ладу жыцця ў бегавых красоўках, купка бамжоў і кампанія сабачнікаў з лабрадорамі без павадкоў. Адзін з сабак пайшоў да старой лейкавіны, дзе ляжаў труп забітага Ісаева, пакруціўся там, трывожна выючы, але гаспадар паклікаў яго, і сабака паслухмяна пабег за ім. І хай сабе бяжыць – выпадковыя сведкі сапсуюць усю справу.
Бывалі і складанейшыя выпадкі, але адна рэч, калі ты знаходзіш носьбітку ў чыстым ложку пад даглядам лекараў, а іншая – калі яна сталася ахвярай крымінальнага злачынства.
Папярэдняя носьбітка памірала ад інфаркту і мела ўжо гадоў каля пяцідзесяці. Інтэлігентная і самотная школьная настаўніца з кватэрай у цэнтры Масквы, якая дасталася ёй ад продкаў з дваранскім мінулым. Дваццаць пяць гадоў з той носьбіткай праляцелі як імгненне. І вось даводзіцца распачынаць новае жыццё ў іншым горадзе, таксама, дарэчы, знаёмым і не надта жаданым з многіх прычынаў.
Калі сонца ўрэшце села, зноў паваліў дождж. Палёт будзе складаным, думала яна, аддзіраючы ад цела вузкія светлыя джынсы і белую саколку. Гэтыя транты нядрэнна б некуды прыбраць, каб выпадкова не пачалі шукаць яшчэ адзін труп у раёне месца злачынства. Зямля была мяккай ад дажджу, таму Мілана досыць лёгка выкапала неглыбокую яміну, у якой схавала ўсе рэчы, ужо непатрэбныя ёй. Затым яна выйшла з хмызняку на разлеглае месца і раскінула рукі, як птушка крылы. За колькі імгненняў боль ва ўсім целе адступіў і прыйшла даўно знаёмая лёгкасць ад прадчування палёту.
Ператварэнне адбылося хвілінаў за пяць: замест жанчыны на паляне лесу ўзмахвала крыламі вялізная сава-кугакаўка. Яна ўзнялася над зямлёй, пакружляла над той палянай, а затым набрала вышыню і паляцела да свайго новага жыцця.