Адарваны ад навінаў і гарачых падзеяў на цэлыя два тыдні, Юрась быў не ў гуморы. Глыбокай ноччу, калі ўрэшце спёка адступала і можна было заснуць, ён заплюшчваў вочы – і бачыў сябе ў далёкай мінуўшчыне. Вось ён яшчэ школьнік, дзясяты ці адзінаццаты клас. Здае тэму па ангельскай мове, упэўнена і жвава апавядае пра my future profession. Ён бачыць сябе колішняга, як быццам яму паказваюць дакументальнае кіно пра Юрася-падлетка.
«I want to be a journalist because I want to write stories. I like real stories and I like fiction too. I have a dream. I want to become a writer!»
«Is it a good choice?»
Ён дакладна памятаў, што настаўніца ангельскай мовы задала яму такое пытанне, а ён разгубіўся. І рэч была нават не ў адсутнасці слоўнікавага запасу. Ён і цяпер, у свае амаль дваццаць сем гадоў, не змог бы адказаць.
Is it a good choice?
Гэтае пытанне пераследавала Юрася, як навязлівая слыхавая галюцынацыя, ажно пакуль ён не ўнураўся ў трызненне-сон. Стаць журналістам, займець знаёмствы сярод літаратараў і апублікаваць свае апавяданні, а потым і раман. Без знаёмстваў – нікуды, Юрась гэта разумеў яшчэ ў зусім юным узросце. Вось і ён паступіць на журфак і пойдзе шукаць тыя літаратурныя знаёмствы.
Юрась пачаў кепска спаць, у яго сапсаваўся настрой, і ён з усё большай неахвотай выконваў ролю шчаслівага маладога мужа (і так, на штодзённы сэкс яго часцяком не хапала – яшчэ адно непрыемнае адкрыццё для маладога хлопца!). Вераніка сыходзіла на пляж без яго, палуднавала без яго, гуляла без яго. Юрась запарваў каву, уключаў ноўтбук і пачынаў задуменна слізгаць курсорам мышкі па чыстай старонцы вордаўскага дакумента, які завёў ужо даволі даўно, але не мог ператварыць у раман. Ён гадзінамі медытаваў на адзіны сказ, які здолеў нарадзіць за некалькі тыдняў:
«Уладар сядзеў на троне і думаў пра свой лёс».
Юрась Карповіч сядзеў над гэтай фразай і таксама думаў пра свой лёс. У галаве круціўся сюжэт пра ліхога Уладара, які падпарадкаваў сабе цэлы край з дапамогай магіі. Палітычнае фэнтэзі, думаў журналіст, было б выдатна, ды яшчэ і па-беларуску! Але справа не ішла далей за першы сказ, быццам нехта таксама яго зачараваў. Уладар сядзеў на троне як прылеплены, а Юрась увесь час пераключаўся на сайты навінаў ці кантакты ў скайпе.
Прыяцель і калега распавядаў яму выпадак, пра які даведаўся ад сваёй колішняй аднакласніцы, круп’е ў казіно. У тым казіно прычынілася неверагодная гісторыя: рулетка шмат разоў запар спынялася на лічбе 15! Адна з наведніц двойчы стаўляла на пэўную лічбу, потым мяняла стаўкі, але ўсё адно 15 было выйгрышным у яе. Праверылі рулетку – ніякіх хібаў.
«Фенаменальная дзеўка! – пісаў калега. – Паглядзелі ўсе запісы відэакамер – нічога незвычайнага. Думалі, што нейкі падман, але супрацоўнікі самі ў шоку. Напісаць бы пра такое…»
«Ніх…я не атрымаецца, табе тэму не замовяць. Загадаюць, каб ішоў пісаць пра палітыка ВВ і ягоныя погляды на развіццё прыватнага бізнесу ў Беларусі», – адказаў Юрась з нечаканым для самога сябе сарказмам.
«Твая праўда, стары, – адпісаў прыяцель, і Юрась нібы пачуў праз адлегласць ягоны цяжкі ўздых. – Жыццё цікавейшае за тэмы, якія нам замаўляюць».
Чатаванне з прыяцелем-калегам перапынялася – і Юрась зноў вяртаўся да Уладара, які нерухома сядзеў на троне і з маньяцкай упартасцю думаў пра свой лёс.
У адну з начэй, калі да вяртання ў Мінск заставалася зусім нічога, новаспечаны пісьменнік прысніў Уладара. Ён, натуральна, сядзеў на троне і глядзеў на свайго стваральніка сумнымі-сумнымі вачыма. Затым ён звярнуўся да Юрася сіпатым і дарэшты стомленым голасам:
– Аўтар, аўтар, прымусь мяне хоць нешта рабіць, у мяне срака здранцвела тут сядзець! Я – жорсткі і ліхі Уладар, я павінен дзейнічаць: сцінаць галовы, паліць гарады, піць кроў цнатлівак і есці вантробы немаўлят. А ты ўсё не можаш даць мне абсяг працы.
Юрась вінавата лыпаў вачыма і не ведаў, што адказаць. А Уладар раптам (скуль толькі моц узялася) гаркнуў:
– Аўтар, хрэн табе ў вочы, уключы фантазію! Ці табе журналістыкай зусім мазгі высушыла?! Пачынай, варушы глуздамі, а то будзеш мяне сніць штоночы.
Няшчасны стваральнік жанру палітычнага фэнтэзі прачнуўся і ўжо не здолеў заснуць. Сарваўся з ложка і пайшоў на кухню запарыць сабе кавы. Жонка скрозь сон запыталася: «Ты чаго?» Юрась не адказаў. Узяў ноўтбук і пачаў развіваць дзейнасць галоўнага героя.
Для пачатку Уладар трохі парэфлексаваў над сваім лёсам і згадаў цяжкое маленства ў забытай Богам вёсцы, дзе маці-жабрачка гадавала яго адна, без бацькі. Пляткарылі, што яна нарадзіла сына ад чарадзея, які злавіў яе, калі яна аднойчы пайшла ў грыбы і заблукала ў лесе. Чарадзей трымаў яе ў сваёй таемнай пячоры тры дні і тры ночы і адпусціў толькі тады, калі зразумеў, што дзяўчына носіць пад сэрцам плод ягонага чарадзейскага насення… Пісьменнік і не заўважыў, як нашрайбаваў ажно дзве старонкі тэксту. Справа ўсё-такі зрушыла з месца! Ён вярнуўся ў ложак і ўпершыню за ўвесь адпачынак заснуў спакойным сном, пяшчотна абняўшы жонку.
Наступнаю ноччу Уладар да яго не прыйшоў. Але Юрась ужо і без гэтых запалохванняў гатовы быў напісаць палітычна-фэнтэзійную эпапею. Цяпер ён шрайбаваў па некалькі старонак тэксту штодня і ўрэшце пачуваўся шчаслівым.
19
Радыкс: Венера ў злучэнні з Плутонам у 2 доме
Семдзесят восем тысяч даляраў.
Калі Мілана замовіла ў банку канвертацыю беларускіх рублёў, то атрымалася раўнютка гэтая сума – ніводнага рубля рэштай.
Яна патраціла пяцьдзясят шэсць тысяч на невялічкую двухпакаёўку ў Зялёным Лузе. Дваццаць дзве тысячы пакінула ў банку на жыццё-быццё, але вырашыла іх не чапаць.
У цяперашнім Мінску яна адчувала сябе спакойнай і абароненай у параўнанні з Масквой, нават успаміны пра ліхія часы, перажытыя ў адным з колішніх уцелаўленняў, перасталі яе пераследаваць. Яна памятала, але не згадвала. Мілана ўпадабала тутэйшы тэмпарытм існавання, меншую накручанасць людзей і цалкам натуральнае «дабрыдзень», якое часцей можна было пачуць у крамах і ў банках.
Яна пачынала думаць пра будучыню. Ёй усяго дзевятнаццаць пашпартных гадоў, то чаму б не атрымаць нейкі дыплом і не ўладкавацца на легальную працу, каб не прыцягваць да сябе залішняй увагі. Можна сядзець у офісе з панядзелка па пятніцу, займець сяброў, адкрыць шэнген і ездзіць на шопінг у Вільню, стаўляць ялінку на Новы год і пячы булкі на праваслаўны Вялікдзень. Як усе. Мінулае ўцелаўленне прайшло ў міры і згодзе з людзьмі, ёй падабалася.
Але што такое будучыня, калі наперадзе ў цябе вечнае жыццё з бясконцым колаваротам уцелаўленняў?
І як яно наагул – жыць на свеце, дакладна ведаючы, што гэта ўсяго на дзясяткі гадоў, а потым – нябыт?
Яна стамілася існаваць колькі стаіць Сусвет, ды не мела моцы перапыніць вандроўку. Але Мілана – усё ж такі чалавек, а людзі чамусьці зацята хочуць жыць, нават у пакутах.
20
Стужка навінаў niadola.by:
Крымінальная прыгода на дарозе
Супрацоўнік мінскай кампаніі, нехта В., 1982 г. н., звярнуўся ў міліцыю.
Паводле словаў В., 13 жніўня ўначы ён ехаў па дарозе Мінск – Магілёў на сваім легкавым аўтамабілі «аўдзі». На шляху яго спыніла дзяўчына, з выгляду прыкладна 20–22 гадоў, і папрасіла падвезці яе да вёскі Ведрыцы Чэрвенскага раёна. В. пагадзіўся.
У выніку ён застаўся без грошай і дакументаў – незнаёмая спадарожніца скрала ў яго прыкладна 2 мільёны рублёў, 100 даляраў і 5000 расійскіх рублёў наяўнымі. Пластыкавыя банкаўскія карткі яна не чапала.
Узбуджаная крымінальная справа, вядзецца пошук зламысніцы.
21
Радыкс: рэтраградная Венера ў Блізнятах у квадратуры да стэліума ў Панне (Месяц, Марс, Сатурн)
Дзяніс сумаваў па хатняй ежы і скардзіўся, што нанятая эканомка нясмачна гатуе. Ён з асалодай спустошваў Таніну ссабойку, у якой былі блінцы з павідлам, і дужа выхвальваў іх.