Я не забываюся і на асабовы рост. Нядаўна прачытала кнігу «Адзінаццаць хвілінаў», а таксама запісалася на курсы ангельскай мовы, на якой умею размаўляць, але саромеюся некаторых памылак. Я займаюся на ўзроўні Pre-Intermediate, і, мяркую, калі мы з маім мужчынам паедзем у Еўропу, яму не давядзецца чырванець праз тое, што я блытаю артыклі.
Зычу кожнай з вас сапраўднага кахання! Толькі яно можа прынесці перамены ў жыццё жанчыны!
16
Радыкс: Ліліт у 5 доме, Месяц у злучэнні з Нептунам у Скарпіёне ў квадратуры да Юпітэра ў 8 доме
Маскоўскі прадпрымальнік Сяргей Іванавіч Караваеў ужо не мог дакладна прыгадаць, калі ён упершыню ўвайшоў у дзверы казіно і як згуляла ягоная самая першая стаўка. Ён улазіў у рызыкоўныя фінансавыя аферы, адна з якіх ледзь не скончылася лавай падсудных. Ён перасяліў сваю сям’ю з новых пяціпакаёвых апартаментаў у трохпакаёўку перыяду савецкага застою. Калі б не добры «дах», атрыманы ад даўняга сябра, прадпрымальніка буйнейшага калібру, Караваева даўно б з’елі расійскія бізнес-піранні. Ён толькі для выгляду нечым там гандляваў, а насамрэч адмываў сяброўскія грошы.
Але гэтага прынамсі ставала на ахвяры, якія ён прыносіў еўрапейскай рулетцы.
Калі год таму ў Маскве пазачынялі ўсе казіно, Караваеў у апошнюю ноч з гора прайграў тысяч дваццаць, не меней. Але бедаваў ён нядоўга: ездзіць у Мінск аказалася не так ужо і дорага. Таму раз на колькі месяцаў расійскі госць наведваўся ў беларускую сталіцу і адпачываў тут душою.
Трэба сказаць, у Мінску, ва ўлюбёным «Коле фартуны», Караваеву шанцавала часцей, чым дома. Апошнія два ваяжы былі нават у плюс. Прынамсі, ён цалкам вяртаў выдаткі на цягнік, гатэль, выпіўку і дзявуляў (а як без гэтага?).
Вось і сёння, у апошні дзень чарговай мінскай вандроўкі, удача была з ім. Караваеў, дарэчы, верыў у спрыяльныя дні і нават выбудоўваў уласную стратэгію гульні. Напрыклад, ён заўважыў, што ў першую дэкаду месяца яму шанцуе болей, чым у другую ці трэцюю. А сёння акурат ноч з другога на трэцяга жніўня, таму ён чакаў багатага прыходу. Караваеў пакуль не рабіў рызыкоўных ставак і гуляў у нуль. Наручны гадзіннік эканом-класа паказваў трэцюю ночы, у галаве шумела спажытае брэндзі – можна і спыніцца. І ён сапраўды развітаўся з іншымі гульцамі і хацеў папрасіць адміністратара, каб яму выклікалі таксоўку, але тут здарылася нечаканае.
Ля гульнявога стала раптам з’явілася высокая мадэльнагнуткая брунетка ў чорнай дэкальтаванай сукенцы. У галаве ўсплыло нешта пра «дыша духами и туманами, она садится у окна» – тое нешматлікае, што Караваеў памятаў з прыстойнай паэзіі.
– Я яшчэ згуляю! – раптам выгукнуў расеец.
Ён чамусьці ведаў, што абавязкова прайграе і што Незнаёмка таксама прайграе. Затое будзе нагода выпіць разам.
Але дзе ён бачыў гэтую дзяўчыну?
Караваеў сцярогся рызыкаваць і паставіў на цотныя. Незнаёмка, наадварот, рызыкавала, бо ставіла на адну лічбу – пятнаццаць. Кола фартуны закруцілася, шарык пабег па ім, як маленькая жвавая вавёрка. Вось ён пачаў запавольвацца… і маскоўскі госць пабачыў, як шарык зручна ўладкоўваецца ў сектары з чорнай лічбай 15. Гульцы, якія ставілі на тузін, на чорныя ці няцотныя, уздыхнулі з палёгкай. Незнаёмка толькі загадкава ўсміхнулася. Яна атрымае ў трыццаць пяць разоў болей, чым паставіла!
Наступным разам Караваеў вырашыў ставіць на чырвоныя. Незнаёмка ж ізноў паставіла на пятнаццаць – і ейная стаўка выйграла! Простае супадзенне, намаўляў сябе бізнесовец, простае супадзенне. Выпадковасць. Дзяўчо, падобна, упершыню ў жыцці ў казіно, а новенькім зазвычай шэнціць. Тады ён паставіў на тузін, ад аднаго да дванаццаці. Азарт імкліва расцякаўся ў ягонай крыві цяжкім наркотыкам. Дзве стаўкі запар прайгралі – і што з таго? Паводле тэорыі імавернасці, чым болей спробаў, тым болей шанцаў.
Незнаёмка нязменна ставіла на пятнаццаць або на групу лічбаў, куды ўваходзіць пятнаццаць, ставіла драбязу і нязменна выйгравала. Іншыя гульцы, якім шэнціла болей, чым расейцу, таксама ставілі на пятнаццаць, на чорныя або на шэраг лічбаў, у які трапляў гэты зачараваны квадрацік. А Караваеў упарта рабіў іншыя стаўкі, быццам хацеў давесці, што масавая істэрыя некалі скончыцца ўсеагульным фіяска.
Дзяўчына часцяком пацірала левай рукой патыліцу і крыху паварочвала сюды-туды галаву.
– Не здзіўляйцеся. Рэч у тым, што я – чорт, – раптам пачуў ён урывак размовы Незнаёмкі з іншым гульцом, які, відаць, спрабаваў фліртаваць.
Гулец засмяяўся, а Караваеў пачаў закіпаць: яшчэ адна гульня – і дзявуля выкуліцца з казіно з мілым ліхам.
Але пятнаццаць выйгравала!!!
Скораны маскоўскі лудаман урэшце адважыўся паставіць на містычную лічбу. Караваеў сачыў, як шарык бяжыць па коле фартуны, а рух рулеткі спакваля запавольваецца. Зараз будзе пятнаццаць, думаў ён.
Шарык трапіў на зэро.
Караваеву раптам падалося, што гожая Незнаёмка ператварылася ў старэнькую карліцу ў блазанскай шапцы са званочкамі. І вось яна стаіць і гнюсна гігікае. Ён накінуўся на паскудную маленькую бабцю і з нецэнзурнымі выгукамі пачаў яе душыць. Бабця запішчэла, замахала маленькімі ручкамі. Караваеў схапіў яе за куртатыя ножкі і хацеў штомоцы бразнуць аб стол…
Потым была міліцыя, нейкая нясвежая бландзінка сярэдняга веку ўсхліпвала і паказвала сінякі на руках і твары. На Караваева начапілі кайданкі.
– Старая блазанка сапраўды чорт! – раптам выгукнуў затрыманы расеец.
– Ну ўсё, годзе, паехалі, – скамандаваў міліцыянт, які скончыў апытанне сведак.
– А можа, у Навінкі? – флегматычна запытаўся сек’юрыці.
– На Акрэсціна! Там яму глузды на месца паставяць, – адпрэчыў міліцыянт і павёў Караваева на двор, дзе ўжо чакала міліцэйская машына.
17
Службовая запіска па выніках праверкі Тарасевіч М. І.
«Праверка выявіла, што Тарасевіч Мілана Ігараўна не ўступала ў злачынную змову з супрацоўнікамі забаўляльнага цэнтра «Кола фартуны» ў мэтах атрымання даходу. Аналіз відэаматэрыялаў, зробленых камерамі відэаназірання ў памяшканнях казіно, не выявіў у дзеяннях Тарасевіч нічога падазронага і супрацьпраўнага. Праверка абсталявання казіно, а таксама апытанне яго супрацоўнікаў паказваюць, што мела месца простае супадзенне.
Тарасевіч М. І. была апытаная і заявіла, што прыйшла ў казіно дзеля забавы. Яна таксама патлумачыла, што раней ніколі не захаплялася азартнымі гульнямі і не збіраецца наведваць такія ўстановы ў далейшым.
Такім чынам, адсутнічаюць падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы згодна з ч. 4 арт. 209 КК РБ.
Паводле атрыманых звестак, Тарасевіч М. І. нідзе і ніколі не была афіцыйна працаўладкаваная. Скончыла 9 класаў Зеленапольскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, навучалася ў будаўнічым ліцэі В***скага раёна, але не скончыла курс навучання. Атрыманыя звесткі паказваюць, што Тарасевіч не забрала дакументы з навучальнай установы, і яны дагэтуль захоўваюцца ў архівах. У 2009 годзе зарэгістравалася ў Мінскім раёне, меркавана, праз пасярэднікаў, якія аказваюць падобныя паслугі насельніцтву. Цягам пэўнага часу супрацоўнічала па дамове падраду з мадэльным агенцтвам «Рэд энд Блэк».
Асобная праверка ў дачыненні Тарасевіч М. І. была праведзеная па лініі Упраўлення высокай маралі МУС РБ. У базах упраўлення Тарасевіч не значыцца, на ўліку па занятках прастытуцыяй не стаіць, не праходзіла па справах аб незаконным абароце наркотыкаў у якасці сведкі, падазраванай ці абвінавачанай.
Разам з тым, упраўленне лічыць неабходным праверыць Тарасевіч на датычнасць да іншых крымінальных справаў. Таксама лічым неабходным правесці праверку ў дачыненні Тарасевіч М. І. па лініі органаў Міністэрства падаткаў і збораў».
18
У жніўні Юрась з Веранікаю паехалі адпачыць у Палангу. Цяпер яны займелі зашмат часу, не запоўненага сэксам, і не ведалі, як ім супольна бавіць доўгія дні і ночы.