Литмир - Электронная Библиотека

– Хрэн табе ў вочы, а не пашпарт! – раззлаваўся начальнік Упраўлення высокай маралі. – Мала таго што выцягваеш мяне на спатканне ўночы, потым спазняешся, дык яшчэ і хаміш.

– Ды я ведаю, што дамовіўся. І да каго ісці, ведаю. Раб…

Тут Васіль Мікалаевіч не вытрываў і з усяго размаху выцяў дзяўчыну па твары. З прыгожага носіка пабег маленькі струменьчык крыві.

– Дарма ты так. Але ўсё адно для цябе гэтая прыгода павінная была кепска скончыцца, – прашаптала яна і паднесла раскрытую далонь да ягонага ілба.

Васілю Мікалаевічу раптам зрабілася горача, затым – млосна. Перад вачыма паляцелі залатыя мухі і паплылі хвалі. Ён паваліўся на падлогу і пачаў качацца, схапіўшыся за галаву, у якой быццам пасяліўся шалёны бубнач. А тая паскудніца бярэ ягоны тэлефон і нешта ў ім шукае. А цяпер яна адчыняе акно, залазіць на падваконне і… Не, яна не скочыла долу – у яе раптам выраслі магутныя чорныя крылы, твар змяніўся ў агідную пыску кажана, а маленькія вочкі засвяціліся чырвоным.

– Бывай, чмо балотнае! – прапішчэў кажан і мярзотна зарагатаў.

Затым пачвара ўзмахнула крыламі, зрабіла кола гонару па пакоі, пабіўшы жырандолю, і вылецела з кватэры на вуліцу. Ашалелага Васіля Мікалаевіча трэсла ліхаманка. Ён думаў, што сэрца зараз спыніцца. Ледзь дацягнуўшыся да століка, ён схапіў тэлефон. Але ў спісе кантактаў было пуста! Журнал тэлефанаванняў таксама быў вычышчаны!

Ён не ведаў, каму тэлефанаваць, бо не памятаў нават нумара ўласнай жонкі. Васіль Мікалаевіч ужо не быў упэўнены, што праз нумар 102 выклікаюць міліцыю, а не хуткую. Страх і паніка замяніліся разгубленасцю, а разгубленасць – незразумелай тугой. Ён залез з нагамі на ложак і скурчыўся ў позе эмбрыёна. Так ён і праляжаў да раніцы, пакуль не пачуў звон мабілкі. Гэта быў Правераны чалавек, але Васіль Мікалаевіч забыў ягонае імя. Няшчасны начальнік Упраўлення панёс нейкую лухту пра страшнага кажана, які будзе чакаць яго на дварэ. Потым пачаў прасіць, каб яму падрыхтавалі вольную камеру ў СІЗА КДБ, бо толькі там кажан яго не дастане.

Занепакоены Правераны чалавек прыляцеў на кватэру, у якой учора ўвечары пакінуў Мікалаевіча ў добрым здароўі і цвярозым розуме. Пабачыў шэфа і пачаў вагацца, ці не выклікаць яму псіхіятрычную брыгаду хуткай. Потым падумаў, што перадаваць палкоўніка ў рукі санітараў, ды яшчэ на чужой кватэры, будзе неасцярожна. Згроб Мікалаевіча ў ахапку і папёр на вуліцу. Той працягваў трызніць пра страшныя чырвоныя вочы кажана. Калі ж Правераны чалавек урэшце загрузіў яго ў машыну, Мікалаевіч ціхенька загугнявіў:

– Я – Раб, я – брудны чарвяк, я – чмо балотнае…

33

Транзіт Сатурна праз натальнае Сонца

Пераканаць Таню, каб прыняла даверанасць на кватэру, было досыць лёгка. І перадаць ёй ключы, каб хадзіла карміць Мурмура, – таксама нескладана. Мілана змушана імправізавала, бо ведала, што лік ідзе на дні.

Паводле легенды яна ехала за мяжу на дужа выгадную працу і чакала візы. Гэтую легенду яна пасля будзе так ці іначай падтрымліваць (мае адзін безаватарны акаўнт у сацыяльных сетках). З яго яна будзе пісаць Тані рукамі іншай носьбіткі, бо знікнуць назаўжды – гэта падазрона. Далей трэба зняць з рахунку ўсе грошы і перахаваць іх у зацішным месцы: яно знайшлося ў лесе непадалёк ад лецішчаў на аршанскім кірунку чыгункі.

Затым яна мусіла павыганяць з новае кватэры будаўнікоў, нават калі яны не паспелі нечага дарабіць. Брыгадзе яна заплаціла наперад і мовіла «да пабачэння». Будаўнікі тое ўпадабалі.

Мурмур трывожыўся, бо разумеў, што з сяброўкай адбываецца нядобрае. Мілана загадзя перавезла яго на новую кватэру і дзеля супакаення фамільяра пераначавала там, а потым вярнулася ў Дом-ля-стэлы.

З Таняй яна развіталася, калі зразумела, што выканаўцы ўжо ў Мінску і шукаюць яе. Цяпер яны не пакінуць цела і зробяць так, каб не засталося ніякіх слядоў. Гэта добра.

Кожны дзень можа стацца апошнім. Кожная гадзіна можа стацца апошняй.

Чаканне лёгка было б параўнаць з камерай смяротнікаў, але для Міланы яно болей выглядала на непрыемную аперацыю, праз якую абавязкова трэба праходзіць з той ці іншай перыядычнасцю. Толькі тут дакладна запланаванага часу няма.

Кватэрнай гаспадыні Мілана заплаціла яшчэ на год наперад, і тады на сцэне з’явіўся Лукаш пад выглядам стрыечнага брата, ціхамірнага хлопчыка без шкодных звычак (так, ён не курыў). Маўляў, Мілана з’язджае на год за мяжу, а пакуль у кватэры пажыве сваяк-студэнт. Прыстойны выгляд хлопца і крыху наслання – і кватэрная гаспадыня пагадзілася.

– Можаш прыняць гэта як падзяку за вылекаваную шыю. Я некалькі тыдняў жыла без болю, – сказала Мілана свайму прыяцелю, калі той запярэчыў, што не можа аддаць ёй грошы за кватэру.

Каб пазбавіцца наструненасці, яна гуляла па крамах з вопраткай і мерала ўсё, што бачыла, не збіраючыся нічога набываць. Навошта, калі ты не ведаеш, у якім целе вернешся на зямлю?

Месяц рос, і да поўні заставалася колькі дзён.

34

Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)

Не мела ахвоты пра гэта пісаць, але не магу стрымацца. Уявіце сабе: чалавек, якога я ўважала за свайго каханага мужчыну, раптам выкідае мяне з рэчамі! Проста збірае маю валізу і выносіць яе з кватэры. І пагражае міліцыяй, калі я буду ламіцца ў дзверы. Нож у спіну. Перад самымі святамі, калі прагнеш любіць усё чалавецтва!

Я ў шоку, я ў сапраўдным шоку! Той, дзеля каго я кінула многіх сваіх сяброў, памяняла звычкі, наступіла сабе на горла, проста выстаўляе мяне за дзверы. Без тлумачэння прычынаў. А я ўсяго толькі не прыйшла начаваць пасля блогерскай вечарынкі, а раніцай ад мяне крыху патыхала алкаголем (так, мы дарослыя дзяўчынкі і хлопчыкі, мы не абмяжоўваемся мінералкай!).

Мая вера ў чалавецтва і ў мужчын падарваная. Я не буду прыніжацца і прасіцца назад, я вышэйшая за гэта.

UPD: Мо хто пусціць мяне пажыць на пару дзён, пакуль не найму кватэру, га? А то я цяпер сяджу з ноўтам і валізай на вакзале, нават падзарадзіцца няма дзе…

35

Транзіты: Сонца ў Стральцы ў злучэнні з рэтраградным Меркурыем (спалены), Месяц у Блізнятах, Венера ў Скарпіёне, Марс у злучэнні з Плутонам і Раху ў Казярогу, Юпітэр у злучэнні з Уранам у Рыбах, Нептун у Вадаліве. Ліліт у 20 градусе Рыбаў

Увечары таго дня Мілана выйшла з дому набыць харчоў у найбліжэйшай краме і раптам пабачыла, што побач з ейным пад’ездам прыпаркаваўся падазроны джып. Уласна, чаму падазроны – яна адразу сцяміла, што прыйшлі па яе. Было ўжо досыць цёмна, таму дзяўчыну не распазналі, і толькі так яна магла патлумачыць бяздзеянне выканаўцаў.

Мілана сама сабой пайшла не ў бок крамы, а на прыпынак, і там ускочыла ў аўтобус-адзінку, які павёз яе да цэнтральнай плошчы горада. А там акурат гуртаваліся людзі, якія былі не згодныя з тым, што іх Уладар застаецца на сваім троне яшчэ на некалькі гадоў. Натоўп мае свайго бога, і калі вы трапілі пад ягоны ўплыў, то ўжо не можаце цалкам абапірацца на ўласную волю. Так здарылася і з Міланай.

Там яна сустрэла Лукаша. Раней яна не бачыла яго такім гнеўным: ён быў пераўзбуджаны, казаў пра несправядлівасць і меркаваў, што трэба дамагацца праўды. Душа мудрага старога трапіла ў палон юначага імпэту. Мілана не ведала, ці можа гэты абаронца краю ў выпадку патрэбы пастаяць за самога сябе, але дзеля ўсяго дзеля вырашыла прыгледзець за Лукашам.

Разам яны трапілі ў самы вір падзеяў. Калі бог натоўпу скіраваў людзей на іншую плошчу, дзе іх чакалі спецназаўцы з дручкамі, Лукаш адным з першых атрымаў удар па спіне. Ён паспеў затуліць Мілану, каб дручок не апусціўся на яе. Яго збівалі адразу некалькі чалавек – з бессэнсоўнай жорсткасцю, скіраванай на бога натоўпу, а не на самога Лукаша.

– Усё, годзе! – выгукнула Мілана.

Пяцёра спецназаўцаў, якія ўжо гатовыя былі пацягнуць паўнепрытомнага хлопца ў машыну, каб весці ў вязніцу, раптам апусцілі дручкі і пабеглі ў іншы бок плошчы. Мілана ўчапілася ў каўнер Лукашавай курткі і дапамагла яму ўзняцца. Канцэнтравацца было складана, трымаць зрокавы кантакт з людзьмі ў чорных шаломах – яшчэ складаней. Урэшце ў яе атрымалася прабіцца разам са сваім прыяцелем праз кола, у якое ўзялі пратэстоўцаў, і ўцячы ў бок чыгункі.

14
{"b":"643708","o":1}