Карты нічога не казалі. Або казалі нешта такое, што Таня прачытваць не хацела. Тады яна зноў збірала таллю і церабіла яе да тае пары, пакуль на пачуцці Дзяніса да яе не выходзіла Каралева кубкаў ці тройка манет. Наступным днём начальнік пісаў Тані ў скайп эротыкападобныя двухсэнсоўнасці, але сыходзіў з працы раней за ўсіх, а сціплая менеджарка дабіралася дадому падземкаю і аўтобусам, спадзеючыся, што неўзабаве яе пакатаюць машынаю.
Мілана не думала выслухоўваць Таніны споведзі, але ж новая сяброўка ўмела стрыгчы валасы і рабіць манікюр, педыкюр і шмат чаго яшчэ, на што звычайная дама траціць немалыя грошы ў салонах. Слухай сабе пра пакуты кахання і атрымлівай дагледжаныя кіпцюрыкі.
Таня прыходзіла ў госці да новай сяброўкі, піла на гаўбцы звараную ў джэзве каву з кардамонам і слухала тлумачэнні раскладаў, якія ёй рабіла Мілана, – а ўжо ў варажбе яна была геніяльнай.
Неўратычныя карцінкі Таро Сакрэтаў мільгацелі пад далікатнымі пальцамі варажбіткі, а сама яна нагадвала Каралеву булаваў у гэтай таллі, асабліва калі надзявала смарагдавага колеру сукенку. Раз-пораз Мілана ўздымала левую руку і масажавала сабе патыліцу ды моршчыла твар, быццам ад болю. Чорны кот з элегантным белым жабо і белымі вусамі прыходзіў да гаспадыні і цёрся аб ногі.
– Гэта Мурмур… – казала Мілана.
– Можна проста Мурчык? – пыталася Таня.
Кот свідраваў яе позіркам мядова-жоўтых вачэй, маўкліва пратэстуючы супраць такой плебейскай мянушкі. Ён укладаўся на каленях у гаспадыні і са скепсісам глядзеў на госцю, якая ўсё распытвала пра лёс сваіх стасункаў з Дзянісам.
– Ты яму цікавая, – мовіла варажбітка. – Але ты не адзіная. У яго не можа быць адзінай. У такога мужыка заўсёды нехта ёсць і ніколі нікога няма.
– Мажліва, мне проста трэба счакаць? – пыталася Таня і змаўкала, ловячы зусім ужо здзеклівы позірк Мурмура.
Гэтай жывёліны яна баялася.
– Як сабе хочаш, – спакойна казала Мілана. – Побач з табой ёсць іншы мужык.
– Генка? Пффф… – фыркала Таня.
Генка ездзіў роварам і не меў схільнасці да гарнітураў з гальштукамі. Ён быў просты і зразумелы, як цацка для дзяцей да трох гадоў: націсні тут – і будзе букецік, націсні там – і будзе прыбітая палічка, націсні вунь там – і хоць заўтра ажэніцца. Прымітыў!
Перад сыходам у адпачынак Дзяніс раптам прапанаваў Тані пакатацца. Вывез на Цну, частаваў арахісам са смакам васабі, апавядаў, якія жанчыны пайшлі меркантыльныя і як ён расчараваўся ў каханні. Таня слухала і падтаквала. У ейным горле перасыхала ад арэшкаў і хвалявання, а Дзяніс усё скардзіўся на нейкую сваю пасію, якая здрадзіла яму з італьянцам. А магла б стацца адзінай.
За пару гадзінаў шпацыру ля вады Дзяніс наразмаўляўся і згадаў, што мае тэрміновыя справы. Таню ён высадзіў на найбліжэйшым аўтобусным прыпынку ў Навінках, а сам паехаў сабе далей. Таня скакала з аўтобуса ў метро, перасаджвалася са станцыі на станцыю, потым скакала з метро зноў у аўтобус, пакуль дапяла да сваёй кватэры ў Шабанах.
Схлусіла маме, што начальнік падвёз яе дадому машынаю, а потым пайшла піць ваду – заліваць арэшкі са смакам васабі.
10
Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)
Пра сапраўдных мужчын. Вось што я вам хачу сказаць, дзяўчаты. Уся наша адукацыя, увесь наш культурны бэкграўнд – гэта ні пра што, калі мы сустрэлі СВАЙГО МУЖЧЫНУ. Нармальна, калі жанчына хоча мыць яму шкарпэткі. Значыць, яна пачуваецца за каменным мурам.
Роўнасць – пустая балбатня феміністак, якім проста не пашанцавала. Мужчына абавязаны быць мацнейшым за жанчыну. Ён павінны добра вальнуць кулаком па стале і запатрабаваць, каб ты заторкнулася, калі цябе заносіць. Гэта і называецца сапраўдны МУЖЧЫНА, а не бясполае нешта, якое нават у крытычнай сітуацыі, калі трэба хапаць сякеру і бегчы, пытаецца майго меркавання.
Я люблю, калі мужчына мяне раўнуе: значыць, ён хоча ад мяне патомства і дбае, каб мяне не краналі чужыя самцы. Нераўнівы мужчына не хоча ад вас дзяцей, запомніце, дзяўчаты! А калі мужчына не хоча ад вас дзяцей, ён вас кіне ў першы-лепшы момант, як толькі сустрэне сваю саміцу. Ён будзе махаць вакол яе сякерай, каб прагнаць чужых мужыкоў, а яна будзе мыць яму шкарпэткі. І гэта адзіныя нармальныя стасункі, магчымыя паміж мужчынамі і жанчынамі.
11
Радыкс: Сонца ў Рыбах у квадратуры з Сатурнам, Месяц у Панне ў квадратуры з Сатурнам. Тау-квадрат
Цяпер не трэба ехаць на адпрацоўку ў Бялынічы школьным псіхолагам.
Вераніка паставіла подпіс там, дзе ёй сказала працаўніца ЗАГСа. Яна ўжо была законнай жонкай мінчука і таму мела права на пераразмеркаванне паводле месца жыхарства сужэнца.
Маці падышла да яе і са слязьмі радасці абняла:
– Дачушка, я так радая! Хай у цябе ўсё будзе добра!
Маладая склала вусны ў змушаную ўсмешку. Насамрэч яна не хацела выходзіць замуж: гісторыя мамы, за якой дзядзька Віця бегаў з сякерай, не натхняла на шлюб. Калі таго дзядзьку пасадзілі за разбой і ён сканаў у вязніцы ад сухотаў, Вераніка пачувалася шчаслівай, бо не ўяўляла, як тая пачвара вернецца да іх і паселіцца ў новай хаце, якую маці набыла за цяжка заробленыя грошы, каб толькі з’ехаць з аднапакаёўкі на Сонечнай.
Вераніка трымалася невысокай думкі пра свае шлюбныя перспектывы: якому дурню заманецца пабрацца з дзяўчынкай не толькі з простай, але і з праблемнай сям’і? Ды яна і сама не хоча замуж, бо нічога добрага да яе не прыплыве.
Кавярні, кіно і прагулянкі ў стасунках з Юрасём скончыліся імкліва, за лічаныя некалькі тыдняў. А потым было чатыры гады сустрэчаў дзеля сэксу (трахнемся заўтра, га?), падчас якіх ён яшчэ паспяваў нагаманіцца пра свае журналісцкія будні, а яна – наслухацца тых размоваў. Яна слухала так, як гэта робяць многія каханкі жанатых мужчын або прасталыткі: уважліва і без разумення сэнсу сказанага ды без імкнення надзейна пераплесці сваё жыццё з біяграфіяй мужчыны.
Юрась таксама паводзіўся як той жанаты каханак: сэкс, прагаворванне сваіх праблемаў, часам – кветкі ці падарункі. Калі ж Вераніка паведаміла, што едзе ў Бялынічы і сэксу пару разоў на тыдзень ужо не будзе, то раптам пачула:
«Распішамся!»
Або яна багіня сэксу, дзеля якой хлопец гатовы на ўсё, або гэта шчырае каханне.
І тое, і іншае Вераніку задавальняла.
– Ён табе не пара, – сказала бабуля, але яна мела свае рэзоны, ад якіх Вераніка адмахвалася ці не з маленства, а цяпер і пагатоў пляваць на іх хацела і перапаўнялася ўдзячнасцю да Юрася.
Месяц таму пачаліся няўцямныя перамены. Ён іначай пачаў паводзіцца ў ложку і рабіць рэчы, якіх ніколі не рабіў. Пачаў глядзець на сваю будучую жонку адсутным позіркам і надта млява займаўся падрыхтоўкай да вяселля. Казаў, што знясілены працай.
Вераніка западозрыла, што ейная сэксуальная адоранасць была не такой ужо яскравай у параўнанні з кімсьці там яшчэ. Яна спалохалася, але падумала пра размеркаванне і пра сапраўдную сям’ю, якую безвынікова спрабавалі стварыць і бабуля, і маці, таму вырашыла меней ведаць і лепей спаць.
Вяселле не сарвалася. Яна прынамсі замужам, а Юрась прынамсі не алкаголік і не б’ецца (ну, штодня п’е піва ў «Цэнтральным», але хто не п’е таго піва). Дыплом псіхолага хоць у нечым дапамагае, і жыццё Веранікі дакладна будзе лепшым. Нават калі ён меў інтрыжку, то нічога страшнага ад гэтага не здарыцца.
Страшна іншае: ён пачаў пісаць нейкі раман, літаральна тыдзень таму. Юрась толькі і кажа, што пра сваю літаратурную творчасць. Вераніка мала цяміла ў літаратуры і думала, што ейны цяпер ужо муж звар’яцеў.
Калі вяселле адгулялі і госці разышліся з кавярні хто куды, яны з Юрасём паехалі на кватэру, якую ён зняў літаральна днямі. Грошай будзе мала. Свякруха шчыра стараецца прыняць выбар сына (сыночак, нашто табе жаніцца з той жыдоўкай?), але жыць пад адным дахам ім нельга (сэкс пад бокам у бацькоў – не тое).
На кватэры, дзе стаялі як след не разабраныя рэчы, Вераніка пераапранулася з вясельнай сукенкі ў звычайны халат. Спраўдзіла, каб сукенка нідзе не была падраная – здаваць жа назад у вясельны салон. Акуратна павесіла святочны ўбор на плечыкі і села змываць твар, намаляваны на замову візажысткай. Юрка адно зняў гальштук і расшпіліў верхні гузік на кашулі – ён сядзеў пры ноўтбуку. Нешта набіраў у вордаўскім файле, заціраў, зноў набіраў.