– Шыкоўна… – прамаўляе ён пазней, акідваючы позіркам начны горад.
Ён сядзіць па-турэцку, заплюшчыўшы вочы. Тут, угары, так ціха, што нават чуваць, як вецер калмаціць ягоныя светлыя кудзеркі.
– Ты хто такі?
– Хлопец з сякімі-такімі здольнасцямі. У іншым звычайны. Ну, бацькі ў мяне са сваімі прыбабахамі. Хачу ўжо ад іх сысці, усё адно я сам сябе кармлю.
Мілана сядае таксама і туліцца спінай да Лукаша. Адкуль гэтае дзіўнае спалучэнне дзіцячай наіўнасці і старэчай мудрасці? А яшчэ гэтая здольнасць прымаць чужы боль…
– І, дарэчы, я не цікаўлюся дзяўчатамі, – абвяшчае Лукаш. – Таму калі ты меркавала мяне зняць…
– Мела такую думку, – прызнаецца Мілана. – І ўсё ж: адкуль ты прыйшоў?
Лукаш змоўк. А ягоная спадарожніца проста хацела пацверджання сваёй здагадкі.
– Я – выгнаны з Раю, – урэшце прызнаўся ён.
Гэтага і варта было чакаць. Мілана раней толькі чула пра існаванне такіх, як Лукаш, але сама ніколі не сустракала.
– А пра мяне не хочаш спытаць?
– Я не люблю задаваць пытанні, калі ведаю, што на іх не хочацца адказваць. Я здагадваюся, хто ты такая. Чуў пра цябе. Можаш не апавядаць, дзе ты зламала шыю.
– Але можна я запытаюся? Табе паставілі ўмову наконт дзяўчат, так?
Хлопец адно ўздыхнуў, і Мілана пашкадавала, што пацікавілася такімі відавочнымі рэчамі.
– Такое правіла, – распачаў ён. – Я трымаюся ад іх як найдалей, каб не спакушацца. Фізіялагічна я звычайны хлопец, у мяне ўсё добра са здароўем, і гэта дзіка нязручна. Калі ў мяне з’явіцца дзяўчына і я не стрымаюся, тады я страчу свае здольнасці і памру, як чалавек, без права вярнуцца… Разумееш, мне тут кепска, асабліва ў гэтым горадзе, але я не маю права пакінуць яго надоўга – яшчэ адно правіла. Раней нікога з нас не скіроўвалі сюды. Нас надзвычай рэдка высылаюць на Зямлю, а каб яшчэ і ў гэтую краіну…
– За што цябе так?
– Выказаў сумнеў у вінаватасці Евы. Цяпер я змушаны ахоўваць край. Таму пераезд пад забаронай. І дзяўчаты таксама.
Мілана болей не задае пытанняў. Калі робіцца ўжо зусім халодна, яна запрашае Лукаша ў госці. Мурмур некуды знік – яму часам хочацца пабыць на самоце, а можа быць, ён зноў залез у філармонію праз сутарэнне, каб паслухаць сімфанічны канцэрт. Вернецца ў полудзень, эстэт чортаў.
Дзіўна: патрэбнага ёй сілкавання не было, але яна адчувае сябе адноўленай і бадзёрай. Мілана не пытаецца, як Лукашу гэта змаглося. Яны п’юць каву на кухні і не заўважаюць, што спакваля надыходзіць дзень.
– Я люблю світанні і заходы, бо тады святло сустракаецца з цемрай, – сказаў Лукаш.
– Мая хата з Новага года вызваляецца. Хочаш яе зняць і зваліць ад бацькоў?
– Было б файна. А гаспадыня падпіша са мной дамову? Мне ж яшчэ нельга… амаль год нельга нічога падпісваць.
– Я таксама маю сякія-такія здольнасці. Мы яе намовім, абяцаю.
На развітанне ён злёгку цісне левую руку Міланы. Бачыць на ейным запясці пляму як ад апёку – стары месяц з крыжыкам. Сумна ўсміхаецца. Лукаш сыходзіць, а Мілане мрояцца іскрыстыя промні, як ад сонца, і лёгкія абрысы белых крылаў.
31
Сінастрыя: квадратура Месяцаў і Венераў, Сатурн мужчыны ў квадратуры з Венерай жанчыны
Зіма ў той год прыйшла заўчасна, і моцныя маразы ляснулі ўжо пры канцы лістапада. Самагубцы перасталі прагнуць смерці і занурыліся ў ліпучую дэпрэсію ажно да вясны, а паэты перасталі пісаць вершы.
Юрась Карповіч дапісваў свой раман у стылі палітычнага фэнтэзі. Ён не быў дэпрэсіўным суіцыднікам і паэтам таксама не быў. Ён меркаваў, што ягоны раман зломіць паліцы культавага прыватнага выдавецтва. Заставалася дапісаць апошнія раздзелы пра катастрофу крывавага Уладара і пра паўстанне, на якое натхніла зацюканы народ пекная Міліца. Яна знайшла чароўны камень, у якім схаваная сіла, здольная зваліць Уладара… што рабіць з тым каменем, Юрась не прыдумаў, не было часу. Ён цяпер працаваў у шалёным рытме, бо ў Мінску ўрэшце зрабілася сапраўды весела, і журналісту было пра што пісаць.
Гэта ж інфармацыйнае прыволле, калі тузін палітыкаў штурмуе фатэль Уладара Усяе Беларусі. Юрась Карповіч, прыйшоўшы позна ўвечары пасля чарговай прэсавай канферэнцыі ці вандроўкі па рэгіёнах, сядаў за свой раман і ўсё не мог выціснуць з сябе канцоўку. А што, калі «нашыя перамогуць», і раман станецца неактуальны? Такія кнігі добрыя, калі трэба падтрымліваць у людзях надзею і веру, а калі ўсе мары здзяйсняюцца, людзям не да раманаў.
Аднойчы Юрась завітаў пасля працы да бацькоў, выпіў хатняга лікёру і пастанавіў заначаваць на роднай тахце. У тэлефоне сеў акумулятар, зараднік застаўся ў рэдакцыі. Ну, такой бяды, падумалася яму. Раніцай, выйшаўшы на працу і паставіўшы тэлефон на сілкаванне, ён пабачыў пяць прапушчаных выклікаў і столькі ж непрачытаных смс ад Веранікі. Юрася загрызла сумленне, і ён патэлефанаваў, патлумачыў, што быў у бацькоў.
– А чаму адразу не паведаміў? Я хвалявалася.
Ён пачаў апраўдвацца, ды так нязграбна, што сам адчуў: жонка падазрае яго ў тым, што ён не чыніў. Юрась хуценька вымысліў легенду для шэфа і адпрасіўся з працы. Кінуўся ў краму і набыў парфуму, якой Вераніка даўно прагнула. Дарогаю набыў яшчэ кветак і ўвесь такі галантны з’явіўся на ганку дзіцячага садка, дзе жонка адбывала сваё размеркаванне. Юрась калі-нікалі любіў пацешыць уласны ПУЗ шырокімі жэстамі.
Вераніка акурат піла гарбату з выхавацелькай ясельнай групы, якая толькі што паклала малых спаць. Цяпер выхавацелька давала псіхалагічную падтрымку дыпламаванаму псіхолагу.
– Калі мужык загуляе, ён звычайна пачуваецца вінаватым, – навучала яна Вераніку. – Вось як пачне апраўдвацца, будзе занадта лагодны, тады і хвалюйся. А тут, можа, сапраўды ў бацькоў начаваў, га?
Вераніка спакутавана ўсміхнулася, бо ёй карцела, каб гэтая недалёкая кабета мела рацыю. У гэты момант увайшоў Юрась з ніштаватым венікам ружаў і прэзентам, запакаваным на нейкім там другім паверсе ГУМа. Ён быў вельмі мілы з жонкай і калі сыходзіў, то верыў, што ўсё зрабіў слушна.
– Дакладна загуляў… – рэзюмавала выхавацелька.
Літаратурную творчасць Юрась вырашыў адкласці да лепшых часоў, то бок да перамогі дэмакратыі. Тады ж і прыдумаць фінал. А гераічную Міліцу зрабіць бландзінкай або наагул рудой, як жонка.
32
Натальны асцэндэнт у 8 доме саляра, салярны Месяц у Скарпіёне, натальныя Меркурый, Венера і Плутон у салярным 8 доме, салярныя Венера (рэтра) і Марс у салярным 8 доме
Маскоўскія сябры даволі хутка ўзялі след, таму варта было прыспешваць працэсы, каб не зацягваць чаканне. Мілана мусіць знікнуць, а замест яе на сцэну выйдзе зусім іншая асоба. Але спачатку трэба падчысціць канцы – намовіць Раба на начное спатканне.
Зайчыкаў быў гатовы служыць ёй ва ўсім, але рабіўся ўпарты, калі заходзіла пра час і месца сустрэчы. Раб сам абіраў тэрыторыю і час, прычым свае рабскія справы ён рабіў у абедзенны перапынак або прыдумляў нейкія неадкладныя нарады ды інспекцыі пасярод дня, а сам ехаў пакаштаваць звонкага бізуна Спадарыні. Як быццам адчуваў, што ўначы можа здарыцца нешта некантраляванае.
Мілана пачала яго шантажаваць: паведаміла, што больш ніколі не прыйдзе. Ён не мог доўга пярэчыць сваёй Спадарыні і ў выніку ўсё спланаваў так, каб вызваліць сабе ноч.
Спадарыня гэтым разам затрымлівалася. Зайчыкаў пачаў турбавацца: Міланін тэлефон маўчаў. Толькі блізу першай задзынкаў дамафон, і Раб нарэшце пачуў у слухаўцы ейны голас.
– Адчыняй!
Сёння яна была апранутая вельмі звычайна і нават не ўзяла бізун. Паводзілася не як строгая Спадарыня, а як нахабная дзеўка, што занадта шмат сабе дазваляе. Гэта было парушэнне правілаў гульні, і Раб пачаў ператварацца ў Васіля Мікалаевіча Зайчыкава. О, ён умее матыліцу з галавы выганяць!
– Загадаю, каб цябе ў лесе адымелі дзесяць дзецюкоў, а потым, калі выжывеш, прыстрэлілі і ў тым лесе закапалі.
– Ты ведаеш, варыянт! – амаль са смехам прамовіла дзеўка, і Васіль Мікалаевіч паглядзеў са здзіўленнем. – Я акурат думаю, як гэта ўсё зладзіць… ты ж дамовіўся наконт пашпарта для маёй сястры, так?