«Добрай раніцы, мілая цётка Уладзя!..»
Высакародны быў чалавек. Мітуслівая, гаваркая, вясёлая, часам цяжкая, як гаворыцца характарам, але асабліва з дыстанцыі часу — харошая.
Часта мне ўспамінаецца адна паездка з ёю. У кал гас імя Купаны, каля Маладзечна.
Быў чэрвень у самым сонечным росквіце. У дарозе мы — тры літаратары, тады яшчэ маладыя, наша цудоўная гаспадыня i шафер — перакусвалі ў буйнай траве пад бярозкамі, смачна i весела. Потым, у вёсцы, прыехаўшы ранавата, чакалі, каб звечарэла.
Купаліха пайшла кудысьці, шафёр прыдрамнуў у зацішку, а мы прыпыніліся ўтрох на ганку клуба, у цяньку. Ці то гаворачы пра штосьці блізкае, ці так сабе, у приемным маўчанні,— помніцца толькі добры, ціхі настрой.
Ды вось аднекуль, нібыта з неба, з'явіўся ўпаўнаважаны. Рыжы i трохі чырванаваты — ад «мухі».
— Чыя машына? — спытаўся ён грозна, нават не павітаўшыся.
Двух нас было, можна сказаць, здаравенных — адзін сядзеў на прыступку, a другі ўзвышаўся амаль да самага капяжу. Трэці таварыш быў маленькі, даволі мізэрны, але з таямнічым, сурова засяроджаным выразам твару.
— Мне патрэбна машына! Гэта чыя?
— Наша, — сказаў я.
— Вы што — па выбарах?
Якраз выбіраліся суддзі i засядацелі.
— Не.
— Па дзяржаўнай пазыцы?
Быў пяцьдзесят чацвёрты год.
— Таксама не.
— Хто ж вы тады? Чыя машына, я пытаюся?
Зусім спакойна, як гэты вечар вясковы, я растлумачыў:
— Гэта машына ўдавы Яыкі Купалы.
— Ну, добра, — яна ўдава, а вы хто?
Тады я, нібы па натхненню, шапнуў яму — з належнай таямнічасцю, на паўгубы:
— Мы — а-са-бі-ста-я а-хо-ва.
Упаўнаважаны імгненна лузгануўся ўгару, на «смірна», казырнуў i гаркнуў:
— Здраўя жалаю!
Мы прынялі яго пашану моўчкі, з належным спакоем i годнасцю.
Грозны таварыш стушаваўся, як мне помніцца, хутка, нават адразу.
Пазней, на прыцемку, у душным перапоўненым клубе быў літаратурны вечар. Мы выступалі ахвотна, нас добра слухалі, асабліва, вядома, Купаліху. Потым, у школе, настаўнікі частавалі нас шумнай вячэрай. Пасля застолля мы ўсе вялікай кампаніяй вярнуліся ў клуб на танцы.
Ох, як нястомна танцуюць нашы дзяўчаты! Выбегуць да студні, панапіваюцца з вядра халодненькай, паспяваюць ці парагочуць на зоркі, трохі прасохнуць ад начной свежасці i — зноў пайшлі, полька ці кракавяк — відаць, на цэлыя паўгадзіны!..
Мы, як баяры, сядзелі на лаве, сумнавата адчуваючы, што ўжо не для нас такая нястомнасць. Цётка Уладзя то любавалася танцамі, то зноў сарамаціла нас:
— Сядзіце, таўкачы!..
Потым — нібыта з яснага неба — зноў з'явіўся ўпаўнаважаны. Чырвань яго была ўжо куды гусцейшая.
Ён падышоў да шаноўнае госці, галантна казырнуў, нахіліўся i гаркнуў:
— Факстроцік не жалаеце?
Бачу i сёння, як яна дабрадушна смяецца — паўнатварая, у сваім нязменным чорным берэце. Смяецца мол ада. Рукой, па праву старасці, махнула перад ім: ды што ты, чалавеча, — нездароў?..
Танцы змяняліся танцамі. Перапынкі шумел! смехам ды песнямі.
Упаўнаважаны то прападаў, то з'яўляўся.
З'явіўшыся, ён зноў падыходзіў i казыраў:
— Факстроцік не жалаеце?
За трэцім разам цётка Уладзя, як толькі кавалер зноў павярнуўся, каб знікнуць, сказала — па-свойму непасрэдна, голасна, праз малады, сардэчны смех:
— Ой, хлопчыкі… Калі мы з Янкам у Вільні жылі, быў там… ой, такі ж такусенькі дурны акалодачны надзірацель!..
ДОБРА БЫЦЬ МАЛАДЫМ
Стары канчае свой восьмы дзесятак. Не якінебудзь цяжкі, нямоглы, занудлівы дзед, а нярослы рухавы, вясёлы i па-народнаму мудры дзядок. Толькі нядаўна ён адпусціў сабе доўгія валасы i бараду, жаўтлява-сівыя, настолькі ўжо «благочестивые», што да ix зусім такі пацешна не пасуе старая шырпатрэбаўская кепачка з маленькім казырком. Зрэшты, кепачка сваё робіць: пад ёю вельмі надзейна схаваны німб яго крыху сектанцкага высакародства, саліднасці, i астаецца чалавек, які многа шукаў, не раз памыляўся, многа чытаў самых сур'ёзных кніг, многае ўмеў рабіць залатымі рукамі, зрабіў людзям нямала дабра — i «во спасение души», i проста па дабраце яе, гэтай душы, яшчэ ўсё неспакойнай i нястомнай.
I мне ён дапамог сім-тым за нашы трыццаць год нямала. Скажам цяпер — сваім адчуваннем вясёлага, вострага слова. Таго, што з самых народных глыбіняў, ад той гаючай свежасці, якая пахне i першай баразной, i разварушаным гноем, i бела-ружовай пяшчотнасцю яблыневага цвету, i вострым палыном узмежкаў.
Неяк ён зноў заходзіў да мяне i зноў пакінуў на ўспамін, на добры смех ды падмацунак ёмкае, смачнае слова.
— Уставай — коні ў аўсе! — Так мы калісьці смехам будзілі адзін ад наго на начлезе. Чым не заклік да працы, да пільнасці? А крыху пазней, развітваючыся: — Будзь, Іване, здароў. Шукай, працуй, а коней у авёс — не трэба.
Пошукі ісціны, што хвалявалі яго ад ранняй, вельмі далёкай ужо маладосці, заўсёды праходзілі недзе паміж Талстым i Леніным. У 1919-м трыццацігадовы чыгуначны тэхнік, вегетарыянец i абстынент, ён быў у родным гарадку членам рэўкама. Загадваў зямельным аддзелам. Чатыры папы на чале з благачынным — дрыход быў багаты — у жніво звярнуліся ў рэўкам з прашэннем выдзеліць панскага жыта i ім. Загземаддзела выдзеліў ім на чатыры сям'і дзве дзесяціны, налажыўшы на прашэнні такую рэзалюцыю:
«Згодна са словамі апостала Паўла — „Не работающий да не ест“ — жыта прыбраць самім».
Днямі я выпадкова сустрэў яго на аўтобусным вакзале: дзед сабраўся ў родны гарадок агледзець бацькоўскія магілы. З кашолкай у руцэ, накрыты несмяротнай кепачкай, з усмешкай, што не прапала i ў свяшчэннай барадзе. Пастаялі мы, чакаючы яго аўтобуса, пагаварылі. Да стаянкі адзін за адным падыходзілі аўтобусы: набярэ пасажыраў — пайшоў, праз нейкі час падыходзіць наступны. I ўсё не наш. То Клецк, то Наваградак, то Нясвіж… Хоць вонкава i непрыкметна, а хвалюемся — i ён, i я. Во ўжо i сутуняецца. Яшчэ адзін аўтобус!.. А каб цябе — зноў не наш: івянецкі!..
Дзядок засмяяўся. Без найменшай сувязі з вельмі сур'ёзнаю тэмай нашай размовы.
— Калі-та на ўскраіне гэтага самага Івянца, — пачаў ён, — стаяў святы на горачцы. Фігура з дрэва, унізе насаджаная на шпень. Гэта яшчэ да той, да царскай вайны. Студэнты… Можа, i з маладзечанскай настаўніцкай семінарыі? Маладыя людзі заўсёды былі вясёлыя. І думалі некаторыя. Словам, узялі яны ноччу ды пакруцілі таго святога на шпяні, адвярнулі яго ад горада i напісалі на гэтай самай: «С… я на ваш Івянец! Пайду ў Валожын». Ха-ха-ха!..
Дзед канчае восьмы дзесятак. Добра i ў старасці быць маладым!
ГУРТАВОЕ
Каля нашай вёскі, там, дзе цяпер проста крайні ад загумення куток вялікай калгаснай пашы, калісьці быў лужок. Са сваёй асобнай назвай, са сваёй маленькай гісторыяй, якая штогоду папаўнялася новымі фактамі.
Гэта бывала звычайна ў другой палавіне жніўня.
Харошая пара. Адкалываліся ды адрыпелі на калдобінах духмяныя вазы мурагу, жыта, ячменю, лёну. Безліч мядзведжых ахапкаў казытлівага сена і ладных — добра, калі нялёгкіх! — снапоў падняты ды пакладзены на воз, пасля на торп, у халадок і зацішак гумна. На полі застаўся толькі авёс — у мэндліках або сям-там, дзе надзелень, яшчэ няскошаны. Грэчка, лубін, канюшынная атава, насенная канюшына, бульба, што пачынае ўжо добра жаўцець і смачна, дамавіта пахне. Пара адноснай сытасці, першахлебнай ды бульбянай, укропна-агурочнай, яблычнай. Нейкая паўза, кароткі адпачын перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц, перад мудрай і сумнаватай паэзіяй свежай раллі, радасным россыпам новага насення, журботна-сонечнай паэзіяй залатога лісця і амаль па-жаночы пяшчотных дотыкаў ціхага, светлага, лёгкага павуціння…
Тады, у дні перадыху на стыку лета і восені, наша вёска, сказаў бы, раптам успамінала пра той лужок за крайнімі гумнамі, які, як быццам забыты, чакаў свае чаргі. За тыдні касавіцы і жніва, раз'яднаная, расцярушаная па бліжэйшых і далёкіх надзелах лугоў і палявой распалосіцы, вёска збіралася каля таго лужка. Адны мужчыны ды зрэдку цётка ці маладзіца з той хаты, дзе часова або надоўга не было каму выйсці на гаспадарскую справу. Бясформенны абшар лужка дзялілі спачатку палосамі ўдоўж, потым тое, што заставалася, палоскамі ўпоперак, і заўсёды яшчэ заставаўся трохкутнік паміж полем і выганам, кавалак, які ўжо нельга было падзяліць і які называўся, мусіць, вельмі здаўна, Гуртавое.