Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Калі ж Магдалена, для раснастайнасці, варыла галушкі з цёртай бульбы, дык адціскала ix… у падоле спадніцы.

— Што ты робіш? — зжахнуўся аднойчы хтосьці з жанчын. А яна:

— Гы-гы-гы! Мой сажроць!.. Крылатым стала ў нас тое «сажроць», ім карысталіся, гаворачы не толькі пра Магдалену.

I я згадаў тую даўніцу не так сабе. Не раз, не два разы, калі чытаеш сякія-такія мастацкія творы, i рыфмаваныя, i не, успамінаюцца тая ідылія з ражкай i тыя галушкі.

Прасцяк i добрая душа, Лапа — той хоць пад чаркай, хоць зрэдку ганяў сваю палавіну — вучыў.

Наш чытач, як часамі здаецца, куды ласкавейшы, — сажроць!..

1972

ДАРОЖНЫ РЭКВІЕМ

Спачатку грэбля ў балоцістым лесе. Зусім нечаканы i пералётны сонечны дождж. Потым лясное возера.

Спыняемся i выходзім з «газіка».

З нізкай хмарай вялікая роўнядзь вады цёпла павязана леным, рэдкім церушэннем. Сітнёг. Лазняк. Шчэбет птушак i зумканне камароў.

Гром пракаціўся па небе. Як заўсёды, з нейкім трывожным, палахліва-радасным абяцаннем чагосьці лепшага. Знаёмая, з маленства любімая музыка.

Няўжо тут было таксама i тады, у дні вялікай фашысцкай блакады?

Такая краса — i забойства дзяцей?..

* * *

Старая студня з выпетраным жураўлём. Адна на зялёным прасторы. Не менш сіратлівая груша. Сівы палын на котлішчах.

І яшчэ адзін помнік: Дзвесце семдзесят чалавек. У студзені сорак трэцяга года.

Бярозавы хмызняк на месцы хаты, у якой палілі вёску.

Цяпер тут калгасны выпас, цялятнік з двума грамаадводамі i хатка.

Дзеда-вартаўніка, былога партызана, у якога тут забілі жонку i двое дзяцей, засталі мы на выпражаным возе. Спаў на сонцы, а каля кола стаяла пустая бутэлька з імпартнай этыкеткай. Зайшлі з ім у хату, паставілі на стале магнітафон. Але сабака, які дагэтуль брахаў на нас з-пад падрубы, цяпер уядаўся пад звонкай падлогай… Прыйшлося пайсці ў машыну, нават ад'ехацца далей ад брэху.

Дзед у той дзень прыбег з лесу пасля. Работа была «чыстая»: усе пабіты, усе пагарэлі.

А навокал пажарышча ляжалі акрываўленыя вілы. Адзінаццаць штук. Віламі трупы, а каго i жывога яшчэ, падкідалі ў агонь…

Едзем.

Дзе было поле — цяпер вялізная паляна цімафееўкі. Жывому трэба жыць. І клопат адчуваецца: парнасць, зноў будзе непатрэбны дождж.

Вялікія лужыны на сонечнай дарозе. Адна за адной. І вясёлая плісачка. Садзіцца каля вады, зноў уцякае ад машыны, зноў садзіцца… Як дзіцячая гульня.

* * *

Зялёны востраў у няспелым жытнім моры. Бярозы.

З дарогі туды, у жыце, дарожка. Густая, нетаптаная трава. Абапал дэкаратыўныя кусты. То васілёк, то маладзенькі колас у траве.

Пад бярозамі помнік. Тут пахаваны адразу дзве невялікія вёскі. Сто сорак чалавек. У ліпені сорак другога.

Навокал — ціхая песня вячэрняга сонца, пяшчотнага калосся, непрыкметных жаўранкаў.

У душы паўтараецца:

Жыта мае маладое!
Укрый мяне з галавою…

Пра ўсё пра гэта можна хіба толькі музыкай сказаць. Што было, i што ёсць, i што будзе…

* * *

На невысокім Кургане Бессмяротнасці — скульптура жанчыны з лаўровай галінкай у правай руцэ, з жывымі, нядаўна ўкладзенымі некім кветкамі — у левай.

Былая вясковая вуліца стала шырокай i зялёнай палявой дарогай. У колішніх агародчыках цвітуць даўно адзічэлыя ружы. На траве, якою ўсё парасло, стаяць самотныя вербы. Бярозы маладой, нявіннай легкадумнасцю ўпрыгожваюць, а векавыя, магутныя ліпы вартуюць гэты спакой.

На кожнай былой сядзібе — сваяцкі помнічак у металічнай ці драўлянай агароджы. Нізкі драўляны крыж, ужо касматы ад моху, зусім утапіўся ў лістоце бэзавай падсады.

А што пад ім?

Старшыня сельсавета, які суправаджае нас, у дні вайны быў маладзенькім партызанам. Інтэлігентны, друлсны хлапчына расказвае:

— Трохі касцей недагараных у чыгунок або ў што i — закопвалі. Пасля таго.

Гэта — пад помнічкам. Адным, другім, дзесятым…

А што не пад ім, а за ім — што было не пасля, а тады?

Успамінаюцца пачутыя сёння словы старэнькай жанчыны, якая адна засталася з усёй вёскі, адна ўратавалася цудам i дажывае ў вёсцы суседняй, што згарэла не ўся:

— Добра пра тое расказваць таму, у каго няма жалю… Хто можа, дзеткі, гаварыць…

1973

ВЯЧЭРНІ ЗВОН

У размножаным на ратапрынце пацешна «рускім» апісанні Гамбурга, якое нам, туристам, прыязна раздал i мясцовыя актывісты камітэта абароны міру, пра гэтую частку горада сказана так:

«Реепербан — „Хребет“ много воспетого района, увеселения Святога Павла, „пристань радости“, „святой распущенный“. Развлекательный док для матросов всякого цвета кожи. Сотни ресторанов — с китайского подвала до баварского пивного дворца. Они предлагают разнейшие заманивания, не только для нёба…»

Мы, чатыры мужчыны, зайшлі туды ясным чэрвеньскім адвячоркам.

Калі адкрытая, яркая шчодрасць вулічных рэклам з красунямі ў розных позах, калі таямнічасць зусім неабмежаваных у сваёй «свабодзе» кінатэатрыкаў яшчэ абуджаюць міжвольнае хваляванне, дык у завулках, куды ўваход дазволены толькі мужчынам ад шаснаццаці гадоў,— прыходзяць адчуванні іншыя.

Недаўменне: няўжо гэта ява? I агіда, пануры цяжар на душы.

У першым завулку, крыху багацейшым, не вельмі шмат людным, на нізкіх падаконніках адчыненых вялікіх вокан сядзеў жывы тавар. Пакурваючы, перагаворваючыся, жанчыны гэтыя рэкламавалі сваю галізну неназойліва, з нейкай як быццам упэўненасцю ў сваім значэнні i неабходнасці. Нават нейкае адчуванне ўласнай годнасці, ці што. Гэта пачулася мне ў абражаным выкрыку адной з ix на турыста, на жываце ў якога вісеў фотаапарат у незашпіленым футарале: «Max цу!» — зашпілі.

У другім завулку, вузкім, цёмным, а потым яшчэ i крытым, i значна шырэйшым, падобным на брудны падземны гараж, голыя жанчыны стаялі кожная каля свае кабіны. Густа валэндаўся п'яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка. Яны ж стаялі моўчкі, нерухома. Памалу ираходзячы каля ix, я прыглядаўся, наколькі гэта прыстойна было, да вачэй, да выразу твараў гэтых… усё ж такі не манекенаў.

Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм.

Голыя целы жанчын — у такой масавасці, у такім здзеку, сярод натоўпу апранутых мужчын — гэта балюча напомніла мне архіўныя фотаздымкі гітлераўскіх карнікаў: чэргі жанчын, распранутых перад расстрэлам…

А побач з гэтым, на вуліцах светлых, у нахабстве рэклам салідна шпацыруюць бюргерскія пары, часта з малымі ўнукамі; на ганку сексмагазіна забаўляюцца дзеці гэтых прагрэсіўных крамнікаў; у неба ўздымаецца велькапышная кірха…

Гучыць вячэрні звон. На малітву.

На захадзе сонца цудоўнае неба.

За дамамі, на бруднай Эльбе, бялеецца наш цеплаход.

I сум… І жаданне на ўсю глыбіню зразумець, што ж яно ў чалавечым жыцці да чаго…

1973

БЕЛЫ ГОЛУБ

Заходзіла сонца. Вялікае, барвовае, спакойнае. Пасля была зара, незвычайная, як пажар доўгай вёскі, які разгараўся, тады спакваля цераспалосваўся сінечай і, нарэшце, пачаў атухаць.

Наш турысцкі аўтобус ішоў па 'асфальце, паначному адасобіўшы ў сабе невялікую групу людзей, што за два тыдні на чужыне паспелі як быццам уведаць адзін аднаго, а некаторыя нават пасябраваць.

Іспанія. Дарога з поўдня на Таледа.

Праз вокны ўжо не відно было бясконцых аліўкавых садоў на ўзгорках i ў далінах, рэдкіх пасёлкаў з насілкамі чырвонага перцу на белых сценах, не відно было геаметрычна рэзка акрэсленых, падобных на сопкі гор, а тым больш — дзівосна розных колераў восеньскай раллі, ад карычневага, цераз жоўтае, шэрае розных адценняў i да салатава-светлага.

Мы спявалі. То хорам, то на змену, з гідавым мікрафонам. Песні рускія, украінскія, малдаўскія, армянскія — кожны сваю.

110
{"b":"598983","o":1}