— Я вас пацалавала б, каб тут не столькі людзей…
Ашаломлены гэтым, я, як юнец, шчаслівы i разгублены, пачаў адмармытвацца нейкімі словамі.
Мы вярнуліся да стала, яна яшчэ раз развіталася з усімі, яшчэ пагаварылі з ёю, i вось — пайшла.
Можа, надоўга, можа, i…Што ж, бывалі ў мяне падобныя развітанні: не думалася, што апошні раз.
Не, я не думаў пра гэта. Не.
А я ж быў з ёю толькі самім сабой — ні асаблівай увагі, ні асаблівых пачуццяў. Прайшліся некалькі разоў па парку, утрох з вясёлым сябрам маіх пасляабедзенных праходах па ваколіцы, пагаварылі з Валяй, паразважалі яе, пасмяяліся. Нешта з тыдзень таму назад, калі спатрэбілася тэрмінова, з-за непаладкаў з атрыманнем кватэры, паехаць у Мінск, мы чатырох, усім нашым сталом, хадзілі даставаць ёй білет на аўтобус.
А тут… Я ахвотна схаваўся б за некага, напісаў бы пра гэта ад трэцяй асобы. Можа, гэта было б i зручней, i глыбей. Ды мне чамусьці хочацца проста цяпер, неадкладна, расказаць камусьці добраму, разумнаму пра некалькі гэтых цудоўных хвілін…
ТЫ ЖЫВЕШ
…За вагонным акном залаціліся ў ранішнім чэрвеньскім сонцы тонкія, рэдкія сосны. Яны не стаялі на месцы, a беглі назад, туды, адкуль я вяртаўся, — беглі i яны, i ix доўгія цені.
Нашча мне добра спявалася — ціха, журботна. Штосьці блізкае да тых соснаў, да ранняга сонца, да найраднейшага вобраза на парозе старое хаты. Штосьці блізкае да малітвы ўсёй гэтай мудрай, неразгаданай прыгажосці.
Нашы мамы маліліся нашча.
Трыццаць гадоў — гэта была яшчэ маладосць. Яшчэ жыла мая маці, было каму назваць мяне сынам, ува мне яшчэ заставалася штосьці ад пачатку жыцця, я яшчэ не зусім адшурхнуўся ад берага — назаўсёды.
I я не ведаў, што гэта была яе апошняя раніца.
Потым мне расказалі, што i ў той дзень яна звычайна ўстала на свой пост, нямоглая бабуля, расчыніла ў цёрле i пачала пячы аладачкі для дзвюх мілых распусніц, трохгадовых унучат-блізнят. I раптам ёй зрабілася дрэнна.
Дрэнна бывала ёй апошнім часам даволі часта, а ўсё ж немач яшчэ адпускала, а тут — зусім. Яна прылегла i ўжо не ўстала больш, пачала паміраць.
Яна была — як быццам — даўно ўжо гатова да гэтага. Даўно была пашыта апошняя вопратка, i ў малітвах старая не раз ужо ціхім ды шчырым шэптам сведчыла сваю гатоўнасць да боскае вол i. A ўсё ж я не так сабе застрахаваўся словамі «як быццам».
Тры месяцы перад гэтым, калі яна жыла ў мяне, у горадзе, маці была ўжо на краечку. Стары прафесар, свяціла медыцыны, якому я даверыў яе самым шчырым, гранічным давер'ем, паглядзеў на хворую бабу, мацнуў за кончык вострага носа, махнуў рукой i адышоўся да іншага ложка. Я не дарую яму… не дараваў i дагэтуль, за васемнаццаць год, гэтага ўзмаху вялай рукі перад тварам найдаражэйшага мне чалавека. Няхай сабе нават i проста чалавека, які вельмі хоча жыць.
Яна хацела жыць. Яна глядзела на яго, прафесара, амаль зусім дзіцячымі вачыма, а потым, кал i ён махнуў перад носам, ціха, ужо не думаючы пра мяне, пра абавязак маці — быць заўсёды на вышыні,— заплакала. Слёзы самі, відаць, пакаціліся з вачэй па маршчынах.
Мне расказалі, што, паміраючы, яна хацела аднаго… Я не магу ні думаць, ні пісаць пра гэта спакойна. I мне не брыдка за слёзы ні перад тымі, хто будзе гэта чытаць, ні перад самім сабою, ужо таксама немаладым. Яна хацела, каб толькі паспеў прыехаць я, яе найменшае, дзесятае дзіця. Гаварыла пра гэта, усё правярала, ці паслалі ж хадя тэлеграму, а потым, калі адняло мову, толькі глядзела, i ёй паўтаралі, пазнаючы па вачах, што я прыеду, што хутка вось буду.
У горадзе, куды я прыехаў з сонечнага сасонніку, мне далі тэлеграму.
Горка хітрую, як i тая, якую я, тры месяцы перад гэтым, даваў з горада ў вёску: «Маме няможацца, прыязджай».
На тую маю тэлеграму яны, браты i сестры, з'явіліся да мяне, як салдаты па баявой трывозе. Зайшлі ў бальнічную палату, не ведаючы — ні малодшыя, ні старыя, — з чаго тут i як тут пачаць…
А яна нечакана ўсміхнулася i сказала:
— Рана, дзеткі, сабраліся.
I я цяпер учапіўся за гэта.
З надзеяй ляцеў у санітарным «кукурузніку», упершыню ў жыцці над палямі, лясамі ды рэкамі блізкіх, знаёмых мясцін, палахліва падскакваў на паветраных ямах, нават падумаў з хлапечай усмешкай, седзячы пад шкляным каўпаком, што вось лячу — як на сабаку верхам.
З надзеяй ішоў — спачатку па зялёным пералогу часовага аэрадрома каля нашага райцэнтра, потым — узбочынай гасцінца.
I толькі за два кіламетры ад свае вёскі — паверыў…
Наш могільнік прычапіўся на схіле гары, па другім, паўночным схіле якое спускалася ў даліну вёска.
З могілак у вёску ішло некалькі чалавек — невялікія сілуэты на зялёнай пукатасці гары. Зрабіўшы тую работу, што адабрала ў мяне — хоць я рыдлёвак здалёк не заўважыў — ужо апошнюю надзею.
…Яна вельмі любіла чай. Клала ў яго адну-дзве лыжачкі вішнёвага варэння або падлівала трошкі кагору, «царкоўнага віна». Я ўжо мог зарабіць i на гэта. Аднак не хацела доўга заседжвацца ў маім «скварэшніку», — у цеснай кватэры на пятым паверсе, — асабліва вясною, калі недзе дома, у вёсцы, зазелянеліся грады.
Вельмі ёй не хацелася памерці зімою. Часта — сама вясёлы, толькі з выгляду суровы чалавек — гаварыла пра мёрзлыя груды, што грукацяць па веку труны. Гаварыла i, жартам — не жартам, уздрыгвала.
Жаданне гэтае збылося: лета толькі што пачыналася, сама што ўсё цвіло.
Усё жыцдё яна, як нейкая падзвіжніца, многа i цяжка працавала. Збіралі з мужам для дзяцей, куплялі зямлю. Усё было строга i ясна падпарадкавана адной вялікай мэце. I з мужам, i пасля, як аўдавела. А потым у свеце пачалася такая ламаніна, што мэта яе перастала быць вялікай. Сыны пайшлі ў партызанскі лес, яна — з імі, усё пакінуўшы ворагу на разрыў. Толькі i засталося дабра, што самі яны, яе хлопцы, нявесткі ды ўнукі, ды тое з набытку, што пад табою, на возе, дзе яна сядзела з унукамі, едучы ў цёмную ды сцюдзёную невядомасць, вельмі мала прыстасаваную для хворай старасці i маленства. Ды яна ўжо ва ўсім згаджалася з сынамі,— трохі ад разумення, што цяпер да чаго, a трохі ад стомы.
Потым, кал i закончылася ліхалецце, было ў старой не толькі тое жаданне — памерці ўлетку, але i яшчэ адно. I было яно, гэтае жаданне, такое шчырае ды цвёрдае, што яна не пабаялася б, відаць, выказаць яго самаму старшаму з усіх старшых у нашым пасляваенным жыцці. Калі ўжо трэба, як кажуць сыны, каб рухнула ўся работа яе жыцця, каб набытае горкім потам поле пайшло ў калгас — няхай ідзе, няхай будзе тое, што павінна быць, але… Але — «дай, божа, каб я памерла трохі раней».
I гэтае яе жаданне таксама збылося: калгас у нашай вёсцы пачаўся праз год.
Ніколі — ні ў думках, ні словам, перад другімі — я не апраўдваў яе i не судзіў. I не таму, што яна — мая маці.
Для аднаго жыцця нагрузкі ў яе было аж залішне, а да такога рашэння — «няхай будзе тое, што павінна быць» — таксама трэба падняцца.
На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, дзесятак перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа i цэпа, трохі песняў ды смеху, куды больш думак, чакання i слёз. Абедзве дачісі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыпоў, што выжылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны у свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, двух былі ў варожым палоне, двух — праз памылку — сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з'еў трыццаць сёмы год…
Я ведаю — гэта яшчэ далека не найгорш. Я мог бы расказачь і, можа, раскажу пра пакуты іншых, знаёмых мне маці,— непараўнана большыя, чым выпалі на долю маёй.
Аднак жа хто такі мудры вымераў, хто бярэцца акрэсліць усю глыбіню мацярынскіх пакут наогул, i нават тых, што зведала за век мая?..
У сівай драўлянай капліцы, дзе на другім стагоддзі свайго самотнага вісення да нудоты пастарэлі цёмна-бяздарныя іконы, пад сцішнавата-ўзнёслую песню пра вечны спакой найбольш плакалі два чалавекі.
Адзін — малодшы брат мае мамы — старэнькі калека-кравец, «залатая іголачка», як казалі суседзі, i залатое сэрца, поўнае народнай мудрасці, свежасці, аптымізму, якімі ад яго не раз жывіўся i я. Яна, старэйшая на дзесяць год сястра, вывела яго, рана асірацелага, у людзі, дала яму ў рукі тую іголачку, калі ажаніўся — часта хадзіла мірыць ca сварлівай жонкай, i нават старога яго лічыла нібы малым, якога кожны можа пакрыўдзіць.