Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У ствале старой яліны, на чалавечы рост ад зямлі, было дупло. І ён залез туды, па справе ці ад дурасці, ну, а назад — ніяк. Дзірка з двара ўсярэдзіну звужалася, дупло было цеснае — не павярнуцца, не то што раздзёўбваць выхад адтуль. І ён, стракаты цесля, забыўся пра ўсю сваю самавітасць — заверашчаў.

Калі аднойчы тапіўся наш друг і нас на вадзе было многа, а ён закрычаў да мяне, я быў потым да слёз удзячны яму і нашу з ім дружбу адчуў зусім небывала…

Параўнанне як быццам не тое, «не тыя маштабы», але ж і мне, як і другім, хто бег на дзятлаў крык, было прыемна бегчы ратаваць, і мне здавалася, што кліча ён — мяне.

Ніводная рука не лезла ў тую яловую пастку. Хоць ты бяры ды раздзірай яе або да машыны бяжы, па сякеру якую… Мы былі калектыўна ў грыбах, і невялікаю групай далёка забрылі ад усіх астатніх і аўтобуса. Дзяцел крычаў. Яшчэ, відаць, з большага страху, — убачыўшы нас. І мы як быццам схамянуліся, — убачылі, што з намі ёсць маленькі чалавек, які і бег не вельмі ззаду. Як ні напружваю памяць, праз нейкіх дваццаць год ніяк не ўспомню — быў гэта хлопчык ці была дзяўчынка. Хацелася б ведаць, як яна вырасла, тая дзіцячая ручка, і што яна робіць цяпер… Ды гэта, можа, і не важна, бо найважней — яна была, тая маленькая рука, і я выразна бачу, як яна працягнулася да дупла, як дрыжала ад страху ды радасці, пакуль дзіця трымалі пад пахі, узняўшы на патрэбную вышыню, як яна, ручка, усё-такі пралезла ў дупло, як ён там матлашыўся, дзяцел, і пішчаў і як яго тая ручка, заўзятая і дастаткова моцная, выцягнула на свет без стратаў у апярэнні, як ёй хацелася птушку патрымаць, а можа, і забраць з сабою…

Ды дзяцел вырваўся і паляцеў.

Каб зноў ніколі не верашчаць, не клікаць нас, людзей, на дапамогу.

Каб толькі як быццам гулліва, але ж дзеля хлеба, упарта і майстравіта, абстукваць ствалы і галіны.

Нібы прасіцца гэтым сяброўскім, сваяцкім пастукваннем у дзверы нашай лясной або дарожнай адзіноты.

2

Сяды-тады ўспамінаюцца пахі маленства.

Для ўсіх, хто з вёскі, агульнае:

як пахне дым асенніх пырнікавых вогнішчаў, у прыску якіх пячэцца, па-свойму хвалююча духавітая, бульба;

як пахне сырасцю адліжны, раскоўзаны нагамі снег, калі ты, стомлены, брыдзеш па ім са школы, адчуваючы яго сырасць, зябка і казытліва, прамоклымі нагамі;

як пахнуць пляцёнкі цыбулі, што вісяць над табою на печы, дзе ты вось-вось салодка заснеш ад стомы, ад цёплай яды і ад шчасця, якое так жа добра бачыцца цяпер, здалёк;

як пахне агарод: кропам, макам, морквай, капустай, сланечнікам — усім, што ты ведаеш і на смак;

як пахне гарачае сена — яшчэ над свежай, толькі ўчора ўранні аголенай пакошай, ужо ў валках ці ў копах, а то і на возе;

як пахне першая ралля, калі ты — ужо не толькі свавольны, але на гэты час і ціха руплівы, паэтычна задуманы пастушок — удосыт пройдзешся па баразне не да канца адмытымі надоечы нагамі, а потым сядзеш на пругкія скібы і добра вымасціш сабе месца, каб пасядзець, пакуль ажно не стане знізу холадна;

ну, і яшчэ, і яшчэ…

Апроч пахаў агульнавядомых у кожнага ёсць і свае, спалучаныя з пэўнымі, толькі сваімі ўспамінамі.

Трэба ж, напрыклад, такому здарыцца, каб у далёкім замежным горадзе, у старадаўнім касцёле, адкуль павыходзілі ўсе, з кім ты сюды зайшоў як турыст, а ты застаўся з другам, які таксама маўчыць і не спяшаецца, — трэба ж каб тут, у пустой, растрывожанай музыкай святыні, што аціхае разам з тваёю душой, а ў вышыні спявае ў сонцы вітраж з вялікім блакітным крыжам на свабодным, неперагружаным шкле, — каб іменна тут табе ажно зашчымела ў сэрцы ад такога вось просценькага ўспаміну.

У памяці ўсплыла камора старэйшай, замужняй сястры, вялікая і змрочная камора з шафамі, скрынямі і кубламі, з кажухамі на сцяне і пучкамі сушаных зёлкаў пад бэлькай, з рэшткамі ўгужавелых, не з'едзеных за гарачае лета каўбас на вешале, з вузенькім папярочным акенцам, таксама, як і вітраж, прастрэленым промнямі вячэрняга сонца, — і самае галоўнае — з моцным, мядовым, непераможным пахам воску… Сястра была настолькі старэйшая за мяне, што з сынам яе, маім пляменнікам, я хадзіў у адзін клас, разам патрохі сталеючы і вырабляючы сяды-тады, на думку сталых, чортведама што. У камору ў той адвячорак, прыйшоўшы са школы і не застаўшы нікога дома, мы — праз замкі ды забароны — убіліся па мёд. Прыкрае слова «крадзены» ў гэтым выпадку не падыходзіць; скажам — не крадзены, а самахоць узяты мёд — куды смачнейшы. Мала з'ясі, а доўга помніцца.

З Адэсы часоў грамадзянскай вайны, дзе пачыналася маё маленства, помніцца прэсны пах гарачай рысавай кашы і салодкі, тут ужо разам з колерам, пах какавы. Гэта былі не дамашнія пахі: трохі старэйшыя браты бралі мяне з сабой у нейкую дзіцячую сталоўку. Для мяне яна доўга была проста нейкай, пакуль не ўведаў, хоць і даволі невыразна, што сталоўка тая трымалася тады, у страшныя дні засухі і галадоўлі, на дапамозе амерыканскіх квакераў. Пах какавы і рысавай кашы я адчуў пасля, на працягу гадоў, асабліва востра двойчы. Першы раз — у дні мае вясковае маладосці, калі сярод іншых кніг, што выпадкова траплялі ў рукі і не выпускаліся непрачытанымі, трапіла і квакерская, з салодзенькім і прэсным тлумачэннем запаведзі пра любоў да бліжняга. Другі раз, ужо ў грунтоўна сталым веку, я ўспомніў тыя пахі ў цягніку Вашынгтон — Нью-Йорк, калі задумана глядзеў праз акно на прыгарадную нераскошу рабочых кварталаў Філадэльфіі, квакерскай няпісанай сталіцы.

Яшчэ адзін пах гарадскога маленства, пазнейшы і дамашні. Водар гарачага, запечанага цеста, ці то праслоенага нечым салодкім, ці то абмокнутага ў той невядомы, а можа, і нерэальны смак, што хваляваў мяне час ад часу, як нейкі прывід з іншага свету, больш за сорак гадоў, пакуль не прыйшло адкрыццё. Імя таму паху, пшанічна-гарбузнае ўвасабленне яго я знайшоў на старонках Іона Друцэ, у яго шматфарбнай і духмянай песні пра Малдавію. Пахла мне столькі год плачынтэ, слаёны пірог, які маці мая, за восем сваіх адэскіх гадоў сяк-так знаёмая з малдаўскай кухняй, успамінала як нейкую, ледзь не міфічную «плацынду», усё толькі абяцаючы калі-небудзь спячы яе.

А вось нарэшце і той пах маленства, які і выклікаў усе іншыя, сёння стаўшы між імі на першае месца.

Вы калі-небудзь нюхалі канапліну над снегам? Яе прысохлую мяцёлку з зярняткамі насення, з вострым водарам?

Моцную, калмаценькую канапліну, зрэзаўшы яе каля самай зямлі, хавалі на зіму — лавіць шчыглоў, у петлі з конскіх валасінак. Адну, дзве, а то і некалькі такіх канаплін.

Петлі мне помняцца, зрэшты, і на каноплях, і ў абручах. Драўляны абруч з вялізнай «пасы», бочкі на збожжа, перапляталі ў клетку вяровачкамі, на кожным скрыжаванні прымацоўваючы валасяную пятлю. Сіло такое клалі на прыгуменні, шчодра замаскіраваўшы пацярухай з току. Аднойчы, калі я быў яшчэ сам на гэткае паляванне не здольны, у хаце нашай раннім ранкам з'явілася некалькі малых, стракатых, дзіка палахлівых курачак з барвовымі плямамі на воллі. Як я быў рад! Нібы яны не ад голаду, не ад снегу глыбокага ды крутога марозу прыйшлі да мяне праз сіло, а ў госці, такой небывалай, цудоўнай казкай…

Такія ж… ну, можа, трохі іншыя, але таксама барвовыя, абавязкова, радасна патрэбныя агеньчыкі, што былі ў курапатак на воллі, шчыглы насілі на галоўцы.

Не помніцца, як я ўспрыняў курапачы пераход з той казачнай паэзіі ў гаршковую чорную прозу. А вось трагедыю галоўкі з агеньчыкам на цемені я памятаю і дагэтуль…

Загадка фарбаў, іх прызначэнне хвалююць нас і ў сталасці. Вельмі звычайнае — жоўты лубін цвіце паміж цёмна-зялёнымі пералескамі, а зверху, скажам, яшчэ і блакіт, і белыя, ціхія аблачынкі. Не навіна, а ўсё ж у душы міжволі ўзнікае радаснае пытанне: «Навошта яна, такая краса?..» І ніхто, відаць, не адкажа як след, на ўсю глыбіню. Тысячагоддзямі стараемся. Каму ўдаецца гэта менш, каму трохі ці значна больш, а таямніцы, мноства шматфарбных таямніц навокал нас, — застаюцца.

Колькі ж іх бачыць дзіця, чалавек у тым узросце, калі ён пазнае, абагачаецца непараўнана хутчэй, чым у сталасці!.. Колькі гэтай красы ў курапаткі! А ўжо ў шчыгла… Тут і дагэтуль нельга налюбавацца. Тады ж, у маленстве, краса тая прыходзіла з усёю сілай першага азарэння.

107
{"b":"598983","o":1}