За гушчаром, на блізкім даляглядзе, — яшчэ гушчар, далейшы, праз які прадзіраецца з бляскам чырвонае вогнішча ўсходу.
Вавёрка ўжо на прады. Здалёк заўважыў, як яна цыгае па зямлі, паміж рэдкімі стваламі ліп, i не спяшаецца ўцякаць. Здалёк нясу ёй нябрыдкую, несентиментальную пяшчотнасць зноў абуджанага ў душы маленства.
Зноў успамінаю адну з ix, што была маёй госцяй праз некалькі дзён. На акне перад пісьмовым сталом для яе была заўсёды насыпана горбачка сланечнікавых семак, ляжаў драбок цукру i цвёрды, знарок засушаны, пернік. Ужо на трэці дзень нашай знаёмасці яна садзілася на акне, брала ў лапкі чорную семечку, лушчыла яе, брала другую, трэцюю, — не спяшаючыся, — потым спынялася, аціхала, мы глядзелі адно на аднаго, i мне шчасліва, казачна здавалася, што вось яна — са складзенымі лапкамі — спытаецца: «А што вы, дзядзька, пішаце?..» Цукру яна не чапала. Пернікі знікалі з акна, калі я гэтага не бачыў; сядытады яна грымела імі за кніжнай шафай. Потым адзін з гэтых пернікаў я знайшоў паміж кніг. Ен быў пагрызены — упрыкуску з польска-беларускім слоўнікам. Відаць, на пробу толькі, бо i пернік i слоўнік былі не даедзены. Аднак сяброўства нашага гэта не разладзіла. Калі яна аднойчы шуснула з гардзіны ў фортачку i адтуль, па карнізе, на дах, — гэтага мы не бачылі, пра гэта мы здагадаліся па часе, — я бедаваў па ёй не вельмі менш за свайго хлапчука.
Тут ix, вавёрак, многа. Яны падпускаюць людзей так блізка, што мне самым сур'ёзным чынам здаецца: будзь мы яшчэ трохі лепшымі, культурнейшымі,— яны прыйшлі б на нашы працягнутыя далоні, пацерліся б рыжаю мордачкай аб нашы шорсткія шчокі.
Іду па асфальце дарожкі. Вавёрка бяжыць па прымазанай шэранню траве, шархаціць па жоўта-карычневым, ужо не залатым, насціле, прасмажанай марозікам лістоты, у якой вылучаюцца вялікія лапы кляновых лістоў. Мы, як быццам знарок, з двух бакоў набліжаемся трохкутнікам да адной з чорных ліп. Да гэтай? Тут яна, вавёрка, сігане ўгару? Не, яна падыгала далей. Тут, на гэтую? Не. І вось нарэшце гульня канчаецца, — вавёрка пабегла па тоўстым, шурпатым ствале, а я спыніўся за два крокі ад яго. Яна не вельмі спяшаецца, перабірае лапкамі — вышэй, вышэй, вышэй, — тады спыняецца на нейкі момант на галіне. У профіль мне добра відно, што рот яе заткнуты шышкай. Інакш яна, мусіць, зацокала б ад радасці:
«Ану, дастань мяне! Ану!..»
Зноў іду па асфальце вузкай алеі, пад высокім, на фоне яснага неба, срэбрам багатай шэрані. А навокал, па серабрыстай траве, па насціле нядаўна пагаслага золата гулліва шархаціць ужо цэлае мноства вавёрак. І тут, i там, i вунь дзе… Ашуканы — спыняюся, гляджу. Няма вавёрак. Ніводнай. Гэта з голля паціху, нібы спадцішка, асцярожна асыпаецца лішняе срэбра. Вось табе доказ — замёрзлая кропелька ўпала на край блекла-жоўтага, тонка-бляшанага ад марозіку кляновага ліста, i ён загойдаўся на тых травінах, дзе асеў ужо даволі многа дзён таму назад.
Чым бліжэй да балота i сажалак, тым гусцейшая шэрань на голлі, тым больш яе на траве, на асфальце дарожкі. Пахрустваючы гэтым першым, зноў новым, радасным сняжком, узыходжу на штучны ўзгорак, з якога так добра глядзець на ваду i трыснёг.
Вада яшчэ пазаўчора была сцягнута першым лядком. На тым баку, за вялікай сажалкай, сонца прабілася праз гушчар другой палавіны старога парку i — румянае, поўнае, маладое — спынілася над самым вершняком, нават падзіцячы падперла далонямі шчокі i глядзіць, любуецца. I я любуюся. Срэбрам на вербах, на трыснягу. Адценнямі срэбра на новенькім лёдзе. Учора яго цэлы дзень правяраў на мацунак «мальчишек радостный народ» — радасны i бясстрашны. Яны шумелі тут, ганялі каменныя «шайбы», а я стаяў на беразе, баяўся бояззю іхніх бацькоў, што тонкі лёд праломіцца i я не дабягу вунь да таго, найдурнейшага, які забег найдалей, дзе ўжо глыбока, i лёд пад нагамі або пад пушчаным каменем — чуваць — спявае, у падскоках, найзванчэй. Учора было свята. Сёння тыя цудоўныя неслухі сядзяць ужо недзе за партамі, i на возеры — цішыня. Воддаль, на быстрыні, дзе яшчэ не замерзла, плаваюць тры качкі. І не шманаюць на мой крык, — не верыцца, што дзікія…
Гляджу назад, адкуль прыйшоў,— на парк. Ад сонца, якое абліло ўсё шчодрым, роўным святлом, дробная сетка голага голля i бахматыя лапы хваін выглядаюць зноў інакш, зноў у іншай, невычарпальна багатай адменнасці вечнай красы.
На захадзе, за краем парку, хаваецца замак. Радзівілаўскі, што ганарыўся калісьці візітамі многіх манархаў. Учора ўвечары за яго вялікімі вокнамі, у багатым святле, пад плафонам! работы італьянскіх маэстра, задорна грымеў у медныя трубы кракавяк. Па паркеце чачоткамі шчабяталі модныя «шпількі» ткачых, машыністак, настаўніц, то лёгка, то цвёрда хадзілі туфлі экскаватаршчыкаў, аграномаў, бухгалтараў, асцярожна спраўлялі вялікую радасць ярасна наваксаваныя, a ўсё ж сарамлівыя кірзачы маладзенькіх ваякаў, мясцовых адпускнікоў. На мяккіх крэслах каля сцен, у якасці дабрадушнай камісіі, сядзелі пенсіянеры.
Вясёлы, хоць i нямоглы пасля інфаркту, прафесар-фізік, які ахвотна стамляецца штодня, молада ловячы на каляровую фотаплёнку сціплае хараство нізіннага наваколля.
Сівая маці двойчы героя, лётчыка, сын якой — хлопчык, юнак, мужчына, вечна i горка жывы для яе — даўно ўжо стыне ў бронзе i мармуры на плошчах многіх гарадоў, а тут мала хто ведае, што гэта яна яго нарадзіла.
Кульгавы дзед у самаробных бурках, халявы якіх дзеля форсу схаваны пад калошынамі штаноў,— заслужаны калгаснік, з назаўсёды карэлай жмені якога столькі калосся шумела хлебным хараством…
Добра, што ўжо не трэба паўтараць надзіва простых i не менш глыбокіх ісцін, — дом адпачынку працоўных у княжацкіх палацах, — што ісціны гэтыя ўжо i тут сталі самай звычайнай сапраўднасцю. Я ix проста прымаю да ведама, проста ўчарашні вечар махнуўся ў памяці светлым, звонкім, a ўсё ж… не вельмі звычайным успамінам.
Сонца, трохі палюбаваўшыся, узнялося над грэбенем парку за сажалкай. Аберуч адштурхнуўшыся ад гэтага грэбеня ўгару. Нават сказала: «Ну што ж, пачнём новы дзень».
I я пачну яго неўзабаве, у адным са шматлікіх пакояў высокага замка, — словам пра гэты заінелы ранак.
1966
СУМНЕЙШАЯ ЗА ЎСІХ
Дзяўчынка-сірата пасля вайны гадавалася ў дзіцячым доме, потым стала ткачыхай на камбінаце, дапрацавалася да добрай славы, выйшла замуж за таго, каго палюбіла, нарадзіла двух хлопцаў, i тут… па нейкаму няўмольнаму ды таямнічаму закону — цяжка захварэла… Сэрца. Не мода, а няшчасце нашага часу. Маладзіцы зрабілі аперацыю. А потым дадалося яшчэ i пашырэнне лёгкіх…
У светлым санаторыі яна, відаць, сумнейшая за ўсіх. Нават i плача пры людзях, у сталовай.
Усе шкадуюць яе.
За сталом, куды мяне прывялі на мой першы абед, сядзела трох — нізенькі сталявар, экскаватаршчык з новенькім ордэнам Леніна i прараб з будаўніцтва, які праз некалькі дзён, у свята, прыемна здзівіў мяне франтавою Зоркай Героя.
Калі да суседняга стала трошкі пазней за ўсіх прыйшла i прысела бялявая стройная малąцзiцa ў вясёла-зялёным плацці, мае суседзі заварушыліся. Перш азваўся найбольш гаваркі, сталявар:
— Валя, ты што!
Яму дапамаглі — i прасцецкі, востры на слова ардэнаносец, i ціхі, нават крыху пануры Герой:
— Біць няма каму!
— Ай, Валянціна, дарма…
Тады я ўпершыню заўважыў, што яна заплаканая, што яна, як малое, усміхаецца усім праз слёзы.
A пазаўчора — ужо на трэцім тыдні майго тут прабывання — я чуў, напрыклад, як моцна пажылы майстар з аўтамабільнага завода, амаль зусім па-бацькоўску натуральна не даў ёй устаць i пайсці да суседняга стала па чайнік:
— Сядзі, мамачка, сядзі. Я сам.
Сёння ў абед «мамачка» падышла да нашага стала i пачала развітвацца. Едзе дахаты. Падала ўсім руку, а мне сказала, пачырванеўшы:
— Я хачу з вамі трошкі пагаварыць.
Каля карычневай, пакрытай лакам радзівілаўскай сцяны яна пачырванела яшчэ больш, як дзяўчо — не вельмі прыгожае, проста прыемнае з выгляду трыццацігадовае дзяўчо — папрасіла нумар тэлефона, каб пазваніць мне ў Мінску, калі атрымае нарэшце кватэру. І яшчэ гаварыла, яшчэ чырванелася, а потым праз слёзы, што паслухмяна з'явіліся зноў, сказала: