Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Ды куды табе, Жэня! Ідзі хаця сам.

Перайшоўшы на другі бок, Жэнька стаяў і, збялелы, моўчкі глядзеў то на босыя, чорныя ногі жанчыны, якія надзіва ўпэўнена, цвёрда ступалі па асінавай жардзіне, то на рукі, якія трымалі дзяўчынку. Здавалася, што адарваць гэтыя ногі ад кладкі, а рукі ад дзіцёнка не здолее ніякая сіла.

Перайшла! І зноў пайшла разам з імі. А Жэньку хацелася проста спытаць: «Ты не верыш? Не верыш і мне?» Аднак страшна было пытацца: а што, калі яна таксама коратка, як двойчы сказала «ідзі», скажа «не веру»?

5

Ах, ізноў гэты плач!..

Малая дагэтуль ведала адно. Учора ў гэты час на стале побач з ложкам гарэла лямпа. А яна са сваёй мамай ляжала пад лёгкай дзяружкай. Ляжала, праўда, толькі мама, бо дачушка ізноў дамагалася свайго. Хто там зможа давесці, што яна ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухкую, ружовую шчочку маленькі кулачок і спаць, праз сон пасмоктваючы губкамі! Хто там: стане аспрэчваць святое права маленства? Дзяўчынка будзе не толькі ссаць: яна час ад часу падніме вочкі і гулліва ўсміхнецца. Няхай толькі мама паспрабуе не засмяяцца ў адказ! Яна пачне цалавацца, мармычучы, доўга, кусаючы першымі зубкамі маміны губы. А тады, перамогшы, нарэшце зноў прыўстане, паднімецца і, як быццам нырне, ападзе да грудзей…

А сёння вось і знайшоўся той нелюдзь, што забраў у малое адразу ўсё. Навокал цемра, холад і лес. Маці сядзіць на зямлі, падкурчыўшы халодныя ногі, туліць да сябе свой адзіны скарб і толькі ледзь чутна, бездапаможна шэпча:

— Рыбка… мілая… што ж табе даць?

Нелюдзь прагнаў іх з роднага гнязда, гнаўся за імі з кулямётамі, мінамі, бомбамі, спыніў у грудзях маці малако…

І вось дзяўчынка дарма намагаецца вярнуць яго. Ужо не для радасці толькі, не для гульні. Першы раз у жыцці яе прымусілі адчуць голад.

Яна плача. Гэта ціхі і страшны плач…

А тут, побач з ім, гэтым плачам, зноў нехта ў цемры варочаецца на траве і зноў нездаволены гугніць:

— Эх, каб табе… як ад цябе ні ўдзень пі ўноч спакою няма. Давядзеш ты нас да пагібелі…

— Хто цябе давядзе? Скажы ты мне, хто цябе давядзе? Ну, скажы ты мне, што ты гаворыш?!

Ліда хацела сказаць яшчэ нешта, ды раптам, як быццам зноў уявіўшы ўвесь жах свайго становішча, яна заплакала — ціха, наўзрыд…

— Ах, Андрэй мой, Андрэй, каб ты быў, каб ты бачыў!..

…Андрэй бачыць. Ён тут. Ён стаіць у вачах Жэнькі, над гэтым жудасным плачам сваіх найбліжэйшых. З пагардай і смуткам прыплюшчыўшы на сяброў шэрыя, моцныя вочы, ён гаворыць:

— Эх вы!..

І за гэтымі словамі — ночы засад і сутычак, першыя радасныя зводкі… І той час, калі яны, яшчэ да ўступлення ў атрад… Да якога там, зрэшты, уступлення! Тады яшчэ і атрадаў ніякіх не было, калі яны, лядаўскія камсамольцы, збіраліся ў старэйшага таварыша, у Андрэя, па хутары, і абмяркоўвалі, што рабіць па пачатак.

Вось і Шура Сучок…

«Я, каб што-небудзь такое, спачатку даў бы вам знак, каб вы маглі спакойна адысці…» — «А сам?» — «Сам? Чорт яго ведае… Што ж, сам таксама пошта рабіў бы…»

Больш ён не кажа нічога.

«…Калі ж на сваёй слабасці, баязлівасці або па злоснай волі я: парушу сваё абяцанне і выдам народную спpaву, — устаюць перад Жэнькам заключныя словы партызанскай прысягі,— няхай я загіну ганебнай смерцю ад рукі сваіх таварышаў».

«Мы яшчэ не парушылі яе, — думае Жэнька, — аднак мы ўжо сталі на гэты шлях. Мы аслабелі, збаяліся. А збаяўшыся, мы бязвольна паддаліся найбольшаму паміне нас баязліўцу, бо ён абяцае завесці ў надзейную схованку. Толькі вось гэта дзіця перашкаджае, можа выдаць нас сваім плачам… А каб дайшло да выбару, хто мае застацца жыць — мы ці малая, — што ён выбраў бы, наш павадыр?.. А мы, можна надумаць, маўчалі б, бо цяпер вось маўчым, пакуль ён вякае. А потым на нашым шляху, не зважаючы, на ўсе лясныя прамудрасці Серады, могуць з'явіцца фашысты. Жыццё можна будзе купіць толькі здрадай, якую народзіць страх. І што ён выбраў бы, наш павадыр? А мы? Мы таксама маўчалі б?..»

Упёршыся на левую, здаровую руку, Жэнька Саковіч устаў.

— Пара, Іване, — сказаў ён.

Маўклівы, занадта спакойны Тадорын Іван нібы даўно чакаў на гэты загад.

Удвух яны падышлі да трэцяга. І Жэнька загадаў:

— Устань, Серада! Пагаворым.

6

Штаб групіроўкі. фашысцкіх войск, якому была даручана ліквідацыя энскага партызанскага злучэння, уяўляў сабе становішча справы так:

Лясны масіў Н. з'яўляецца базай злучэння. У цэнтры гэтага масіву, у найбольш, як можна думаць, дрымучым месцы, знаходзіцца штаб, які кіруе ўсёй работай паасобных партызанскіх груп. Задача аперацыі заключаецца ў тым, каб сагнаць усе гэтыя групы з ўсёй зоны іх дзеяння ў пушчу, тады аблажыць пушчу шчыльным кальцом войск і сціскаць гэта кальцо датуль, пакуль усе сілы злучэння будуць згуртаваны ў адно месца, вакол свайго штаба. Там яны будуць разгромлены. Было прадугледжана і тое, што пры адступленні ў пушчу партызаны паспрабуюць даваць адпор. Ён будзе хутка зламаны націскам рэгулярных часцей. Тады прыменіцца тактыка прачоскі з загонамі. Па лесе працягнецца шчыльны невад пяхоты, які згорне да цэнтра пушчы і большых партызанскіх рыб і расцярушаную ў баях драбнарыбіцу. Пяхота пройдзе па магчымасці ўсюды, бо дзеля гэтага ёй выданы адпаведныя камбінезоны, аўчаркі, дастатковая колькасць боепрыпасаў. Тактыка загонаў будзе заключацца ў тым, што перад невадам пяхоты будуць выкідвацца засады на дарогах, прасеках і сцежках, па якіх пабягуць партызаны. Непраходныя месцы будуць шчыльна пакрыты агнём гармат, мінамётаў і авіябомбамі.

План аперацыі быў задуманы і распрацаваны з усёй нямецкай педантычнасцю, аднак ён не даваў тых вынікаў, па якія разлічваў штаб групіроўкі. Жорсткія абаронныя баі на ўскраінах пушчы давялі захопнікам, што здольнасць партызан супраціўляцца рэгулярнаму войску з артылерыяй, браневікамі і самалётамі — улічана далёка не дастаткова. Яшчэ больш недастаткова былі ўлічаны «дзікія здольнасці рускіх» — партызанская кемлівасць, вынослівасць і веданне прыроды. Фашысцкі «невад» атрымаўся на практыцы далёка не шчыльным. Тымі месцамі, што лічыліся зусім непраходнымі для гэтага «невада», нягледзячы на шчодры агонь мінамётаў і бомбаў, у тыл ворага прабіраліся партызаны. Пушча таіла ў сабе недаступныя астравы, праходы да якіх ведалі нават не ўсе мясцовыя жыхары. Там была захавана бяззбройная частка загнаных у пушчу людзей — старыя, жанчыны і дзеці. «Невад» таксама не ўсюды даставаў да дна. Невялічкія, паасобныя групы партызан рассыпаліся перад наступаючай сілай, зарываліся пад тоўстыя аўчыны ляснога моху, а на балотах пакрываліся куп'ём і, зліўшыся з прыродай, трывалі там датуль, пакуль па іх цягнулася сетка варожых салдат.

Больш таго, была яшчэ адна не прадбачаная фашысцкім штабам акалічнасць. Некаторыя з тых, каго яны мелі на ўвазе, гаворачы пра «большых партызанскіх рыб», зусім нечаканым, імклівым ударам прарывалі «невад» і выходзілі з пушчы ў тыл сілам блакады.

Яшчэ адно, галоўнае з галоўнага, было таксама не ўлічана ворагам дастаткова. Гэта — пачуццё радзімы, пачуццё вялікай, непераможнай еднасці савецкіх людзей, якое жывіла кожную групу, кожнага партызана.

Быў свой, вялікі, родны партызанскі свет. Для колатага, хто насіў гордае званне народнага мсціўца, асяродкам гэтага свету была яго група ці аддзяленне, ці ўзвод. За гэтым цэнтрам, найменшым, былі большыя цэнтры: узводы ў атрадзе, атрады ў брыгадзе, брыгады ў злучэнні. Энская пушча як база злучэння ва ўсе бакі — ляскамі, пералескамі і родным полем — злучалася з іншымі масівамі беларускіх лясоў, дзе таксама былі партызаны. На поўнач, поўдзень і ўсход злучэнні беларускіх партызан дзейнічалі поруч з народнымі мсціўцамі іншых братніх рэспублік. Такім чынам ствараўся ён, магутны партызанскі свет, частка непераможнага, усенароднага фронту змагання з фашызмам.

Недарэчная думка аб тым, што раптам мог загінуць гэты свет, магла ўзнікнуць сярод яго найменшай часткі — трох партызан з разгромленай разведкі — толькі таму, што гэтая частка адчула сябе адарванай ад роднага свету і па нейкі час паддалася страху.

38
{"b":"598983","o":1}