На зіму абложаць хату бульбянікам, i стане ў ёй цёмна, як у яме. Пядзя ўздоўж, корх упоперак, i да столi рукой дастанеш. Кухні няма, i седала, i едала разам. З сяней, ад каровы i парасят, дыхціць, i з падпечка таксам а, бо курэй у бабкі — няма што грашыць.
Але старым i ў гэтай добра: сякая-такая ды свая, свой прытулак на старасць. Печ яшчэ добра грэла, быў ложак, палок. На покуці стол, а над сталом ад акна да акна — багоў штук з восем. На вокнах альвас у чаронках. Кот з кошкай. Скарынкі за старымі паядалi.
А ёсць жа хаты ў людзей! Хаця б вось у Змітрука, суседа насупраць. Нямецкі вугал, тры акны ад вуліцы, чатыры ад надворку. Авокны ж, вокны! — карову увёў бы. Ганачак пад бляхай i цымантовая, папярэшчаная скалачкамі i чарапкамі падмуроўка… Ды шмат у каго хаты хлёсткія ёсць — ну, у адных лепшыя, у іншых горшыя — але такое, як у дзеда з бабай, няма ні ў каго.
2
Куды, кажа, воўча, бяжыш? Па сірочае!
Трэба ж яшчэ было, каб стаўся зімой пажар.
Змітручыха сала пякла на прыпеку, i ўзялася ў коміне сажа. Выбегла сама, дзеці, Змітрук з гумна прыбег — давай тушыць. А гвалту не падымаюць — сораму баяцца, бо не раз ужо загаралася ў іхнім коміне, не раз лаялі нядбаліцаў. А вецер тады — як на злосць, i страха не на жарты ўзялася. Тады ўжо сталі крычаць i званіць у рэйку. Эх, бягуць людзі! I давай, хто ваду насіць, хто заліваць, хто суседнюю страху здзіраць, хто галасіць, хто набытак выносіць i выганяць з хлявоў жывёлу.
Вецер ірваў уздоўж вёскі, прэч ад хаткі старых, i яна не ўзялася. Бабка, як толькі ўбачыла вялікі агонь, зняла з покуцця багародзіцу i выбегла з ёй на загуменне.
— Заступніца… прасвятая багародзіца… адвярні вецер у чыстаполіцу… пашкадуй людцаў! — малілася яна, трымаючы ікону тварам да агню.
Агонь жа, як шалёны, ірваў, шумеў, трашчаў, а над ім чорнай хмарай клубіўся, валокся над вёскай дым. На загуменні раўлі на снезе каровы, гайсалі i храплі на агонь апуджаныя коні, скавыталі, нагорбіўшыся, пацэплыя свінні, бэкалі авечкі, i, б'ючы ў крыллі, насіліся над дымам галубы. Цераз палі, з усіх бакоў, беглі людзі, гразнучы ў глыбокім снезе. Дарогай імчаліся з мястэчка пажарнікі.
А бабка ўсё малілася за хатку, зарок давала ўсім святым, што прыме ў яе пагарэлых — колькі ўлезе, хай толькі яна не згарыць. А дзед працаваў як мог. Адразу, як толькі ўзялася Змітрукова страха, ён выгнаў на гарод Красулю i парасяты, вынес з бабамі бабчын купар, кубелец з мукой, стол, ложак, дзяжу, багоў… А тады залез на страху з вядром вады i трыма мокрымі дзяругамі, разаслаў ix ад агню i сядзеў, пакуль агонь перакінула далей. Тады ўжо людзям пабег памагаць.
Спынілі агонь ажно на дзесятым двары. Спачатку хлопцы, як вароны, населі на Піліпаў будынак, сарвалі страху, бусакамі звярнулі верх, кроквы i латы, адарвалі ад хаты гаручыя сені з каморкай, расцягнулі i залілі. Ведама, сіла! Стаялі два насосы ля студні, адны ганялі ваду, a іншыя — i бабы, i дзеўкі, i дзеці — насілі яе: са студняў астаткі i з раўка на вуліды, бо ад агню растала i пацякло. Насілі хто чым: вёдрамі, цабрамі, саганамі, місамі… Пажарнік, насунуўшы шапку i наставіўшы каўнер, стаяў крокаў пяць ад агню i кіраваў вужам. Вада з шумам біла па гаручым бярвенні i злізвала полымя.
— Так яго, так, Мітрапан, — крычалі пажарнікі,— вось, вось хіба атата!..
I перамаглі-такі, утушылі.
А на вуліцы — чыстае пекла! I кублы, i сталы, i сані, i ложкі, i аконныя рамы з пабітымі шыбамі, i багі, i вопратка, i лапці на багах… Затушылі,— раз'ехаліся пажарнікі, разышоўся чужы народ, а свае пачалі разбіраць з вуліцы набытак. У каго засталося гумно — вёз у гумно, у каго хлеў, хата, адрына — валок туды, у каго ж нічога не засталося — вёз да радні або да суседзяў.
3
Увайшоў дзед у сваю хатку — бачыць: сядзіць у ix на ложку хворы Аленін Натолік, у бацькавай калматай шапцы, i пазірае ў акно, як дагарае іхняя хата.
Натоліку дзесяць гадоў. Два тыдні ўжо, як яго раптам хапіла: адняло i памяць i мову, i глытаць нічога не можа. Думалі — дойдзе, а тут яму адпусціла крыху, стаў i разбірацца, i гаварыць, i глытаць рэдкае.
Як толькі пачаўся пажар, Рыгор, мужык цёткі Алены, ахінуў Натоліка ў кажух, прымчаў да дзеда ў хату i пасадзіў на ложку, ля акна.
— Ты тут, Натоль, не баішся адзін? — спытаўся Дзед.
Малы замармытаў нешта, закруціў галавою i ледзь-ледзь аказаўся:
— Не.
— Зараз мама прыйдзе, не бойся.
Натолік зноў закруціў галавой, цяжка глытаючы сліну, i шэптам, з перапынкамі, спытаў:
— А што… дзеду… нашая хата… згарэла?
— Згарэла, унучак, згарэла, — сказаў дзед i пагладзіў малога па шчацэ вялікай, каравай рукой.
— А дзе ж… мы… дзеду… жыць бу… дзем… га?
Дзеду падкаціла пад горла, зашчымела ў носе, i па маршчыністым, замурзаным гарай твары пакаціліся слёзы.
— A ў мяне, Натоль, чым не хата? — расставіў ён рукі.— Вельмі выгодная хата! Мама прыйдзе, тата, Верка, Раман — а-ёй! — хай багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. А вясной зробіце новую, лепшую, як гэтая была.
Натолік ледзь-ледзь усміхнуўся i прамармытаў:
— Але… зробіш… якраз… ого… зробіш…
4
I праўда — прыйшлі ўсе: мама, тата, Раман, Верка, Маня, Ніна — поўная хатка, як завязаць. Паставілі ложак уздоўж, другі ўпоперак, навешалі на печ мокрых каптаноў, спадніцаў, портак…
Увечар бабка з Аленай запалілі ў печы, зварылі саган бульбы з мундзірамі, насыпалі на стол солі, палажылі бохан хлеба, сталі вячэраць. Абселі стол навакол, разгутарыліся…
Пасля паляглі спаць, — хто на печы, хто на лаве, хто на ложку, хто на таку. Дзед лёг на лаве, пад багі галавой, а баба на яго любімым месцы, на печы, бо на яе ложку палажылі хворага Натоліка. Алена прылягла каля яго, не распратваючыся. Натолік кідаўся i енчыў на ўсю хату: зноў яго ўзяло за мазгі, бедака… Разоў колькі ён спіхаў Алену з ложка, ажно яна, урэшце, устала i села ў нагах.
За акном была шэрая, адліжная ноч. На іхнім котлішчы тырчала толькі, як злыдня, белая печ з палавінай разваленага коміна i валяліся асмалкі.
Бедная!.. Закруціла галавой, хапілася за твар аберуч i ціха, наўзрыд заплакала.
A ўсе спалі, саплі, храплі. У хатцы было душна, як у пекле, мляўка i кісла ў роце ад смуроду прэючай на печы мокрай вопраткі.
— Ах… ма-мач-ка… мая… да-ра-жэнь-кая-а-а!.. — мармытаў гарачы, як жар, Натолік.
— I дакуль будзе гэтак? I калі ж палепшае? Божа мой, божачка, аха-ха!..
На печы заварушылася бабка.
— Аленка, ты плачаш? Не плач, галубка мая, — аказалася яна. — Які бог намачыў, такі i высушыць. Табе i легчы недзе. Ідзі да мяне, рыбка, тут цёпла, прастора.
Алена, хліпаючы, палезла на печ, да старое. Бабка падсунулася да сцяны, пад пляцёнкі цыбулі, i Алена легла каля яе, падлажыўшы пад сябе далоні.
I бабка расказала ёй, як калісьці, гадоў сорак таму назад, у ix дома, калі яна яшчэ дзеўкай была, таксама вось пагарэлі.
— А потым, бог даў, пабудаваліся, абжыліся. Праўда, цяжка, але што ж — ці ты плач, ці галасі, то рады не дасі,— гаварыла яна.
Алена патрохі супакоілася, Натолік перастаў кідацца, i бабы паснулi.
5
Жылі разам доўга, да лета.
У Рыгора ад пажару засталося толькі гуменца. Вясной перайшлі ў яго спаць маладыя i сам, a ў хаце засталася Алена з Натолем, які надзіва ўсім паправіўся i пасвіў авечкі.
Каля акна стаяла, як патароча, ix вялікае ложка, на ўсю, здаецца, хату.
Хату Рыгор паставіў лепшую, як меў. Пакуль не было печы, варылі ў бабкі. Цесна, нядобра, а каму найгорш — бабцы: заўсёды трэба дзве печы адстаяць. Бабка любіла чыстату, — хатка ў яе тыя разы, як шклянка, — а тут яе ў цеснаце, чыстаты гэтай, не ўтрымаеш. Зімой, не тут кажучы, было нават, што i вошы пайшлі. Бабка была жанчына ціхая, талковая, а Раман з Аленай увесь век жылі як кот з сабакам, а тут, ведама, бяда, што дня грызуцца. I прыкра бабцы, хоць ты ўцякай.