Гэта як раз палавіна. Тады пойдзе «Верую», «Аччанаш», «Да васкрэсне бог» i «Настуля хрышчоная». Во, во, дайшла!..
«Я, Настуля хрышчоная, на свет божы пушчоная, лажуся спаць на гаснодніх тарах. Станавіцеся ўсе святыя па баках, матка боская ў галавах, a Ісус Хрыстос у нагах…»
«Ого, думаю, абгародзіцца, i Хіма з качалкай не далезе». А яна далей.
«…і стойце ад поўначы да свету i ад свету да веку. Ссай, ссай, ссай».
Распранулася i лезе да мяне, на «гасподнія горы».
— Баба, — шапчу я.
Маўчыць. А мяне проста пушыць ад смеху.
— Бабка! Ты гэтак хораша молішся, — навучыла б ты Хіму маліцца!
— Хай цябе, — хліпае баба, — хай цябе, унучак, сляпога водзяць, як ты мяне заўсёды падводзіш…
1942
ЦУДЫ Ў ХАЦІНЕ
Напрадвесні яшчэ ўсё то ля док, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаедца, a ступіш на зямлю — так i глядзі: зачэрпаеш лапцем гразі.
Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця i халоднае.
Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску па палявой дарозе.
Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая i дужая, яна маўчыць, ідзе шырока i цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі.
Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, a ў хаце былі сама ды малыя, — кідалася ад стала да парогa i, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар ca сваім неабдымным горам… Ды вось жыве, гаспадарыць.
Толькі i радасці — дзеці. Андрэй i Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. I вучацца ўжо абодва, i дружаць. Трохі, вядома, распусныя, трэба глядзець…
— Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне, — кажа яна, не азіраючыся. — Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.
— Што ж мы, сабакі — выскаляцца? — адказвае большы, Андрэй.
— Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе нябось усе свечкі i загараюцца!..
Андрэеў хросны, дзядзька Макар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой. Порткі суконныя, шырозныя — ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валенках, аж ногі не гнуцца.
Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі ў яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:
— Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?
I — эх! — заківаўся, замітусіўся па хаце. Кошык з бульбай кашкануў валёнкам пад палок, лап'ё, што ляжала на лаве, шпурнуў у запечак…
А хата, хата ў яго!.. Цёмная, нізкая, ток пабіла на ямы.
— Не прастарэкуй ты лішне, Макар. Садзіся вось ды шый.
— А як жа ты, Лізаветка, — ты ж нешта прынесла?
— Паспею. Дай хоць адсапціся.
— Сядзь, дарагая, сядзь. Сагрэй бяседай сэрцайка. Яно ж i спяваецца: «Ах, божа ж мой, адзінота мая, прападае ўся работа мая!..»
Хросны сеў за машыну, заварушыў вялізнымі валёнкамі на рашотцы, i першы цуд яго беднай хаціны — магутны «зінгер» — загаманіў.
Мішка спачатку, цікаўна застыўшы, сачыў, як скача-гуляе блішчасты шпянёк, як круціцца белая шпулька. А потым — усё адно i тое ж, адно i тое ж… I ён пачаў патроху ныць:
— Мама, хадзем дадому… Мама…
— Паспееш. I дыхнуць з-за вас няма калі.
— Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.
Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай i цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо… Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана — трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам i дастаў адтуль другі цуд свае хаты — кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.
— Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут i ляжыць.
У кнізе той цацкі — ну, як жывыя!..
На першай старонцы — зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.
На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках са шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады i вось-вось скажа: «П-пых!»
— Цікні,— шапнуў Мішку Андрэй. — Мой хросны! I абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.
— Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж…»
А яны рагаталі, як дурні.
Пасля пачалася прымерка.
Хросны раскаціў на стале шарачак i аберуч пагладзіў яго.
— Роўненькі, гладзенькі… Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка…
— От, мерай ты, Макар. Каторая пара.
— I паабедаеце, госдікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй — чым багат, тым i рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.
Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам:
лізавецгн. мгшка. пятровіч, Штанэ
Тады прыгнуўся са сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.
— Ага, — схамянуўся ён, адагнуўшыся, — А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?
— Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі — кавалеры! З засланкай ды з нагруднікам. Абодвум.
— Даўжыня: семдзесят два, — сказаў i запісаў хросны. — Подшаг, — шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.
Сам ён, хросны, маленькі i так, а сагнецца — дык i зусім. А за ім стаіць Андрэй. Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, i — зараза! — падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага i маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся i з натугі:
— П-пых!
Хлопчыкі пырснулі смехам.
I мама здагадалася нарэшце, што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, a кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.
Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.
Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут иабудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя i круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў — яшчэ i бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто… Бо вось ён, стары ўжо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў… А ж мама не вытрывала:
— Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос? Хросны зірнуў на руку, здагадаўся i, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:
— Сорак другі год так свянчуся… Ніяк не адвыкну…
I ад душы зарагатаў. А з ім разам, вядома, i хлопцы. Нават i мама, што так даўно не смяялася. Трэці, найбольшы цуд!
1943
ПАМОЧНІЦА
Яна яшчэ спала б, хоць мухі ройма гудуць, дакучаюць, кусаюцца, хоць Васіль разроўся ў калысцы, што ледзь бабуля яго супакоіла. Ды вось прыйшоў Шурыкаў дзед. З бядою — учора малыя гулялі на іхнім двары i зацягнулі кудысьці аброць. Мілачку будзяць i шмат разоў, на ўсе лады гавораць ёй пра аброць. Вочы малое сонна моргаюць, i гэтак жа клоніць зноў на падушку! Але Шурыкаў дзед яшчэ ўсё пытаецца:
— Ну i што, дзе аброць?
Прыходзіцца ўсё ж такі ўспомніць, што яна, «гэты во», мусіць, там, на прыгумснні, дзе ляжыць перавернуты воз, дзе кошка несла вераб'я, а яны, «гэты во», пабеглі за ёю, забыўшыся пра гульню ў «коні»…
— Вось i ўсё, маладзец, — кажа Шурыкаў дзед.
Міла сядзіць у нерашучасці: ці спаць яшчэ, ці ўжо ўставаць?
— A ўжо ж, — кажа бабуля, — разбуркалася трохі, дык i ўставай за адным скрыпам.
Памыкаўшы трохі, малая даецца апранаць яе. Рукі старое дрыжаць, a ўнучка ўжо шчабеча. Нібы здагадваючыся пра тое, што i ўдзень, i ўначы мучыць яе бабулю, Міла расказвае сон:
— Я сплю, бабка, ляжу сабе i сплю, i сню — здаецца, нашы дзверы рры-ып i адчыніліся, а дзядзька Хведар — тыц у хату! Прыехаў! Вярнуўся!..
Старая глядзіць на сваю шчабятуху, сумна ўсміхаецца i кажа:
— Ах ты, Ганулька!..
Міла ўжо ведае, што Канцавая Гануля — старая лгунка. «Ілжэ i не круціцца, — кажа пра яе бабуля. — Нібы казку табе расказвае. Прыйшлі, кажа, надоечы сем ваўкоў, пад'елі на нашым двары са свінога карыта з рабым кныручком i палеглі на возе паспаць… I сон яна табе сасніць на ўсякую патрэбу — толькі слухай…»