Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Пакуль касіліся палосы падоўжныя, галоўныя ды законныя жыхары лужка, смешна-настырлівыя скрыпачы, што не скрыпелі ўжо цяпер, у другой палавіне жніўня, — драчы з драчыхамі і драчанятамі абодвух вывадкаў нябачна ды нячутна перабягалі на той участак травы, які быў падзелены палоскамі ўпоперак. А ўжо адтуль яны пасля, яшчэ больш устрывожана перабіраліся ў клін нечапанага Гуртавога. Пакуль было ціха ў абед і потым, пакуль зусім побач шумела крыкам ды рогатам веча, бедныя скрыпачы сядзелі, прытаіўшыся ўжо ў невялікім для ўсіх іх трохкутніку травы, паміж свежай пакошай, вытаўчаным каровамі ржышчам і голай, як зялёны бубен, пашай. Абдумвалі, абмяркоўвалі, бедавалі…

— Хлопцы, драчэ!

Крыкнуў хтосьці з касцоў. Голас трывогі, радасці і каманды.

Усе касцы, уся басаногая публіка розных узростаў як быццам толькі цяпер зразумелі, успомнілі, што ж такое павінна адбыцца, што тут у гэткі дзень бывала штогоду.

Драчы, відаць, таксама па нейкай сваёй камандзе, дружна высыпалі з апошняга кліна травы на голую роўнядзь пашы.

Людзі — за імі. Першыя сыпанулі пастушкі. Тады касцы, пакінуўшы косы ў траве, рэдка каторы ўваткнуўшы яе касільнам у зямлю. Рушылі нават і пажылыя з аброцямі, нават і той біблейскі каментатар, ужо тым часам сівы і прыгорблены гультай Самусь.

З гікам, свістам і смехам ляцелі яны па маленькай, выгрызенай траве, так ласкавай для ног, за пільніцу папораных іржышчам і ў малога, і ў дарослага. Ляцелі ва ўсе бакі і, адначасна, усе ў адзін бок — наўздагон за юркімі, шэра-бурымі скрыпачамі, што нейкаю сутулай ды імклівай пехатой і смешным подлетам, не падцягнуўшы ног, сыпаліся ў недалёкую бульбу за пашай.

Як і заўсёды, кожнага года, ніхто нічога не дагнаў, ніхто нічога не злавіў. Бо нездарма ж гаворыцца, што яны, драчы, і ў вырай бегаюць пехатою. Ніхто нічога не забіў, хоць пастушкі каторыя і кідалі здуру кіямі. Затое смеху было, радасці — усім. Не толькі чарнаногай малечы, якая спачатку, на веча, цярпліва сядзела, а потым стаяла каля касцоў, добра ведаючы, чаго яна тут чакае. Не толькі нам, маладым ды нястомным. Не толькі мне, «паклонніку красы жыцця». Але і тым, хто, на думку маю і маіх аднагодкаў, тады ўжо быў стары, у каго ўжо для хатняй і надворнай лаянкі, для ўшчування ды вохкання былі не толькі бацькі, але ж і жонкі, і маладыя яшчэ і ўжо не вельмі.

Раскрыццё таямніцы ўражвае па-рознаму.

Быў у маім пастушыным маленстве такі незвычайны выпадак. На пашы. Нечы конь, відаць, адмахваючыся ад заядзі, учапіўся хвастом за калючы дрот агароджы ад поля, ірвануўся і пабег, пакінуўшы на дроце, каля самага слупка, жменю заблытанага валосся. І вось шпаку чамусьці собіла сесці іменна там. Ён ублытаўся лапкай, і як жа, бедны, ірваўся, як верашчаў, калі я, адзін са свіных пастушкоў, найбліжэй падбягаў да яго, браў яго, трапыхлівага, ваяўнічага, ў руку, выблытваў з валосся яго лапку, а потым яшчэ трохі трымаў у дрыготкай жмені і глядзеў, угаворваў яго не баяцца. Майго першага і, як дагэтуль, адзінага шпака — так блізка, у руцэ. Я выпусціў яго, упершыню адчуўшы шчасце даць камусьці волю, упершыню як быццам зразумеўшы, што так яно, калі ён на дрэве, а я на зямлі, калі ён шчабеча, а я любуюся, — што так яно найлепш.

Потым я разумеў, што калі ў супакоеным жыце, калоссе якога яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца, калі ў духмяным і таямнічым бязмежжы гэтай красы, недзе з самага дна, ад самай зямлі пачынае падаваць свой голас перапёлка, — я разумеў, што гэта найлепш, калі яна там, а я тут, дзе я стаю або іду і раз-поразу спыняюся, каб паслухаць.

Я разумеў, гэта праўда. Але праўда і тое, што мне заўсёды хацелася, а калі дык і вельмі хацелася ўбачыць яе зусім блізка. Ужо не патрымаць у руцэ, як хацелася гэта раней, а толькі зблізку-зблізку паглядзець.

Таксама і з драчом.

Таксама і трохі інакш.

Перапёлка жыла для мяне не толькі ў збожжы, — я ведаў песні пра яе, яны мне падабаліся, яны мяне хвалявалі, і гэта паэтычна аддаляла яе ад мае жмені і ад вачэй, што хацелі б наблізіцца да яе… ну зусім.

А пра драча ніякіх песняў не было. Былі адны кепікі, хлёсткія, рыфмаваныя, але такія, што мы пры бацьках не асмельваліся іх паўтараць, хоць і бацькі нашы таксама ж былі ў свой час пастушкамі і ўсе такое ведалі. «Драч, драч, сеў с…!..» Дзярыся, браток, толькі не пападайся. Хоць і вельмі хацелася б паглядзець, як гэта ты там стаіўся ў роснай траве, і як прыўстаеш ды дзярэшся, рупліва паварочваешся ва ўсе бакі начнога свету, столькі ўжо часу думаючы, што гэта ў цябе сапраўдная песня, што ўсе павінны чуць яе, што гэта не смешна, а вельмі хораша.

І вось тут раптам — колькі іх, лугавых скрыпачоў! Якое вясёлае раскрыццё травяной таямніцы! Колькі людзей — малых, дарослых і нават старых — бяжыць за вамі, смеючыся, хочучы злавіць і ведаючы, што не надта зловіш, і не кідаючы нічым наўздагон, каб не забіць з блазенскага дуру!..

Ведаю, ведаю я, што не гэтым смехам, не гэтай радасцю жылі тады людзі, што і наогул яны не гэтым, перш за ўсё, жывуць.

І самі яны, мае землякі, яшчэ лепш, гарбом ды нутром, ведалі, што іх трымае на вадзе.

Аднак чаму ж яны так радасна смяяліся, ледзь не дзіцячым, чыстым смехам, чаму так доўга і так светла помніцца мне гэты смех? Не гаснучы ў памяці, не зацёршыся ў безлічы іншых, куды значнейшых падзей. Як момант чыстай чалавечай блізкасці, глыток высокай радасці жыцця, хоць часовага забыцця пра клопаты, беды і сваркі будзёншчыны.

…З тых, што смяяліся тады, многіх ужо няма. Па трох, па двух, па адным-адзіным з хаты — многія не вярнуліся з вайны. З тых, што вярнуліся, адны ўжо спакваля за столькі год паперабіраліся з вёскі на ўзгорак за гасцінцам, дзе ім шумяць маладыя бярозкі і велічны, несмяротны дуб. Жывыя неўпрыцям і даволі растрэсена пастарэлі, хто з выгляду цэлы, а хто без рукі, без нагі.

Я не пытаўся ў нікога з іх, але здаецца мне, верыцца нават, што той наш далёкі перадваенны смех, той наш блазенскі крос за драчамі па шашы, не толькі мне аднаму ўспамінаўся ў сумную або нялёгкую часіну, дома ці недзе далёка ад родных мясцін.

1969

ВЕРАСЕНЬ

Дубовыя бочкі — звонкія, літыя — моцна стаяць на зямлі. Кошыкі зялёныя, лазовыя, i белыя, з карэння. Рашоты напамінаюць духмянасць свежай мукі, ражкі — гарачы, масляны пах аладак. Вазы, скрынкі, мяхі, у якіх парасяты. Несціханы, няўмольны парасячы віск. Неабходны смурод. Грузавыя машыны стаяць асобна, легкавыя i матацыклы — таксама. Сельпоўскія грузавікі з каляровай стракатасцю шырпатрэба — ад газавай хусцінкі да чорных, непераможных ботаў. Вязкі i «ніткі» сухіх грыбоў. Колькі працы i радасці, красы роднай прыроды ў гэтым моцным, здаровым, хвалюючым водары! Сала аполкамі. Буйныя светла-карычневыя яйкі. Жоўценькае масла.

— Яно ў вас смачнае?

— Не-а.

— Я на нюх пазнаю.

— А я дык яго ні на нюх, ні на слух не ведаю. От, ем сабе, колькі жыву, ад аднае каровы.

Хітрая, спраўная, стрымана вясёлая жанчына. Амаль маладзіца, a ўжо чырвоныя боцікі хоча купіць не сабе, а дачцэ.

Яблыкі, грушы, слівы!.. Кладучы на вагу, цётка (другая ўжо, старэйшая) не вельмі каб спрытна стараецца выбіраць драбнейшыя. Дый важыць па-аптэчнаму. A ў дзядзькі — менш дамавітага, больш бывалага — больш паэтычных адносін да жыцця.

— Я што — за яблыка ці за грушу буду дрыжаць? На табе, браце, i перавес.

Ясны i цёплы верасень. Дзень, што пачаўся туманам, а потым — калі нам з дарогі, з дубовага гаю адкрыўся горад з чырванадахім касцёлам i бура-цагляным агрызкам руінаў на замчышчы — стаў неяк раптам сонечны. Ажно стары, маўклівы шафёр не вытрымаў:

— Навагрудак у аб'яціях сонца!

Апоўдні, калі мы вярталіся ў Мінск, туманец яшчэ слаўся, поўз над свежай раллёю, каля маладога густога ельнічку прыдарожнай ахоўнай паласы. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які яшчэ трэба бясконца пісаць.

102
{"b":"598983","o":1}