Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар. А назаўтра ўранку выбягалі сюды, адзін перад адным, як найраней. Яшчэ і тычак добра не відно, граніцу цяжка адбрысці, яшчэ і косіш нібы навобмацак. І спех такі — не столькі ад жадання ўхапіць гэтую жменю сена, пакуль стаіць пагода, як ад жадання пакрасавацца перад суседзямі спраўнасцю.
Гуртавое касілі пасля абеду, калі ўжо на падоўжных ды папярэчных палосах жанчыны пачыналі зграбаць у валкі, а то, хто гарачэйшы, і капіць сяк-так падсушаную траву. І касіць гэты шматок хвашчу, які, дарэчы, елі толькі коні, пачыналі не адразу ды не так сабе, а пасля штогадовага традыцыйнага веча.
Косы ўтыкалі канцамі касільнаў у мяккую пакошу, а самі адыходзіліся трохі і залягалі або рассядаліся на сушэйшым, падгрэбеным узмежку.
Трэба сказаць, што збіралася сюды, касіць лужок, а потым дзяліць Гуртавое, не ўся наша вёска.
Нядаўна мне давялося паглядзець у бібліятэцы польска-французскі атлас з другой палавіны ХVІІІ стагоддзя і з прыемнасцю знайсці на карце Наваградскага ваяводства свае Загора, — Sagora, як яно значыцца там у французскай транскрыпцыі. Трэба думаць, што вёска стаяла сабе і задоўга да таго атласа, што назву сваю яна вядзе здалёк, здаўна, упарта і самавіта не згаджаючыся стаць ні Zagorzem якім яна бывала, ні Загор'ем, якім цяпер значыцца афіцыйна. Яшчэ адно: у старым «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» у пераліку мноства вёсак з такою ж няхітраю назвай, ёсць паведамленне, што наша Загора сто год таму назад мела трыццаць сем каміноў, мясцовасць вакол яго была таксама бязлесная, а землі ўзгоркаватыя, пшанічныя.
Рэшта гісторыі — у вясковых паданнях.
Адно адчувае пасляваеннае пакаленне загорцаў, — тыя студэнты, салдаты, настаўнікі, інжынеры, урачы, якія, пад'язджаючы ў наш час да роднай, больш чым на сотню хат вялікай вёскі на ўсходнім схіле гары, бачаць шыфер і бляху, светлыя вокны ў садах, белыя сцены школы, клуба, сельмага, спраўныя будынкі брыгаднай фермы наводшыбе.
Другое адчуваю я, калі за ўсім гэтым, ужо звычайным, бачу і тое, што было, — суцэльную саламяную шэрасць значна меншай, непараўнана бяднейшай і цёмнай заходнебеларускай вёскі, што ўжо не будзе такою, якой была, якой яна, як часамі здавалася, будзе заўсёды…
Зрэшты, і тое, што жыло ў памяці нашых бацькоў і дзядоў, што мы пачулі ад іх, як казку, здавалася ім калісьці беспрасветным ды бясконцым.
Па тых паданнях, па той няпісанай гісторыі наша малое ў гады прыгону Загора належала ажно пяці панам. Хто з іх быў лепшы, хто горшы — уся гэтая разнавіднасць няволі і здзеку пайшла ў нябыт. Да дзён майго юнацтва, за сем дзесяткаў год ад ліквідацыі паншчыны, дайшлі толькі назвы «схедаў»[25], частак вёскі — па некалькі хат — ад колішняй прыналежнасці да памешчыкаў: «свідзінскія», «судзёўскія», «гнаінскія», «лісіцкія», «ёдчыны». Відаць, памыляюся нават у назвах, бо і тады ўжо гэта было мне, майму пакаленню зусім нецікава. Тады ўжо вёска дзялілася толькі на дзве часткі: вышэйшая палавіна, што размясцілася на гары — «нагорскія», а наша, усходняя частка, у даліне — «ёдчыны». Яшчэ ўсё як на ўспамін пра нейкага, ледзь не міфічнага, пана Ёдку.
Гуртавое належала «ёдчыным». Аднак, пакуль ішла падрыхтоўка да веча, пакуль тое веча цягнулася, тут збіралася многа людзей з усёй вёскі. Той завёў кабылу на пашу — падышоў сюды з аброццю. Другі ішоў па кабылу — таксама спыніўся, а потым прысеў. Хто з поля, хто з вёскі падышлі на гоман і засталіся, як на цікавым, вельмі нячастым відовішчы — на хвілінку — да самай касьбы.
— Дык што мы будзем, мужчыны, рабіць з Гуртавым?
Пытанне гэтае, здаўна і штогоду, ставіў звычайна хто-небудзь са старэйшых гаспадароў. Не дамаўляючыся пра чаргу, не забягаючы наперад, але ж з прыкметнай ахвотай і амаль з дзяржаўнай важнасцю.
Адказвалі яму, як і заўсёды, тое самае, як быццам у гэтай справе не было ўжо вопыту, пэўнага стандарту вырашэння. Зноў выстаўляліся на суд, даўно вядомыя, тры варыянты:
1. Разбіць на палосы і скасіць ды прыбраць кожны сваё.
2. Прадаць траву і купіць пажарную бочку.
3. Скасіць, згрэбці, скапіць гуртам і ў копах, па жэрабю, падзяліць.
Пачынаючы з пастушковага ўзросту, больш за дзесяць разоў я быў на гэтым вечы назіральнікам і слухачом, без права голасу. Спачатку па малалецтву, а потым, хоць і грабец і, нарэшце, касец, пры двух старэйшых братах — не гаспадар.
Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны.
Штогадовыя веча помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы — ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама і Евы, пра якое, як і пра шмат чаго іншага, расказваў — у сваім варыянце — вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун і песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.
Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:
«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўсё роўна гонішся!..»
«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі іх на чый комін прыходзіцца!..»
«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»
Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабранае за цэлы год нездавальненне і варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы і ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:
«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»
«Паможаш хіба, калі памолішся?..»
«От дзе каб нашых баб і праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»
Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў нехта хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. Для песні патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды і клопаты. Калі ж і пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як не доўгія былі і сваркі.
Больш было жартаў і смеху.
Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку і ў вёсцы, і наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. І таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да іх лепшым, глыбейшым і — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў і пісаў у вольны ад работы час, — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю і бедняку, — патрэбна маёю шчырасцю, нашай праўдай, якая сваімі фарбамі і гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы і песні, роднага суму і смеху.
Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся вёска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць і мелі сваю пашахонскую рацыю.
Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, а другі раз так і ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да іх «нагорскія» збяруць сваю палавіну.
Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі, — не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.
Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак, што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонца не чакала. І касьба гэтая помніцца, як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды і было.
Касцы ўставалі.
І зноў жа хтосьці першы — не па чыне ды не па выбару, а хто быў найбліжэй — станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.