Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яны ішлі не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з ім трэба ісці ўподбег, каб не адстаць. А тут ён ішоў надзіва павольна — магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забыліся, да каго і з якой прычыны ідуць.

— Што, аднак, ты думаеш рабіць з дачай?

— Паеду, раскладу пасярод кабінета касцёр, пагрэю вочы… Асалода на ўсё жыццё.

— Не вярзі лухты, Кірыла.

— А як інакш ты яе знясеш за месяц? Куды?

Тры дні назад яны атрымалі рашэнне аблвыканкома, у якім ім прапаноўвалася ў месячны тэрмін знесці дачу. Матывы: зямельны ўчастак адведзены райвыканкомам незаконна. Яраша гэтая бюракратычная паперка здзівіла, пакрыўдзіла і расстроіла, Кірылу — абурыла.

— Гуканаў ход канём! — адразу здагадаўся ён.

— Але ж гэта не яго сфера.

— Ты наіўны чалавек, доктар.

— Навошта яму?

— Даць нам лішні клопат, выбіць з нармальнай каляіны, адцягнуць увагу, абвінаваціць у прыватна-ўласніцкіх тэндэнцыях. Зусім нядрэнна прыдумана. Заадно паказаць сваю прынцыповасць і непрымірымасць да перажыткаў…

— Але як маглі прыняць такое рашэнне, не пагаварыўшы нават з намі? Быццам мы з табой дармаеды нейкія, — перажываў Яраш.

Яны хадзілі ў выканком. Іх ветліва прымалі, выслухоўвалі, спачувальна паціскалі плячамі. Здавалася, ніхто нічога не ведае. Толькі намеснік старшыні Мухля чамусьці ўзлаваўся:

— А што вы хацелі, таварыш Шыковіч? Будаваць асабнякі, калі людзі не маюць яшчэ звычайных кватэр? Вам волю дай — палову калгаснай зямлі захопіце…

Кірыла таксама ўзлаваўся.

— Ясна. Значыцца, ты хапуга і спекулянт, доктар Яраш! — сказаў ён сябру, які панура маўчаў, барабанячы па замку партфеля.

Мухлю стала няёмка перад Ярашам.

— Ніхто так не думае. Не кідайцеся словамі, Шыковіч. Мы абавязаны былі паправіць райвыканком.

— Іншым чынам гэта нельга зрабіць?

— Падумаем. Пастановы часам адменьваюцца.

Але пастанова не адмянілася. У той дзень яны атрымалі напамінак з раёна, на зямлі якога стаяла дача. Райвыканком скасаваў сваё, трохгадовай даўнасці, рашэнне аб адводзе ім зямельнага ўчастка. Абжытая будыніна не мела права стаяць на зямлі.

Ад злосных жартаў Кірыла паступова перайшоў да менш злоснай сур'ёзнасці і разважлівасці:

— Днямі бюро гаркома займалася майстэрнямі для мастакоў. Абавязалі гарсавет знайсці патрэбныя памяшканні. А я сам, за сумленна запрацаваныя грошы збудаваў сабе майстэрню. Мне не дача патрэбна! Мне трэба цішыня!

Ён гаварыў гучна, размахваў рукамі. Прахожыя азіраліся на яго, як на п'янага. Захапіўшыся, ён не заўважыў, што той, каму ён усё гэта гаворыць, бадай не слухае яго. Яраш раптам страціў цікавасць да гэтай дачнай праблемы, і яму стала ўсё адно, што будзе з іх дачай. Няхай хоць сапраўды Кірыла распальвае там касцёр.

Калі падыходзілі да дома, дзе жыла Зося, Антона Кузьміча апанавала незразумелае хваляванне. Такога пачуцця ён не ведаў ужо даўно, магчыма, з гадоў юнацтва. Было радасна і боязна. Амаль страшна, аж халадзела пад сэрцам. Ён прыслухаўся да сябе, каб зразумець, што гэта. І не мог зразумець. Боязь жонкі? Але адкуль гэтая радасная нецярплівасць? Як у юнака перад першым спатканнем. Дзіўна. Можа, яму няёмка перад Машай, якая, напэўна, будзе там? Не, няпраўда, што пачуцця такога ён не ведаў сто год. Яно ўжо неяк з'яўлялася і, здаецца, зусім нядаўна. Калі? З якой прычыны? Нешта знаёмае, блізкае і адначасова далёкае, забытае. Пэўна, адно — парушана душэўная раўнавага. Кім? Ці чым?

Многа год ён меў той спакой, упэўненасць, што нараджаюцца ад веры, ад пераканання ў карыснасці сваёй дзейнасці, ад пазнання людзей і з'яў ва ўсёй іх дыялектычнай складанасці. Былі, безумоўна, хваляванні: перад цяжкімі аперацыямі, перад нараджэннем дзяцей, у часе іх хваробы, пасля сварак з жонкай, ад яе беспадстаўнай рэўнасці. Але ўсё гэта было проста і ясна як божы дзень, яно ядналася адным акрэсленым паняццем — быццё. А гэтае хваляванне не падобна ні на адно з тых, ранейшых. Ён спытаў у Кірылы:

— Ты не баішся, што наш візіт падмацуе плёткі?

— А ты баішся ўсё-такі?

— Баюся, — прызнаўся Яраш, каб хоць чым-небудзь вытлумачыць свой душэўны стан. — Ты ведаеш Галіну.

— Ты проста дрэнна выхаваў яе. Ідэаліст — вось ты хто. Хірург-ідэаліст — унікальная рэдкасць. Мае сталічныя калегі, якія пішуць слязлівыя вершы, у сто разоў больш практычныя і зацвярдзелыя… Каб я напісаў, што былы падпольшчык, славуты хірург так заціснуты жончыным абцасам…

— Трапло ты. Абараняй свае тэндэнцыі. Але май на ўвазе, што я думаю аддаць сваю палавіну нашаму прафсаюзу пад летні дзіцячы сад.

Шыковіч сігануў наперад, зазірнуў знізу ўгору сябру ў твар, каб пераканацца, сказаў той сур'ёзна ці жартам. Яраш глядзеў удалеч, некуды ў канец вуліцы, быццам хацеў нешта разглядзець у святле цьмяных ліхтароў.

— У нас розныя прафсаюзы. Не памірацца. У іх аднолькавыя характары. — Шыковічу спадабаўся ўласны жарт, і ён засмяяўся.

Яраш таксама хмыкнуў.

Ім адчыніла Маша.

— Ах, вы?! — здзівілася яна. — Калі ласка! — Аднак не адступала ад дзвярэй, не прапускала іх, быццам хацела адцягнуць час і даць некаму схавацца ці замясці нейкія сляды.

Шыковіч нахіліўся і жартаўліва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавіну дзвярэй.

«Няўжо плётка дайшла і да яе?» — амаль са страхам падумаў Яраш.

Маша збянтэжана адступіла, і ён нерашуча ўвайшоў у калідор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела і папрыгажэла. У добра скроеным сінім плацці, з двух'яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць!

Зося выявіла шчырую радасць, збянтэжанасці ў яе не было ні кроплі. Яна сказала надзвычай проста:

— Якія вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.

Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоі Тараса. Хлопец сядзеў за нізкім сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы і крыху дзіўна ўсміхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, і ў душы ўхваляў яго выбар — абы толькі сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосі, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вінаватым. Што сказаць Тарасу, калі зойдзе ў пакой? Як будзе паводзіць сябе Тарас? Прыйдзецца прасіць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.

Ад гэтай думкі зрабілася да балючасці непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай.

Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.

30

Грукат крана над галавой быў для Славіка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшніка. Ён уціскаў галаву ў плечы, палахліва азіраўся і, калі плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то і зусім хаваўся за высокія станіны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука — да шкляной будкі, у якой сядзела кранаўшчыца, «дзятлік» з востранькім носікам і вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нінка заўсёды чамусьці абпінала «домікам», ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славік баяўся сустрэчы з ёй.

Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалі кіраўнікі цэха і амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славіка. І Генрыха. Яны былі заняты другім станком: прыладжвалі зманціраваны электрыкамі праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную і марудную работу заўсёды браў на сябе будучы інжынер. А ў Славіка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, набліжаўся экзамен на разрад, і трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсіх вузлоў.

Усунуўшы галовы ў люкі тумбы, яны падганялі счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.

Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Звінелі шыбы і дрынчалі незамацаваныя дэталі і ключы на станку.

І раптам усё сціхла: кран спыніўся, замёр. Славік упусціў гайкі, якія падаваў Генрыху. Спіной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкі крук павіс якраз над ім. Больш таго, ён адчуў позірк Ніны, яна высунулася са сваёй шкляной будкі і глядзіць… глядзіць на яго.

86
{"b":"205285","o":1}