Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Я Славіка сустрэў. І ён зацягнуў мяне ў рэстаран.

Усмешка знікла з твару жанчыны.

— Славік зацягнуў? — І ў голасе яе прагучала недаверлівасць. — Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?

— Сказаў, што галодны, з раніцы нічога не еў. А па-мойму, схлусіў. У рэстаране ён часты госць. Усіх афіцыянтак ведае.

— Афіцыянтак? — Валянціна Андрэеўна адразу змянілася з твару. Не, не пабялела і не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явілася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вінавата ўсміхнулася, прыгладзіла валасы на скронях. Нічога не стала распытваць. Сказала: — Адбіваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.

Яна была аб'ектыўны і разумны педагог. Але ў першую чаргу — маці. Як педагог паверыла Тарасу. Як маці адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставіла ў прыклад сваім дзецям. А цяпер падумала: «Грубаваты хлопец, недалікатны. Таварыскай салідарнасці не мае. Калі ўжо разам былі, прамаўчы».

Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына — хочацца, каб і на другіх былі плямы.

Хутка Валянціна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну і пайшла ў хату.

Галіна Адамаўна, якая адчула гэтую змену ў настроі сяброўкі, з дакорам сказала Тарасу:

— Нядобра так… Трэба разумець, што маці чуць такое балюча. Ты мог бы і памаўчаць.

— Ды нельга маўчаць, Галіна Адамаўна! — запярэчыў Тарас. — Каб вы ведалі, як ён паводзіў сябе і якую лухту гарадзіў. Ва ўсім расчараваўся, усё яму абрыдла, усё не падабаецца. А мы будзем глядзець і маўчаць? У нас часта так робяць. Ад бацькоў хаваць, ад грамадскасці… Пакуль чалавек не апынецца ў балоце. Тады будзем ахаць. Не. Я знарок. Яшчэ Кірылу Васільевічу скажу. Няхай ён пацікавіцца, чым там камсамол займаецца на студыі.

— А сам піў з ім, — усё яшчэ хмурылася Наташа.

— Не сунь носа ў мужчынскія справы! — асек яе Віця.

— Фу, мужчыны! — зняважліва фыркнула дзяўчынка і паскакала на адной назе да ручая.

— Піў я дарэмна, — разважліва згадзіўся Тарас, звяртаючыся да Галіны Адамаўны. — Але каб вы бачылі, як ён умее заказваць. Сціва Аблонскі! Калі ён схлусіў, што ў яго ні капейкі грошай, баюся, што наліжацца. І, чаго добрага, накуралесіць.

Выпіўшы з Тарасам дзве трэці ад заказаных трохсот грамаў, Славік хадзіў і шукаў, за чый кошт пажывіцца яшчэ. І знайшоў у парку. Адзін графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыі Шыковіча, ён настойліва шукаў сцежку да яго «чэрствага сэрца». Падвярнуўся сын Шыковіча. Што ж, можна паспрабаваць зрабіць і такі ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыі: там таксама можа спатрэбіцца пратэкцыя.

Працу сваю малады Шыковіч любіў. Але пасля таго як высмеяў сваё асістэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мізэрнай і смешнай. Падвыпіўшы, ён вырашыў на работу не ісці. Адбудзецца перадача і без яго.

Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славіка пачало дваіцца ў вачах. Насупраць сядзелі два «вялікія паэты». Падавалі дзве «каралевы» з каронамі на галаве. А міма адкрытай пляцоўкі летняга рэстарана хадзіла то двое, то цэлы атрад дружыннікаў. Славік баяўся дружыннікаў больш, чым міліцыі.

Прыйшло ў галаву, што яны пільнуюць яго. Таму ў хвіліну прасвятлення ён уцёк ад «вялікага паэта», які ўвесь вечар чытаў вершы. Нырнуў у кусты, выйшаў цераз глухія вароты з парку і з найлепшым намерам — пільнаваць кватэру, каб не залезлі зладзеі, — ішоў дадому. Але, на няшчасце, кватэра яго была побач з гатэлем.

У гэты абласны горад не так часта заязджаюць замежныя турысты. Але ў той летні вечар спыніліся праездам з поўдня ў Ленінград ангельскія студэнты. На дзвюх вялікіх старамодных машынах. Машыны сабралі цэлы натоўп зявак. Славік, безумоўна, адразу далучыўся да іх. П'янаму, калі ён даведаўся, што гэта ангельскія студэнты, страшэнна захацелася абмеркаваць з імі некаторыя міжнародныя праблемы. Пайшоў шукаць гасцей. Яны вячэралі ў рэстаране. Славіка не пусцілі туды. Гэта яшчэ больш распаліла, раззлавала яго, умацавала рашучасць дабрацца да турыстаў любым чынам. Ён пралез у рэстаран праз кухню, ведаў усе хады і выхады — жыў побач, часам, па даручэнню маці, купляў абеды на дом.

Ён шумна прывітаў ангельцаў. Тыя ўзрадаваліся выпадку пазнаёміцца з савецкім юнаком і запрасілі яго к сталу. Але ангельскую мову Славік вучыў — абы выцягнуць на тройку. Ды і тое, што вывучыў, за год забыўся. Вымаўленне ў яго было жахлівае. Запас слоў бедны. Ды яшчэ да таго ж ап'яненне. Хацеў сказаць адно, а выходзіла зусім другое, супрацьлеглае. Пры ўсёй сваёй стрыманасці і паважнасці ангельцы не вытрымалі. Моладзь ёсць моладзь. Спачатку — ветлівы смех, потым — выбухі рогату. Гэты рогат абразіў Славіка. Ён хоча пагутарыць зусім сур'ёзна, даведацца, напрыклад, што яны думаюць пра вайну і мір, а яны — вось як, рагочуць… Чакайце ж! І Славік перайшоў на родную мову:

— Чаму ржаце, як шатландскія жарабцы? Чэрці рыжыя! Шпіёніць прыехалі? Куды атамную бомбу скінуць? Дык мы на вас дзесяць скінем! І ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!

Па-ангельску ангельцы не разумелі, па-расейску зразумелі. Усхапіліся ўсе адразу. Не столькі ад абурэння, колькі ад нечаканасці, ад боязі скандалу. Абурыліся наведвальнікі. Усхадзілася ўся прыслуга рэстарана. Ветліва, пад ручкі, вывелі Славіка з гатэля і перадалі дружыннікам. Тыя не былі такімі ветлівымі і, калі Славік пачаў куралесіць, далі кухталёў.

Прачнуўся хлопец у працвярэзніку. Балела галава і ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, і адразу ўявіў маці, як яна будзе перажываць. І хацелася яму… не, не памерці, а збегчы на край свету. Але яго нікуды не пусцілі. Павялі ў народны суд. Вось тут Славіку хацелася памерці. Суддзя — іх знаёмая, Зоя Цімафееўна. Жылі ў адным доме. У госці прыходзіла, у лес разам ездзілі. Славік глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злітуйся, усё жыццё буду дзякаваць.

Але поўная, з шырокім добрым тварам жанчына толькі на нейкі момант глыбока задумалася. А потым без лішніх роспытаў і натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.

7

Гукану далажыў пра выпадак з Шыковічам-малодшым начальнік міліцыі. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цікавасці. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькі ні валіцца на яго палыселую галаву, усім трэба займацца. Спытаў філасофскі разважліва:

— Скажы мне, Сізоненка, хто вінаваты, што растуць вось такія?..

Падпалкоўнік чвэрць стагоддзя праслужыў у міліцыі і навучыўся з незвычайнай праніклівасцю адгадваць, які адказ патрэбны начальству ў той ці іншы момант. Толькі з Гуканам у яго гэта не выходзіла. Гукана немагчыма было раскусіць. Пры суровасці на твары ён нечакана выяўляўся добрым і ласкавым, калі пачынаў нешта вырашаць. І наадварот, пры знешняй весялосці і ветлівасці аказваўся дужа круты.

Сізоненка ўспомніў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад міліцэйскіх спраў твар яго ўсё больш і больш выцягваўся, некуды ў падброўе схаваліся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнімаючы галавы ад папер. Таму Сізоненка пачаў манеўраваць:

— Усе патроху.

— Хто?

— Школа. Камсамол. Мы.

— Хто «мы»?

— Міліцыя, я маю на ўвазе. Не праводзім прафілактычных мер… Ліберальнічаем.

— А бацькі? — Гукан узняў галаву.

Сізоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусім просты адказ.

— Бацькі — гэта само сабой… У першую чаргу, безумоўна, бацькі.

— Правільна. У першую чаргу, — згадзіўся Гукан.

І больш ні слова пра гэта. Былі другія справы.

Але калі начальнік міліцыі пайшоў, Сямён Парфёнавіч падняўся з-за стала, на сярэдзіне кабінета смачна пацягнуўся і бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамі. Ён нярэдка рабіў такую размінку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой — тым хутчэй рухі. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварыліся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нічога не казаць. Вось жа даў бог намесніка. І за яго гарой Тарасаў.

26
{"b":"205285","o":1}