Ён выходзіў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкім асаблівым гонарам. Чамусьці яму хацелася, каб у гэты міг яго ўбачыў бацька.
16
Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго і глядзі, разаб'е. А дарогі такой — кіламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары — тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камяні; у дубовых гаях — старыя грэблі, на якіх мала засталося насцілу, адны ямы, палітыя ўчарашнім дажджом. Шафёр ні на што не зважаў. А побач з ім у кабіне бестурботна спаў старшыня. Шыковіч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго і дзвюх дзяўчат-калгасніц кідала ў кузаве, як тыя кавуны, — ад борта да борта. Дзяўчаты смяяліся, хапаліся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалі хапацца і за яго. Кірылу падабалася такая непасрэднасць і тое, што яго не лічаць яшчэ за старога, калі падбіваюць на жарты. Неяк асабліва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якіх пахла зямлёй і зернем. Ад мяшкоў, на якіх яны сядзелі, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковіч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсціся.
Нарэшце выехалі з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянікі — што коўдра, роўная і мяккая. І дзіўна — ці так здалося на раўніне, дзе няма за што зачапіцца воку, ці на самай справе — шафёр павёў машыну асцярожней і павольней. Сціхлі дзяўчаты, як бы засаромеліся сваёй лясной гарэзлівасці. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабіны пацягнула папяросным дымком.
Кірыла прылёг на мяшкі і паглыбіўся ў разважанні.
«Трэба будзе выясніць, колькі служыць машына пры такіх дарогах і такой яздзе. Варта ўставіць дзе-небудзь пра тып старшыні, як з гадамі мяняецца іх знешні выгляд. Такіх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года».
Немалады — год пад пяцьдзесят — старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кіраўнікоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, відаць, не мытай, гімнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галіфэ, у пажоўклых ботах і, галоўнае, з кірзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такі прываражыла Шыковіча. «Няўжо з ваеннага часу?» — карцела спытаць.
Убачыўшы каля складоў «Закупзерне» старшыню з Загалля, Шыковіч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкі ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнікі рэдка заглядваюць.
Беразоўскі — стары знаёмы Шыковіча, некалі працаваў у абкоме камсамола. Малады энергічны сакратар. Сустрэў Шыковіча з радасцю:
— Нарэшце ты заглянуў і ў наш забыты творцамі раён. Цяпер я цябе не выпушчу.
— Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля.
Сакратар насцярожыўся:
— Чаму адразу ў Загалле?
— Ды так. Кажуць, цікавая вёска, — ухіліўся ад тлумачэння Шыковіч.
— Вёска за сямю лясамі, дзевяццю балотамі. Этнаграфічны куток. Гэтым і цікава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы.
— А мне і трэба не самы лепшы.
— Значыцца, маеш намер пісаць разгром?
— А ты баішся?
— А хто не баіцца? Ваш брат настрочыць — а нас на бюро абкома па сігналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шмат якія намаганні тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынікі…
— Незадаволены вынікамі?
— Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяці цэнтнераў ніяк не можам узняцца.
— А кукуруза?
— Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста.
— Лепшая, чым летась?
— Лепшая!
— А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот?
Беразоўскі засмяяўся:
— Гэта твой друг Раманаў у кабінеце на паперы вырошчваў па гэтулькі.
— Ты ў яго быў трэцім. Маеш вопыт.
— Цяпер за такі вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, — сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат.
— А не здаецца табе, Барыс Пятровіч, што нежаданне пусціць журналіста ў слабы калгас — гэта сцэна з той жа оперы «Паказуха»?
Беразоўскі пакрыўдзіўся:
— Я хацеў памагчы табе напісаць такі нарыс, за які цябе, пісаку, пахвалілі б, а ты вунь як вытлумачыў… Ну дык каціся ты ў сваё Загалле.
— А як туды дакаціцца?
— Добра. Не будзем крыўдзіцца адзін на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзіны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ і пасля завязу цябе сам.
Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковіч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, і натрапіў у канторы на загальскага старшыню.
Грак, калі Шыковіч звярнуўся да яго, акінуў падазроным позіркам, спытаў коратка:
— Хто?
— Лектар.
Шыковіч не хлусіў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыі лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабіў даклады пра літаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць іх думкі.
— Лектар — рэч патрэбная, — паблажліва дазволіў пад'ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялічкая, ніякі не рэвізор, ён тут жа страціў усялякую цікавасць да гэтай «рэчы патрэбнай».
Шыковіча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён — «рэч патрэбная», не стрымаўся — усміхнуўся, пакруціў галавой. Дзяўчаты глядзелі на яго як на дзівака.
Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскімі грэблямі. І вось яно — Загалле, вялікае сяло ў падкове дубовых гаёў.
Не вызначаюцца яшчэ асаблівай навізной нашы вёскі. Пра гэта многа гаварылі і пісалі. Пісаў і Шыковіч. Але амаль усюды, дзе ён ні ездзіў, то бачыў побач са старымі хатамі новыя збудаванні: ці то тыповая школа, бальніца, клуб, ці новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць і нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай і шыферам, і бадай што ва ўсіх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнікі, свінарнікі, над якімі ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавікі. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нічога новага не было ў Загаллі. Сяло ў вайну не гарэла. І ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нізкімі і маленькімі акенцамі, з замшэлымі стрэхамі. Быццам і не раслі тут людзі, не жаніліся, не аддзяляліся ад бацькоў, не заводзілі свой куток, не дбалі, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскі.
Калгасныя патрэбы, відаць, задавальнялі тыя хлявы і свірны, якія злеплены былі пасля калектывізацыі з абагуленых гумнаў.
На доўгай травяністай вуліцы гуляла многа малых, пасвіліся шматлікія чароды гусей. Відаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковіча ўразілі андаракі на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфічны куток. Кірыла чамусьці падумаў пра адзенне старшыні і яго пацёртую кірзавую сумку. Андаракі хоць прыгожыя — квяцістыя. Трэба купіць адзін — для экзотыкі.
Машына спынілася насупраць дома, які стаяў у глыбіні старога і, пэўна, здзічэлага саду: пладоў на яблынях і грушах не было. У суседніх сялянскіх садках чырванабокія яблыкі былі відны здалёк.
Старшыня выскачыў з кабіны і, нічога не сказаўшы Шыковічу, не запрасіўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай.
Калі машына адышла, Шыковіч застаўся адзін на вуліцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якія таксама выскачылі з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшыні ці калгасная канцылярыя? Ён толькі беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскі дом. На другім баку вуліцы ці, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўваліся вуліцы) узвышалася былая царква. Шыковічу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будыніне — клуб ці склад?
Ды раптам з'явіўся Грак. Без сумкі. З прыветлівай усмешкай на ўвесь шырокі загарэлы твар:
— Таварыш Шыковіч?
Кірыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалі, пазваніў Беразоўскі. Усміхнуўся ў адказ.