Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Кірыла Васільевіч! — Усё было высветлена. — Як жа можна так? Ай-я-яй… — Старшыня дакорліва ківаў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. — Я разумею, ваш брат, інжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалі, хто на іх глядзіць. Але мне вы павінны былі сказаць. Калі трэба, я — ні гу-гу.

— Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабіць. Можна сёння сабраць людзей?

— На ваша імя прыляцяць, як матылі на агонь.

«Ого, — падумаў Шыковіч, — ды ён галантны мужчына. Можа і кампліменты выдаваць».

Ветліва адчыніўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога:

— Трышка! Абвясціць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пісьменнік Шыковіч! У дзевяць гадзін усе як адзін у клуб, слухаць лекцыю!

Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалістай (лепшы парыжскі цырульнік не зрабіў бы такой прычоскі, як зрабіла прырода), раней чым кінуцца выконваць загад старшыні, шчыра і моцна паціснуў Шыковічу руку і паведаміў:

— Я чытаў вашу аповесць. І фельетоны.

Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьці скептычна ўсміхалася. Відно было, што гэта маладая маці: кофтачку на кнопках распіралі поўныя грудзі, з белага твару не сышлі яшчэ плямы. Пры паўнаце постаці твар гэты здаваўся худым, хваравітым і, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы — вялікія, чорныя, хітрыя і разумныя. Ды яшчэ валасы, такія ж чорныя, скручаныя на патыліцы ў вялікую куксу, рабілі жанчыну прыгожай.

Неспадзявана для Шыковіча агульны пакой канцылярыі аказаўся даволі чыстым і ўтульным — нават вазоны на падаконніку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымі плакатамі, падабранымі больш па яркасці і прыгажосці, чым па іх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якім з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканіна, гума і іншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкі.

Грак адчыніў дзверы з шыльдачкай: «Старшыня праўлення», але Шыковіч зрабіў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкі працадзён, і не пайшоў у кабінет.

Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай.

Шыковіч здагадаўся, пра што, і перапыніў іх:

— Таварыш Грак, калі вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзіны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамі гады і пры нашай камплекцыі многа есці — самагубства.

Грак засмяяўся:

— Я думаю, ад яды ніхто не памёр. Можа, памідорчыкаў, гурочкаў маласольных? А?

— З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру.

— А палуднічак павінен быць.

Цяпер ужо засмяялася жанчына.

— Энергія траціцца ад усялякай работы, — глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць.

— У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сідараўна жывая, здаровая?

— Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! — кінуў амаль злосна Грак.

— Баптыстка? — здзівіўся Шыковіч.

— Ды не баптыстка яна! — запярэчыла бухгалтар.

— Ну не ведаю, якому яна ідалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хітрая, чым тыя, якіх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясціла сябе знахаркай. Варажбіткай.

— Ды не варожыць яна. Травамі лечыць.

— Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сіла! — кінуў ён жанчыне з дакорам.

— А што? Яна вылечыла мяне.

— Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кішэню набівае. Хочаце напісаць пра яе, таварыш Шыковіч?

— Ага.

— Дайце добранькі фельетон. Я вам факцікаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькі разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамі разводзіць: «Няма падстаў, трэба блюсці законнасць». Я ёй, праўда, крыллі падрэзаў — сядзібку па самыя вуглы адшахаў.

Але, не такой уяўляў Кірыла гэтую жанчыну, калі пасля доўгіх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знікла з горада былая сястра інфекцыйнай бальніцы Клаўдзя Сухадол.

«Медсястра — і раптам знахарка, сектантка нейкая. Ліха ведае што такое!» — разважаў ён, незадаволены, ужо трохі расчараваны, ідучы па доўгай вуліцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калі пачула, што ён хоча пісаць пра Клаўдзю. Што пісаць — тлумачыць не стаў, бо раптам страціў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пісаць у выніку размовы з гэтай жанчынай.

Знайсці яе хаціну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзіная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраінскі лад. Высокі лазовы пляцень, якім з усіх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковічу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей і свету. Дзе ў суседзяў былі садкі і агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзіва высокая кукуруза. «Каралева палёў», дзіця сонечнай Украіны як бы цягнулася да мазанкі. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковічу ўспомніліся словы Грака: «Я ёй крыллі падрэзаў», і ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу і — вельмі можа быць — нават на гэтую цудоўную кукурузу.

Ад весніц паўз хату ішла вузенькая і чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбіта на малюсенькія акуратныя градкі, засаджаныя гароднінай і кветкамі. Безумоўна, не хадзіла па гэтым двары ні карова, ні каза, нават слядоў курэй не было відно, хоць невялічкі хляўчук, таксама абмазаны і пабелены, туліўся ў кутку за хатай.

Шыковіч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзіўшы руку ў шчыліну, шукаў адмысловую «зачынялку», каб адчыніць весніцы. Ды так і не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак.

І тут з'явілася сама гаспадыня. Яна, нахіліўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокімі крокамі падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчыніла весніцы, але загарадзіла сцежку сваёй постаццю, акідваючы няпрошанага госця дапытлівым позіркам: што ты за птушка?

Шыковіча адразу ўразіў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго і значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусім сівая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, відаць, даволі дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковічу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венікам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позірку, і паспяшаўся загаварыць першы:

— Клаўдзя Сідараўна?

— Што вам? — сурова спытала яна.

— Я хацеў пагутарыць…

— Пра што? Хто вы?

— Я растлумачу… Я з рэдакцыі. — Вопытны журналіст, ён, можа, упершыню адчуў сябе ніякавата, знаёмячыся з чалавекам.

У старой гнеўна бліснулі вочы.

— Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збіраю травы. Раю іх людзям. Няма такога закону, каб забараніць мне… Няма! — Яна крута павярнулася і… пайшла ў хату.

Шыковіч зусім разгубіўся.

«Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыі. Калі яна зачыніцца і больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе».

А з-за плятня ўжо зыркалі цікаўныя вочы суседкі. Ляпнула акно за спіной, у хаце на другім баку вуліцы. Яго бралі пад скрыжаваны «абстрэл». Мабыць, другіх сваіх наведвальнікаў Сухадоліха сустракала інакш.

Але паколькі весніцы засталіся адчыненыя, Кірыла рашуча ступіў у двор і спыніўся перад акном: няхай бачыць, што ён не адыдзе, пакуль не пагутарыць.

Ды жанчына праз хвіліну выйшла. У выцягнутых перад сабой доўгіх руках яна несла тоўстую кніжку ў палатнянай вокладцы.

«Няўжо Біблія? — амаль са страхам падумаў Кірыла. — Не хапала клопату!»

Чаго ён не ўмеў — дык гэта весці антырэлігійную прапаганду сярод веруючых. Суцяшаў сябе тым, што гэтага не ўмее рабіць большасць прапагандыстаў, а таму і чытаюць свае лекцыі не перад веруючымі, а перад тымі, хто даўно ўжо ні ў Бога ні ў чорта не верыць.

Яна злосна сунула яму кніжку:

— Во!

Ён адгарнуў вокладку і ледзь не засмяяўся. Гэта быў том «Лекарственные растения».

— Во! — паўтарыла яна. — Усяго пяць гадоў назад выпусцілі. Савецкі інстытут. Медыцынскі. Вучоныя! І ўсе пішуць: збірайце травы. Дык пакажыце мне закон, каб забаранялі іх збіраць? Дзе такі закон? — наступала яна.

55
{"b":"205285","o":1}