Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Чорт ведае што такое! Падумай толькі, якая душа павінна быць у чалавека, каб з усіх гэтых фактараў зрабіць такія высновы. Вырвалі мы ёй кватэру, куплялі мэблю, прывезлі яе з бальніцы, былі яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ… Але, прыязджалі яны з Антонам па грыбы… Ну і што? Гэта — яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любіць гэту бабу.

— Увогуле ты, Кірыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зіркаеш як кот на сала.

— Валя!

— Але не бойся. Гэтаму пісьму і я не веру. Не таму, што ў табе вельмі ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру ім — Зосі, якую знаю па тваіх расказах, і Машы…

Кірыла з палёгкай уздыхнуў.

— Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такіх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмі разумныя дзеці?

— Што табе трэба ад тваіх дзяцей? — адразу спахмурнела і ўзлавалася Валянціна Андрэеўна. — Розум прыходзіць з гадамі. У цябе яго і цяпер не надта, калі ты пра яго такой высокай думкі.

Пра ўсё яна магла гаварыць разважліва і спакойна. Але няхай ніхто не чапае яе дзяцей, нават іх родны бацька.

Кірыла зразумеў, што зрабіў не той паварот і не так, як трэба, зліслівіў перад жонкай.

— Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваіх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былі лепшыя за нас.

Валянціна Андрэеўна чамусьці цяжка ўздыхнула.

— Ёсць, Кірыла, норма чалавечых якасцей? Хіба дрэнны чалавек Галіна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робіцца, калі такое агідненькае пісьмо прыслалі і ёй.

— Няўжо можна паверыць гэтаму?

— Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзіць да іх.

На іх званок адчыніла Наташа. У дзяўчынкі быў такі выгляд, быццам яна толькі што вярнулася з пахавання кагосьці блізкага.

— Тата дома?

Яна кіўнула галавой.

— А мама?

— І мама.

Антон Кузьміч сядзеў у сваім застаўленым кніжнымі шафамі кабінеце і бяздумна гартаў альбом Траццякоўскай галерэі.

Галіна ляжала ў спальні. Яна не хацела бачыць ні мужа, ні дачкі — гэтага «Ярашавага кодла», як яна пасля крычала ў істэрыцы. Каля яе быў адзін Віця, далікатны, ціхі, асцярожны ў сваіх пачуццях і меркаваннях. Можа, праз гэта Галіна Адамаўна больш любіла сына, чым рэзкую, нявытрыманую дачку. А Ярашу, наадварот, якраз гэтая рыса не падабалася ў сыне.

Валянціна Андрэеўна, уміг зразумеўшы становішча, адразу пайшла да сяброўкі. Кірыла, убачыўшы, у якім настроі Яраш, паспрабаваў жартаваць, весела спытаў:

— Што? Выдала?

Антон Кузьміч сціснуў рукамі скроні, на твары яго была пакута.

— Жах! Калі гэта будзе паўтарацца, калі так будзе далей — немагчыма жыць, працаваць…

Шыковіч адкінуў прэч свой гулліва-жартаўлівы тон. Пэўна, справа сур'ёзная, калі нават Яраш, які да ўсіх нягод ставіўся з гумарам, так перажывае. Кірыла ўпаў у крэсла насупраць сябра. Пстрыкнуў партсігарам.

— Ты мне растлумач. Чым ты вінаваты перад ёй, што яна так не верыць?

— Не хапае інтэлігентнасці. Звычайнай культурнасці. Усё няшчасце наша, што мы не выхавалі ў нашай інтэлігенцыі неабходнай інтэлігентнасці. Адгэтуль дзікая рэўнасць маёй жонкі, дзікая подласць Гаецкай, усё што хочаш.

Яны доўга гутарылі пра гэта. Можа, праз добрую гадзіну Валянціна Андрэеўна паклікала іх у спальню.

— Ну вось што, хлопчыкі, — сказала яна двум сталым мужчынам, як малым. — Сядайце і расказвайце. Толькі не круціце хвастамі, а то надзяру вушы.

Яны расказвалі, дапаўняючы адзін аднаго, да позняй ночы.

Здавалася, наступіла прымірэнне.

27

Старшынёй сесіі выбралі Гаецкую. З'яўленне яе за сталом прэзідыума дэпутаты сустрэлі вясёлымі апладысментамі. Раней увесь час старшынёй выбіралі мужчыну, сакратаром — жанчыну. На мінулай сесіі нехта з дэпутатаў зрабіў заўвагу аб такім парадку. І вось упершыню зрабілі наадварот.

Тамара Аляксандраўна са сціплай усмешкай ківала галавой у залу і крышку даўжэй, чым трэба, ціснула руку сакратару — зусім юнаму электразваршчыку будаўнічага трэста. Яна ўмела паказаць сябе людзям! Прыемным голасам абвясціла парадак і рэгламент. Усё было распісана, звыкла, і ніхто не чакаў, што могуць быць заўвагі па парадку. Ды раптам падняўся Яраш і сказаў, што яму для садаклада патрэбна не дваццаць хвілін, як прапануюць, а мінімум гадзіна — ёсць што сказаць пра медыцынскае абслугоўванне гараджан.

Зала загудзела. Такія з'явы здараліся рэдка.

Нехта кінуў уголас:

— Чаму раней не дамовіліся?

Гукан падхапіўся, каб адхіліць просьбу Яраша: будзе грунтоўны даклад загадчыка аддзела і няма патрэбы гэтулькі часу даваць садакладчыку. Але яго апярэдзіла Гаецкая. З абваражальнай усмешкай сказала:

— Я думаю, дамо доктару Ярашу гадзіну. Пытанне важнае, а ён наш лепшы спецыяліст. Хто «за» — прашу падняць рукі.

Работнікі гарсавета, лекары прагаласавалі з-за пэўнай цікавасці, усе другія — з павагі да вядомага хірурга.

А сам Яраш раптам падумаў, што не трэба яму гадзіна. У садакладзе яго, які напісаны даўно, добрыя хвілін дваццаць адводзіліся трэцяму клінічнаму аб'яднанню, якім кіравала Гаецкая. Як будзе вытлумачана цяпер такая жорсткая крытыка яе дзейнасці? Яшчэ да пачатку сесіі па тым, як віталіся з ім знаёмыя, ён зразумеў, што «царыца Тамара» не абмежавалася яго жонкай і жонкай Шыковіча. Кругі ад яе плёткі-каменя шырока разыходзяцца.

Што рабіць?

Майстар у сваёй справе, Яраш быў не надта вопытны ў выступленнях. Шкада, што няма побач Кірылы, той добра ведае «псіхалогію сходаў». Але хітрун з'явіўся, пазубаскаліў з дзяўчатамі, якія рэгістравалі дэпутатаў, атрымаў блакнот і карандаш і знік. У яго прынцып: «На ўсіх пасяджэннях не перасядзіш, усіх дакладаў не пераслухаеш». Праўда, на яго, Ярашаў, садаклад абяцаў прыйсці.

Пакуль загадчык аддзела аховы здароўя да нуднасці аднатонна чытаў свой даклад, Яраш бязлітасна перакрэсліваў, выпраўляў свой.

Пасля даклада патрабавалі перапынку.

Гукан і Тарасаў селі ў буфеце за адзін столік.

— Што, Сямён Парфёнавіч, знішчым па парасяці? Бачыш, як заліты? — весела прапанаваў Тарасаў.

— Не, я — кефірчык.

— Баішся халестэрыну? Мая дачка кажа: халерастэрын. А я не баюся ніякай халеры.

— У твае гады і я нічога не баяўся.

— Але? Нічагусенькі? — як бы здзівіўся Сяргей Сяргеевіч, пасылаючы ў рот ладны кавалак парасяціны. — А я дык усё жыццё каго-небудзь ці чаго-небудзь баяўся. Малы — бацькі, у мяне суровы бацька, у арміі — камандзіра. Калі ранілі, ведаеш, як я баяўся, каб гэтыя эскулапы не адхапілі нагі…

Гукан, слухаючы, стукаў кулаком па дне бутэлькі, каб выліць захаладзелы кефір.

— Бачыў, якія анархічныя замашкі ў Яраша? — раптам перапыніў ён сакратара і так трасянуў бутэльку, што кефір плёхнуўся цераз край шклянкі на стол. Адразу падскочыла афіцыянтка, каб выцерці.

— Чаму анархічныя? А калі яму сапраўды ёсць што сказаць?

— Ох гэтыя мне свяцілы! — Сямён Парфёнавіч разрэзаў лімон, выціснуў палавіну ў шклянку з кефірам.

— Моцна ты вітамінізуешся, — усміхнуўся Тарасаў.

Старшыня гарсавета азірнуўся, нахіліўся над сталом, спытаў паўшэптам:

— Чуў пра яго інтымнае жыццё?

Але, Тарасаў чуў. Нават яго жонка, работніца бібліятэкі, прынесла дадому гэтую навіну. Спачатку ён паверыў: што ж, усё можа быць, такому мужчыну, як Яраш, любая ў абдымкі кінецца. Ён не любіў падобных гісторый, асабліва калі справа даходзіла да партыйнага разгляду, а таму ўзлаваўся на Яраша: яшчэ яго не хапала туды ж? Але калі пра гэта пачалі гаварыць многія другія, сакратар адчуў, што тут нешта не так, што нехта стараецца, каб плётка разышлася па горадзе. Хто і з якой мэтай — хацелася яму даведацца. Таму ён насцярожыўся, калі пра гэта загаварыў і Гукан.

— Старая любоў з дачкой Савіча. Адкуль цягнецца, а? Цяпер ты можаш зразумець «прынцыповую» падаплёку артыкула Шыковіча.

Тарасаў чытаў ужо другі варыянт артыкула, дапоўнены расказам Зосі, Шыковіч прыходзіў раіцца з ім. Усе факты, на яго думку, заслугоўвалі самай сур'ёзнай увагі, хоць для публікацыі патрабаваліся дадатковыя даследаванні. А тут, выяўляецца, вунь як паварочваюць, вунь да чаго зводзяць! Дагэтуль ён ставіўся да старшыні даволі прыязна, хоць бачыў і разумеў яго слабасці і памылкі, частка з якіх ішла ад яго асабістых чалавечых якасцей, другая — ад пэўнага часу, калі ён выхоўваўся як кіраўнік. Ён дараваў Гукану шмат якія слабасці і памылкі: ідэальных людзей мала. Але ад гэтых Гуканавых слоў яго скаланула. Тарасаў раптам убачыў, адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносінах да людзей — па ўсім. І нельга яму паблажліва дараваць! Яго трэба бязлітасна выкрываць!

81
{"b":"205285","o":1}