Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Пайшоў ты… Эскулап! Канавал!

— Мыло, ошэнь мыло, — бяскрыўдна бубніў Яраш, зноў закінуўшы блешню. — А ты ведаеш, што канавал вельмі тонкая прафесія?

— Антон, ты мяне сваім дурацкім спакоем давядзеш, што я нап'юся сёння.

— Выпі ракі.

— А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з'ясі, а не юшку. — І, шыбануўшы ў траву спінінг, Кірыла з ваяўнічым намерам рушыў да шчупака.

Тады і Яраш кінуўся яму наперарэз, схапіў за рукі.

— Э-э! Што ты дурны — я ведаю. Але выкінуць такога шчупака!

Шыковіч хацеў падставіць яму ножку. Але Антон Кузьміч лёгка падняў мяккі пяціпудовік, панёс да абрыву.

— Астуджу я тваю гарачую галаву.

— Чакай. Вунь на тым беразе людзі. Знарок патану — цябе пасадзяць.

Яраш адпусціў сябра. Яны селі на мяккую атаву, звесіўшы ногі з абрыву. І так, ужо сур'ёзна размаўляючы, прасядзелі, пакуль з неба не палілося ў раку расплаўленае золата захаду.

18

Маша, у якой у бальніцы быў разлічаны кожны рух, ускочыла ў палату, як гарэзлівае дзяўчо, вясёлая, узбуджаная. Падбегла да ложка Зосі, прысела, асцярожна і мякка абняла яе.

— Віншую, Соф'я Сцяпанаўна. Цудоўная кардыяграма! Усе лысыя дзяды — кансіліум — горача віншуюць Антона Кузьміча. Бліскучая аперацыя! Рэдкая! Хутка мы будзем з вамі танцаваць. Вы любілі танцаваць?

Вялікія Зосіны вочы раптам напоўніліся слязамі.

— Што вы?! — спалохалася Маша. — Я сказала што-небудзь не так?

— Нічога. Не звяртайце ўвагі. — Зося выцерла слёзы рагом новенькай прасціны. — Гэта я так. Я любіла танцаваць. Але я была вучаніца. Мяне не пускалі на вечары. Толькі ў драмгурток.

Яна сумна ўсміхнулася.

«Божа мой! Гэта ж дваццаць год яна як бы і не жыла, — жахнулася Маша, і ёй зрабілася да болю шкада жанчыну. — І цяпер яшчэ ў яе такія сумныя вочы. Каб я ведала, чым можна ўзрадаваць цябе!»

— З заўтрашняга дня за вас возьмецца лекар лячэбнай фізкультуры.

Зося ў знак удзячнасці ледзь прыкметна кіўнула галавой.

Да аперацыі яна была больш гаваркая і цікаўная. А цяпер быццам баіцца са словамі страціць сілу, якая павольна вяртаецца да яе.

Сапраўды, Зося з дня ў дзень адчувала прыліў гэтай новай сілы, даўно забытай, і ёй было хораша і… страшна. Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у яе не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часам цяпер. Часта сніцца, што ў яе зноў хворае сэрца, што яна зноў задыхаецца, і яна прачынаецца ў халодным поце і слухае сваё сэрца. Ну вось, зноў яно калоціцца ліхаманкава. Але праходзяць хвіліны — і сэрца пачынае біцца поўна, спакойна, у рукі і ногі вяртаецца здаровая моц.

Ёй хочацца расказаць пра свой страх Антону Кузьмічу ці Машы, але яна не адважваецца, прымхліва баіцца — не спалохаць бы словамі гэтую дзівосную сілу.

З удзячнасцю, улюбёна глядзіць Зося на Машу, любуецца яе залатымі вейкамі і такімі ж незвычайнымі валасамі, і вельмі хочацца ёй сказаць гэтай дзяўчыне сардэчныя словы, сказаць, што палюбіла яе не як бальнічную, а як родную сястру. Але чамусьці і гэтыя словы яна баіцца сказаць. А Маша таксама заварожана, з замілаваннем, як на дзіця, глядзіць на Зосю, думае, чым бы развесяліць яе, і пакутуе ад таго, што нічога не можа прыдумаць. Зрэдку яны ўсміхаюцца адна адной вачамі і позіркамі прызнаюцца ў любві.

— Соф'я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьміч любіць Блока, і ў яго кабінеце ляжыць томік.

Яна згадзілася, ледзь прыкметна кіўнуўшы галавой і заплюшчыўшы вочы.

Узрадаваная Маша пабегла за кнігай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любіў яе бацька і чытаў ёй, малой. Маці не вельмі ўхваляла гэта, раіла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалі яе, маці і бацька. Маці, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпіхнула з лодкі на сярэдзіне ракі і гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе Зося таксама палюбіла Блока.

Пасля вайны яна рэдка думала пра маці. А ў той момант, калі Маша сказала пра Блока, яна чамусьці ўспомніла маці, і сэрца яе, яшчэ не загоенае, сціснулася і зашчымела забытым болем. Маці загінула ў Польшчы, у жонкі яе брата ёсць паведамленне, у якім горадзе яна пахавана.

Зося падумала:

«Калі я зусім ачуняю, то збяру грошай і з'езджу на яе магілу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работніцы ясляў дадуць. — І раптам зноў страх: — Няўжо мяне не пусцяць на магілу маці?»

Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германіі, яна не знайшла магілу бацькі, хоць помніла, дзе яго пахавалі, і ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца і не здолела — заплакала па-дзіцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала:

— Чаго вы? У вас жа ўсё так добра! — Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалі ракавую пухліну, і з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы.

— Калі ласка, не звяртайце ўвагі. — Зося ўсхліпвала і выціралася прасціной.

Вось і гэтага ніколі не было да аперацыі: хворае сэрца яе было чэрствым.

Маша, вярнуўшыся і ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоіла яе:

— Ды не, нічога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомніла. Мой бацька любіў Блока.

Пра бацьку яе Яраш забараніў гаварыць. І Маша, каб нічога не адказваць, наўздагад разгарнула томік і пачала чытаць:

В сыром ночном тумане
Все лес, да лес, да лес…
В глухом сыром бурьяне
Огонь блеснул — исчез…
Опять блеснул в тумане,
И показалось мне:
Изба, окно, герани
Алеют на окне…

Адзін верш, другі, і раптам убачыла, як азарыўся Зосін твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкі. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знік. Дзіўна. Ды ім перашкодзіла суседка: заплакала яна.

Усё адно Маша выскачыла з бальніцы на вуліцу з надзвычай узнятым настроем. Свяціла неспякотнае ўжо жнівеньскае адвячоркавае сонца. Ішлі па вуліцы людзі, адны — павольна, другія — спешліва. Імчалі аўтобусы, «Волгі» і «Масквічы».

Маша любіла свой горад. Любіла гуляць у парку, які лічыцца найлепшым у рэспубліцы. Але адной усё-такі сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомніла Славіка. Яна думала пра яго і раней. І пра Тараса. Пра абаіх. Употай чакала, што хтосьці з іх захоча сустрэцца з ёй.

Але хлопцы не праяўлялі ініцыятывы. Славік, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун і нахабнік. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позірку захапіўся ёю. Ніхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: «Глядзі, якое рыжоцце пайшло!» Гэта яе абражала. А вось Славік, той адразу: «Вы ж незямная». А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскі, і ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такі шчыры камплімент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вінаватай — за аплявуху. Не такая ўжо яна «кісейная паненка», каб так абражацца за яго дурную балбатню.

Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы.

А тут ёй раптам захацелася зрабіць нешта незвычайнае, гарэзлівае.

Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размяніла ў прадаўшчыцы газіроўкі пяцікапеечную манету, папрасіла «дзве па дзве». Шчыльна зачыніла дзверцы будкі аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковіча.

— Ало! — пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славіка і не адказвала.

— Ало! — крыкнуў ён. — Што? Правяраеш, ці ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мільёнаў. І май на ўвазе — узброены атамнай пушкай. Але калі ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з імі, з мільёнамі!

Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славікавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна піскнула:

— Уладзіслаў Кірылавіч!

— О-о! — Відаць, яго здзівіў жаночы голас і такі нечаканы зварот. — Хм… сапраўды, гэта, здаецца, я — Уладзіслаў Кірылавіч. Я слухаю вас.

61
{"b":"205285","o":1}