Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, — па-старэчы прашамкала Маша.

— Колькі ёй год, ашобе гэтай?

— Шэмдзешат.

— Самы мой любы ўзрост! — засмяяўся хлопец.

— Калі вы не будзеце праз пятнаццаць хвілін, многа страціце, — сказала Маша звычайным голасам і павесіла слухаўку.

Славік быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён ніколі не баяўся апынуцца ў смешным становішчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай і ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавіцца. Праз дзесяць хвілін Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кніжным кіёскам і ўпотай назірала. Ён ішоў павольна, засунуўшы рукі ў кішэні блакітных штаноў. Трошкі насцярожана азіраўся. Прайшоў раз да варот і назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым — пажылых жанчын, нарэшце і бабуль не стаў мінаць.

Машу гэта смяшыла. На яе з цікавасцю пазіралі: адна, а такі гарэзлівы выраз яе твару, такія чорцікі ў вачах.

Так яна памучыла яго хвілін пятнаццаць. І толькі калі ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася і ён энергічна рушыў у парк, яна пайшла насустрач — на выхад. Ішла спешліва, глядзела ўбок — на партрэты перадавікоў вытворчасці. Была ўпэўнена, што міма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны вокліч:

— Маша!

Яна спынілася, зрабіла здзіўленыя вочы, нібы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славік не збянтэжыўся.

— Гэта ты званіла мне?

— Я званіла вам? І не думала! Многа ў вас самаўпэўненасці, таварыш Шыковіч.

— Нейкая бабуля назначыла мне спатканне.

— То і чакайце вашу бабулю.

— На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў… вас. — Славік раптам страціў сваю смеласць і не адважваўся казаць «ты». Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмі захацелася, каб Маша засталася з ім, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелі яго даўнія сябры і пазайздросцілі: якая дзяўчына з ім!

Але Маша глянула на ручны гадзіннік так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць.

— Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымліваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамі. Хадзем пагуляем.

— Каб вы зноў сказалі якую-небудзь брыдоту?

— Клянуся. Я адкушу сабе язык, калі з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова.

Маша ўсміхнулася. Усё-такі ён пацешны, гэты балбатліва-галантны хлопчык. З ім не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшні настрой.

— Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? — неспадзявана для Славіка, весела і проста, як малая, спытала Маша.

Славік не ўзрадаваўся, што яна згадзілася. Ён пахаладзеў: у яго кішэні было ўсяго некалькі капеек. О, якія эпітэты паслаў ён у той міг бацьку, які не даваў яму цяпер ні капейкі. Ды і сяброў па брыгадзе ўспомніў:

«Самі, чэрці, па дзве сотні калупаюць, а мне далі ў аванс вучнёўскіх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць і брацтва!..»

Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кішэні сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакітнай сарочкі.

— Чорт, я забыўся захапіць грошы. І дакумент.

Маша прыхавала ўсмешку, успомніўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўніку.

— У мяне ёсць грошы, — паказала яна сумачку і пажартавала, нечакана перайшоўшы на «ты»: — Я буду эксплуатаваць цябе.

— О, з вамі я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былі б маім сонцам і маяком.

— Пайшлі, — сказала яна. — А то на нас звяртаюць увагу.

Славік толькі цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, і схамянуўся, што ён гаворыць залішне гучна.

Чоўны былі ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скінула басаножкі і хадзіла па мелі. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Ён стаяў на беразе паважны, сцішаны, з сумачкай у руках і з нейкім салодкім страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчыліна і праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлівыя словы, якія былі запасены там на ўсе выпадкі і якімі ён вельмі спрытна ўмеў адгароджвацца і ад сур'ёзнага і ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпілі б з яго, каб убачылі ў такім стане — вартаўніком дамскай сумачкі, нібы ён верны муж суровай жонкі. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукі і басаножкі, ён з прыемнасцю трымаў бы іх, не баючыся ніякіх кпінаў. Чаго не зробіш для такой дзяўчыны!

Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў.

— Здымай чаравікі!.. Закасвай свае модныя штаны і лезь у ваду. Так прыемна!

— Мы на лузе пакупаемся. Згода?

— Я без купальніка.

Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: «Тым лепш». Або пачаў бы «філасофстваваць»: «Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкінуць сарамлівасць, як шкодны перажытак мінулага». А Машы ён не сказаў ні таго, ні другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае інакшае, зусім яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохі ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна і злаваў на ўсіх, хто праплываў міма.

«Якога д'ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулілася!»

Прыйшла маторка, і хвалі, пацалаваўшы Машыны ногі, пакаціліся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукі, папраўляючы капу залатых валасоў.

— Паглядзі, які прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. І лёгкі-лёгкі. Здаецца, можна ўзяць яго на рукі і панесці. Табе не хочацца падняць яго?

— Не, мне хочацца ўзяць на рукі цябе.

Яна пагразіла пальцам.

— Дамовіліся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.

А ён зусім не крыўляўся. Яму сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць яе на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны.

Нарэшце яны атрымалі лодку…

Славік, паказваючы сваю радасць і сілу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламі, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку.

— Асцярожна! — упікнула Маша, яна сядзела на карме. — І не туды. Туды, — паказала ўверх па цячэнню. — Я ж сказала, што буду эксплуатаваць.

— А я хацеў да Чорнага мора.

— Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабілі нашы продкі. Яны былі сапраўднымі рыцарамі. Не тое што ў наш час.

Славік, не дужа натрэніраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасці даволі моцнай плыні ракі. Павольна праплылі зарослыя кустамі чаромхі і каліны абрывы парку, няхітрыя збудаванні і дэбаркадэры прыстані з закапцелымі стомленымі параходзікамі каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымі таполямі, бялелі новыя дамы.

Маша не толькі любіла горад знутры, яна любіла глядзець на яго адгэтуль, з ракі, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогі, і з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнік лёгкіх прыгод! Яна, задумліва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад.

Модная Славікава сарочка змокла ад поту і пакамячылася. Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў. Расла злосць на сябе: ніколі яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамі. На нейкі момант з'явілася тое ж пачуццё, што і да Ніны: адпомсціць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўніжэнне.

«Вытры пот, дурань!» — весела і лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згіне вечар. Будзе што ўспомніць. І расказаць. Каму? Ці не расказаць заўтра Соф'і Сцяпанаўне?

— Слава, заспявай што-небудзь.

Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!

— Я пяю толькі п'яны, — прахрыпеў хлопец без усмешкі.

Яна зразумела, што даволі, бо цярпенне яго вычэрпваецца, і закамандавала:

— Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.

Славік азірнуўся і «высушыў» левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травяністую купіну. Ён, закінуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкі на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапіў на рукі, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што міма праплывалі другія лодкі.

62
{"b":"205285","o":1}