Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы маці, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лілася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапілі яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да маці, удзячнасці ёй. Гэта яна, маці, ратавала яго. Яна першая з'явілася, калі ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькі здаецца? Можа, яму хочацца, каб маці была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца:

— Ма-ма!

Ён, забінтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што маці кажа:

— Дурненькі мой! Хіба можна так?

Не, гэта не трызненне. Маці сапраўды каля яго. Славік адразу ўсё прыгадвае, нават санітарны самалёт, Яраша і Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. І вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалічнасці напаўняе яго такой радасцю, што, каб былі сілы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальніцу, на ўвесь свет.

Валянціна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальніцы ў першы, святочны, дзень новага года і не толькі памагала дзяжурнаму лекару і сёстрам, але бадай што кіравала імі, трымаючы сувязь з Ярашам. Ніхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылі пра ўсё на свеце. І Маша ўсё расказала ёй. «Чаму ім так не пашанцавала ў каханні, маім дзецям?» — з горыччу думала маці.

Кожная маці ў любых абставінах думае пра будучае сваіх дзяцей, верыць у іх шчасце. Валянціна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую «залатую дзяўчыну» сваёй дачкой.

На другую ноч Маша прымусіла знясіленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабінеце. Сама засталася ў палаце. Славік застагнаў ад болю і прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзін сіні начнічок) — затрывожыўся са сну. Маша запаліла настольную лямпу, схілілася над ім. Ён здзівіўся і ўзрадаваўся.

— Даць піць?

Прагна піў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамі, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразіла пальцам:

— Не варушыся, будзе балець.

Балела прыступамі, часам нясцерпна моцна, галава і рука. Боль знімалі сёстры ўколамі. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сілы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела заліў непрыемны ліпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славік вачамі паклікаў, каб Маша наблізілася.

Спытаў:

— Ты выйшла эамуж?

— Не.

— Не ідзі ад мяне.

— Я не пайду. Спі.

Другога студзеня, пасля работы, прыйшлі хлопцы — уся брыгада. Іх не пусцілі. Маша выйшла да іх у вестыбюль. І ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалі сустрэла са Славікам у кіно. Нічога дзіўнага — разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула і адышла ўбок? Хлопцы сустрэлі Машу прыветліва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў:

— Добра ўсюды мець сваіх людзей.

— Як там наш аўтааматар?

Яны не ведалі таго, што ведала яна.

— Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нічога не было. Абавязкова перадай.

А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.

— Вы хацелі выгнаць яго з брыгады? Завошта?

Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую віну. Увогуле ён быў маўклівы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другі, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля — сябе. Адчула смутак, нібы ёй трэба было развітацца з нечым вельмі дарагім і паехаць у невядомае.

40

Яраш і Маша разам выйшлі з бальніцы. Скончыўся рабочы дзень, даволі напружаны — былі аперацыі, якія заўсёды стамлялі. Славік адчуваў сябе добра, нават маці нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам і санітаркам.

Да аўтобуснай супынкі ішлі моўчкі. Свяціла марознае сонца, якое, здавалася, прамяніла не цяпло, а холад. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў.

Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабілася весела. Яна сказала:

— Сёння я буду страчаць Новы год. Ох і пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзінку, дык яна нейкая кіслая была. Засумавала.

Антон Кузьміч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год і нічога не адказаў. Ён абяцаў раніцай Віцю і Наташы пайсці з імі на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад ці варта ў такі мароз выводзіць дзяцей у поле. Маці, напэўна, будзе супраць.

У апошнія дні нечакана Галіна Адамаўна прыкметна змянілася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знікала напружанасць. Праўда, жонка ішла на прымірэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымі сродкамі прымірыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нічым не паспяшаў падзей, але нічым і не запавольваў іх. Няхай усё ідзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у іх гадах: менш гарачых прызнанняў у любві — менш будзе трагедый, рэўнасці і сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькі энергіі і нерваў прыходзіцца траціць на глупства? Калі гэта людзі стануць такімі, каб разумелі адзін аднаго ва ўсім, — у палітыцы, навуцы, мастацтве, у сям'і, побыце? А можа, і не трэба такое ідэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей — закон жыцця і руху. Любоў і нянавісць, любоў і рэўнасць, цяпло і холад…

Многа і другіх думак роілася ў галаве, пакуль Антон Кузьміч, ужо адзін, ішоў ад аўтобуса да свайго дома па ціхай вуліцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зімы.

Жонка сустрэла з большай прыветлівасцю, чым праводзіла раніцай.

— Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.

Яшчэ адзін крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клініцы і дома, над дысертацыяй, — самае дарагое. Трэба і яму зрабіць нейкі крок насустрач.

Ён распрануўся і, памыўшы ў ваннай рукі, заглянуў на кухню, весела і смешна пацягнуў носам паветра.

— Адгадаць?

Гэта яго даўні жартаўлівы занятак — па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчасліва засмяялася:

— Не адгадаеш.

І раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калідор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.

Пачуўся яго ўстрывожаны голас:

— Што здарылася? Што з ёй? Кіньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.

Галіна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухні. Муж спешліва апрануў паліто. Яна спытала асцярожна:

— У аддзяленні што-небудзь?

— Не. Званіла Маша. Просіць зараз жа прыехаць. Відаць, нешта з Савіч. — Ён зашпільваў гузікі, рукі яго дрыжалі.

«Як ён хвалюецца», — пабляднела Галіна і памкнулася да яго.

— Можна, я з табой?

— Навошта? — спытаў ён з суровым здзіўленнем. Яна адступіла, сцялася, быццам Антон Кузьміч замахнуўся на яе.

Дзверы за ім са стукам зачыніліся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.

Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзіну, якая, аднак, з'явілася бадай што самай пакутлівай у яе жыцці.

Галіна пачула яго цяжкія крокі на лесвіцы. Вельмі цяжкія. Так ён ідзе, калі бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калідоры, быццам і не саступала з месца. Ён не пазваніў. Ён адчыняў дзверы сваім ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчыліну. Яна не кінулася, каб адчыніць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.

Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку і пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палічку вешалкі. Паволі расшпіліў гузікі, раскручваў чырвоны шалік. І ўсё гэта моўчкі. Галіна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савіч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клініку, уладзіў, памог… Каб памерла, не так ён паводзіў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзіўна, сапраўды зморана заспакоены.

Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямі па твары, прыгладзіў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы міма, ударыў пальцам па клавішы піяніна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галіна стаіць на парозе і глядзіць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, і адразу стаў звычайным, толькі ўсміхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбіў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосці, без эфектаў:

102
{"b":"205285","o":1}