Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Дамаўляліся, што ў нас не будзе тайны адзін ад аднаго, — сказаў просталінейны Ходас.

— Я не раблю тайны з таго, што Маша падабаецца мне, — адказаў Тарас. — Але…

— Але, — падхапіў Косця, — гэта не значыць, што ён павінен дакладваць нам, пра што гаварыў з дзяўчынай. Так можна дайсці да таго, што патрабаваць у Васіля справаздачы, пра што ён шаптаўся ўначы з жонкай. Гэта будзе ўжо не дружба, а гвалт, прымус… Можна ўзненавідзець адзін аднаго!

— Тады як зразумець, што Шыковіч працуе ў брыгадзе, а жыве, як воўк? І ўчынкі воўчыя. А мы гуляем у хованкі. Я супраць любога індывідуалізму! — Ходас ніколі не ўмеў так ясна аргументаваць свае думкі, як гэта рабіў Косця, гаварыў траха не лозунгамі і ў сваёй упартасці часта быў непаслядоўны.

— Нікога нельга абавязаць быць шчырым і адкрытым, — падсумаваў Тарас. — Славік павінен паверыць у нашу шчырасць.

Ён сказаў гэта і спалохаўся: а як яму, брыгадзіру, праявіць сваю шчырасць пасля таго, што здарылася?

Славік таксама ішоў на працу са страхам: як яны сустрэнуцца? Не, нічога. Працягнулі рукі адзін аднаму, усміхнуліся. Знешне як быццам нічога не змянілася. Знешне…

А што рабілася ў кожнага ў душы?

Тарас стараўся перамагчы сваю непрыязнасць. Але пакутаваў ад рэўнасці. Яму здавалася, што Маша сустракаецца з ім рэдка, неахвотна і сумуе, калі яны ходзяць па асенніх вуліцах. Яму рабілася таксама сумна. Ён падазраваў, што яна не перастае сустракацца са Славікам, хоць яна запэўнівала, што пасля таго ні разу не бачыла маладога Шыковіча. Але Тарасу ўспаміналася, як весела і легкадумна яна смяялася, калі ён расказваў ёй, што ў іх адбылося. Безумоўна, ёй падабаецца вось такі вясёлы, бесклапотны рызыкант і пазёр. То няхай бы сказала! Тарасу да болю было крыўдна: чаму яна, якая здалася яму такой разумнай, не хоча быць з ім да канца шчырай? Калі ў яе сэрцы няма кахання, ён згодзен застацца добрым сябрам. Абы была шчырасць.

А Маша не хлусіла.

Славік званіў ёй, дамагаўся спаткання. Яна са смехам адказала, што баіцца яго: «Яшчэ застрэліш».

Рэўнасць яго патухла разам з «ліхтаром» пад вокам. Але такі яе адказ моцна закрануў самалюбства.

«Ага, сабака, расказаў! Чакай жа!» — зноў узлаваўся ён на Тараса. Не верыў яго добразычлівасці. Ставіўся з падазронасцю. Чапляўся без усялякай прычыны.

— Ты чаму глядзіш на мяне так? — спытаў ён аднойчы ў Тараса, калі яны выпадкова апынуліся ў цесным праходзе паміж станкамі-волатамі. Вось тут бы ім і пагутарыць па шчырасці. Дык не — у кожнага гонар.

— А як я гляджу на цябе?

— Як? Як воўк на авечку. З такім замілаваннем.

— Хачу з'есці.

— Паломіш зубы.

— Дурны ты, Слава.

— Ты вельмі разумны.

Над іх галовамі з грукатам прайшоў кран. Славік падскочыў, схапіўся за крук і ўскочыў на станок.

Ніна спыніла кран, высунулася з будкі, махала кулаком. Славік пасылаў ёй паветраныя пацалункі. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзір, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносіны. Тарас упершыню падумаў, што, відаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна паміж імі.

Нінка спусцілася са сваёй будкі, закрычала на ўвесь цэх:

— Калі вы камуністычная брыгада, дык і паводзьце сябе па-камуністычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзіцца.

На гэты раз Косця і Генрых, якія добраахвотна шэфствавалі над Славікам, добра-такі намылілі карак яму.

А на другі дзень Славік запрасіў Нінку ў кіно. Яна доўга вагалася. Але яе ніхто яшчэ з хлопцаў ніколі не запрашаў. І яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хіба мала пішацца ў кніжках, паказваецца ў кіно, што любоў пачынаецца са сваркі?

25

Канец верасня выдаўся надзіва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабіна. Зацвіталі вішні. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулі ў лясы. Перапаўняліся аўтобусы, рабочыя цягнікі. Пачалася проста-такі грыбная ліхаманка — хто збярэ больш і лепшыя. Але калі многія выязджалі толькі таму, што было чым пажывіцца, то такому старому палымянаму грыбніку, як Яраш, гэта прыносіла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковічаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвітку, да работы, і адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсім, што датычылася яго асабіста, тут ён з хлапчуковай радасцю хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. У яго пыталіся ў калідоры, як толькі ён з'яўляўся акуратна без дзесяці дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй і грыбамі:

— Колькі сёння, Антон Кузьміч?

— Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылі якія! — І пачынаў распісваць, як сядзела сям'я грыбоў — дваццаць сем штук! — вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з'ява! Варта напісаць у «Огонек». І тут жа лаяў браканьераў, якія вырываюць грыб з коранем. Напісаў нават у газету: «Як трэба збіраць грыбы». Лаяў газету, якая выкінула з яго допісу расказ аб нараджэнні і жыцці грыба і пакінула адны голыя парады. Траха не біўся з Шыковічам, які сядзеў на дачы і цэлымі днямі пісаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго — не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавіў, зварыць абед, глядзі — і вечар.

— Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гоніць у шыю? Хопіць у цябе часу. А грыбы — адзін тыдзень, і не будзе іх. Які ты да д'ябла пісьменнік, калі не адчуваеш такога хараства?

— О, ты не ведаеш, які я грыбнік! Але мне здорава працуецца ў гэтыя дні. Пахаладае — зноў будзе крызіс, ведаю. Прыходзіцца выбіраць. — І, пахадзіўшы з сябрам гадзінку, Кірыла кідаўся да рабочага стала.

Аднойчы, калі Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасіла:

— Антон Кузьміч, вазьміце нас з Зосяй як-небудзь.

Узяць Зосю?

Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназіраць, як паводзіць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыцці ў яе так мала было радасці.

Але тут жа мільганула думка пра жонку: даведаецца — зноў будуць непрыемнасці. Узяць і яе з сабой? З-за гордасці не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваіх ваганняў, і ён сказаў Машы:

— Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.

Зося села побач з Антонам Кузьмічом на пярэднім сядзенні. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным світэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазія), яна мела даволі прывабны выгляд. А Маша зусім выглядала элегантна: вузкія штаны, клятчастая куртка.

Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай іроніяй:

«Не дай божа ўбачыць Галіна — загінуў ты, Антон».

Зося сустрэла прапанову аб паездцы з ціхім, але прыкметна радасным энтузіязмам. А пры выездзе з горада яе пачало ліхаманіць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта іншае. Імчала машына. Свістаў вецер. І ёй здавалася, што яна вось-вось узнімецца і паляціць… Паляціць у дзівосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменіць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, і яна не хацела больш ніякіх змен.

Ад гэтага ці яшчэ ад чагосьці яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалі плечы. Яна сцялася, уціснулася ў сядзенне.

— Зося, табе холадна? — спытала Маша, якая сядзела за яе спіной. — На маю куртку.

— Не, не. Нічога. Гэта так.

— Зачынім шкло, — сказаў Яраш, круцячы ручку. — Прастудзіцца вам нельга ні ў якім разе.

— Мне не холадна. Я проста хвалююся.

— Чаму?

— Не ведаю.

Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, які вярнуўся да жыцця і ўпершыню пасля такой хваробы і аперацыі выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:

— Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.

Далёка ў глыбіні бароў яны не паехалі. Прыехалі да іх дачы. Паставілі машыну. Шыковіча не было: відаць, усё-такі выбраўся ў лес.

77
{"b":"205285","o":1}