Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яраш здзівіўся:

— Ёсць справа на Савіча? На мёртвага?

— Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкі падпольшчыка ўваходзіла вывучаць тых, хто супрацоўнічаў з акупантамі. Я думаю, не дзеля спартыўнай ці мемуарнай цікавасці гэта рабілася.

— Але, — згадзіўся Яраш задумліва.

Галіна Адамаўна падала яму місачку з юшкай.

— Дзякую, — сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкі, паставіў місачку на край лавачкі. — Горача. — І да Шыковіча: — Слухай, Кірыла, а ці варта варушыць такія архівы? Каб узняць пыл, ад якога нехта будзе чыхаць?

— Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! — Шыковіч ажно падхапіўся. Яго абурыла, што Яраш, які быў загарэўся таксама, як і ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былі забыліся і колькі год ніхто не ўспамінаў!

— Чакай. Я лічу, што гэта трэба было рабіць або раней, адразу ж па гарачых слядах… Мы не здолелі тады разабрацца ва ўсім, наадварот, шмат што заблыталі… Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб'ектыўнасць спраў, якія заводзіліся ў той час… Або гэта трэба рабіць пазней, калі загояцца ўсе раны… Найдаражэйшая якасць памяці — забыўлівасць… Каб нічога не забывалася, чалавецтва загінула б. Забыўлівасць лечыць і раны душы, і раны цела.

— Дзіўная ў цябе філасофія! Ведаеш, з якога арсенала?

— Давай, Кірыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра іх сэрцы, а не пра адносіны паміж дзяржавамі. Хоць у палітыцы таксама забываюць і варта забываць… Інакш ніколі б не канчалася варожасць.

— Ты думаеш пра Зосю.

Галіна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: «Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?» І ў гэты міг у душу яе ўпала зерне раўнівай падазронасці — упершыню да пацыенткі мужа.

Яраш узяў сваю місачку, пачаў сёрбаць юшку. Кірыла кінуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашляліся, але з лавачкі не сышлі. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў.

— Дык вось што я табе скажу! — гучаў быццам здалёк голас Шыковіча. — Можа, ты забыўся ці хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераічная, чым у падполлі. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвіліну на што іншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго.

Галлё з боку Яраша разгарэлася, і агонь асвятліў яго постаць. Чырвоны ад водбліску полымя, вялікі і нерухомы, з місачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых і прыгожых людзей. Галіна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкі, што можа страціць яго. Валянціна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем і патаемнай жаночай зайздрасцю.

Ён варухнуўся і няўлоўным рухам чараўніка кінуў пустую місачку ў цемру.

— Дык і я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты — як дэтэктыў. Цябе захапіла гісторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, і ты ўзрадаваўся выпадку знайсці востры сюжэт.

— Яго ўвесь час хіліла да дэтэктыва, — сказала Валянціна Андрэеўна з іскрынкамі смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела і хацелася, каб мужчыны паспрачаліся больш горача.

— Але ты нічога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савіч не быў ні ворагам, ні героем. Ён звычайны стары лекар, які хацеў памагаць людзям у любых абставінах. Інфекцыяніст, ён баяўся эпідэмій, якія заўсёды прыносіць вайна. Каб сачыць за санітарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.

Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапіла з цемры ладны круг, колькі дубоў, сосен і дзіўна пафарбавала іх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны іней— сівы-сівы. Над галавой зашамацела лісце — ад гарачага паветра. Страляў залатымі кулькамі-вугальчыкамі касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках і адсунуўся далей ад агню. Шыковіч стаяў з другога боку вогнішча, шырока расставіўшы ногі, заклаўшы рукі за спіну.

— Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савіч абвешчаны здраднікам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе і не герой. Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей?

Шыковіч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе — чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай і высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў — чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальніцы. Цяпер, калі Зосі зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя і яна, па сутнасці, пачне новае жыццё — новае ва ўсім (аб гэтым ён паклапоціцца), яму чамусьці не хочацца, каб хто-небудзь ці што-небудзь вяртала яе да мінулага. Добра, калі Шыковічу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савіч — сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калі не будуць знойдзены дакументы, якія пацвердзілі б яго сувязь з падпольшчыкамі, з партызанамі, гэта застанецца толькі яго прыватным перакананнем ці гэткай жа прыватнай думкай Кірылы. Зосі наўрад ці будзе лягчэй ад гэтага.

— Маўчыш? — пераможна спытаў Шыковіч. — Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якіх мы ведалі, з якімі працавалі, якія вучылі нас, прынесла вялікую шкоду ў пэўны час. Так, я паставіў у цэнтры справу Савіча, бо нельга ахапіць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамі, я выяўляю ўсё новых і новых герояў. Хіба для гэтага не варта пачыхаць ад архіўнага пылу? Хіба пыл гэты такі шкодны? — наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Адступіў, нахіліўся, каб пагладзіць калена, але як толькі прытуліў нагрэтую штаніну да цела — заенчыў:

— Гару, ратуйце!

Жанчыны засмяяліся. Антон ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Такая раптоўная задумлівасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галіну.

«Залішне ён думае пра гэтую Зосю», — падумала яна.

14

У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкі. Спакойны і просты, з шырокім ілбом і глыбокімі залысінамі хударлявы твар чалавека год шасцідзесяці. Вось ён які, Савіч! Шыковіч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.

Данясенне безыменнай разведгрупы аб здрадніках і нацыяналістах, якія займалі кіруючыя пасады ва ўправе і паліцыі. Бургамістр Цішчанка стаяў у гэтым спісе першым. Лучынскі — другім, Савіч — дзевятым, перадапошнім. Відаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкі былі вельмі лаканічныя: адзін-два факты. Толькі факты, без усялякіх тлумачэнняў.

«Цішчанка Мікадзім Фёдаравіч, бургамістр. Пры арганізацыі гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забіваў дзяцей.

Лучынскі (Склота, Усаў Іван Селівонавіч), начальнік паліцыі, шпіён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кіруе расстрэламі. Павесіў дзевяць калгаснікаў сяла Вялоцічы, заложнікаў».

Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лістка, нацыяналісту Хмару — на добры абзац. Супроць прозвішча Савіча стаяла: «Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі!»

У той суровы ваенны час, пры той падазронасці, якая мела месца, і такое агульнае абвінавачванне пераконвала. Безумоўна, што і лейтэнант Шыковіч тады паверыў бы яму: усё можа зрабіць чалавек, які пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша і другіх Савіча, Шыковіч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было ніводнага факта злачыннай дзейнасці лекара-інфекцыяніста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, і яны яўна выдумалі гэтае — «Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі». Якіх людзей? Якімі хваробамі?

Шыковіч не вытрымаў і выказаў сваё меркаванне капітану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкіх папер, якія перачытваў, уважліва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:

— Чытайце далей.

Шыковіч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напісана на машынцы і, безумоўна, з'яўлялася копіяй. Але на ім стаяла ажно шэсць нумароў і шыфраваных літар. Супроць прозвішчаў Лучынскага і Хмары былі пастаўлены крыжыкі сінім алоўкам, наперадзе Савіча — чырвоная «птушка».

49
{"b":"205285","o":1}