Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Заходзь — пагутарым.

На нейкі момант Шыковіч застыў у нерашучасці — ісці ці не ісці? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?

Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:

— Не бойся. Маралі чытаць не буду.

Ужо ў кабінеце, скінуўшы пінжак і расслабляючы гальштук, спытаў:

— Каго там з тваіх блізкіх аперыравалі? Мне Ларыса Пятроўна сказала.

І Шыковіч пачаў расказваць усё з яшчэ большымі падрабязнасцямі, чым раніцой расказваў Сербаноўскаму, — пра Савічаў, бацьку і дачку, пра падпольшчыкаў, імёны якіх раней нідзе не ўпаміналіся, пра свае здагадкі, меркаванні, пра суб'ектыўнасць кнігі Гукана. «Вось яно што, — падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. — Зразумела. „Старому“ нялёгка адмовіцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзін усё сказаў. І хочацца любымі сродкамі збіць з тропу гэтага няўрымслівага чалавека, свайго сааўтара, які можа ўсё перавярнуць дагары нагамі. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавіч».

— Я тут чалавек новы, Кірыла Васільевіч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.

— І кожны раз у спіс падпольшчыкаў заносілі дзесяткі новых імён. Хіба гэта не доказ таго, які размах мела барацьба нашых людзей? Хіба для выяснення і ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? — Шыковічу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, і ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.

— Але, для гэтага варта папрацаваць, — задумліва згадзіўся сакратар гаркома, шукаючы ў спісе пад шклом нумар тэлефона.

— Першапачаткова нават імя Яраша нідзе не ўпаміналася. А ён выконваў спецзаданні гаркома.

Тарасаў павярнуўся да століка з тэлефоннымі апаратамі і набраў кароткі нумар.

— Ало. Вагін? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпіёнаў злавіў? Што? Вывеліся, кажаш? Глядзі, як бы мы не прытупілі пільнасць. То-та. Андрэй Астахавіч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пісьменніку? Чалавек цікавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? — Тарасаў змоўк і слухаў даволі доўгае тлумачэнне, кідаючы час ад часу кароткае: «Ыгы».

Кірыла заўважыў, што ў нейкі момант ён шчыльней прыціснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кірыла падняўся з крэсла і адышоў да акна. Неба зрабілася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменні ў гэтых сухіх і высокіх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела — ажно цяжка рабілася дыхаць.

«Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальніцу. Станем на беразе і будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькі гадзін першабытнага жыцця. Васіль умее арганізаваць яго. Каб ні пра што не думаць…»

— Добра. Давай у чатыры.

Шыковіч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагін сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзіннік: было без чвэрці тры. Тарасаў паклаў слухаўку.

— Дні праз два яны пакажуць табе, Кірыла Васільевіч, патрэбныя дакументы. У такіх органах нельга без некаторых фармальнасцей.

«Два дні, якія, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!» — нецярплівы даследчык расчаравана ўздыхнуў.

Сакратар нібы прачытаў яго думкі.

— Не бойся, гэта не будзе праз два тыдні. У чатыры Вагін будзе ў мяне, і я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.

На трэці дзень пасля аперацыі Яраш нарэшце пакінуў бальніцу і прыехаў на дачу. З'явіўся гадзін у пяць дня на таксі, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнісцы (дома ведалі, што пасля ўдалай аперацыі ён заўсёды нешта купляе), з шампанскім, цукеркамі, падарункамі. Быў уважлівы, далікатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю і суседзяў цэлы год.

Галіна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калі ён затрымліваўся ў бальніцы на суткі, на двое пасля такіх вось аперацый, у яе не ўзнікала ніякіх дурных думак. Нішто не псавала настрою, і яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыі яна звычайна не любіла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблівы.

— Па тваім выглядзе бачу, што ўсё добра. Віншую.

— Не трэба віншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю віншаванняў, калі размова ідзе аб жыцці чалавека. Ды і не ўсё яшчэ добра.

Але калі прыбегла з лугу Наташка і павісла на шыі, спытала таямнічым шэптам: «Ну, як там, тата? Што?», то ён адказаў:

— Добра, Наталка. Мы з табой перамаглі яшчэ раз.

— Раскажы.

Яна адна любіла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, і даволі добра ўжо для свайго ўзросту разбіралася ў хірургічнай тэрміналогіі. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыі, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохі хіба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфічна медыцынскіх слоў.

Маці не падабалася гэтае дзіўнае, не па ўзросту, захапленне дачкі хірургіяй, але яна маўчала, рабіла выгляд, што таксама слухае з цікавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала:

— Антон, я зусім не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволі ў хаце медыцыны!

Наташа горача запярэчыла:

— Хіба дрэнна быць такім лекарам, як тата?

— Такіх нямнога… А быць такім, як я… Вырываць гнілыя зубы…

Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесіі, ды і наогул аб любой прафесіі. Дзеці павінны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала іх медыцынскім размовам. Толькі радавалася, што медыцына зусім не цікавіць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнік.

Віктар дапамагаў маці ставіць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапіла бацьку. Яму таксама хацелася пахваліцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёміўся з галубятнікам з суседняй вёскі, тутэйшым настаўнікам, і выменяў у яго пару рэдкіх паштавікоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кінуцца бацьку на шыю і прапанаваць: «Хутчэй лезем на гарышча!» У самым пачатку сустрэчы з бацькам Віця паведаміў толькі адну навіну:

— Учора, ведаеш, якая навальніца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кіламетры лес палажыла. Максім Рыгоравіч кажа — тысячы дзве кубаметраў буралому.

Пра галубоў сказаў пасля полудня, калі выйшлі на двор. Сказаў стрымана, між іншым.

Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нібы нават з крыўдай:

— Што ж ты маўчаў? — і адразу палез на веранду. Праз колькі хвілін вясёлы, пранізлівы свіст абудзіў адвячоркавую цішыню лесу і лугу.

Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы.

Мокрае яшчэ ад учарашняга ліўня ламачча гарэла роўна і нягорача. Юшка варылася доўга. Елі яе ўжо ўпрыцемку. Накармілі дзяцей.

— Наташа і Віця! Спаць!

— Мама!

— Спаць. Спаць.

Дзеці неахвотна рушылі да дачы.

— Ты бязлітасная, Галя. Віктар збіраў дровы і лавіў рыбу.

— Галя — лепшы педагог, чым мы з табой.

— Правільна, жонка. Педагогі мы з табой — дрэнь.

— Як там Уладзіслаў? — спытаў Яраш.

— Працуе.

— Ты яго бачыў?

— Хіба яму да сына! Ён увесь — у падполлі.

— Не іранізуй з сур'ёзнай справы. Сын пазбягае сустракацца са мной. Яму сорамна. Прыязджаў Тарас.

Жанчыны сядзелі на лавачцы, мужчыны — па-турэцку, на вільготнай зямлі, насупраць адзін аднаго.

Яраш адпачываў. Яму не хацелася ні гаварыць, ні думаць. Ён глядзеў у агонь, любаваўся водбліскам полымя, жарам, бурштынавымі кроплямі смалы, што выступілі на тоўстым суку. Прыгожыя кроплі. Шкада было, што яны згараць. І ў гэты міг упершыню пасля таго, як паехаў з бальніцы, варухнулася ў душы трывога за Зосю. Ды ён прагнаў яе. Нічога не здарыцца. Яшчэ ўчора хворая апрытомнела. Сёння глядзела на яго з удзячнасцю яснымі вачамі. Спрабавала ўсміхнуцца. Прашаптала: «Мне лёгка дыхаецца!» Але, цяпер ёй будзе лёгка дыхацца і лёгка хадзіцца па зямлі! Ярашу было радасна. Аднак выказваць сваю радасць усім не хацелася. Ён выдаў яе Наташы. Мог бы яшчэ прызнацца Шыковічу, каб яны былі адзін на адзін.

Кірыла пачаў расказваць пра свае пошукі, пра размовы ў КДБ і гаркоме.

48
{"b":"205285","o":1}