— Учора Соф'і Савіч зрабілі аперацыю. На сэрцы. Яраш аперыраваў.
Капітан неяк устрапянуўся і ўпершыню ў прысутнасці Шыковіча выявіў сапраўдную чалавечую цікавасць: абапёршыся ўпалымі грудзьмі на стол, ён неяк па-дзіцячы падпёр кулаком шчаку, гатовы слухаць, і вочы яго засвяціліся.
— Я толькі што з бальніцы. Яны ўсю ноч змагаліся за яе жыццё. Яраш радуецца: перамаглі! Будзе жыць!
— І будзе здаровая?
— Яраш кажа, што восемдзесят працэнтаў такіх аперацый даюць добрыя вынікі.
— Восемдзесят?
— Гэта нямала, калі ўлічыць, што аперыруецца. Сэрца!
— Але.
— А ведаеце, я прысутнічаў на аперацыі.
— Сур'ёзна?
— Праўда, для мяне гэта скончылася трагічна.
— У якім сэнсе?
— Я самлеў.
— Проста там?
— Не. Паспеў выйсці ў перадаперацыйную.
— І што?
— Упаў.
— Так нічога і не пабачылі?
— Бачыў. Як раскрывалі грудную клетку. Як Яраш трымаў яе сэрца ў руках…
— У руках?
— Але, на далоні. Ведаеце, яно маленькае, сэрца. З жаночы кулачок. Ён узяў яго на далонь, а яно білася, спалохана так…
Шыковіч убачыў, што Сербаноўскі непрыкметна прытуліў руку да левай стараны грудзей і задумліва паўтарыў:
— Маленькае…
— А ведаеце, што за суткі сэрца пераганяе дзесяць тон крыві?
— Дзесяць тон?!
— Я вас пазнаёмлю з Ярашам. Ён можа цэлую ноч расказваць пра сэрца. Прыязджайце да нас на дачу. Вы не рыбак?
Чэкіст раптам цяжка ўздыхнуў:
— У мяне хворая жонка. Таксама сэрца. Стэнакардыя.
Ледзь-ледзь падняў чалавек заслону над сваім асабістым жыццём і адразу ўвесь раскрыўся. Цяпер Шыковічу ўсё стала зразумела: і яго стомлены выгляд, і загрубелыя рукі, і смутак у вачах. Нялёгкая ў яго праца — нялёгкае і жыццё. Кірыла адчуў яшчэ большую прыязь, давер, добрую сімпатыю. І пачаў падрабязна расказваць, як Зося ратавала Яраша, як пасля шукала сына Ганчарова. Гадзіны дзве гаварыў. Факты і свае здагадкі. Сербаноўскі слухаў уважліва, не перапыніў ніводным пытаннем ці заўвагай. А потым раптам глянуў на гадзіннік і сказаў:
— Вы амаль пераканалі мяне, што Савіч — наш чалавек. Але скажу вам шчыра: даказаць гэта будзе нялёгка. Нам прыслалі з спецархіва яго справу, — ён кіўнуў на сейф. — Там — ніводнага дакумента ў яго карысць.
— Можна паглядзець справу?
— Не! — катэгарычна адмовіў чэкіст і ў той жа міг быццам замкнуўся на сто замкоў. Куды дзяваўся просты, стомлены чалавек, які дома абірае бульбу, мые бялізну, даглядае хворую жонку!
— Чаму?
— Вы для нас пакуль што прыватная асоба. Хто вас упаўнаважваў?
— Маё партыйнае сумленне. Хіба не аўтарытэтны орган?
— Таварыш Шыковіч, парадак ёсць парадак. Дакументы, якія з'яўляюцца дзяржаўнай тайнай…
— А па-мойму, ніякі гэта не парадак, а ўсё тая ж бюракратыя. Не веру я ў сакрэтнасць гэтай справы! Праз дваццаць год вы ўсё яшчэ лічыце такія дакументы дзяржаўнай тайнай? Што там ёсць, чаго нельга паказаць камуністу?
Капітан не адказаў. Ён зноў разглядваў свае натруджаныя рукі.
— Нічога там няма! Калі вы кажаце, што ніводнага дакумента ў карысць Савіча. — Шыковіч падняўся. — Пайду да Вагіна.
— Дарэмна.
— Што трэба?
— Адносіна партыйных органаў. Зайдзіце ў гарком — вас там добра ведаюць.
— Значыцца, трэба паперка — і ўсяго?
Капітан развёў на стале рукі і, падняўшы вочы, усміхнуўся па-сяброўску шчыра:
— Што зробіш.
Але ўсмешка гэтая ўжо больш не падзейнічала на Шыковіча. Ён не меў злосці на Сербаноўскага — радавы работнік, дзейнічае па інструкцыі. Аднак развітаўся холадна, расчараваны і ўзлаваны ўвогуле. У думках лаяўся:
«Не можаце паказаць дзве паперкі без гаркома».
Яму страшэнна хацелася хутчэй заглянуць у справу — што і як там інкрымінуюць мёртваму Савічу? Але не хацелася ісці ў гарком. Пасля ўчарашняга. Каб не падумалі, што ён выстаўляе сябе, іграе гэткага дзеяча, якога цікавяць матэрыі больш высокія, чым клопаты пра сына.
У рэдакцыі ішла лятучка. Калі Шыковіч з'явіўся ў кабінеце рэдактара, выступаў Рагойша — разносіў яго фельетон. Прамоўца сумеўся на нейкі момант. Але «адбою» не даў, наадварот, пачаў крытыкаваць яшчэ больш бязлітасна і зласліва. Журналісты заварушыліся ў прадчуванні бойкі. Фельетон Шыковіча — не самы лепшы, гэта так. Але ў тым жа нумары надрукаваны артыкул самога Рагойшы. Калі Рагойша гаворыць, што фельетон сумны, то ад яго артыкула, напэўна, «падохлі мухі». Многім карцела сказаць пра гэта, ды нікому не хацелася заядацца з такім інтрыганам. Лепш далей ад яго, а то ён знойдзе выпадак сапсаваць табе кроў. Цяпер спадзяваліся на Шыковіча: ён не стрывае. Але Кірыла праявіў поўную абыякавасць да крытыкі. Нават слухаў няўважліва — думаў пра сваё. Некаторыя палічылі, што гэта своеасаблівая форма адказу — поўная знявага да крытыка. Нецярплівы, гарачы Васіль Парэчка, загадчык аддзела культуры, шаптаў ззаду:
— Плясні ты яго, Васільевіч. Няхай не гаўкае. Артыкул яго блытаны…
Але Шыковіч не чытаў артыкула, не да газеты яму было ўчора. Ды каб і чытаў, то ўсё адно не выступіў бы: пасля аперацыі, гаркома, размовы ў КДБ яму здавалася: не на тое, на што трэба, ён часта траціў сілы і энергію. У сорак пяць год усвядоміць гэта — не вельмі прыемна.
Выступіў Парэчка, па-юнацку ўлюбёны ў свайго кансультанта. Счапіліся з Рагойшам.
Жывіцкаму прыйшлося «ліць халодную ваду». Асцярожны рэдактар, добры чалавек, ён не любіў сварак у калектыве. З-за гэтай дабраты з яго ўпотай кпілі, але ўвогуле паважалі.
Маўчанне Шыковіча на лятучцы ўсіх здзівіла. Звычайна ён кідаў трапныя жарты.
Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасіў яго з'ездзіць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера.
Застаўшыся пасля лятучкі, Кірыла адмовіўся ад задання.
Жывіцкі разгубіўся.
— Ты што, нездаровы?
— Не. Захоплены другой работай.
— Шкада. Вельмі шкада.
— Я дам у суботні нумар апавяданне.
Жывіцкі любіў прозу і не любіў вершаў. З Парэчкам, які кожны дзень адкрываў новых паэтычных геніяў, у яго ішлі бясконцыя баталіі.
Кірыла паспрабаваў працаваць — правіць матэрыял. Але ўсё здавалася сумным, непатрэбным — і чужое і сваё. У галаве круціліся нейкія «касмічныя думкі», далёкія і ад газетных матэрыялаў і ад справы Савіча. Мабыць, ён доўга сядзеў нерухома, бо Парэчка, які працаваў за суседнім сталом, раптам прапанаваў:
— Давай махнём на раку, Васільевіч. Будзе навальніца. Люблю навальніцу на лузе! І клёў будзе. Вось пабачыш.
Кірыла паглядзеў у акно і ўбачыў, што неба, яснае з раніцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасці абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было ціха і душна. Вяла лісце на маладых ліпах, прасіла піць.
«Але, будзе навальніца. І, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калі ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе», — падумаў Кірыла і пашкадаваў, што адмовіўся ад паездкі ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вінаватым перад людзьмі сяла і пісаў пра іх многа, з любоўю.
«А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагі? І да ніткі вымакнуць пад дажджом».
Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабіў нечага вельмі важнага. Не адразу нават зразумеў — чаго. А зразумеў — кіўнуў загадчыку аддзела:
— Пачакай мяне, — і знік за дзвярыма.
Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволілі паглядзець справу Савіча.
Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб'ектыўны і разумны.
У калідоры гаркома Кірыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывіталіся.
— Ну, як — вычухаў? — спытаў сакратар як быццам жартаўліва, але без усмешкі.
— Што?
— Галавамойку. Не апеліруй. Другім дасталося больш.
— А я і не меў намеру апеліраваць, — адказаў Шыковіч і падумаў: «Ну, вось, я так і ведаў».
Дайшлі да дзвярэй прыёмнай. Спыніліся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковіч, які пры сустрэчы неяк даверліва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: «Гэтыя ўмоўнасці, згары яны, мімаволі робяць нас бюракратамі. Інстанцыя, дыстанцыя… А пасля глядзіш: усё па форме правільна, а па сутнасці… Нялёгка нам вяртацца да ленінскага стылю», — і шчыра запрасіў, адчыніўшы дзверы: