Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсіх:

— Даволі! — да Зосі: — Вам нельга хвалявацца, — і павяла да цэнтральнай алеі, дзе іх чакаў сіні «Масквіч».

Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнітуры. Ён быў зусім не такі, як той асілак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальніцы ўсе любілі і баяліся. Ён нават здаваўся не такі высокі і мажны і ўсміхаўся не так, як у палаце, — прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калі-небудзь раней, убачыла ў ім таго да дзёрзкасці смелага, вясёлага «Кузьму», якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усміхаўся ён так, як тады, і амаль гэтак жа трохі збянтэжыўся. Яна таксама ўсміхнулася, і дзіўна — страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца і… не аслепла. Антон Кузьміч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такі зусім не так, як у палаце:

— Віншую. Бальніца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы.

— Будзеце, — не згадзілася Маша.

— Не, не буду. — Ён адчыніў ім заднія дзверцы. — Калі ласка.

Сам пайшоў садзіцца за руль.

— А Кірылы Васільевіча няма? — азірнулася Маша.

— У яго ўчора аднялі правы за перавышэнне хуткасці. Сёння недзе дае тлумачэнні інспекцыі.

Маша засмяялася:

— Гэта я накаркала. Помніце, я сказала: «Аднімуць у вас правы». А ён: «Ціпун вам на язык».

Чамусьці хораша зрабілася Зосі ад гэтай жартаўлівай іх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьміч пусціў яго толькі на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад іх вось такой дружбы.

Машына павярнулася і выехала за вароты. Зося азірнулася на бальніцу, але без жалю, без жадання застацца там і без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзіць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраіны на аўтобусе ў цэнтр.

Са здароўем, з сілай да яе вярталася разуменне прыгожага, замілаванне хараством. Калі яе вывелі першы раз у сад, яна глянула на яблыні з рэдкімі пладамі і, як дзіця, засмяялася ад радасці. Там, у бальніцы, і гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вуліцы, яна глядзела на маладыя ліпы, каштаны, і сэрца яе поўнілася здаровай, незнаёмай ці даўно забытай радасцю. Яна ўсміхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.

Праўда, калі машына павярнула на вуліцу, на якой мала што змянілася з таго часу і якую яна ведала лепш, чым любую другую вуліцу, Зося замерла — куды ён вязе? Але прамінулі завулак, да болю блізкі, — і яна зноў супакоілася.

Шыковіч чакаў іх каля пад'езда. Машына яшчэ не спынілася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.

— Кірыла Васільевіч? — спытала яна ў Машы.

— Відаць, правы яму аддалі — лысіна блішчыць, што намаслены блінец, — пажартаваў Яраш. — На яго фізіяноміі — усе яго пачуцці.

Зося вылезла з машыны і першая працягнула Шыковічу руку.

Ён асцярожна сціснуў яе тонкія, сухія, гарачыя пальцы і доўга не выпускаў іх — разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цікавасцю. Яго прыемна ўразіла, што твар яе зусім не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хіба што адбілася ў вачах, вялікіх, блакітных, залішне выразных, як ва ўсіх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй і ў адзінай глыбокай маршчыне на высокім белым ілбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусціла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравікі, пакамечанае ў бальнічных капцёрках просценькае плацце і… засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыі гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлівасць, але заўсёды з іншай прычыны. Бадай ніколі ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як і ад таго, што лекары і камісіі аглядалі і мацалі яе хворае цела. І вось — амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкі, пакамечаны парусінавы касцюм.

Яна ўзняла вочы, усміхнулася і спытала:

— Аддалі вам правы?

— О! — здзівіўся Шыковіч. — Вам ужо расказалі? Аддалі, але замянілі, чэрці, талон. Аднак віншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыцці паставіць помнік. Праўда? — кіўнуў ён на Яраша, які зачыняў машыну на ключ.

Яна, Зося, і Маша адказалі яму аднолькавымі ўсмешкамі любві да чарадзея. А сам чарадзей сярдзіта нахмурыўся:

— Пайшлі. Ад Кірылы Васільевіча вы пачуеце яшчэ нямала казак.

— Чакай, — спыніў яго Шыковіч. — Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, — ён жартаўліва падставіў ёй локаць.

І яна, на здзіўленне Машы, даволі грацыёзна абаперлася на яго руку і пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з ім. Па бальнічным садзе яна так упэўнена не хадзіла яшчэ. Маша зірнула на Антона Кузьміча. Той кіўнуў галавой задаволена і, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: «Вось што мы здольны зрабіць з вамі».

На пляцоўцы другога паверха Кірыла спыніўся, дастаў з кішэні тонкі ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосі.

Усе ўбачылі, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.

— Адчыняйце.

Яна павярнулася і доўга не магла пацэліць у замочную шчыліну.

Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчыніліся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах, агнём букета, зіхаценнем бутэлькі шампанскага, пералівамі яблык, груш, вінаграду, торта і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках.

Убачыла ўсё гэта Зося, і яе зноў апанаваў страх, можа, апошні. Яна азірнулася і як бы паклікала на дапамогу:

— Антон Кузьміч!

Яраш прайшоў міма яе і, ні на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкі сярдзіта:

— Ну, ну… без усяго… без здзіўлення. Пасля, пасля… Усё гэта ваша. Жывіце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе… За наваселле, Маша! — Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкі, яны меладычна зазвінелі. Падняў бутэльку з шампанскім.

— Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! — Шыковіч любіў эфекты.

Яны, усе трое, замітусіліся каля стала, на нейкі міг, відаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая і аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступіла ўперад, сапраўды як сляпая, выставіўшы перад сабой рукі. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукі на шырокія грудзі яго, зазірнула знізу ў вочы і раптам прытулілася тварам да сэрца яго і… бязгучна зарыдала. Ён зусім збянтэжыўся. Не ведаў, што рабіць. Шырока расставіў рукі, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялікай разгубленасці паўтараў:

— Не трэба… Не трэба… Што вы… Калі ласка… Зося… Соф'я Сцяпанаўна!..

Маша ўміг злётала на кухню і вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковіч кіўнуў ёй: «Не трэба. Не чапайце», — і асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскім.

22

Машы падабалася гэтая гульня — сустракацца па чарзе то з адным, то з другім. Яе калегі, напэўна, вельмі здзівіліся б, каб даведаліся, што яна, Маша Літвін, сур'ёзная, разважлівая, акуратная, сумленная і не такая юная ўжо — дваццаць тры гады, — здольная на гэткія жарты. Ды і не такая красуня, каб так млелі хлопцы. Сама яна таксама лічыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымі плаццямі і прычоскамі, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць «векавухай» (так у іх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылі яе прыгажосць, адкрылі для сябе, а самае галоўнае — для яе самой. Яна асабліва адчула гэта на канцэрце і пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклікаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлівых, але ўсё-такі найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрыліла яе. Яна была ўдзячна і Славіку, і Тарасу. Яны былі розныя, вельмі непадобныя, але шмат у чым дапаўнялі адзін аднаго. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу.

67
{"b":"205285","o":1}