Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампаніі сваіх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзір, трымаўся неяк збоку, тон задавалі смяшлівы Косця і не вельмі гаманкі, але надзвычай дасціпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькі ён глыбейшы і разумнейшы за Славіка, як многа ведае — так многа, што ёй зрабілася боязна. Ён расказваў сур'ёзна, але цікава. Ён да ўсяго ставіўся з цяжкаватай сур'ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, які ўмеў павесяліцца і пажартаваць. А Славік, наадварот, падабаўся ёй за несур'ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. І за іронію.
З усяго ён смяяўся. Разыдзецца — не дае літасці нікому: ні бацьку, ні сястры, ні сябрам, ні нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, іронія злосная, да другіх — бяскрыўдна-паблажлівая. Адну маці, прыкмеціла Маша, ён ніколі не чапаў. Можа, таму Маша і даравала яму гэтыя насмешкі з усіх, нават з Яраша.
З Тарасам было цікава, са Славікам — весела.
На трэцім ці чацвёртым спатканні Тарас нарэшце пацалаваў яе, і яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славіка; яна з цікавасцю чакала ўсе вечары — калі ж ён адважыцца?
Славік зрываў пацалункі, як крадзеныя яблыкі. Знянацку. Яна не дазваляла. Яна вырывалася, давала яму лёгкія аплявухі. Ён падстаўляў шчокі і казаў:
— Бі, бі… Але май на ўвазе, я лічу, за кожную аплявуху — сто пацалункаў. Ты не расплацішся.
Ён аднойчы напомніў, што прасіў яе аб адной ласцы — пацалаваць край яе плацця. Яна засмяялася:
— Пацалуй.
Ён тут жа на вуліцы (добра, што час быў позні) укленчыў на тратуары, абняў яе ногі і… пацалаваў калена. Такой дзёрзкасці Маша не чакала. Узлавалася, пайшла дадому. Клала слухаўку, калі ён назаўтра, напаслязаўтра, штодня званіў у бальніцу.
Славік засумаваў. Яму ўсё абрыдла: піжоністыя сябры, модныя дзяўчаткі, ліпсі, пласцінкі з мексіканскімі песнямі, «Паплавок». Яму хораша было толькі з Машай. Таму ён надумаў падпільнаваць яе. Зрабіў засаду на ціхай вуліцы, дзе яна жыла. Дачакаўся, калі, ужо добрым прыцемкам, яна выйшла з дому. Пайшоў назіркам. На суседняй такой жа ціхай вуліцы з прысадамі ліп Маша сустрэлася з хлопцам. Не, не проста сустрэлася. Яны пацалаваліся ў цяні старога каштана. Як малаткі застукалі Славіку ў скроні. Здрада! Чорная здрада! Ён сціснуў кулакі, гатовы кінуцца на саперніка. Але аслупянеў, калі па голасу пазнаў Тараса. Гэта не было абурэнне, не было, бадай, і здзіўленне. Пачуцця свайго ён нікому не мог бы пасля расказаць. Гэта — як удар моцнага электраразраду: ніякіх адчуванняў — і шок.
Схамянуўся Славік толькі тады, калі пачуў, што яны ідуць на яго. Стала чамусьці страшэнна боязна сустрэцца з імі, ён кінуўся ўцякаць. Павярнуў у нейкі завулак, выйшаў на другую вуліцу… А калі прыйшла злосць і прага помсты, ён вярнуўся назад, але не знайшоў іх. Згараючы ад рэўнасці і крыўды, падумаў, што яна павяла яго да сябе. Кінуўся да яе дома, загрукаў кулакамі ў зачыненыя аканіцы. Выйшаў гаспадар з добрым кіем у руцэ.
— Паклічце Машу.
Гаспадар глядзеў на яго як на п'янага. Цярпліва і лагодна растлумачыў, што яе няма дома — пайшла ў кіно. Славік не паверыў, хацеў праскочыць у фортку. Гаспадар паказаў кій.
Цэлую ноч ён блукаў па вуліцах. Пад раніцу заснуў на лаўцы прывакзальнага сквера. Адтуль з'явіўся на завод у сваім вячэрнім модным гарнітуры. Рабочыя ў прахадной скептычна азіралі яго. Тарас сустрэў у цэхавай раздзявалцы, здзівіўся:
— Ты дзе гэта быў, што не паспеў пераадзецца?
— Дзе? — Славік утаропіўся на яго сваімі чырвонымі ад бяссоння вачамі.
Тарас усміхаўся.
«Усміхаешся? Радуешся? Чакай жа! Я табе пакажу радасць! Святымі прыкідваліся, гады! Дэмагогію разводзілі аб новай маралі!»
Яго апанавала халодная разважлівасць у пошуках помсты. Хацелася прыдумаць нешта такое, каб разваліць іх брыгаду, скампраметаваць Тараса і наогул нарабіць груку на ўвесь горад. Але разам з тым яму было ўсё-такі шкада пакідаць завод. Гэта яго стрымлівала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабіць вялікага шуму. Проста нахуліганіць — пасадзяць. Садзіцца яму больш зусім не хацелася. Праўда, ён зноў лез пад кран. Зноў пасварыўся з Нінай. Запусціў ключом у Косцю, які паспрабаваў быў пакпіць з яго настрою. Мацюкнуў Галыгу, калі той мацюкнуў яго. Гэта такі нарабіла шуму. Начальнік змены лаяў усіх. Але каб яго, ды яшчэ вучань!.. Пабялеў, затупаў нагамі:
— Шчанюк! Малюска! Выганю! Сёння ж разлічу.
Тарас і хлопцы абаранілі Славіка. Яны асцерагалі яго, як скулу. Пакуль ён сустракаўся з Машай, яго нельга было пазнаць: уважлівы, старанны, дасціпна-вясёлы. Хлопцы радаваліся: становіцца чалавекам. І раптам за адну ноч змяніўся, што яго нельга пазнаць, у другі бок, назад.
Хлопцы мусілі пагадзіцца з Косцевай думкай, што яны слаба ўплываюць на яго. Толькі на заводзе ды ў тыя вечары, калі ім удаецца ўтрымаць яго ў сваёй кампаніі. А што ён робіць, калі застаецца адзін? З кім сустракаецца? З кім сябруе?
Яны выпрацавалі цэлы план актыўнай разведкі, размеркавалі ролі і абавязкі. Была якраз субота, кароткі рабочы дзень.
— Што ты думаеш рабіць сёння? — спытаў у Славіка Косця.
Ён паблытаў ім карты.
— Паеду на дачу. Нашы едуць. Паблукаю па лесе. Можа, апошнія цёплыя дні. —І раптам да Тараса: — Паедзем разам! — За дзень ён не мог прыдумаць ніякай помсты. А тут у яго нечакана бліснула думка.
Тарас успомніў, што Галіна Адамаўна неяк упікнула, што ён пачаў забывацца на сям'ю. Ды і Косця маргаў: згаджайся!
* * *
— Асцярожна ж, хлопчыкі, — ласкава сказала Валянціна Андрэеўна, калі яны выйшлі з дачы, абодва са стрэльбамі на плячах. Маці радавалася, што Славік пасябраваў з Тарасам, з рабочымі хлопцамі і, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод.
Валянціна Андрэеўна доўга з замілаваннем глядзела ім услед.
Яны выйшлі на луг. Быў ціхі, але па-вераснёўску бадзёры ўжо адвячорак. На небе ляжалі пашматаныя воблакі, нізкія, высокія, перыстыя і дажджавыя. Быццам нейкая цэнтрабежная сіла разагнала іх у бакі, да небасхілу: у зеніце ясна, а з бакоў блакіт закрылі дагістарычныя кашлатыя звяры, знясіленыя ветразі, што павіслі пасля буры. Сонца засланіў вялізны аднагорбы вярблюд. Але праменні прабіліся паверх горба і пазалацілі воблака-крыло.
Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восені. Цешыла вока атава ў лашчынах, але і яе колер мала нагадваў колеры вясны: ніводнай краскі, адна цёмная, як зацвілая вада балота, зялёнасць. На адным з узгоркаў стаяла маладая асінка, амаль уся ўжо чырвоная. Яны прайшлі міма. Тарас пагладзіў асінку рукой і засмяяўся — золатам сваіх лісцяў яна нагадала яму Машу. Славік зірнуў на асінку і, напэўна, усё зразумеў.
«Смяешся, гад? Радуешся? Хутка ты ў мяне заплачаш». Ён выплюнуў недакурак цыгарэты і запаліў новую. Ён паліў усю дарогу. Гэтае яго глытанне цыгарэт, маўклівасць і асабліва тое, што ад яго патыхала каньяком, не падабаліся Тарасу, насцярожвалі яго.
«Ну і характар! Не ведаеш, што ён выкіне праз хвіліну. То ў яго славесны панос, то маўчыць як анямелы».
Яны наблізіліся да густога зарасніку высокай лазы. За гэтай лазой — невялікая старыца, на якой любяць начаваць качкі.
Раптам Славік спыніўся, павярнуўся да Тараса, які ішоў крыху ззаду. Абразліва плюнуў міма яго недакурак. Зняў з пляча стрэльбу, паставіў прыкладам на пясок сцежкі. Вочы яго гнеўна бліснулі і тут жа пацямнелі.
— Адзін з нас сёння павінен памерці! — сказаў ён злосна і сур'ёзна.
Тарас, хоць і адчуваў нешта нядобрае, усміхнуўся, як бы зацікаўлены гульнёй.
— Умова: разыходзімся і сыходзімся ў лазняку. Хто ўбачыць першы… выпадковы стрэл… Няшчасны выпадак… Больш двух год не дадуць… Не бойся!
Каб не бліскалі так вочы, не перасмыкаліся вусны і пальцы ліхаманкава не гралі па гранёных ствалах дубальтоўкі, то гэта можна было б палічыць за чарговы Славікаў жарт, няхай недарэчны, дзіцячы, але жарт. А так — Тарас узлаваўся.
— Для такой гульні ты папрасіў бы Віцю. І не стрэльбы трэба вам — кіі. А я перарос. Ды і табе час…