Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ты — гад! — закрычаў Славік, пырскаючы слінай. — Ты… Ты… Ты — падлюга! Я ненавіджу цябе!

— Завошта?

— Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёміўся!.. Я першы!..

— Ціў, — свіснуў Тарас. — Чакай, ты пра каго гэта?

— Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! — шалеў Славік.

Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славікам. Не сказала толькі, што страчаецца па чарзе з імі. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кім раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такія пытанні? Скажы, калі ласка, які сярэдневяковы рыцар!

— Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоіў яе? Ідыёт! У яе свая галава на плячах. І не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кім ёй страчацца. Пайшоў ты! — Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся і, паправіўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад.

У душы Славік узрадаваўся, што Тарас адмовіўся ад «каўбойскай дуэлі». Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовіцца, калі яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар'яцкая думка. Але калі ішлі па лузе, спалохаўся: а раптам згодзіцца? Страляе ён лепш і ростам вышэйшы.

Адмовіўся, спалохаўся, уцякае — гэта, бадай, ужо яго, Славікава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ці дзе хоча — як з яго можна пасмяяцца! А па якіх матывах ён выганіць яго з брыгады?

Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кіпела.

— Стой! Буду страляць! — Славік ускінуў стрэльбу і выпаліў угору.

Тарас уздрыгнуў. Ён ішоў з незараджанай, а гэты тып, выходзіць, зарадзіў яшчэ дома.

«Ад такога вар'ята ўсяго можна чакаць». Ён спыніўся, павярнуўся:

— Страляй!

Славік з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго:

— Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў?

Сапраўды, Тарас пабляднеў і дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесці ў такі гнеў, калі чалавек губляе ўладу над самім сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставіць сабе такую мэту! А неразумнаму Славіку, відаць, здалося, што ён і напраўду ўтаптаў свайго саперніка ў гразь — спалохаў, зняважыў, збэсціў. Што яму яшчэ дадаць? І ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у сківіцу. Той трохі пахіснуўся, адступіў на крок убок, шырэй расставіў ногі. Крыва ўсміхнуўся:

— Хіба так б'юць?

Здаецца, амаль не замахваўся, а Славік адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патыліцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалілася з рук.

Падхапіўся і пеўнем кінуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы і не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкінуў яго яшчэ далей. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Падняў Славіка, убачыў, як заплывае ў яго падбітае вока. Спытаў:

— Хопіць ці яшчэ?

Славік да крыві пракусіў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкімі аплявухамі, без удару ўжо адкінуў у лазняк. Схапіў яго стрэльбу і адбег, схаваўся ў кустах. Славік не кінуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбітае вока, і ціха скуголіў — ад злосці, крыўды і болю…

Валянціна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамі.

— А Славік? — кінулася яна насустрач.

— Ляжыць там.

— Як ляжыць?

— Я набіў яму морду. Не ўмее абыходзіцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэліў мяне.

Маці глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра і тады толькі пачула, што сэрца няроўнымі штуршкамі пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногі.

— Што ў вас здарылася там? Тарас!

— Нічога. Ён раскажа, — адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянціне Андрэеўне стрэльбу.

Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведаміла бацьку і маці з захапленнем:

— Тарас набіў Славіку морду.

— Што ты вярзеш? — абурылася Галіна Адамаўна.

Малая сустрэла брата на парозе, павісла на шыі:

— Тарасок, раскажы, як ты вучыў яго страляць.

— Каго?

— Каго! Славіка!

Тарас анямеў: ці не сачыла за імі Наташа? Гэтая праныра прасілася на паляванне. Вось яшчэ не хапала такой сведкі!

— Божа мой! — пляснула далонямі Галіна Адамаўна. — Ды ў цябе распухла шчака. Што здарылася?

Падняўся з качалкі Антон Кузьміч, падышоў, павярнуў сына да акна, лёгка свіснуў — здзівіўся.

— Нічога, сілу мае. Баліць? У панядзелак зробім здымак, каб трэшчыны не было.

Бацька нічога не распытваў, як заўсёды. Ён чакаў, спадзяваўся, што сын раскажа сам.

Тарасу зрабілася раптам страшэнна брыдка на душы і сорамна, быццам гэта ён зрабіў нешта вельмі ганебнае. Каб можна было нікому не расказваць, забыцца і нават не ўспамінаць! Але нельга. Ён не ўмее зманіць бацьку. Можна, праўда, змаўчаць. Але сітуацыя такая, што гэта, напэўна, выкліча падазронасць. Не трэба, каб з'яўлялася падазронасць! Яны сябры. Нарэшце, толькі ён, Яраш, можа парадзіць, як яму паводзіць сябе далей з гэтым няшчасным шалапутам.

— Хадзем, тата, пагуляем. Я маю табе нешта расказаць.

— Ах, сакрэцікі? — закрычала абураная Наташка. — Ну і хадзіце! Ну і гуляйце! Зазнавакі вы! Я таксама маю сакрэт, у сто разоў цікавейшы за ваш, і ніколі вам не раскажу. — Яна ледзь не плакала ад незадаволенай цікаўнасці.

— Не лезь, Натка, у мужчынскія размовы.

— Падумаеш, мужчыны!

Яраш некалькі разоў свіснуў, адзін раз засмяяўся. Больш за ўсё яго ўразіла і здзівіла Маша. Вось дык рамантычна-задумлівая ціхоня! Ён вінаваты, што запрасіў яе сюды, пазнаёміў хлопцаў. Недарэмна казалі ў старажытнасці, калі здаралася бяда — вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны!

Потым яны абодва колькі хвілін маўчалі. Зайшло сонца. Па-асенняму хутка згусціўся змрок. Пад соснамі стала амаль ужо цёмна.

Яны думалі ў лясной цішыні. Антона Кузьміча кранула сынава даверлівасць.

— Ты кахаеш яе?

— Яна падабаецца мне.

— Яна доўга сустракалася з ім?

— Не ведаю. Яна сказала, што сустракалася, а ці многа разоў — я не распытваў.

— Яму таксама яна сказала?

— Наўрад.

— Ты моцна пабіў яго?

— Не. Нармальна.

— Ведаю я тваё «нармальна»! Нельга было без мардабою?

— Я не талстовец. Ён ударыў першы.

— Трэба расказаць Валянціне Андрэеўне.

— Навошта?

— Ты ж расказаў мне. І ўсё стала на месца. А ён не здагадаецца зрабіць гэта…

Валянціна Андрэеўна, не даслухаўшы, занепакоілася. Маці ёсць маці. Славік здаўся ёй маленькі, бездапаможны, збіты да паўсмерці дарослым і дужым хлопцам. У яе з'явілася нядобрае пачуццё да Тараса, хоць сваім цвярозым розумам яна добра ўсведамляла, што больш разумна, як зрабіў Тарас, зрабіць нельга — у руках у іх была смерць.

Яны ўтраіх шукалі Славіка на лузе. Маці гукала. Адгукалася рэха.

Нізіны зацягвала туманам.

Халадала.

Матчына трывога расла. Яраш супакойваў жанчыну:

— Упэўнены, Валя, што ён драпануў у горад. Яму сорамна паказвацца на вочы. Давайце паедзем — і ён будзе дома.

Яна папрасіла:

— Антон, не расказвай Кірылу. Баюся, ён не зразумее.

Недарэчна, што чалавек, які павінен разумець усе рухі чалавечай душы, раптам не зразумее ўласнага сына. Ён, Яраш, усіх разумее.

Шыковіч сядзеў дома, чытаў новы раман свайго сталічнага сябра.

Яраш сказаў, што забыўся зрабіць важнае назначэнне цяжкаму пасляаперацыйнаму хвораму.

— Што ты забыўся — гэта, мабыць, хлусіш, ты ніколі нічога не забываеш. Тут вось, — Кірыла ляпнуў па часопісе, — адзін разумны герой кажа: найлепшаму сябру не давярай дзвюх рэчаў — машыны і жонкі.

— Не вельмі разумны твой герой.

— А я табе давяраю дужа часта і машыну і жонку.

— Валя паедзе са мной, між іншым.

— А яна што там забылася?

— Не бойся, едзе і Галіна. Няхай пракатаюцца.

— Цісніце на ўсе педалі. Не будзеце хоць перашкаджаць.

Антон Кузьміч не мог не ўзяць жонкі, бо добра ведаў, што спакойнай Галіна не будзе, ведаючы, што ён паехаў у ноч з жанчынай, хоць гэтая жанчына і Валянціна Андрэеўна, жонка сябра, маці дарослых дзяцей.

69
{"b":"205285","o":1}