Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Сам ты!.. Сам данёс! — раптам закрычаў Дымар. — А цяпер хочаш зваліць на мяне? Хочаш быць чысценькім? Не выйдзе!

— Не, я не чысценькі. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзіце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпіёніць за Савічам. Я наогул ні за кім не шпіёніў. Я вёў справы як следчы.

— Па сутнасці, — заўважыў Сербаноўскі.

Швагераў зноў павярнуўся да Шыковіча.

— Натуральна, што Савічам занялося само гестапа. Не паспелі мы агледзецца, як усё здарылася… Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту і смерці доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнік партызанскага штаба. Ад каго, якім чынам яны даведаліся пра гэта, ніхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У паліцыі казалі, што Савіч адстрэльваўся. Сапраўды, былі забіты два гестапаўцы і тры ці чатыры ранены. Забілі Савіча ці сам застрэліўся — пра гэта маўчалі. Хто мог разявіць рот, калі афіцыйна было аб'яўлена, што доктара забілі партызаны? Пасля нашаму начальніку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыі «Доктар» — яны назвалі гэта цэлай аперацыяй — машыны гестапа былі абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Відаць, тады і былі забіты і ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта і навяло іх на думку аб'явіць, што Савіч забіты партызанамі. Вы пыталіся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баяліся прыкладу. Калі агласіць, што шасцідзесяцігадовы доктар, кіраўнік аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў і ўсіх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралізаваць тых, хто быў звязаны з Савічам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар інфекцыйнай бальніцы Акулава…

— Вакулава, — паправіў Шыковіч.

— Мне добра помніцца, што начальнік сказаў — Акулава. А можа, і не так… Столькі прамінула год! Дык вось гэтая жанчына ў калідоры гестапа, па дарозе на допыт ці з допыту, спрабавала вырваць у канваіра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна і хацела. Такі выпадак быў не адзіны. Скатаваныя людзі кідаліся на аўтаматы.

— Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савіча нічога не сказана?

— Ні следчы, ні суддзі, пэўна, не надалі запісцы ўвагі і не націскалі на гэты факт. А каму, грамадзянін начальнік, хацелася браць на сябе лішнюю справу? Каб атрымаць «вышку»? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явіўся.

Шыковіч спытаў пра другія групы, пра правалы — хто вінаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. А вядома, што «паліцыя агульнага парадку» крымінальнымі злачынствамі займалася між іншым і ў большасці выпадкаў забойцаў, рабаўнікоў, зладзеяў рабіла правакатарамі, агентамі; галоўная дзейнасць паліцыі, у тым ліку і следчага аддзела, была скіравана на выкрыццё савецкіх патрыётаў, на дапамогу гестапа і СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзіў небяспечныя мясціны. Але Шыковіч і Сербаноўскі ведалі значна больш, чым думалася Швагераву; мелі магчымасць супаставіць факты, параўнаць яго паказанні з іншымі крыніцамі. Што-нішто ён усё-такі праясніў і ўдакладніў. Раскрыў, напрыклад, структуру і метады шпіянажу, даўшы Кірылу новы матэрыял для кнігі. Калі нарэшце арыштаванага адвялі, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькі сведкам ці сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскі сказаў:

— Вось цяпер, я думаю, ніхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запіску, карыстайцеся пратаколам допыту — і друкуйце. Толькі назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не існуе пытання, хто ж такі доктар Савіч?

— Асабіста для мяне яго даўно не існавала.

— Але патрабаваліся доказы.

— Дзякую вам.

— Няма за што. Святы абавязак.

— Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра?

— Няхай гэта застанецца нашай прафесійнай тайнай.

Яны хораша, з разуменнем усміхнуліся адзін аднаму, як два добрыя сябры, якія агульнымі сіламі зрабілі карысную справу.

* * *

— Хадзем да Зосі. Я люблю прыносіць людзям добрыя весткі.

Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзіў па сваім кабінеце, прыгадваў паводзіны агента, калі той сачыў за ім, выкрываў філасофію здрады. Нечаканая прапанова Кірылы захапіла яго знянацку.

— Да Зосі? — Ён спыніўся каля акна і як бы раптам патух: уся яго магутная і прыгожая постаць у чорным світэры ў нейкі міг зрабілася каржакавата-нязграбнай. Ён згорбіўся, выгнуў шыю, быццам убачыў нешта незвычайнае ў белай ваце паміж рамамі.

— Няўжо баішся? — укалоў Кірыла без злоснага намеру.

Яраш крута павярнуўся да сябра. На твары яго з'явілася пакутлівая грымаса.

— Я даў клятву… Галі.

— Ух, людзі добрыя! Да чаго мы дажылі!

— Я ніколі не парушаў сваіх клятваў. — Голас Антона Кузьміча ўпаў да шэпту.

Кірыла ўзлаваўся. Падхапіўся, адскочыўшы ад крэсла, як гумавы мяч, пакаціўся да кніжных паліц, што займалі ўсю сцяну. Загрымеў на поўны голас, забыўшыся, што ў суседнім пакоі Наташа:

— Ты прабач… Я паважаю клятвы… Паважаю Галіну… Але калі на кожны бабскі капрыз… Не будзе ж жыцця…

Яраш знясілена апусціўся ў тое ж мяккае крэсла, дзе толькі што сядзеў Шыковіч, выцер далонямі твар.

— Кінь! Я сам ведаю. Але калі не хапае розуму і, я ўжо казаў табе, звычайнай інтэлігентнасці… Што рабіць? Скажы, інжынер душ?

Пасля прымірэння Галіна вырвала ў яго гэтую клятву — што ён ніколі больш не наведае Зосі. Ён пакляўся з бяздумнай лёгкасцю, абы замацаваць прымірэнне, бо бачыў, як цяжка перажываюць разлад дзеці. Пасля зразумеў, што такая клятва абражае яго. Хіба ён у чым вінаваты? Магчыма, у яго і не было б патрэбы і ахвоты заходзіць больш да Зосі. А цяпер яму рабілася брыдка за ўласную слабасць і бязвольнасць і часта хацелася пайсці да Зосі на злосць жонцы. Дзіўна, што жаданне такое мацнела з кожным днём. Ён змагаўся з ім. Ён сумленны чалавек і сапраўды ніколі не парушыў свае клятвы. Урэшце, справа не ў клятве. Ён проста вышэй за ўсё гэта і не дазволіць, каб подласць плеткароў і жончына неразумнасць давялі іх да разрыву, што было б трагедыяй і для іх абаіх і яшчэ большай — для Віктара і Наташы.

Так ён думаў. Але ад гэтай лагічнай разважлівасці не рабілася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нічога не дараваў сабе — памылак, слабасці, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той міг ён пазайздросціў Шыковічу і ўзлаваўся за гэта на сябе і на яго.

Кірыла раптам спыніў разважанні, якія ён было пачаў, аб ролі мужа ў выхаванні жонкі. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна і цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кім захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кепліва-жартаўлівымі словамі. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: «Такі вялікі і такі маленькі перад жонкай». Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра і герой быў вялікі ва ўсім. Зашпіліўшы верхні гузік на сарочцы і падцягнуўшы гальштук перад чорнымі тамамі энцыклапедыі, Шыковіч грубавата сказаў:

— Чорт з табой! Пайду адзін, — і рушыў да дзвярэй.

У суседнім пакоі зірнуў цераз Наташына плячо ў кнігу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавістых валасоў. Яна глянула на яго і ўсміхнулася вінавата, як бы просячы за штосьці прабачэння, можа, за тое, што падслухала іх размову, ці, можа, за бацькаву нерашучасць.

Кірыла апранаўся ў калідоры. Калі выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкі апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой і страхам, нібы несла адказнасць за яго ўчынкі.

На дварэ добра прымарозіла. У паветры кружыліся сняжынкі. Але асфальт вуліцы быў сухі і шэры ў цьмяным святле ліхтароў, пабялелі толькі лункі каля ліп і каштанаў.

Шыковіч даўно ўжо прыкмеціў: у іх горадзе найбольшы рух на тых вуліцах, што ідуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю ціха і бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вуліцы, нешырокія, зялёныя, утульныя, асабліва іх кароткія ўчасткі ад Савецкай да ракі. Шыковіч любіў гэтыя вуліцы. Любіў гуляць па іх.

85
{"b":"205285","o":1}