Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Узяўшы з папкі пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскі паказаў яго арыштаванаму.

— Вы пісалі?

— Ну я. Я. Я! — зноў раздражнёна, перакасіўшы твар і прыціснуўшы дзвюма рукамі кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.

Маёр падсунуў аркуш да Шыковіча. Кірыла ўбачыў тую ж запіску начальніку следчага адзела паліцыі пра Савіча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскі паказваў яму.

— Ён?

— Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць ніякіх экспертыз. Пакуль не выклікалі з далёкіх краёў таго, каму адрасавана запіска.

Здраднік сядзеў, панурыўшы галаву, быццам і не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы і гэты, другі, незнаёмы.

— Грамадзянін Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савіча?

— Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевіча Савіча? — Ён па-жаночы гаротна схіліў сваю маленькую сівую галаву набок, паківаў ёй. — Я магу толькі сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы і паліто. Прымяраў на даму. І заўсёды выходзіў з гэтага дома начаставаны вось так. — Дымар правёў далоняй па шыі; дзіўна мяняліся інтанацыі яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асіна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лірычнай задумлівасцю.

— І вы гатак аддзякавалі яму? — не вытрымаў Кірыла.

Здраднік закаціў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малітву.

— Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбіцца ў людзі… — Ён цяжка ўздыхнуў.

— На смерці другіх?

Спачатку Кірыла слухаў спакойна. Больш было прафесійнай цікаўнасці да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзіць сябе, і наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калі дайшло да Савіча, калі здраднік з цынічным прытворствам пахваліў нябожчыка, у Кірылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамі спакою Сербаноўскага. Яго прафесія дазваляла яму даваць волю сваім пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней і мацней грукае сэрца, аж пачало звінець у вушах. Ён зняў са стала рукі свае, каб яны былі далей ад цяжкага чарнільнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робіцца з ім, бо сурова сказаў арыштаванаму:

— Давайце, грамадзянін Дымар, без філасофіі. Што дало вам падставы напісаць такую запіску?

— Чуццё. Я ды каб не ведаў Савіча! Хе. Як аблупленага. Я ніколі не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў «мацаць», чым жа ён дыша. Даверліва расказаў яму пра зверствы гітлераўцаў. А ён кажа: мы самі вінаваты. І супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савіч супраць партызан! Я падумаў тады: «Каго ты хочаш правесці, доктар Савіч? Хе».

— Ну і гніда! — кінуў Шыковіч з агідай.

Здраднік уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, віскнуў:

— Прашу не абражаць! Я чалавек…

— Які ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..

— Кірыла Васільевіч! — дакорліва паківаў галавой Сербаноўскі.

— Калі да мяне будуць вось так, я не скажу больш ні слова. — І Дымар надзьмуўся, ужо з інакшым выразам адвесіўшы сківіцу.

Шыковіч толькі цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабілася так брыдка, што Кірыла баяўся, каб не званітавала.

— Гэта вы засвоілі, — сказаў Сербаноўскі, набіраючы нумар тэлефона. — Ало. Швагерава да мяне. — Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: — Свае правы вы засвоілі, — і сказаў Шыковічу: — Аднойчы, калі ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, і я павысіў голас, ведаеце, што сказаў гэты «законнік»? «Можа, ударыць хочаце? Ага, баіцеся! Не той час». Ніколі, ні ў які час, я не стаў бы пэцкаць рукі аб вас, Дымар. Брыдка.

Шыковіч спытаў ужо амаль спакойна?

— Усё ж цікава, што вас прымусіла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.

Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, і не адказваў.

— Раскажыце, як вы сталі Беразоўскім, — загадаў маёр.

Здраднік заплюшчыў другое вока і звесіў сівую галаву на грудзі.

Расказаў сам Сербаноўскі:

— Вам гэта павінна быць цікава, Кірыла Васільевіч. Знішчыўшы дакументы на Дымара, ён сімуляваў прыступ эпілепсіі. Упаў на вуліцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапіў у бальніцу. Апрытомнеў — цап-мац, пуста ў кішэнях. Усё нібыта вычысцілі: дакументы, грошы, гадзіннік. Прозвішча? Беразоўскі, Сяргей Пятровіч. Па даведцы з бальніцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лічыўся ў рабочых цэментавых заводаў.

Дымар на міг падняў галаву, і дзіўная ўсмешка скрывіла яго бяскроўныя вусны.

У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокіх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукі выдавалі чалавека фізічнай працы. Можа, таму недарэчнымі і непатрэбнымі здаваліся акуляры на яго барадатым шырокім твары.

Шыковіч угледзеў, з якой нянавісцю зірнуў на дзябёлага барадача мізэрненькі Дымар.

Швагераў — былы следчы паліцыі — прывітаўся і дысцыплінавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскі не паказаў яму, куды сядаць.

— Ну, чым вы займаецеся? — спытаў маёр.

— Аглядаю горад. Які горад вырас! Які горад! — і ўздыхнуў на поўныя грудзі не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.

— Горад — песня, — згадзіўся Сербаноўскі.

— Песня?! Гэта вы добра сказалі. — Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцінкай вочы.

— Скажыце, Швагераў, што даносіў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?

Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Швагераў задумаўся.

— Я вам напомню. Пра таго хлопца, які пакараў Лучынскага.

— Ах, пра Яраша?

— Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвішча?

— Пасля таго здарэння хутка ўстанавілі, што ніякі ён не Клешч, а студэнт медтэхнікума Яраш. Уся паліцыя была паднята на ногі, каб знайсці яго.

— Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савіча.

Кашлатыя бровы Швагерава варухнуліся ад здзіўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле і праскрыпеў:

— Пра Кляшча я нікому слова не сказаў.

Швагераў паківаў галавою:

— Мне пра Яраша ён не гаварыў.

— Швагераў, я не хачу вам лішні раз напамінаць, што значыць для вас шчырасць і сумленнасць.

— Таварыш маёр! За сваю віну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталі мае характарыстыкі… Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага… павука?

— Сам ты павук! — злосна агрызнуўся Дымар.

— Быў, — спакойна згадзіўся Швагераў. — Але цяпер стаў чалавекам.

— Вы ведалі, — Сербаноўскі глянуў у паперы, — Лотке? Механік у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскім.

— Лотке? — Швагераў хмыкнуў. — Якіх толькі прозвішчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланіст з Украіны. Шпіён.

— Агент СД?

— Безумоўна.

— Дымар быў знаёмы з Крафтам?

— Не, не быў! Не ведаю ніякага Крафта! — паспяшаўся адмовіцца стары правакатар.

— А па-мойму, быў, — сказаў Швагераў. — Нешта мне прыпамінаецца, што, калі ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначніка.

— Мала каму я шыў! Усіх…

— Ясна! — перапыніў Сербаноўскі. — А цяпер паўтарыце коратка свае паказанні па справе Савіча.

Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывільным, і павярнуўся да Шыковіча, пачаў расказваць яму:

— Ну, Савіча мы лічылі надзейным. Вядома, для «новага парадку». Многія дзеячы выклікалі падазрэнне. Ён — не. І раптам яго запіска, — кіўнуў на Дымара, потым на стол, — тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, — зноў кіўнуў на свайго былога сябра. — Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пісаў, каб пакінуць дакуменцік, відаць.

— Хлусіш! — праскрыпеў Дымар.

— Навошта ж мне хлусіць? Я нават разгубіўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавіць такога сама, як доктар Савіч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць… Мы ж там адзін аднаму не верылі, адзін аднаго хаваліся, каб перахітраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам… Вялікая адказнасць. Куды мне! Начальніку сказаў. Той, помню, таксама разгубіўся. Калі, кажа, Савіч з імі, з нашымі, значыцца, з партызанамі, нікому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савіч — труба будзе нам. Узяць яго без доказаў — таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнік. Мне нічога не даручыў, хоць справай з медыкаментамі займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовіліся весці яе, як звычайную крымінальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымінальнымі справамі менш цікавіліся. Хто з іх данёс у гестапа, — ён, — зноў ківок у бок Дымара, — ці начальнік паліцыі — гэтага я не ведаю.

84
{"b":"205285","o":1}