Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Славік уціснуўся глыбей пад станіну. Хацелася ўсяму залезці ў вузкі люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нікога не бачыць, нічога не адчуваць.

Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чыніў шкоду. Здаралася, што колькі дзён жыў з бояззю кары. Але ніколі яшчэ ў яго не было такога страху. Агіднае і цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго істоту. Яно — як невылечная хвароба, як рак, пра які чалавек ведае і нічога не можа зрабіць для свайго ўратавання, толькі слухае, чакае, калі, як ён праявіць сябе і нанясе апошні ўдар.

Станок уздрыгнуў, як жывая істота, — кран паволі рушыў далей.

Славік стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:

— Пасвяці сюды.

Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы.

Генрых кінуў на яго кароткі позірк і рухамі штукара пачаў мацаваць маленькія гаечкі. Недасведчанаму чалавеку, які бачыць станок толькі звонку, можа здацца, што такая аграмадзіна складзена з адных вялікіх і цяжкіх дэталей. Так упачатку здавалася і Славіку. А тут ёсць дэталькі не большыя за гадзіннікавыя, асабліва ў электраабсталяванні. Між іншым, гэтая складанасць і прываблівала няўрымслівага хлопца. Каб усё было проста і аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамі, адно і тое з хвіліны ў хвіліну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.

— Што ў цябе з Нінай? — спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкі і пракладкі.

Рабро станіны здушыла Славіку грудзі. Пракладкі прыліплі да потнай далоні.

— А-а… нічога. Ходзім у кіно…

— Ты ж не любіш яе.

— А хіба нельга так?

— Як «так»?

— Ну… разам працуем, разам гуляем.

— Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нібы яны для адных танцулек створаны. З Нінкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя… У яе ўсё сур'ёзна. І планы яе сур'ёзныя і простыя: выйсці замуж, нараджаць дзяцей… Некаторыя моднікі фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схіліце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самі вы мяшчане!

«Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць».

Але «зайчыкі» ад яго прафесарскіх акуляраў сляпілі. І Славік — што той трусік перад кобрай. Толькі вушкамі варушыў. Куды знікла дасціпнасць, кідкасць: ты мне слова — я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зіркае, усё бачыць. Разбіць пераноску, ці што? Быццам незнарок.

Нарэшце Славік скінуў чары. Выскаліўся:

— Думаў, хоць адзін чалавек як чалавек. А ты — як Ходас і Тарас. Маралісты! — і завыў у вантробе станка: — Сумна жыць, Генрых!

Ён неаднойчы хіліў Варэніка на свой бок вось такімі жартамі. У яго і Косці найлепшае пачуццё гумару.

— Думаеш, калі сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?

— А каму я псую? Пайшлі вы ўсе…

Хвілін праз колькі Тарас накіраваў яго ў склад па дэталі. Славік напусціў на сябе такую бестурботнасць і весялосць, каб нікому і ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.

Ён ішоў паміж станкамі, як па лесе. Насвістваў. І раптам з-за станка — яна, Нінка. Носік — чырвоны, вочы — злыя.

— Славік!

Ён спалохана азірнуўся.

— Такая цана тваім словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нічога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукі налажу, або цябе станінай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць. — Яна ўсхліпнула.

А побач, за станком, — галасы. Здаецца, начальнік цэха.

Славік схапіў яе за руку.

— Чаго ты? Дурная, дурная… У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў політэхнічны паступіў. Кожны вечар… Ну добра. Сёння, сёння…

Ішоў знаёмы рабочы, і Славік, узрадаваны, пакінуў дзяўчыну і закрочыў побач з ім. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выціскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Ніякай радасці і гэтулькі пакут! Ён праклінаў той час і міг, калі яму прыйшла ў галаву гэтая дзіўная думка — пазабаўляцца з ёй, адпомсціць за свой спалох у першы дзень.

Месяц ён вадзіў яе ў кіно, у тэатр і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзіў проста ў інтэрнат, пакідаючы ў строгай каменданткі свой заводскі пропуск. Сяброўкам яе па пакоі падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалі: «Ой, глядзі, Нінка, загаворыць ён цябе». Другія падбадзёрвалі: «Хапай, Нінка, на ляту. Закруці яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лідка за інжынера выскачыла. Цяпер вітацца, зараза, не хоча».

Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наіўную ілюзію. Хіба адны прыгожыя падабаюцца? Славік пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзі — у кіно, у тэатры, знаёміў са сваімі знаёмымі, прыгожа апранутымі хлопцамі і дзяўчатамі, і рабіў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з'яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было і другое: цяга чалавека, які жыў у беднасці і нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага.

У тую нядзелю ён з'явіўся ў інтэрнаце раніцай і запрасіў яе на дзённы сеанс. А калі выйшлі з кіно, прапанаваў зайсці да яго дадому. Нінка на міг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пісьменнік? Хіба гэта не цікава? Адначасна мільганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваім бацькам. Славік не прызнаўся, што дома нікога няма. Бацькі разам з Ярашамі паехалі на дачу садзіць нейкія адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якія «стары конь» ездзіў ажно на Ўкраіну. Іра з курсам у калгасе, паехалі выбіраць бульбу.

Славік адчыніў дзверы і сам «здзівіўся», што ў кватэры ніводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бібліятэку, бацькавы кнігі. Потым уключыў радыёлу і ўсё ставіў «нярасейскія пласцінкі». Пад гукі прыгожай і незразумелай музыкі выставіў на стол доўгую і тонкую пляшку, таксама не нашу. Віно Нінцы не спадабалася — кісляціна. Але яна ведала, што ўсе інтэлігенты п'юць чамусьці кіслае, а не смачнае салодкае віно, а таму асушыла два высокія келіхі. І ёй стала хораша і весела. Яна сама прапанавала:

— Давай патанцуем.

Яна любіла танцаваць, а Славік не. Ён хадзіў з ёй усюды, толькі на танцы ў заводскі Дом культуры не пайшоў ні разу.

Яны закружылі ў кабінеце вакол маленькага століка, паўз шкляныя шафы, з якіх глядзелі на іх маўклівыя і суровыя кнігі.

Славік пацалаваў дзяўчыну. Нінка шчасліва засмяялася. Яна заўсёды так смяялася, калі ён цалаваў яе. Праходзячы міма канапы, Славік «спатыкнуўся» і… паваліў дзяўчыну на канапу. Пачаў цалаваць прагна вусны, шчокі, шыю.

— Славічак… Родненькі… не трэба, Славічак… Пасля, пасля… даражэнькі… — шаптала яна, цалуючы з такой жа прагнасцю, балюча.

Ён быў у тым узросце, калі сніў пра гэта. І думаў бясконца. І шукаў.

Але адбылося зусім не так, як у сне і ў думках… Калі праз хвіліну наступіла працверазенне, ён замест задавальнення адчуў нешта зусім супрацьлеглае — сорам само сабой, але яшчэ агіду, да гэтага, да сябе, да яе. Раптам убачыў, якая яна непрыгожая, Нінка. І адразу чамусьці ўспомніў Машу, якую даўно не бачыў, але не забываў. Зашчымела сэрца. Нясцерпна захацелася, каб побач была Маша, каб яе рукі абдымалі, яе залатыя валасы датыкаліся яго шчок. І ўсё больш расла непрыязь да Ніны. Нават злосць… Чаму яна так лёгка аддалася? Можа, ён не першы?.. Як лашчыцца!..

— Славічак… даражэнькі… цяпер мы звязаны з табой назаўсёды.

Яго нібы агнём апякло.

«Звязаны… назаўсёды… Усё жыццё з ёй? З-за адной хвіліны? Што яна вярзе? Чаго яна хоча?»

І да ўсяго непрыемнага — яшчэ страх. Як удар. У галаву, у грудзі. Ажно пот выбіла.

А ў гэты момант — званок. Яны падхапіліся. Славік спалохаўся, разгубіўся. Кінуўся да радыёлы, выключыў. Настойліва прагучалі кароткія тры званкі. Іра! Так звоніць яна. А калі бацькі? Славік уключыў радыёлу зноў. Крутнуў рэгулятар гучнасці залішне. Музыка запоўніла кватэру.

Здалося, што Нінка знарок павольна наводзіць парадак у сваім туалеце. І робіць гэта перад ім бессаромна. Славік узненавідзеў яе ў гэты міг. Шыкнуў злосна:

87
{"b":"205285","o":1}