Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Энергія, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, позірк, якім яны суправаджаліся, — усё гэта пахіснула Дзіка, аднак ён не мог не заўважыць, што не атрымаў адказу на сваё пытанне.

— Я ад усёй душы хачу паверыць вам, сэр Дэніэл, — сказаў ён. — Пераканайце мяне, што вы не прымалі ўдзелу ў забойстве майго бацькі.

— Ці задаволіць цябе маё слова гонару, Дзік? — спытаў рыцар.

— Так, — адказаў хлопчык.

— Даю табе слова гонару, клянуся табе вечнай асалодай маёй душы і тым адказам, які мне давядзецца даць Богу за ўсе мае справы, што я ні прама, ні ўскосна не вінаваты ў смерці твайго бацькі!

Ён працягнуў Дзіку сваю руку, і Дзік горача паціснуў яе. Абодва яны не заўважылі, як свяшчэннік, пачуўшы гэтую ўрачыстую і хлуслівую клятву, нават прыўзняўся ад жаху і адчаю.

— Ах, — усклікнуў Дзік, — няхай ваша велікадушнасць дапаможа вам дараваць мне! Які я нягоднік, што дазволіў сумненню закрасціся ў маю душу. Але цяпер ужо я больш ніколі сумнявацца ў вас не буду.

— Я дарую табе, Дзік, — сказаў сэр Дэніэл. — Ты яшчэ не ведаеш свету, ты яшчэ не ведаеш, якое гняздо сплёў у ім паклёп.

— Я тым болей варты ганьбавання, — дадаў Дзік, — што паклёпнікі абвінавачвалі не столькі вас, колькі сэра Олівера…

Пры гэтых словах ён павярнуўся да свяшчэнніка і раптам перапыніў сваю прамову на паўслове. Гэты высокі, румяны, тоўсты і важны чалавек быў абсалютна зніякавелы: румянец знік з яго твару, рукі і ногі дрыжалі, губы шапталі малітвы. Ледзь Дзік скіраваў на яго позірк, як ён пранізліва ўскрыкнуў і закрыў твар рукамі.

Сэр Дэніэл кінуўся да яго і ў шаленстве схапіў яго за плячо. І ўсе падазрэнні Дзіка адразу прачнуліся зноў.

— Няхай сэр Олівер таксама дасць клятву, — сказаў ён. — Бо гэта яго і абвінавачваюць у забойстве майго бацькі.

— Ён дасць клятву, — сказаў рыцар.

Сэр Олівер моўчкі замахаў на яго рукамі.

— Клянуся небам, вы дасце клятву! — закрычаў сэр Дэніэл сам не свой ад шаленства. — Кляніцеся тут, на гэтай кнізе! — працягваў ён, падняўшы трэбнік, які ўпаў на падлогу. — Што? Вы прымушаеце мяне сумнявацца ў вас? Кляніцеся! Я загадваю.

Але свяшчэннік не мог вымавіць ні слова. Яго душыў жах: ён аднолькава баяўся і сэра Дэніэла і клятвапарушэння.

У гэты момант чорная страла, прабіўшы ўзорыстае шкло высокага акна, заляцела ў залу і, трапечучы, уваткнулася ў самую сярэдзіну абедзеннага стала.

Моцна ўскрыкнуўшы, сэр Олівер упаў без прытомнасці на засланую чаротам падлогу. Рыцар жа разам з Дзікам кінуўся ў двор, а адтуль па вінтавой лесвіцы на зубчастую вежу. Усе дазорцы былі на пасту. Сонца спакойна асвятляла зялёныя лугі, над якімі дзе-нідзе ўзвышаліся купы дрэў і лясістыя пагоркі, што засланялі гарызонт. Нікога не было бачна.

— Адкуль прыляцела страла? — спытаў рыцар.

— Вунь з тых дрэў, сэр Дэніэл, — адказаў вартавы.

Рыцар задумаўся. Потым павярнуўся да Дзіка.

— Дзік, — сказаў ён, — паназірай за гэтымі людзьмі, я даручаю іх табе. А свяшчэнніка, калі ён не запэўніць мяне ў сваёй невінаватасці, я прымушу адказваць. Я пачынаю раздзяляць твае падазрэнні. Ён дасць клятву, ручаюся табе, а калі не дасць, мы прызнаем яго вінаватым.

Дзік адказаў даволі холадна, і рыцар, акінуўшы яго дапытлівым позіркам, паспешліва вярнуўся ў залу. Перш за ўсё ён агледзеў стралу. Ніколі яшчэ не бачыў ён такіх стрэл. Ён узяў яе ў рукі і пачаў круціць; змрочны колер яе ўсяляў міжвольны страх. На ёй быў надпіс, толькі тры словы: «Звер у нары».

— Значыць, яны ведаюць, што я дома, — прамовіў ён. — У нары! Але ў іх няма сабакі, які мог бы выгнаць мяне адсюль.

Сэр Олівер апрытомнеў і з цяжкасцю падняўся на ногі.

— На жаль, сэр Дэніэл, — прастагнаў ён, — вы далі страшную клятву. Цяпер вы пракляты навекі!

— Але, боўдзіла, — сказаў рыцар, — я даў паганую клятву, аднак ты дасі клятву яшчэ горшую. Ты паклянешся святым крыжам Халівуда. Глядзі ж, прыдумай словы самыя пераканаўчыя. Ты дасі клятву сёння ж вечарам.

— Хай прасвятліць Бог ваш розум! — адказаў свяшчэннік. — Хай адверне ён ваша сэрца ад такога беззаконня!

— Паслухайце, найдабрэйшы бацька, — сказаў сэр Дэніэл, — калі вас турбуе ваша набожнасць, мне размаўляць з вамі няма аб чым. Занадта позна, аднак, успомнілі вы аб набожнасці. Але калі ў вас засталася хоць кропля розуму, слухайце мяне. Гэты хлапчук раздражняе мяне, як аса. Ён мне патрэбны, таму што я хачу скарыстаць выгоды ад яго шлюбу. Але кажу вам шчыра: калі ён будзе дакучаць мне, ён адправіцца да свайго бацькі. Я загадаў перасяліць яго ў пакой над капліцай. Калі вы дасце добрую, грунтоўную клятву ў вашай невінаватасці, усё будзе цудоўна: хлопчык крыху супакоіцца, і я пашкадую яго. Але калі вы задрыжыце, або пабляднееце, або запнецеся, ён не паверыць вам — і тады ён памрэ. Вось аб чым вам трэба думаць.

— У пакой над капліцай! — задыхаючыся, прамовіў свяшчэннік.

— У той самы, — пацвердзіў рыцар. — Вось так, калі вы хочаце выратаваць яго, ратуйце. Калі ж не, хай будзе па-вашаму, выбірайцеся адсюль і пакіньце мяне ў спакоі! Калі б я быў чалавек запальчывы, я ўжо даўно пракалоў бы вас мячом за вашу нясцерпную баязлівасць і дурноту. Ну, зрабілі выбар? Адказвайце!

— Я зрабіў выбар, — адказаў свяшчэннік. — Хай даруе мне Бог, я выбіраю зло дзеля дабра. Я дам клятву, каб выратаваць хлапчаня.

— Так яно лепш! — сказаў сэр Дэніэл. — Паклічце яго ды хутчэй. Вы застанецеся з ім сам-насам. Але я вока з вас не спушчу. Я буду тут, у тайніку.

Рыцар прыўзняў дыван, які вісеў на сцяне, і ступіў за яго. Пачуўся звон сталёвай спружыны, затым скрып прыступак.

Сэр Олівер, застаўшыся адзін, спалохана паглядзеў на завешаную дываном сцяну і перахрысціўся з журбою і жахам у позірку.

— Калі яго пасялілі ў пакоі над капліцай, — прамармытаў ён, — я павінен выратаваць яго нават цаной маёй душы.

Праз тры хвіліны з'явіўся Дзік, якога прывёў ганец. Сэр Олівер стаяў каля стала рашучы і бледны.

— Рычард Шэлтан, — сказаў ён, — ты патрабаваў у мяне клятву. Гэтае тваё патрабаванне для мяне зневажальнае, і я маю поўнае права табе адмовіць. Але, помнячы нашы ранейшыя адносіны, я змякчыў сваё сэрца; хай будзе па-твойму. Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не забіваў твайго бацькі.

— Сэр Олівер, — адказаў Дзік, — прачытаўшы першае пасланне Джона Помшчу-за-ўсіх, я не засумняваўся ў вашай невінаватасці. Але цяпер дазвольце задаць вам два пытанні. Вы не забівалі майго бацькі, веру. Але, можа, вы прымалі ўскосны ўдзел у гэтым забойстве?

— Ніякага, — сказаў сэр Олівер.

І раптам твар яго таргануўся. Ён перасцерагальна падміргнуў Дзіку. І Дзік зразумеў, што гэтым падміргваннем свяшчэннік хоча сказаць яму штосьці такое, чаго не смее вымавіць уголас.

Дзік зірнуў на яго са здзіўленнем; потым павярнуўся і ўважліва агледзеў усю пустую залу.

— Што з вамі? — спытаў ён.

— Нічога, — адказаў свяшчэннік, спрабуючы надаць твару спакойны выраз. — Мне блага; я не зусім здаровы. Выбачайце, Дзік… мне трэба выйсці… Клянуся свяшчэнным крыжам Халівуда, я не выдаваў і не забіваў твайго бацькі. Супакойся, добры хлопчык. Бывай!

І з неўласцівай яму паспешлівасцю ён выйшаў з залы.

Уважлівы позірк Дзіка слізгаў па сценах; на твары ў яго адно за адным адбіваліся самыя супярэчлівыя пачуцці: здзіўленне, сумненне, падазрэнне, радасць. Але мала-памалу, па меры таго як розум яго прасвятляўся, падазрэнні перамаглі; неўзабаве ён быў ужо зусім упэўнены ў самым горшым. Ён узняў галаву і ўздрыгнуў. На дыване, што закрываў сцяну, была выткана выява лютага паляўнічага. Адной рукой ён трымаў рог, у які трубіў; у другой трымаў дзіду. Твар у яго быў чорны, таму што ён адлюстроўваў афрыканца.

Вось гэты афрыканец і напалохаў Рычарда Шэлтана. Сонца, якое сляпуча зіхацела ў вокнах залы, зайшло за хмарку. Акурат у гэтае імгненне агонь у каміне ярка ўспыхнуў, асвятліўшы столь і сцены, што да гэтага часу былі ахутаны паўзмрокам. І раптам чорны паляўнічы міргнуў вокам, як жывы; і павека ў яго было белым.

Дзік, не адрываючыся, глядзеў у гэтае страшнае вока. Пры святле агню яно зіхацела, як каштоўны камень; яно было вільготнае, яно было жывое. Белае павека зноў закрыла яго на нейкую долю секунды і зноў паднялося. Затым вока знікла.

18
{"b":"146272","o":1}