Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Што гэта? — спытаў Дзік, канчаткова прачынаючыся.

— Хтосьці ідзе, — адказаў Мэтчэм, — і пры кожным яго кроку звініць званочак.

— Я гэта і сам разумею, — сказаў Дзік. — Але хто можа блукаць тут са званочкам? Каму патрэбен званочак у Тэнстолскім лесе? Джон, — дадаў ён, — смейся нада мной, калі хочаш, але мне гэты звон не падабаецца.

— Але, — сказаў Мэтчэм і ўздрыгнуў, — у гэтым звоне ёсць штосьці журботнае. Калі б не світанне…

Але тут званочак зазвінеў намнога мацней і раптам змоўк.

— Можна падумаць, што нехта бег са званочкам, прачытаў «Ойча наш» і з разгону скочыў у ваду, — заўважыў Дзік.

— А цяпер ён зноў ідзе марудна, — дадаў Мэтчэм.

— Не так ужо марудна, Джон, — адказаў Дзік. — Наадварот, ён вельмі шпарка да нас набліжаецца. Або ён уцякае ад кагосьці, або за кімсьці гоніцца сам. Хіба ты не чуеш, што звон з кожным імгненнем усё бліжэй?

— Ён ужо зусім побач, — сказаў Мэтчэм.

Яны стаялі з краю ямы; а паколькі яма была на макаўцы невялікай выспы, яны ўбачылі ўсю паляну да самага лесу. У шэрых ранішніх прыцемках яны выразна адрознівалі белую стужку сцяжынкі, якая праходзіла за нейкіх сто ярдаў ад ямы і перасякала ўсю паляну з усходу на захад. Дзік вымеркаваў, што сцяжынка гэтая, відавочна, павінна была весці ў замак Мот.

Не паспеў ён гэта падумаць, як на сцяжынцы з гушчару лесу з'явіўся чалавек, захутаны ў белае. Ён спыніўся на імгненне, быццам для таго, каб лепш агледзецца; затым, нізка прыгнуўшыся да зямлі, няспешліва рушыў наперад цераз зарослую верасам паляну. Званочак звінеў пры кожным яго кроку. У яго не было твару: белы мяшок, нават без адтулін для вачэй, закрываў усю яго галаву; чалавек гэты намацваў дарогу палкай.

Смяротны жах ахапіў хлопчыкаў.

— Пракажоны! — сказаў Дзік задыхаючыся.

— Яго дотык — смерць, — хваляваўся Мэтчэм. — Уцякайма!

— Навошта ўцякаць? — запярэчыў Дзік. — Хіба ты не бачыш, што ён зусім сляпы? Ён намацвае дарогу палкай. Давай ляжаць і не рухацца; вецер дзьме ад нас да яго, і ён пройдзе міма, не зрабіўшы нам ніякай шкоды. Бедачына! Ён варты жалю, а не страху!

— Я пашкадую яго, калі ён пройдзе, — адказаў Мэтчэм.

Пракажоны быў ужо зусім недалёка ад іх. Узышло сонца і асвяціла яго закрыты твар. Калісьці, да таго як страшная хвароба сагнула яго ў тры пагібелі, гэта, хутчэй за ўсё, быў мажны, рослы мужчына, ды і зараз ён ішоў упэўненай паходкай моцнага чалавека. Злавесны звон званочка, стук палкі, занавешаны твар без вачэй і, галоўнае, усведамленне таго, што ён не толькі асуджаны на смерць і пакуты, але і адвергнуты людзьмі, — усё гэта наганяла на хлопчыкаў жудасную журбу. Чалавек набліжаўся да іх, і з кожным яго крокам яны гублялі мужнасць і сілы.

Параўняўшыся з ямай, ён спыніўся і павярнуў да іх галаву.

— Прасвятая Багародзіца, выратуй мяне! — ледзь чутна прашаптаў Мэтчэм. — Ён нас бачыць!

— Лухта! — адказаў Дзік шэптам. — Ён проста прыслухоўваецца. Ён жа сляпы, дзівак!

Пракажоны глядзеў ці прыслухоўваўся некалькі імгненняў. Потым пабрыў далей, але раптам зноў спыніўся і зноў, здавалася, паглядзеў на хлопчыкаў. Нават Дзік смяротна пабялеў і заплюшчыў вочы, быццам ад аднаго позірку на пракажонага ён мог заразіцца. Але неўзабаве званочак зазвінеў зноў.

Пракажоны дайшоў да канца паляны і знік у гушчары.

— Ён бачыў нас, — сказаў Мэтчэм. — Клянуся, ён нас бачыў!

— Глупства! — запярэчыў Дзік, да якога ўжо вярнулася мужнасць. — Ён нас чуў і, пэўна, вельмі спалохаўся, бядак! Калі б ты быў сляпы, і калі б цябе акружала вечная ноч, ты спыняўся б ад кожнага хрусту сучка пад нагой, ад кожнага піску птушкі.

— Дзік, добры Дзік, ён бачыў нас, — паўтараў Мэтчэм. — Людзі прыслухоўваюцца зусім не так, Дзік. Ён глядзеў, а не слухаў. Ён задумаў штосьці нядобрае. Чуеш, званочак змоўк…

Ён меў рацыю. Званочак больш не звінеў.

— Гэта мне не падабаецца, — сказаў Дзік. — Гэта мне зусім не падабаецца, — паўтарыў ён. — Што ён задумаў? Ідзём хутчэй!

— Ён пайшоў на ўсход, — сказаў Мэтчэм. — Добры Дзік, бяжым прама на захад! Я супакоюся толькі тады, калі павярнуся да гэтага пракажонага спіной і ўцяку ад яго як можна далей.

— Які ж ты баязлівец, Джон! — адказаў Дзік. — Мы ідзём у Халівуд, а каб прыйсці адсюль у Халівуд, трэба ісці на поўнач.

Яны падняліся, перайшлі па каменьчыках цераз ручай і палезлі ўверх па супрацьлеглым схіле яру, які быў вельмі круты і падымаўся да самага ўскрайку лесу. Глеба тут была няроўнай — усюды гарбы і ямы; дрэвы раслі то ў адзіночку, то цэлымі гаямі. Нялёгка было знаходзіць дарогу, хлопчыкі пасоўваліся наперад вельмі марудна. Да таго ж яны былі стомлены ўчарашнімі сваімі прыгодамі, змучаны голадам і з цяжкасцю перастаўлялі ногі, якія грузлі ў пяску.

Раптам з вяршыні выспы яны ўбачылі пракажонага — ён быў за сто футаў ад іх і ішоў ім напярэймы па лагчыне. Званочак яго не звінеў, палка не намацвала дарогі, ён ішоў шпаркай, упэўненай паходкай відушчага чалавека. Праз імгненне ён знік у зарасніках кустоў.

Хлопчыкі адразу схаваліся за кустом жаўтазелю і ляжалі ахопленыя жахам.

— Ён гоніцца за намі, — сказаў Дзік. — Ты заўважыў, як ён прыціснуў язычок званочка рукой, каб не звінеў? Хай дапамогуць нам святыя! Супраць заразы мая зброя проста нішто!

— Што яму трэба? — усклікнуў Мэтчэм. — Чаго ён хоча? Ніколі не чуў я, каб пракажоныя кідаліся на людзей проста так, са злосці. Бо і званочак у яго для таго, каб людзі, пачуўшы звон, уцякалі. Дзік, тут штосьці не так…

— Мне ўсё роўна, — прастагнаў Дзік. — Я зусім аслабеў, ногі ў мяне як салома. Хай ратуюць нас святыя!

— Няўжо ты так і будзеш тут ляжаць? — усклікнуў Мэтчэм. — Уцякайма назад, на паляну. Там бяспечней. Там яму не ўдасца падкрасціся да нас незаўважна.

— Я нікуды не пабягу, — сказаў Дзік. — У мяне няма сілы. Будзем спадзявацца, што ён пройдзе міма.

— Дык нацягні свой арбалет! — усклікнуў Мэтчэм. — Будзь мужчынам.

Дзік перахрысціўся.

— Няўжо ты хочаш, каб я страляў у пракажонага? — сказаў ён. — У мяне рука не падымецца. Будзь што будзе! — дадаў ён. — Я магу змагацца са здаровымі людзьмі, але не з прывідамі і пракажонымі. Не ведаю, ці прывід гэта, ці пракажоны, але няхай абароніць нас неба і ад таго і ад другога!

— Дык вось якая праслаўленая храбрасць мужчыны! — сказаў Мэтчэм. — Як мне шкада няшчасных мужчын! Ну што ж, калі ты нічога не хочаш рабіць, дык давай ляжаць ціха.

Званочак адрывіста дзвынкнуў.

— Ён знянацку адпусціў язычок, — шапнуў Мэтчэм. — Божа, як ён блізка!

Дзік нічога не адказаў, зубы яго ляскалі.

Пракажоны ўжо цьмяна бялеў за галінамі кустоў, потым з-за ствала высунулася яго галава, здавалася, ён уважліва вывучаў мясцовасць. Хлопчыкам ад страху мроілася, што кусты шаргацяць лісцямі і трашчаць галінамі, як жывыя; і кожнаму было чуваць, як б'ецца сэрца другога.

Раптам пракажоны з воклічам выскачыў з-за кустоў і пабег прама на хлопчыкаў. Моцна крычучы, яны кінуліся ў розныя бакі. Але іх страшны вораг хутка дагнаў Мэтчэма і моцна схапіў яго. Лясное рэха падхапіла адчайны крык Мэтчэма. Ён сутаргава затрапятаўся і страціў прытомнасць.

Дзік пачуў крык і павярнуўся. Ён убачыў, што Мэтчэм упаў, і да яго адразу вярнуліся сілы і мужнасць. З воклічам гневу і жалю ён зняў з пляча арбалет і нацягнуў цеціву. Але пракажоны спыніў яго, падняўшы руку.

— Не страляй, Дзікон! — пачуўся знаёмы голас. — Не страляй, храбрэц! Няўжо ты не пазнаў сябра?

Чалавек паклаў Мэтчэма на траву, скінуў з галавы мяшок, і Дзік убачыў твар сэра Дэніэла Брэклі.

— Сэр Дэніэл! — усклікнуў Дзік.

— Так, я сэр Дэніэл, — адказаў рыцар. — Ты ледзь не застрэліў свайго апекуна, шэльма! Але вось гэты… — ён кіўнуў на Мэтчэма. — Як ты яго называеш, Дзік?

— Я яго называю майстрам Мэтчэмам, — сказаў Дзік. — Хіба вы яго не ведаеце? А ён казаў, што вы яго ведаеце!

— Але, я яго ведаю, — адказаў сэр Дэніэл і ўсміхнуўся. — Ён самлеў, і, клянуся небам, яму ёсць ад чаго траціць прытомнасць. Прызнайся, Дзік, што я напалохаў цябе да смерці?

14
{"b":"146272","o":1}