— Усё прыпамінаю, усю драбязу, але аб дзяржаўнай пячатцы пры гэтым і спаміну ня было.
Ён памаўчаў, пасьля падняў галаву і прамовіў з мягкасьцю і дастойнасьцю:
— Мілёрды і джэнтльмэны, калі вы хочаце пазбавіць вашага законнага караля яго правоў толькі таму, што ён ня можа даставіць вам гэткага пустога доказу, дык я не магу замінуць вам, я тут бясьсільны. Але...
— О, гэта вар'яцтва, гаспадару! — з жахам гукнуў Том Канці. — Пачакайце, падумайце, вашая вялікасьць. Не здавайцеся — справа яшчэ не праграная. Слухайце, што я буду казаць — сачэце за кожным словам. Я напомню вам тую раніцу, як усё было, папарадку. Мы размаўлялі... Я расказваў вам пра сваіх сёстраў Наньні і Бэтты, — але, але, прыпамінаю, пра сваю бабку, пра грубыя гульні, пра хлопчыкаў Офаль-Корту. Ці-ж ня так, і вы таксама прыпамінаеце. Вельмі добра, далей — вы ня ўспомніце. Вы напаілі й накармілі мяне, з далікатнасьці, адаслаўшы слугаў, каб я не сароміўся свае невыхаванасьці. Так, і гэта таксама памятаеце.
І Том выкладваў усе падробнасьці, а другі хлопчык пацьвярджальна памахваў галавою, а многалюднае сабраньне й царадворцы пазіралі абзадачаныя, зьдзіўленыя. Расказ меў падобны да праўды характар, але якім чынам, паўстае запытаньне, маглі блізка зыйсьціся прынц і жабрак? Ніколі яшчэ ніводнае сабраньне ня было гэтак абзадачаным і зацікаўленым.
— Дзеля жарту, гаспадару, вы памяняліся вопраткаю. Пасьля мы падыйшлі да люстра, і гэтак падобны былі адзін да аднаго, што абодвым здалося, быццам ніякага пераапрананьня й не адбывалася. Раптам вы заўважылі ў мяне на руцэ сіняк — вось ён, дасюль яшчэ не магу пісаць, пальцы быццам зьдзеравянелі. Вашая вялікасьць падскочылі, палаючы гневам, грозячы расправіцца з салдатам і скіраваліся да выхаду. Прабягаючы каля стала, схапілі тую рэч, якую называюць дзяржаўнаю пячаткаю, але, схапілі яе, і нецярпліва азіраючыся, як-бы шукаючы месца, дзе схаваць... Тут вы заўважылі...
— Так, так, годзі! Дзякуй Богу, — гукнуў абадраны пратэндэнт на пасад. — Ідзеце, мой добры Сэнт-Джон, у рукаве мае кальчугі, што вісіць на сьцяне, знайдзеце пячатку.
— Так, вашая вялікасьць, так, — закрычаў Том Канці, — цяпер карона Англіі ваша, і таму, хто здумае пярэчыць вашым правом, не знасіць галавы. Сьпяшайцеся, ляцеце, сэр Джон!
Усё сабраньне было цяпер на нагах, страціўшы галовы ад неспакою, трывогі і нязвычайнага ўзварушэньня. У ніжнім ярусе, на падмостках, на галерэях падняўся аглушальны шум — пашлі гутаркі, спрэчкі; у працягу некалькіх мінут цяжка было разабрацца ці пачуць, як трэба, што-нібудзь — усе гаварылі разам. Час праходзіў незаметна. Нарэшце, усё змоўкла: паказаўся лёрд
Сэнт-Джон, трымаючы ў паднятай руцэ вялікую дзяржаўную пячатку.
— Няхай жыве кароль! — загуло з усіх бакоў.
Мінут пяць у паветры стаяў гук галасоў, гром музыкі, віхрастае маханьне хустачкамі, і сярод гэтых радасьцяў, на пляцформе, галава ангельскага народу — абадраны хлопчык, зачырванеўшыся, шчасьлівы і горды, а перад ім пакленчыўшыя, магутныя васалы.
Калі ўсе падняліся, Том сказаў:
— Цяпер, гаспадару, вазьмі свае царскія рэгаліі і аддай Тому, слузе Твайму, яго лахманы.
— Узяць маленькага дурня, высьцебаць і кінуць у вастрог, — прыказаў лёрд-протэктар.
Але новы кароль, сапраўдны кароль сказаў:
— Я не дапушчу гэтага. Толькі дзякуючы яму я вярнуў сваю карону. Ніхто ня сьмее крануць яго пальцам. А што датычыць цябе, мой добры дзядзечка, лёрд-протэктар, дык з твайго боку вялікая няўдзячнасьць гэтак абходзіцца з тым, хто ўзьвёў цябе ў гэрцогі (тут протэктар зачырванеўся), ня будучы каралём. Чаго варт цяпер твой тытул? Заўтра-ж ты павінен выпрасіць у мяне, цераз гэтага хлопчыка, зацьвярджэньня ў новым званьні, а не, дык застанешся проста графам.
Пасьля гэткага адпору, яго сьветласьць гэрцог Сомэрсэцкі стушаваўся з пярэдніх радоў. А кароль зьвярнуўся да Тома і ласкава спытаўся:
— Бедны хпопчык, як гэта ты памятаў, куды я падзеў пячатку, а я ня мог успомніць?
— О, гаспадару, тут няма нічога дзіўнага, таму што я часам карыстаўся ёю.
— Карыстаўся... Але-ж чаму ты адразу не сказаў, дзе яна?
— Ды я й ня ведаў, вашая вялікасьць, што гэта й ёсьць тая самая пячатка. Мне ня тлумачылі, якая яна на выгляд.
— Што-ж ты ёю рабіў?
Том, замест адказу, зачырванеўся і спусьціў вочы.
— Кажы сьмела, добры хлопчык, ня бойся! — сказаў кароль. — Дзеля якое мэты карыстаўся ты дзяржаўнаю пячаткаю?
— Калоў гарэхі.
Бедны Том! Ад раптоўнага рогату, які пачуўся ў гэтую мінуту, ён ледзь стаяў на нагах. Але затое, калі ў кім-нібудзь і заставалася яшчэ якая-нібудзь няпэўнасьць, кароль Том Канці, ці не, дык апошні адказ аканчальна разьвеяў яе, таму што відочна даказаў незнаёмства хлопчыка з аснаўнымі атрыбутамі каралеўскае дастойнасьці.
Тымчасам з плечаў Тома зьнялі пышную каралеўскую мантыю і апранулі яе на караля, лахманы якога былі, гэткім чынам прыкрыты.
Ізноў пачынаецца абрад каранаваньня. Адварды памазаны ў каралі, на галаву яго накладаецца карона, пры аглушальным громе гарматаў, абвяшчаўшым аб вялікай падзеі ўсяму радаснаму, жывому Лёндану.
Разьдзел XXXIII. Адварды — кароль.
Майльс Гэндон і да лупцоўкі на Лёнданскім мосьце меў даволі кур'ёзны маляўнічы выгляд, а пасьля таго яшчэ больш расхарашыўся. Было ў яго сьпярша крыху грошай, а цяпер нічога не засталося — кішэньнікі абчысьцілі яго да апошняга фарсінга.
Але бяды мала, абы толькі знайсьці яму хлопчыка. Як сапраўдны салдат, ён ня пусьціўся за ім наўгад, а перш за ўсё абмеркаваў плян шуканьня.
Што павінен быў хлопчык рабіць, куды пайсьці? — Натуральна, — разважаў Майльс, — першаю справаю ён скіраваўся ў сваю старую кватэру — гэтак зробіць кожны бяспрытульны, ўсё роўна ці ў сваім ён розуме, ці звар'яцелы. Дзе-ж ён раней знаходзіўся? Яго лахманы, а таксама пратэнсіі падазроннага бадзякі, як відаць, знаўшага хлопчыка, паказвалі, што ён жыў у адным з найбяднейшых і ў адным з самых гразных кварталаў Лёндану. Але-ж ці лёгка яго знайсьці, дый ці хутка знайдзе ён яго? Не, мабыць, шуканьне ня зьвязана будзе з труднасьцямі і не зацягнецца. Яму навет ня трэба шукаць самога хлопчыка, а толькі глядзець, дзе натаўп: сярод вялікага, ці невялікага натаўпу ён, напэўна, рана ці позна, знайдзе яго; подлая чэрнь дзеля пацехі і вясёласьці пачне на кожным кроку дразьніць і квяліць хлопчыка, які, па звычаю, будзе выдаваць сябе за караля. Тады ён, Майльс, пасвойму расправіцца з гэтымі панамі забярэ свайго выхаванца і ўцешыць ласкавымі словамі і ўжо больш яны ніколі не расстануцца.
Гэткім чынам, Майльс пусьціўся ў пашуканьні. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён усё бадзяўся па гразных, глухіх вуліцах, шукаючы вачыма зборышчаў і спатыкаючы іх нямала, але, ўсё такі, не знаходзячы паміж імі свайго хлопчыка. Няўдача вельмі зьдзіўляла яго, але не наводзіла на безнадзейнасьць; паводлуг яго перакананьня, плян дзеяньняў быў правільны, толькі ў адным сэнсе рахуба не ўдалася, справа зацягвалася, а ён думаў, што хутка ўправіцца.
Нарэшце пачало сьвітаць. Шмат міляў адмахаў Гэндон, шмат натаўпаў сустрэў, але бясплодна; нарэшце, ён змогся, прагаладаўся і пачуў моцнае жаданьне спаць. Ён не адмовіўся-б пасьнедаць, але-ж чым заплаціць? Яму яшчэ не даводзілася прасіць жабраніны; закласьці меч — ўсё роўна, што разьвітацца з гонарам; праўда, ён мог-бы збыць тое-сёе з свае вопраткі, але-ж дзе знайсьці ахвотніка на гэткае дабро?
Надыйшоў поўдзень, а Гэндон усё бадзяўся, але цяпер ужо за простым народам, ішоўшым за каралеўскаю працэсіяй; ён разьлічаў, што сапраўдная ўрачыстасьць павінна была асабліва цягнуць да сябе маленькага вар'ята, і дзеля гэтага валокся ў пазакручваным хвасьце паходу па ўсіх Лёнданскіх вупіцах, да Вэстмінстэру й Абацтва. Доўга хадзіў ён, праціскаючыся то ўперад, то ўзад; але ашуканы ў сваіх надзеях і скрыўджаны, ён, нарэшце, прыстаў і пачаў прыдумваць новы плян. Калі Гэндон прачхнуўсся ад свае задумы, дык ён заўважыў, што пакінуў горад далёка ззаду за сабою і што дзень хіліцца да канца. Ён быў каля ракі; тут раскінены былі багатыя заместавыя лецішчы — месца, дзе гэткі абадранец, як ён, ня мог разьлічаць на радасны прынятак.