Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Хлопчыкі пакінулі гульні і стоўпіліся вакола прынца.

— Дзеці, — загаварыў ён з прыроджанай дастойнасьцю, — скажэце вашаму начальніку, што прынц Адварды Уэльскі хоча з ім гаварыць.

— Слухай, жабрачок, ужо-ж ці не пасланец ты яго высокасьці?

Твар прынца загарэўся гневам, рука яго машынальна спусьцілася да боку, — але меча ня было. Разьлёгся рогат.

— Заўважыў ты? — сказаў адзін хлопчык. — Ён падумаў, што ў яго шпага... Як відаць, дык сам ён і ёсьць прынц.

Гэта выклікала яшчэ большы сьмех. Бедны Адварды горда выстраіўся і загаварыў:

Я прынц; нягожа вам, што корміцеся праз міласьць бацькі майго, гэтак абходзіцца са мною.

Заява гэтая, як сьведчыў гучны сьмех, паказалася вельмі забаўнаю.

Хлопец, загаварыўшы першым, закрычаў сваім таварышом:

— Гэй, вы, сьвіньні, рабы, нахлебнікі царственнага таты яго міласьці, што гэта за абхаджэньне. Зараз усе на калены, схілеце галовы перад яго каралеўскім выглядам ды царскімі лахманамі!

З гучнай веселасьцю яны ўсе ўкленчылі, рассыпаючыся ў насьмешлівых знакох пашаны перад сваею ахвяраю. Прынц штурхануў нагою бліжэйшага хлопчыка і злосна сказаў:

— Вось табе, пакуль што, а заўтра ты будзеш павешаны.

Гэта ўжо пераходзіла за межы жарту. Сьмех адразу сьціх, зьмяніўшыся на шаленства. Тузін галасоў закрычаў:

— Цягні яго ў ваду, да конскага вадапою! Гэй, дзе сабакі? Сюды, Леў! Сюды, Фангс!

Тут адбылася гэткая сцэна, якой Англія яшчэ ніколі ня бачыла: сьвятарная асоба насьледніка пасаду дастала пабоі з боку чэрні, напаўшай на яго й нацкаваўшай сабакамі.

Калі ноч палажыла канец нешчасьліваму дню, прынц апынуўся далёка, ў густа забудованай часьці места. Цела яго было ў сінякох, рукі ў крыві, а рызьзё ў гразі. Ён бадзяўся то ўзад, то ўперад, злосьць душыла яго, ён адчуваў гэткую змогу і слабасьць, што ледзь валачыў ногі. Ён пакінуў ужо зьвяртацца з пытаньнямі да праходзіўшых, таму што, замест парады, з іхняга боку йшлі толькі крыўды. Ён мармытаў паціху: „Офаль-Корт — гэтакі назоў вуліцы; калі знайду яе, раней, чымся прападуць мае сілы і ўпаду ў зьнямозе, тады я выратаваны; Томавы бацькі адвядуць мяне ў палац і пакажуць, што я ня іхні сын, а сапраўдны прынц, і тады я ізноў займу сваё палажэньне". Часамі думка яго вярталася да грубых прытулковых хлопчыкаў, да іх благога абходжаньня і ён сказаў сабе: „Як я буду каралём, дык ня толькі дам ім хлеб і прытулішча, але й прымушу іх вучыцца; бо не даволі яшчэ набіць жывот, а галаву й сэрца пакідаць бяз стравы. Я пастараюся захаваць гэта ў памяці, каб сягоньняшняя лекцыя не прайшла для мяне дарма і каб ад гэтага не пацярпеў мой народ, бо навука мягчыць характары і параджае рахманасьць і міласэрдзе".

Дзе-ня-дзе пачалі зьяўляцца агні, пачаў пакапаваць дождж, падняўся вецер і хутка ўсё ахінула вільготная, бурная ноч. Бяздомны прынц, насьледнік ангельскага пасаду, пазбаўлены прыпынку, ішоў далей, куды вочы глядзяць, паступова ўлазячы ў лябірынт гразных завулкаў, дзе тулілася раём скучаная галота і жабрацтва.

Раптам здаравенны п'яны чалавек схапіў яго за каўнер, кажучы:

— Да познай ночы бадзяешся, і, напэўна, ня прынёс і фарсінга дамоў. Калі не, дык я табе косьці пераламаю, ня будзь я Джон Канці!

Прынц вырваўся, нявольна кіўнуў плячом і жыва прамовіў:

— О, значыцца ты яго бацька! Дай Божа, каб гэта было так... тады ты адвядзеш мяне дамоў і забярэш яго!

— Яго бацька?... Ня ведаю, што гэта ты мелеш; але ведаю гэтак-жа добра, што я твой бацька, як і ты хутка аб гэтым даведаешся...

— Ой, не жартуй, не прыкідайся, не марудзь!... Я змучаны, зьбіты, болей ня вытрываю. Адвядзі мяне да караля, бацькі майго, — ён абдарыць цябе гэтакім багацтвам, якога ты й ня сьніў. Павер мне, павер! Не маню, а праўду кажу табе. Далоў руку — ратуй мяне... Я прынц Уэльскі.

Нягоднік зьдзіўленна паглядзеў на хлопчыка, пасьля памахаў галавою і прамармытаў:

— Зусім з глузду зьехаў, быццам бэдламскі жыхар. Сьледам за гэтым ён ізноў схапіў яго за каўнер і, сіпла сьмяючыся й лаючыся, загаварыў:

„Ну, там, зьехаў ці не, а мы з бабкаю адлупцуем цябе, чэснае слова!"

I ён пацягнуў ашалелага і ўпартага прынца і зьнік з ім у адным з падворкаў, праводжаны вясёлым і гучным натаўпам вырадкаў грамадзянства.

Разьдзел V. Том робіцца знатнаю асобаю.

Том Канці, пасьля таго, як застаўся адзін, пастараўся скарыстаць выгадны выпадак. I так і сяк ён глядзеў у люстра, цешачыся сваею вопраткаю, пасьля праспацыраваў, патураючы шляхетнай постаці прынца, і ўсё не пакідаючы сачыць за сабою. Затым агаліў раскошную шпагу і, пацалаваўшы яе й прытуліўшы да грудзей, пакланіўся, — ён бачыў пяць ці шэсьць тыдняў назад, як дабрародны рыцар аддаваў чэсьць начальніку Тоўэра, вядучы ў вастрог уладарных гэрцогаў Норфолька і Сорэя. Том гуляў з усеяным брылянтамі мечам, вісеўшым у яго на поясе; ён разглядаў дарагое й далікатнае упрыгожаньне пакою, сядаў на кожнае з пышных крэслаў і думаў, як было-б добра, каб галота Офаль-Корту зайшла сюды і ўбачыла яго ў гэткай вялічавай роскашы. Цікава, ці павераць яго таварышы, калі вернецца дамоў, у поўны цудаў расказ, ці пачнуць махаць галовамі й казаць, што распаленае ўяўленьне пазбавіла яго розуму?

Нарэшце, праз паўгадзіны часу, Тому здалося, што прынц надоўга выйшаў; яму зрабілася сумна, ён пачаў прыслухвацца, пакінуўшы гуляць прыгожымі цацкамі, што былі вакол яго; неспакойнасьць абярнулася ў трывогу й страх. Дапусьцім, што хто-нібудзь увайдзе й застане яго ў прынцавай адзежы, а самога прынца няма, каб вытлумачыць абярненьне. Ці-ж не павесяць яго бяз ніякіх разважаньняў, а ўжо пасьля разьбяруць справу. Ён няраз чуў, што вялікія гэтага сьвету скорыя на малыя справы. Страх яго ўсё павялічваўся ; трасучыся, ён крыху прачыніў дзьверы ў пярэдні пакой, з мэтаю бегчы па прынца ды прасіць яго заступніцтва. Шасьцёх пышна апраненых камэрдынэраў і два маладыя пажы вышэйшага стану, апраненыя як матылькі, падскочылі й пакланіліся яму. Ён борзда адступіў і зачыніў дзьверы.

— Ага, яны сьмяюцца з мяне, — прамовіў ён. — Яны пайдуць і данясуць. Ах, нашто зьявіўся я сюды, нашто загубіў сваё „жыцьцё"?

Ён хадзіў то ўзад, то ўперад па пакоі, поўны неапісальнага страху, прыслухваючыся і ўздрыгваючы пры найменшым шорхаце. Але вось, адчыніліся дзьверы, і паж у шаўковай вопратцы далажыў:

— Лэді Джэні Грэй.

Дзьверы зачыніліся і да Тома падбегла маладая прыгожая дзяўчына, багата апраненая. Але раптам яна спынілася і пакрыўджаным голасам спыталася:

— Ах, што з табою, мілёрд?

Тому захапіла дух у грудзёх; але, зрабіўшы некаторую натугу, ён прамовіў:

— О, зьлітуйся нада мною! Ня лёрд я, а жабрак Том Канці з Офаль-Корту, ў Сіці. Прашу цябе, пазволь мне бачыць прынца і ён, праз літасьць сваю, верне мне мае лахманы і адпусьціць мяне цэлым і непашкоджаным. О, зьлітуйся і выратуй мяне!

У той-жа самы час хлопчык упаў на калены, і ня толькі яго словы, але й вочы і паднятыя ўгару рукі выказвалі мальбу.

— О, мілёрд, укленчыўшы... і перада мною! — гукнула яна.

З жахам яна ўцякла; а Том, поўны роспачы, бясьсільна паваліўся на падлогу, шэпчучы:

— Няма ратунку, няма надзеі! Зараз-жа прыйдуць і забяруць мяне!

У той час, як ён ляжаў, спруцянеўшы з жаху,

ў палацы распаўсюджылася страшэнная вестка.

Шэпт, — тут заўсёды перашэптаваліся, — пралятаў ад слугі да слугі, ад лёрда да лэді, з салёну ў салён, з калідору ў калідор, з паверху ў паверх:

„Прынц звар'яцеў! Прынц звар'яцеў!" Хутка ўва ўсіх пачакальнях, і ў мармуровай залі пачалі зьбірацца бліскучыя лёрды й лэді і групы менш бліскучых прыдворных; ўсе клапатліва перашэптаваліся, і на ўсіх тварах быў жах. Але вось з натаўпу выдзяліўся нехта старшы і ўрачыста сказаў гэтак:

„Імем караля!

Забараняецца, пад страхам кары сьмерці, слухаць фальшывую й недарэчную чутку, абгаварваць ці пашыраць яе. Імем караля!"

Шэпт спыніўся настолькі раптоўна, як калі-б тыя, што шапталі, раптам анямелі.

4
{"b":"979087","o":1}