Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ты звар'яцеў ці што? Малая пячатка, якую я раней меў звычай брзць з сабою ў дарогу, знаходзіцца ў маёй скарбонцы. Калі вялікая дзяржаўная пячатка, зьнікла, дык хіба-ж не даволі малое? З глузду ты зьехаў? Ідзі! I слухай: не зьяўляйся мне без яго галавы.

Бедны канцлер пасьпяшыў пакінуць гэтак небясьпечнае суседзтва; камісія таксама не замарудзіла выказаць каралеўскую згоду на рашэньне лісьлівага парлямэнту, і на чародны дзень назначана была казьнь першага пэра Англіі, няшчаснага гэрцога Норфольскага.

Разьдзел IX. Парад на рацэ.

А дзесятай гадзіне ўвечары вялізны надрэчны бок палацу зіхацеў агнямі. Уся рака ў бок Сіці, наколькі магло хапіць вока, была гэтак густа ўсеяна чайкамі й баркамі дзеля катаньня, паўквечванымі рознымі лятарнямі і ціха калыханымі хвалямі, што падобна была да яснае, бесканечнае квяцярні, крыху хістанае летнім ветрыкам. Вялікая тэраса каменных сходкаў, што спушчаліся да ракі, даволі прасторная на тое, каб зьмясьціць цэлую армію нямецкага князьства, прадстаўляла маляўнічы выгляд, дзякуючы радом каралеўскіх алебардаўцаў у блішчастай зброі й натаўпу хораша апраненых слугаў, снаваўшых узад і ўперад у завірусе рыхтаваньня да ўрачыстасьці.

Але вось пачулася каманда і на ступенях не засталося ніводнае жывое істоты. Цяпер у паветры навісла ціша чаканьня. На вялізарным прасторы можна было бачыць, як масы народу паднімаліся ў чайках, засланялі вочы ад сьляпіўшага сьвятла лятарняў і факелаў і глядзелі ў бок палацу.

Цэлы шых з сараку ці з пяцьдзесят харошых барак пад'ехаў да сходкаў. Яны былі багата пазалочаны, і іхнія высокія насавыя й бакавыя часьці былі ўквечаны мудраю разьбою. Некаторыя былі паўквечваны сьцягамі й вымпэлямі, некаторыя парчою й тканінамі з вышытымі гэрбамі; іншыя рабелі шаўковымі сьцягамі з масаю прышытых да іх сярэбраных звончыкаў, якія пры кожным павеве ветру заліваліся ціхім, радасным гукам; іншыя розьніліся яшчэ большымі выдумкамі, таму што належалі да вяльможаў з прынцавай сьвіты, і ўмацавалі на бакох шчыты, раскошна размалёваныя фамільнымі гэрбамі. Кожная каралеўская барка цягнулася веславою шлюпкаю; апрача весьляроў у ёй былі ваякі з зіхацеўшымі шаломамі й панцырамі ды хор музыкаў.

Авангард чаканае працэсіі, складзены з аддзелу алебардаўцаў, зьявіўся каля галоўнае заставы. На іх былі порткі з палоскамі чорнага й чырвона-бурага колеру, машастовыя шапачкі, ўквечаныя з бакоў сярэбранымі рожамі, чырвоныя й сінія курткі, з вышытымі золатам на грудзёх і на плячох трома пярынкамі — гэрбам насьледнага прынца. Дрэўкі алебардаў былі абшыты малінавым машастам, прымацованыя залатымі штыфцікамі, і ўвешаны кутасамі. Прадэфіляваўшы направа й налева, яны ўтварылі дзьве доўгія шарэнгі, што цягнуліся ад брамы палацу да берагу ракі. Паміж імі быў разасланы слугамі ў парчовай адзежы таўсты пярэсты дыван. Пасьля гэтага з палацу пачуліся гукі трубаў. Музыкі ў чайках зайгралі вясёлую прэлюдыю; два гофмайстры з белымі булавамі выступілі з галоўнага ўваходу мернаю й вялічаваю хадою. За імі йшоў вурэднік з гарадзкім жэзлам і пасьля другі з мечам; пасьля некалькі сержантаў гарадзкое варты ў параднай форме, з значкамі на рукавох; прэзэс капітулу ордэну Падвязкі ў мантыі; далей рыцары ордэну Бані, з белымі стужкамі на рукавох, і зброяносы; судзьдзі ў ясна-чырвоных мантыях і шапачках; пасьля лёрд вялікі канцлер Англіі ў пурпурнай адзежы, з выразам наперадзе, аблямованым вавёрчынай скуркаю; дэпутацыя гарадзкое управы ў адзежы чырвонага колеру; нарэшце, старшыні розных гарадзкіх арганізацыяў у ўстаноўленай форме. Вось зьявіліся на сходках дванаццаць французаў-джэнтльмэнаў у блішчастых камзолах з белае камчатнае матэрыі, затканае золатам, у кароткіх накідках з малінавага машасту, падбітых чырвонаю подбіўкай, і ў панчохах колеру цела. Яны складалі сьвіту францускага амбасадара. За імі йшлі дванаццаць кавалераў сьвіты гішпанскага амбасадара, апраненых у чорны машаст бяз ніякіх упрыгажэньняў. Працэсію замыкалі некалькі ангельскіх вяльможаў са сваімі слугамі.

Ізноў пачуліся гукі трубаў, і прынцаў дзядзька, будучы вялікі гэрцог Сомэрсэцкі, паказўся каля ўваходу, апранены ў чорны камзол, затканы золатам, з атласнаю мантыяй малінавага колеру, з вышытымі залатымі краскамі і сярэбранай сеткаю. Ён адвярнуўся, зьняў капялюш з пярынкаю, нізка пакланіўся і пачаў сходзіць задам, кланяючыся на кожнай ступеньцы. Пачуўся доўгі гук трубаў і воклік: „Дарогу вялікаму, магутнаму лёрду Адварду, прынцу Уэльскаму!". Высока, на сьценах палацу, з пяруністым громам, выскачыў доўгі рад агнявых языкоў. Масы народу, што быў на рацэ, адгукнуліся магутным крыкам прывітаньня, і Том Канці, віноўнік і гэрой урачыстасьці, паказаўся перад народам, горда ківаючы галавою ў адказ на воклікі.

Ён быў раскошна апранены ў камзол з белага атласу з грудною ўстаўкаю з пурпурнае парчы, ўсеянай брылянтамі і аблямованай гарнастаем. Зьверху на ім была накідка з белае парчы, на блакітнай атласнай подбіўцы, з узорам накшталт шоламу з пёрамі, упрыгожаная жомчугам і дарагімі каменьнямі і прышпіленая брылянтаваю спражкаю. На шыі ў яго вісеў ордэн Падвязкі й некалькі харошых загранічных ордэнаў, і калі сьвятло падала на яго, дык самацьветныя каменьні зіхацелі сьляпіўшым блескам. О, Том Канці, народжаны ў хацінцы, вырасшы ў лёнданскіх канавах, прывыкшы да рызьзя, гразі і жабрацтва, якое гэта было цудоўнае зьявішча!

Разьдзел X. Прынц у цянётах.

Мы пакінулі Джона Канці, калі ён пацягнуў законнага прынца ў Офаль-Корт, праводжаны неспакойным разбэшчаным натаўпам. Толькі адзін чалавек прыкінуў слоўца на карысьць хлопчыка, але на яго не зьвярнулі ўвагі, — наўрад ці чулі яго — гэткі гвалт падняўся. Прынц далей вырываўся й шалеў з прычыны благога абходжаньня з ім. Джон Канці выйшаў з цярплівасьці і замахнуўся быў дубінкаю над яго галавою. Адзіны абаронца хлопчыка кінуўся, каб стрымаць нягодніка, і ўдар дастаўся яму ў кісьць рукі.

— Ты будзеш мяшацца, — зароў Канці, — будзеш? Дык вось табе!

Дубінка яго з трэскам трахнула заступніка па галаве. Разьляглося стагнаньне, цёмная фігура звалілася на зямлю, да ног натаўпу, і праз мінуту

ўжо адна ляжала ў цемнаце. Чэрнь пасьпяшыла разыйсьціся, але апошняе здарэньне, відочна, ані не засмуціла яе настрою.

Прынц апынуўся там, дзе жыў Джон Канці, і дзьверы зачыніліся за ім. Пры цьмяным сьвятле лаявое сьвечкі, ўваткнутай у бутэльку, ён у агульнах рысах разглядзеў гадкі катух, а таксама жыхароў яго. Дзьве замурзаныя, нячэсаныя дзеўчыны й жанчына сярэдняга веку сядзелі на карачках у адным куце, з выглядам жывёлін, прывыкшых да благога абходжаньня і кожную мінуту боязна чакаўшых штурханцоў.

З другога кута вылезла сухарлявая, скурчаная ведзьма, з лахмацістымі сівымі валасамі і злымі вачыма. Джон Канці зьвярнуўся да яе:

— Пачакай-жа! Вось, дык камэдыя! Не чапай яго, пакуль не наглядзішся колькі трэба, а ўжо пасьля прыкладзі руку ды як найлепей... Хадзі сюды, галубок. А ну, паўтары свае байкі, калі не запомніў. А як там завуць цябе? А хто ты?

Ад крыўды прынцаў твар зарумянеў; кінуўшы сьмелы, злосны пагляд на свайго ліхадзея, ён прамовіў:

— Ня прыстала гэткім, як ты, прыказваць мне. I цяпер скажу табе, як казаў раней: я Адварды, прынц Уэльскі, і ня хто іншы.

Гэты адказ аглушыў ведзьму, як-бы прыбіў яе да падлогі, — у яе проста аж дух захапіла. Яна ўважліва глядзела на прынца з тупым зьдзіўленьнем, якое гэтак цешыла яе нягодніка-сына, што ён аж зайшоўся ад сьмеху.

Ня гэтак адбіліся словы прынца на матцы й сёстрах. У іх страх перад пабоямі ўступіў месца небясьпецы іншага гатунку. Яны кінуліся да хлопчыка з выразам гора й жаху на тварах, з воклікамі:

— О, бедны Том, бедненькі хлопчык!

Маці ўпала на калены перад прынцам, паклала яму рукі на плечы і ўтаропілася ў тварык сумнымі, поўнымі сьлёз, вачыма.

О, маё беднае дзіця! Твае дурныя кніжкі зрабілі, нарэшце, сваё ліха — пазбавілі цябе розуму. Ах, нашто так цягнула цябе да іх, а я-ж гэтак асьцерагала цябе! Разьбіў ты сэрца маці свае.

9
{"b":"979087","o":1}