Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Гэтым канчаюцца падгатоўчыя цэрэмоніі. Але вось у глыбіні глухіх калідораў разьлягаецца гук рога і затым чуюцца крыкі: „Дарогу каралю! Дарогу найсьвятлейшаму гаспадару Англіі!" Крыкі ня сьціхаюць — яны ўсе бліжэй ды бліжэй, нарэшце каля самых вушэй нашых разьлягаецца ваенны марш і воклікі: „Дарогу каралю!"

У гэту мінуту ў дзьвярох паказваецца бліскучая працэсія, што дэфілюе разьмераным крокам. Але паслухаем ізноў расказу летапісца.

„Наперадзе ішлі джэнтльмэны, бароны, графы, рыцары ордэну Падвязкі, пышна апраненыя, з непакрытаю галавою; за імі канцлер, а з бакоў каля яго два саноўнікі — адзін з царскім жэзлам, другі з дзяржаўным мечам у чырвонай похве з залатою насечкаю накшталт лілеяў; пасьля зьявіўся сам кароль — дванаццаць трубаў і гэтулькі-ж бубноў вітаюць яго; усе на галерэі ўстаюць і чуецца гучнае: „Божа, храні караля!" Ззаду за каралём ідуць блізкія вяльможы, а з левага і правага боку ганаровая варта з пяцьдзесят целааборонцаў, з пазалачанымі сякерамі ў руках".

Зьявішча было прыгожае і прыемнае. Томава сэрца моцна стукацела, вочы блішчалі радасьцяй. Ён трымаўся вольна і грацыёзна, якраз таму, што й ня думаў, як трэба трымаць сябе; думка яго была занята, захоплена вясёлым абразком ды радаснымі гукамі. Дый хто-ж можа здавацца няпрыгожым, апрануўшыся ў далікатны, быццам выліты, касьцюм, асабліва, калі ён хоць крыху прывык насіць яго ды ня думае аб ім. Том памятаў, што яму наказана было, і адказваў на прівытаньні лёгкім, нахілам галавы й міласьцівымі словамі: „Дзякую мой добры народ!"

Ён, ані ня стыдаючыся, сеў за стол, ня скідаючы капялюша, — бо звычай есьці з пакрытаю галавою быў адзіным, у якім не разыходзіліся каралі і людзі разбору Канці: і тыя й гэтыя роўна і здаўна трымаліся яго. Працэсія разьбілася на некалькі маляўнічых групаў, што заставаліся з непакрытымі галовамі.

Тут, пад гукі вясёлага маршу, ўвайшоў у залю аддзел каралеўскае гвардыі, — ўсё рослы й здаровы народ, старанна падабраны, — але хай лепш гаворыць сам летапісец,

„Гвардзейцы ўвайшлі са скіненымі шапкамі, апранены яны былі ў пунцовыя вопраткі, з вышытымі залатымі рожамі на плячох: яны выходзілі й вярталіся, нясучы ўсялякія зьмены страваў. Стравы гэтыя перадаваліся асобнаму джэнтльмэну, які ставіў іх на стол, пасьля чаго „каштавальнік" даваў кожнаму гвардзейцу зьесьці крыху тае стравы, якую ён прынёс, — усё гэта рабілася з баязьлівасьці, каб не атруціцца".

Том, як мае быць, паабедаў, ня гледзячы на тое, што пачуваў, як сотні вачэй сачылі за кожным пасыланым ім у рот кавалкам з гэткаю цікавасьцю, быццам ён глытаў якую-нібудзь руйнацкую, падрыўную штуку, ад якое яго магло разарваць на кавалкі і разьмясьці па залі. Ён стараўся не сьпяшацца, а таксама нічога не рабіць самому, але чакаць, пакуль асобная ўрадовая асоба ня схіліць калена ды ня зробіць, што трэба. У працягу ўсяе яды ён не дапусьціў ніводнае памылкі — трыумф яго быў поўны.

Калі, нарэшце, абед скончыўся і Том выйшаў з залі, праводжаны сваёю бліскучаю сьвітаю, пад вясёлыя гукі трубаў, гром бубноў ды гоман гучных прывітаньняў, дык ён падумаў, што публічныя абеды ня гэткая ўжо й няпрыемнасьць і што ён не адмовіўся-б абедаць па некалькі разоў на дзень, калі-б гэтым мог адкупіцца ад некаторых, болей цяжкіх, трэбаваньняў каралеўскага сану.

Разьдзел XVII. Кароль Фу-Фу Першы.

Майльс Гэндон сьпяшаўся ў кірунку Саузсуорскага боку мосту, аглядаючы ўсіх праходзіўшых, з надзеяй наганіць тых, каго шукаў. Аднак-жа, яму прышлося расчаравацца. Дзякуючы распросам, ён ішоў па гарачых сьлядох да самага Саузсуорку, але тут сьляды губляліся, і трудна было рашыць, куды скіравацца далей. Ўсё такі ён да самага вечару не пакідаў спробаў дабіцца мэты. Ноч застала яго стомленым, галодным, і настолькі-ж далёкім ад якога-нібудзь рэзультату, як і раней. Зайшоўшы ў Табардзкі готэль, ён павячэраў і лёг спаць, разьлічаючы ўстаць раненька ды добра пашукаць у горадзе. Ён ня сьціхаў думаць і строіць пляны, — „а хлопчык, бязумоўна, пастараецца ўцячы ад нягодніка, што выдае яго за яго бацьку," — разважаў ён, — „але-ж ці вернецца ён у Лёндан, каб знайсьці сваю ранейшую кватэру? Не, гэтага ён ня зробіць, баючыся ізноў папасцца. Што-ж яму настаецца? Ня маючы дасюль на ўсім сьвеце ні прыяцеля, ні апякуна, ён, нарэшце такі, знайшоў яго, Майльса Гэндона — і саўсім натуральна, што ён пусьціўся шукаць свайго прыяцеля, калі яму не стаіць наперадзе ісьці ў Лёндан дый зноў трапляць у небясьпеку. Хлопчык пасунецца ў Гэндон-Голь — гэта напэўна, бо яму вядома, што Майльс вяртаецца дадому, і там вось яны могуць сустрэцца. Ага, справа ясная. Няма чаго болей марнаваць часу ў Саузсуорку, трэба проста вырушыць, Цераз Кэнт, у Монксгольм, пашукаць у лесе, а па дарозе, як і раней, распытвацца ў падарожных. Але вернемся да згінуўшага караля.

Абадранец, якога лёкай з готэлю бачыў на мосьце, калі ён падыйшоў да чалавека, вёўшага караля, сапраўды не падходзіў да іх, а трымаўся здалёку ззаду, моўчкі йдучы іхнім сьледам. Левая рука яго была падвязана, а на левым баку ляжала шырокая зялёная павязка; ён крыху прыкульгаваў, апіраючыся на тоўсты дубовы кій. Дзяцюк павёў караля рознымі завулкамі, цераз Саузсуорк і, нарэшце, вывяў яго на вялікую дарогу. Хлопчык пачынаў злаваць, і абвясьціў, што далей не пайдзе — не яму належала цягнуцца да Гэндона, а Гэндон павінен быў прыйсьці да яго. Ён не пацерпіць гэткае непаслухнянасьці; ён не кранецца з месца.

— Ты застанешся тут у той час, як твой прыяцель ляжыць ранены ў лесе? Хай будзе гэтак.

Павядзеньне караля адразу зьмянілася.

— Ранены? — выгукнуў ён. — Хто пасьмеў падняць на яго руку? Але аб гэтым пасьля — вядзі мяне! Хутчэй, ногі ў цябе зьдзеравянелі, ці што? Дык ён ранены? Ну, і заробіць вінаваты ў яго няшчасьці, хоць-бы гэта быў гэрцогскі сын.

Да лесу заставаўся яшчэ кавалак дарогі, але дарога гэта была борзда пройдзена. Дзяцюк пачаў аглядацца, спыніўся каля галінкі, усаджанай у зямлю, з прывязанаю да яе ганучаю, пасьля ўсё шукаў гэткіх самых вехацяў; яны трапляліся ад часу да часу і, відочна, паказвалі кудысьці дарогу. Пакрысе рухаючыся ўперад, яны выйшлі на адкрытае месца, дзе была поўразваленая фэрма, а збоку стары, пахілены сьвіран. Нідзе ня было азнакаў жыцьця; няжывая ціша панавала навокал. Праваднік зайшоў у сьвіран, кароль жыва пайшоў за ім. Нікога тут ня было! Кароль кінуў зьдзіўлены й падазронны пагляд на дзяцюка і спытаўся:

— Дзе-ж ён?

У адказ пачуўся рогат. Кароль загарэўся гневам; ён схапіў палена й замахнуўся на ашуканца, як раптам над самым вухам яго яшчэ нехта іронічна зарагатаў. Гэта быў кульгавы бадзяка, раней ішоўшы за ім крыху здалёк.

— Ты хто? — злосна спытаўся кароль. -Чаго табе тут трэба?

— Пакінь свае дзівосы, чуеш, і супакойся, — адказаў абадранец. — Быццам я ўжо гэтак зьмяніўся, што табе не пазнаць мяне, бацькі твайго.

— Ня бацька ты мне. Я цябе знаць ня знаю. Я кароль. Калі ты зьвёў майго слугу, Гэндона, дык пашлі яго да мяне, а то нядобра табе будзе.

Джон Канці адказвзў строга і спакойна:

— Ясна, як Божы дзень, што ты звар'яцеў і дзеля гэтага не хацелася-б мне біці цябе, але-ж калі ты сам нарываешся, дык давядзецца. Тваё балбатаньне нікому ня зробіць шкоды, таму што тут няма каму слухаць твае плёткі; але ня блага было-б табе прывучыцца трымаць язык за зубамі, каб не нарабіць бяды, калі перайдзем на кватэру. Я зьмяніў сваё імя — трэ' было — і цяпер завуся Гобс — Джон Гобс, а ты Джэк — памятай добра. Цяпер вось што скажы мне: дзе твая маці й сёстры? Яны ня прыйшлі ў назначанае месца. Ня ведаеш, куды яны пайшлі?

— Дай мне спакой, — панура адказваў кароль. — Годзі дурыць мяне — маці мая памёрла, а сёстры ў палацы.

Дзяцюк аж пакаціўся ад сьмеху; кароль гатоў быу кінуцца на яго, але Канці — альбо Гобс, як ён цяпер называўся — стрымаў яго і сказаў:

— Пакінь, Гьюго, не квялі яго; ён не пры сваім розуме, а ты дакучаеш яму. Сядай, Джэк, і супакойся, а я зараз дам табе есьці.

Гобс з Гьюго пачалі аб нечым паціху гаварыць, а кароль забраўся далей ад няпрыемнага суседзтва. Ён скуліўся ў цёмным куточку сьвірна; тут на земляной падлозе, густа наслана была салома, — ён лёг, закапаўся ў салому і хутка патануў у сваіх думах. Шмат прыкрасьцяў выпала на яго долю, але ўсе яны зьбіваліся перад адным — перад стратаю бацькі. Імя Гэнры VIII наводзіла жах на ўсіх; яно выклікала прадстаўленьне аб нялюдзкім стварэньні, пагляд якога дыхаў сьмерцю і руінай, рукі якога не таміліся ў пытках і забойствах, — а ў гэтага хлопчыка яно зьвязана было з самымі прыемнымі пачуваньнямі, вытварала абраз, поўны ласкі й дабраты. Спамінаў ён бацькаву любоў і ласкі, і горкія сьлёзы сьведчылі, як глыбокае й шчырае было гора, ахапіўшае яго. Ужо пасьля паўдня, змучаны і спакутаваны, ён паволі ўпаў у спакойны, моцны сон.

21
{"b":"979087","o":1}