Гэтыя словы зьвінелі ў душы караля, як хаўтурны звон у вушах чалавека, спусьціўшага ў магілу прыяцеля, з якім ён вераломна абходзіўся пры яго жыцьці.
Усё новыя цуды, новае хараство адчынялася перад вачыма на кожным павароце; далятаў грымот батарэяў і гоман насяленьня; але кароль і выгляду не падаваў, што чуе што-нібудзь; толькі стагнальны, дакорлівы голас маці зьвінеў у яго стрывожанай душы.
Пакрысе радасны выгляд твараў засланіўся вабалачкам клопату й трывогі; радасьць і ўцеха відочна паменшылася. Лёрд-протэктар не замарудзіў падлавіць гэтую акаалічнасьць і гэтак-жа шпарка сьцяміў, у чым справа. Ён прышпорыў каня і, скінуўшы шапку ды нахіліўшыся, шапнуў каралю:
— Гаспадару, цяпер не пара для думак. Народ бачыць, што ты схіліў галаву, што вочы твае затуманіліся, і прымае гэта за благі знак. Паслухай мяне: усьмяхніся ясным сонейкам і дай разьвеяцца цёмным хмарам. Паднімі галаву і глянь весела на сваіх падданых.
З гэтымі словамі гэрцог рассыпаў прыгаршчы монэт налева і направа і ад'ехаў на сваё месца. Думанны кароль споўніў трэбаваньне. Усьмешка была бяз жыцьця, але няшмат каму ўдалося заўважыць гэты недахват. Ён паранейшаму міласьціва і грацыёзна ківаў галавою ў адказ грамадзянам, паранейшаму не пакідаў раздаваць грошы са шчыра-царскаю шчодрасьцяй, так што трывога народу зьнікла, і прывітальныя крыкі ізноў пачалі паўтарацца з ранейшым запалам.
Аднак-жа, перад самым канцом працэсіі, гэрцог прымушаны ізноў пад'ехаць і паўтэрыць настаўленьне:
— Вялікі гаспадар, — шапнуў ён, — страсі сваю страшную тугу; на цябе скірованы вочы ўсяго сьвету. Пасьля дадаў з нездаволеньнем: „Прападзі гэта дурная баба! Яна расстроіла вашую вялікасьць!"
Тупы, патухшы пагляд спаткаў гэрцог, а над вухам яго празьвінела няжывым, дамавінным голасам:
— Гэта мая маці!
— Божа! — застагнаў протэктар, павяртаючы на сваё месца, — перад'значаньне збылося. Ён ізноў звар'яцеў!
Разьдзел XXXII. Дзень каранацыі.
Вернемся, аднак, і займем месца ў Вэстмінстэрскім абацтве а 4 гадзіне раніцай памятнага дня каранацыі. Мы тут будзем не адны; хоць яшчэ цёмна, але асьветленыя факеламі галерэі напоўнены публікаю, гатоваю прасядзець нярухома паўдня, чакаючы падзеі, якую, быць можа, ня кожнаму дана бачыць двойчы ў жыцьці — каранацыі. Але, Лёндан і Вэстмінстэр падняліся на ногі а трэцяй гадзіне ўночы, з першым гарматным стрэлам, і натаўпы багатых, не належаўшых да знаці, грамадзян, купіўшых права пропуску на галерэі, тоўпяцца каля ўваходаў.
Гадзіны йдуць досіць марудна. Усялякі рух спыніўся, таму што памешканьне саўсім перапоўнена. Цяпер мы можам сесьці і, ад няма чаго рабіць, тое-сёе разглядзець. Перад намі, куды ні глянеш, адкрываюцца ў паўцемры часьці галерэяў і бальконаў, усеяных гледзячамі; другія заслонены колённамі і выступамі. Відаць таксама ўсю вялізную паўночную галерэю — пакуль што, яшчэ незанятую ўпрывілеёванаю публікаю, для якой была прызначана. Шырокая пляцформа, засланая багатымі тканінамі, — уся, як на далоні; пасярэдзіне месьціцца пасад, на ўзвышэньні, да якога вядуць чатыры ступенькі. У сяджэньне пасаду ўстаўлена пліта неабчэсанага каменя — Сконскі камень, — на якім садзілася грамада пакаленьняў шотляндзкіх каралёў пры ўрачыстасьці каранаваньня, і з бегам часу ён быў высьвечаны для тае самае мэты ангельскімі монархамі. Пасад і падножжа ўкрыты залатою парчою.
Навокал ціша, факелы цьмяна мігцяць, час памаленечку йдзе. Але, вось, пачынае сьвітаць, агні пагашаны і мягкае ранешняе сьвятло запаўняе ўвесь прастор сабору. Цяпер можна бачыць формы вялічавага будынку, праўда, ня досіць ясныя, ахіненыя туманам, таму што сонца яшчэ ня выглянула з-за воблакаў.
А сёмай гадзіне першы раз нарушаецца санлівая манатоннасьць: першая знатная дама зьяўляецца на залі, апраненая, як Салямон у славе сваёй; прыдворны ўвесь у машасьце і ў шоўку, праводжвае яе да яе месца, а другі, якраз гэтак-жа сама, апранены, падбірае даўгі шлейф, і калі лэді сядае, дык ён кладзе ёй шлейф на калены; затым ставіць пад ногі ўслончык і зьмяшчае каронку ў выгаднае месца, каб зручна было дастаць яе, калі надайдзе мінута дзеля адначаснага ўзлажэньня каронаў на галовы ўсіх вяльможаў.
Тымчасам жонкі пэраў зьяўляюцца адна за аднэй, блішчастым ланцугом, а царадворцы бегаюць і снуюць, садзячы і прыстройваючы іх. Сцэна пачынае ажываць. Усюды рух і жыцьцё, ўсюды пярэстасьць. Крыху пачакаўшы, ізноў запаноўвае ціша; ўсе знатныя дамы зьехаліся, ўсе пазаймалі свае месцы — вялізны квятнік, яскравы й пярэсты, ўсеяны брылянтамі, быццам Малочны Шлях — зорамі. Тут усе вякі ў зборцы: жоўтыя, зморшчаныя, сівавалосыя ўдовы, якія памятаюць яшчэ каранацыю Рычарда ІІІ і смутныя старадаўныя часы, відныя дамы сярэдніх гадоў, грацыёзныя маладыя жанчыны, харошанькія дзяўчаты з бліскучымі вачыма і сьвежым колерам твару. Яны, яшчэ можа быць, і не патрапяць налажыць сваіх каронак, калі надайдзе ўрачысты момант, з прычыны неспакойства, дзеля таго, што выпадак для іх новы. Але, магчыма, што й справяцца са сваёю задачаю, таму што прычоска ўва ўсіх сумысьля гэтак прырыхтована, што ня цяжка ўмацаваць карону, як толькі даны будзе знак.
Мы бачылі, як зіхацела брылянтамі нялічаная грамада дамаў, і не змаглі ўтрымацца, каб ня выказаць зьдзіўленьня. Але, вось, перад намі штосьці сапраўды нязвычайнае. Гадзіны каля дзевятае хмары расплываюцца, сонцаў прамень ўрываецца ў цемнаваты будынак і аблятае па бліскучых радох дамаў, запальваючы шматколерныя агні асьляпляльнага бліску. Нявольна ўздрыгваешся, як ад электрычнае струі, бачачы гэткі эфэкт. Але, вось, сярод іншых чужаземных паслоў у сонечную паласу ўваходзіць і прадстаўнік нейкае дзяржавы далёкага ўсходу. Усім займае дух: зьяньне, што мігцячы льецца вакол яго — непераможнае, ён з галавы да ног усеяны брылянтамі і падчас найменшага руху яго рассыпаецца цэлы дождж іскраў.
Але лепш будзем гаварыць у прайшоўшым часе. Прайшла гадзіна, дзьве гадзіны, дзьве з паловаю, пакуль пачуліся гучныя стрэлы гарматаў, абвясьціўшыя, нарэшце, прыбыцьце караля і ўсяе працэсіі. Прысутныя адразу павесялелі, хоць і ведалі, што яшчэ прыдзецца чакаць, таму што каралю трэ' было прырыхтавацца і апрануцца дзеля сапраўднае асабліва-ўрачыстае цэрамоніі, але гэты час можна са смакам ужыць на агляданьне пэраў каралеўства, ў далікатных парадных касьцюмах. Іх урачыста праводжвалі, паказвалі месцы і з боку клалі каронкі. Публіка на галерэях з цікавасьцю сачыла за падходзіўшымі адзін за адным гэрцогамі, графамі, баронамі, імёны якіх карысталіся гістарычнаю вядомасьцю ў працягу пяцёх сталецьцяў. Калі ўсе паселі, адчыніўся абраз, якога нельга запомніць.
У хуткім часе пляцформу заняло вышэйшае духавенства ўва ўсіх вопратках і ў мітрах, праводжанае клірам; пасьля зьявіўся лёрд-пратэктар ды іншыя саноўнікі, і, нарэшце, аддзел лейб-гвардзейцаў у стальных латах.
Надыйшла паўза. Па даным сыгнале, загрымела музыка, і Том Канці, ў доўгай парчавой мантыі, паказаўся каля ўваходу і ўзыйшоў на ўзвышэньне. Уся многалюдная грамада ўстала і пачаўся абрад каранаваньня.
Панясьліся хваляю гукі добрароднага гымну; Тома Канці ўрачыста падвялі да пасаду. Старадаўныя абрады адбываліся з вялікаю павагаю, пры гэтым публіка ня зводзіла вачэй з караля. Па меры таго, як цэрамонія падходзіла да канца, Том усё бялеў ды бялеў; туга і роспач усё глыбей залазіла ў душу яго, усё больш балюча тузала дакора суменьня.
Нарэшце, надыйшоў апошні абрад. Архіепіскап Кэнтэрбэрыйскі падняў з падушкі ангельскую карону і ўзьнёс яе над галавою дрыжаўшага непраўдзівага караля. Мігам зіхаценьне радугі асьвяціла вялізны сабор, бо ўсё сабраньне знаці, як адзін чалавек, разам падняло свае каронкі і застыла ў гэткім палажэньні.
Глыбокая ціша панавала ў абацтве. У гэту памятную мінуту зьявілася дзіўная постаць; але ніхто з тых, што глядзелі, не зьвярнуў увагі, пакуль яна не паказалася ў галоўным цэнтральным прыдзеле. Гэта быў хлопчык у грубай, падранай вопратцы, ў падраных атопках, з непакрытаю галавою. Ён выцягнуў руку з урачыстасьцю, не адпавядаўшай яго гразнаму, нікчэмнаму выгляду, і прамовіў: