Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Майльс жэстам адмовіўся ад грошай, устаў і сказаў:

— Аднаго толькі прашу ў вас: гляньце мне проста ў вочы. Так... цяпер адказвайце мне: Майльс Гэндон я, ці не?

— Не. Ня знаю вас.

— Прысягнеце!

— Прысягаю! — пачуўся ціхі, але чутны адказ.

— О, ды гэта проста няма ведама што!

— Уцякайце! Не марнуйце дарагога часу... Уцякайце, ратуйцеся!

У гэтую мінуту ў пакой увайшлі салдаты, і пачалася адчайная барацьба; Гэндона хутка ахо далі і пацягнулі; караля таксама забралі. Абодвух зьвязалі і павялі ў вастрог.

Разьдзел XXVII. У вастрозе.

У вастрозе ўсе камэры былі паўнюткія; з гэтае прычыны нашых прыяцялёў прыкавалі ў вялікім агульным пакоі, дзе звычайна трымалі людзей, абвінавачаных у невялікіх праступленьнях. Яны апынуліся ў многалюднай кампаніі — тут было каля дваццацёх чалавек, абодвых палоў, рознага веку, у ручных і нажных кайданох, — няпрыстойная, шумная арава. Кароль быў моцна раздразьнены, з прычыны гэткае нячуванае зьнявагі яго каралеўскае дастойнасьці. А Гэндон быў сумны і маўчаў. Цяжка ў яго было на душы: ён вяртаўся дадому з радасным пачуцьцём, чакаў, што ўсе пашалеюць з радасьці, пабачыўшы яго — і раптам, гэткая халодная сустрэча ды вастрог. Паміж яго чаканьнямі і сапраўднасьцю адчынілася цэлая прорва і было ад чаго прыйсьці ў роспач; ён ня мог акрэсьліць, што пераважала ў яго нядаўнай гісторыі — трагізм ці самы грубы камізм. Ён пачуваў тое самае, што мог пачуваць чалавек, які з радасьцю выскачыў паглядзець на радугу і раптам быў падстрэлены пяруном.

Але пакрысе яго беспарадачныя, цяжкія думкі прыйшлі ў парадак, скупіўшыся на Эдыце. Ён разьбіраў яе павядзеньне і так і гэтак, разглядаў яго з усіх бакоў, але ня мог вывясьці нічога задавальняўшага. Пазнала яна яго, ці не? Гэта была галаваломная задача, займаўшая яго доўгі час; нарэшце, ён злажыў сабе перакананьне, што яна пазнала яго, але адраклася дзеля карысных пабуджэньняў. Ён гатоў быў асыпаць яе пракляцьцямі, але імя яе гэтак доўга было для яго сьвятыняю, што язык не варушыўся апаскудзіць яго.

Ахінуўшыся гразнымі, падранымі арыштанскімі коўдрамі, Гэндон і кароль правялі трывожную ноч. Некалькі арыштантаў далі тое-сёе вастрожніку і ён прынёс ім віна; натуральным рэзультатам гэтага былі няпрыстойныя песьні, лаянка і бойка. Нарэшце, ужо пасьля поўначы, адзін злодзей накінуўся на жанчыну і чуць не забіў яе, б'ючы кайданамі па галаве. Але наляцеў вастрожнік і навёў парадак, заляпіўшы арыштанту некалькі важкіх аплявухаў. Пасьля гэтага шум скончыўся і надыйшла магчымасьць крыху заснуць, — па крайняй меры тым, каго ня трывожылі стагнаньні і ойканьне раненае жанчыны і пабітага зладзея.

Увесь чародны тыдзень дні і ночы былі да ўтомы аднолькавыя; удзень у камэру прыходзілі людзі, твары якіх былі больш-менш знаёмыя Гэндону, пазіралі на „самазванца", не прызнавалі яго асобы і зьдзекаваліся над ім; уночы, з нязвычайнай рэгулярнасьцю, ішло п'янства і разгул. Хаця-ж, хутка здарылася нешта над'звычайнае; вастрожнік прывёў нейкага старыка і сказаў яму:

— Праступнік тутака, паглядзі сваімі старымі вачыма, ці не пазнаеш яго?

Гэндон паглядзеў і першы раз на ўвесь час прабываньня ў вастрозе перажыў радаснае пачуцьцё.

„Ды гэта-ж Блэк Андрыюс, стары слуга наш — добрая чэсная душа, мілае сэрца, гэта значыць гэткім ён калісьці быў. Цяпер няма чэсных людзей, усе змахляваліся. Гэты чалавек таксама пазнае мяне — і так-жа сама адрачэцца, як і іншыя.

Старык абвёў вачыма па пакоі, пачарзе разглядзеў усе фізіяноміі і, нарэшце, сказаў:

— Нікога ня бачу, апрача машэньнікаў ды бадзякаў. А дзе-ж ён?

Вастрожнік засьмяяўся.

— Вось ён; прыгледзься-ж да гэтага біндуса і скажы, што думаеш.

Старык падыйшоў да Гэндона, доўга і ўважна глядзеў на яго; пасьля, памахаўшы галавою сказаў:

— Дзе там, гэта ня Гэндон, ды ён ніколі ім і ня быў!

— Так! Твае старыя вочы яшчэ могуць служыць. Калі-б я быў на месцы сэра Гью, дык узяў-бы я гэтага нягодніка дый...

Вастрожнік замест канца фразы, падняўся на пальчыкі, робячы паказ, што накладае пятлю, і пусьціў сіплы гук, быццам вісельнік. А старык злосна заўважыў:

— Хай дзякуе Богу, калі гэтак яшчэ скончыцца. Калі-б нягоднік папаўся мне ў лапы, дык я яго жыўцом засмажыў-бы, як чэсны чалавек!...

Вастрожнік зайшоўся ад злосна-радаснага рогату, быццам гіена, і сказаў:

— А заляпі яму, як належыць, пагамані, як рэшта тваіх таварышоў. Пацеха, сапраўды, не благая...

Ён пасунуўся ў пярэдні пакой і зьнік. А старык стаў на калены і прашаптаў:

— Дзякуй Богу, вы вярнуліся, паночку! А я вось думаў, што наш пан гэта ўжо гадкоў сем будзе, як памёр, а ён, бач, жывюсенькі! Але-ж адразу пазнаў вас, як толькі ўбачыў. Цяжка мне было і брывом ня міргнуць, прыкідацца, што перада мною адны машэньнікі ды галіта толькі. Стары я й бедны, сэр Майльс, але варта табе сказаць слоўца, і я ўсім праўду ў вочы скажу, хоць-бы мяне за гэта й павесілі.

— Не, — загаварыў Гэндон, — ня трэба. Толькі сабе бяды нажывеш, а мне ані не паможаш. Усё-ж такі, дзякую табе, ты хоць крыху вярнуў мне веры ў людзей.

Стары слуга аказаўся вельмі карысным для Гэндона і для караля. Некалькі раз на дзень ён заходзіў „дапякаць самазванцу" і заўсёды, тоячыся, прыносіў такую-сякую закрасу, ў падмацаваньне да поснае арыштанскае стравы; апрача таго перадаваў бягучыя навіны.

Гэндон прыхоўваў дэсэрт для караля; без яго яго вялікасьць ня выжыў-бы, таму што ня мог есьці грубае, дрэннае стравы, якую прыносіў вастрожнік. Андрыюс змушаны быў абмежавацца кароткімі адведваньнямі, каб не наклікаць на сябе падазрэньня; але кожны раз ён ухітраўся шэптам перадаць ня мала ведамасьцяў — перамешваючы іх лаянікаю, казанаю голасна, з мэтаю адвясьці вочы пабочным.

Гэткім спосабам пакрысе выясьнілася ўся гісторыя сям'і Гэндона. Шэсьць гадоў ужо, як памёр Арзсэр. Гэтая страта, а таксама бязьведная адсутнасьць Майльса падарвала здароўе бацькі. Прачуваючы канец, ён пажадаў пры жыцьці вырашыць лёс Гью і Эдыты. Дзяўчына сьлёзна прасіла адсрочыць рашэньне, спадзяючыся на паварот Майльса, але вось прыйшло пісьмо з паведамленьнем аб сьмерці яго. Гэты ўдар дабіў сэра Рычарда. Саўсім пэўны, што хутка памрэ, ён, разам з Гью, настойваў на тым, каб яны пажаніліся. Эдыта выпрасіла месяц сроку, пасьля другі, нарэшце трэці, і шлюб усё такі адбыўся — каля сьмяротнай пасьцелі сэра Рычарда. Шлюб аказаўся нешчасьлівым. Хадзілі чуткі, што хутка пасьля вясельля маладая знайшла ў паперах мужа некалькі чарнавікоў страшэннага пісьма і кінула яму ў твар абвінавачаньне, што ён цераз падлог прысьпяшыў свой шлюб — і, разам з тым, сьмерць старога бацькі. Усюды гаманілі аб нялюдзкім абхаджэньні з лэді Эдытаю і са слугамі — адным словам, па сьмерці бацькі сэр Гью скінуў маску і паказаў сябе бязьлітасным дэспотам датычна ўсіх хто так ці йначай быў ад яго ў залежнасьці.

Часамі расказ Андрыюса вельмі пачынаў цікавіць караля, і ён вастрыў вушы.

— Ходзяць чуткі, — расказваў аднаго разу слуга, — што кароль звар'яцеў. Але, калі ласка, ані слова аб гэтым, што ад мяне гэта чулі, таму што за гэткія рэчы, як кажуць, — карачун.

Яго вялікасьць глянуў на старыка і сказаў:

— Кароль ані не звар'яцеў, дарагі мой — а табе лепш было б глядзець свае справы, чымся займацца небясьпечнымі расказамі.

— Што ён там гамоніць? — спытаўся Андрыюс, зьдзіўлены нечаканаю заяваю з боку хлопчыка.

Гэндон даў яму знак не чапаць гэткага пытаньня, і старык казаў далей:

— Праз дзень ці два караля будуць хаваць у Віндзоры, — 16-га чысла гэтага месяца, а новы кароль 20-га будзе каранавацца ў Вэстмінстэры.

— Здаецца, што раней не пашкодзіла-б знайсьці яго, — прамармытаў яго вялікасьць, і дадаў са спакойнаю пэўнасьцю: — Але аб гэтым, ведама што, патурбуюцца, а я таксама прыму меры.

— У імя Бога... аб чым гэта ён?... ізноў спытаўся старык, але Гэндон, кіўнуўшы, перабіў яго. Ён трашчаў далей:

— Сэр Гью паедзе на каранацыю — вялікія надзеі мае. Разьлічае вярнуцца пэрам, — то-ж ён у вялікай ласцы ў лёрда-пратэктара.

33
{"b":"979087","o":1}