Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы — целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад'ютантамі, статс-дамамі і сябрамі каралеўскае сям'і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кожны дзень у каралеўскай радзе разважаліся важнейшыя справы ўяўленага гаспадарства, і яго думаная вялікасьць меў ласку аддаваць загады арміі, флёту і намесьніцтвам.

Пасьля гэтага, апранены ў лахманы, ён звычайна адходзіў з мэтаю выпрасіць некалькі фарсінгаў, зьядаў убогую скарынку хлеба, даставаў заўсёдныя штурханцы і выслухаў заўсёдную лаянку, пакуль ня выцягваўся на бярэмі паскуднае саломы й не вяртаўся, ў сваіх снох, да неістнаваўшага блеску й велічы.

Аднак-жа яго жаданьне хоць раз убачыць сапраўднага, жывога прынца кожны дзень усё падрастала і, нарэшце, праглынула ўсе іншыя лятуценьні і зрабілася адзінаю прынадаю ў яго жыцьці.

У адзін студнёвы дзень, падчас звычайнае жабраніны ён некалькі гадзін панура хадзіў то ўзад, то ўперад. босы і здубеўшы, па Мінсынг-Лэне і Літль-Іст-Чыпе, заглядаючыся на вокны корчмаў і роячы аб смачных піражкох з сьвінінаю ды іншай спакусьлівай страве, выстаўленай у вітрыне; гэтыя ласункі, здавалася яму, прызначаны былі не для простых грэшнікаў, і ніколі яшчэ яму не выпадала шчасьця мець гэткую роскаш ці хоць-бы пакаштаваць яе. Было холадна, імгліла; дзень выдаўся хмарны, цемнаваты. Том вярнуўся да хаты ўвечары, змокшы, змучаны, галодны, так што навет бацька з бабкаю не маглі не зьвярнуць увагі на яго страшэнны выгляд і ня быць разжаленымі — пасвойму пэўна-ж; дзеля гэтага, даўшы яму пасьпешна па адным толькі штурханцу, яны загадалі легчы спаць. Доўга ня мог ён заснуць з прычыны болю й голаду, а таксама лаянкі і сваркі, што разьлягалася па хаце; нарэшце думкі яго пераляцелі ў далёкія, баечныя краі, і ён заснуў у таварыстве маленькіх прынцаў, апраненых у парчу з дарагімі каменьнямі, жыўшых у вялізных палацах, дзе слугі нізка кланяліся ім і растаропна спаўнялі іхнія загады. I тады, як звычайна, яму сьнілася, што ён сам быў маленькім прынцам.

Цалюткую ноч быў ён абкружаны яснатой і пыхаю каралеўскага палажэньня, прабываючы сярод лёрдаў і лэді, аблітых струёю сьвятла, ўдыхаючы пахі, поячыся цудоўнаю музыкаю й адказваючы на пашанлівыя паклоны натаўпу гасьцей, даваўшых яму дарогу, то усьмешкаю, то царственым рухам галавы.

Калі-ж раніцай ён прачхнуўся і ўбачыў сябе ў жабрацкіх варунках, дык сон зрабіў на яго звычайны ўплыў — яго бядацкае палажэньне здалося яму ў тысячу разоў горшым і выклікала ў ім горкасьць, роспач і сьлёзы.

Разьдзел III. Спатканьне Тома з прынцам.

Том збудзіўся галодны, і галодны пасунуўся з хаты; думкі яго былі заняты чароўнай веліччу таго, што ён сьніў мінулай ночкаю. Ён бадзяўся па месьце, блізу не разумеючы, дзе ён і што робіцца вакол яго. Праходзіўшыя штурхалі яго; хтосьці аблаяў; але ўсё гэта было нівошта патануўшаму ў лятуценьнях хлопчыку. Пакрысе ён як-бы прачхнуўся і ўбачыў, што знаходзіўся ў Тэмпль-Бары; ніколі яшчэ ён не заходзіў гэтак далёка ў гэты бок. На мінюту ён спыніўся, раздумваючы, пасьля йзноў аддаўся сваім лятуценьням і, далей сабе йдучы, апынуўся за гарадзкімі сьценамі Лёндану.

У гэту эпоху Странд ужо не выяўляў сабою праезнае дарогі, а лічыўся, хоць і не без некаторае натугі, вуліцаю, дзякуючы характару будынкаў, — таму што ў той час, як з аднаго боку цягнуўся блізу што шчыльны рад дамоў, з другога — было ўсяго некалькі разрозьненых вялікіх будынкаў, служыўшых палацамі багатым вяльможам, з абшырнымі, прыгожымі паркамі, якія спушчаліся да ракі; цяпер усе гэтыя паркі забудованы цьвёрдымі цаглянымі й каменнымі дамамі.

Том быў цяпер у Чарынг-Вілэджы; тут ён сеў адпачыць пад раскошнай работы крыжам, пастаўленым скінутым калісьці каралём; пасьля пайшоў сабе ўніз роўнаю, маляўнічаю дарогаю, каля шыкоўнага палацу вялікага кардынала ў кірунку да яшчэ лепшага пэлацу — Вэстмінстэрскага. Хлопчык з уцехаю й зьдзіўленьнем глядзеў на вялізарны будынак, на абшырныя флігэлі, на грозныя бастыёны й вежачкі, на вялікую каменную браму з пазалачанымі кратамі і шыкам вялізарных каменных львоў ды іншымі знакамі й сымболямі каралеўскае дастойнасьці. Няўжо-ж такі суджана, нарэшце, збыцца яго сардэчнаму жаданьню? Перад ім сапраўды быў каралеўскі палац. Хіба-ж ня мог ён цяпер мець надзеі ўбачыць прынца — сапраўднага прынца ў целе й крыві, калі толькі гэта міла небу?

З абодвых бакоў пазалачанае брамы ста,ялі жывыя постаці — стройныя, здаровыя й нярухомыя вартавыя, з галавы да ног закутыя ў блішчастыя сталёвыя латы. На прыстойным адлозе ад палацу сабраўся натаўп сялян і мяшчан, у надзеі хоць адным вокам убачыць караля. Блішчастыя карэты з бліскуча апраненымі вяльможамі і фарсістымі слугамі на казлох пад'яжджалі да шмат якіх брамаў у агароджы палацу.

Бедны Том, у сваіх лахманох, падыйшоў бліжэй і пачаў паволі й баязьліва хадзіць каля вартаўніка, з калаціўшымся сэрцам і падрастаўшаю надзеяю, як раптам убачыў цераз краты гэткі абраз, што ледзь не закрычаў з радасьці. За кратамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер'ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў — напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку... Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.

Ад неспакойнасьці Тому захапіла дух, і вочы вырачыліся ад зьдзіўленьня і радасьці. У душы яго ўсе жаданьні адразу адступалі месца аднаму — гэта падыйсьці да прынца і накарміць свае вочы аглядам яго. Ня цямячы зусім, ён упёрся тварам у краты. У той-жа самы час адзін з салдатаў груба адпіхнуў хлопчыка, і ён паляцеў кумельганам у натаўп разявякаў — вясковых мужыкоў і лёнданскіх гультаёў.

— Ведай сваю справу! — заўважыў салдат.

У натаўпе разьлёгся рогат; але малады прынц, з раззлаваным тварам і бліскучым паглядам, кінуўся да брамы.

— Як ты сьмееш гэтак абходзіцца з бедным хлопчыкам! — гукнуў ён. — Якое маеш ты права гэтак рабіць хоць-бы з апошнім з падданых майго бацькі! Адчыніць браму і ўпусьціць яго!

Варта было паглядзець, як неспакойны натаўп скінуў шапкі, варта было пачуць радасныя выклікі:

„Няхай жыве прынц Уэльскі!"

Салдаты аддалі чэсьць алебардамі, адчынілі браму, пасьля йзноў узялі на-гонар, калі прынц крайняга жабрацтва падходзіў, у сваім рызьзі, да прынца бязьмежнае сытасьці.

Адварды Цюдор прамовіў:

— Ты глядзіш змучаным і галодным — табе блага жывецца... Хадзі за мною.

Некалькі слугаў кінуліся наперад — мусі дзеля таго, кабы адхіліць прынца ад яго замеру. Але, па адным шчыра каралеўскім руху рукі, яны шарахнуліся назад і спыніліся нярухома, як статуі. Адварды прывёў Тома ў багаты апартамэнт у палацы — у свой кабінэт. Па яго загаду было падана сьнеданьне, гэткае сьнеданьне, якое Тому прыходзілася смакаваць хіба толькі ў кнігах. Прынц, з прыстойным яму добрым выхаваньнем і далікатнасьцю, выдаліў слугаў, каб яны не перашкаджалі яго гасьцю; затым ён сеў бліжэй каля Тома і, ў той самы час, як той еў, пачаў распытвацца ў яго:

— Як завуць цябе, хлопчык?

— Том Канці, сьмею далажыць.

— Дзіўнае імя. А дзе ты жывеш?

— У старой часьці места, сэр, у Офаль-Корце, за Пудынг-Лэнам.

— Офаль-Корт! Вось ізноў дзіўны назоў. Ёсьць у цябе бацькі?

Бацькі ёсьць у мяне, сэр, ёсьць і бабка, але праўду кажучы, ня вельмі ўжо й люблю я яе — даруй мне, Божа, калі грэх гэтак казаць — ёсьць і сёстры, блізьняткі — Нан і Бэт.

— Значыцца, твая бабка не асабліва добрая да цябе?

— I да нікога наагул, вашая сьветласьць. У яе сэрца ліхое, яна праз усё жьцьцё толькі няпрыемнасьці рабіла ўсім.

2
{"b":"979087","o":1}